“Кніжны салон” у Мінску па традыцыі працягвае знаёмства з культурамі і літаратурамі іншых краін. Нядаўна тут адкрывалі Чэхію праз творчасць жывапісца Аксаны Аракчэевай. З апошніх сустрэч — размова беларускіх пісьменнікаў і чытачоў з французскім літаратарам Мішэлем Луё.
У творчым багажы французскага празаіка і паэта — кнігі “Румынія”, “Берлін, адна сцяна, адна фуга, адно дрэва”, “Латарынгія”, “Рука ў водарасцях”, “Каляды маленькага Рудога”, “Ліст з Карэі”, “Аксамітавымі крокамі: мае культурныя місіі ў іншай Еўропе”, “Японка з Прагі”, “Скрыпка снегу”, “Букавінскі анёл”, “Успаміны капелюша” і шмат якія яшчэ, выдадзеныя ў розных гарадах Францыі. Дзве з іх былі намініраваны на прэстыжную Ганкураўскую прэмію ў 1988 і 1992 гадах. Але не гэтыя адзнакі ўразілі ў сустрэчы з Мішэлем Луё…
Увагу трымаў сам характар размовы з пісьменнікам, якую вялі пісьменніца літаратурны аглядальнік газеты “СБ. Беларусь сегодня” Людміла Рублеўская і перакладчык Юлія Новік. Прыцягвала ўвагу ўжо сама тэма, вызначаная як галоўная ў сустрэчы і размове: “Кніжны рынак і асоба пісьменніка”. На шчасце, пытанняў кшталту таго, як, маўляў, у вас пражыць пісьменніку, як выдаць кнігу, не было. Іх апярэдзіў сам Мішэль Луё, расказаўшы пра ўласны досвед зносін з выдавецтвамі і чытачом. І ў Францыі такія ж праблемы, такія ж клопаты, як у нашай айчыннай прасторы, ды і як, відаць, ва ўсім свеце. Сапраўдная літаратура прабіваецца праз масавы кніжны шырспажыў. Грошы выдавецтвы і кнігарні ўкладваюць у арганізацыю рэкламы, правядзенне сустрэч, стварэнне іміджу тых аўтараў і кніг, якія могуць захапіць больш шырокую, масавую свядомасць.
Культура і кніга (пра гэта вобразна сказаў Мішэль Луё і на прыкладзе сваёй дыпламатычнай работы, калі пасада аташэ па культуры ў пасольстве знаходзіцца на дзясятым месцы па запатрабаванасці) — тыя духоўныя складнікі жыцця, якім трэба самім змагацца за жыццё, існаванне ў духоўнай і матэрыяльнай прасторах. І ў французскага пісьменніка, які прыехаў у Мінск яшчэ каб і наведаць мясціны паражэння напалеонаўскай арміі на Бярэзіне, пад Барысавам, нягледзячы на знешнюю паспяховасць, былі розныя часы. Здаралася, што і па некалькі гадоў не выходзілі кнігі, а ўдачу прыносілі выпадковыя зносіны з выдаўцамі. Словам, мастацкая літаратура не з’яўляецца і ў Францыі прыбытковай справай, а як для Мішэля Луё — то гэта ўвогуле суцэльныя выдаткі, пра якія ён нават баіцца гаварыць сваёй жонцы. Канечне ж, ёсць некаторыя пісьменнікі (іх вельмі няшмат), якія жывуць за кошт выдавецтваў. Істотная большасць выдае кнігі за ўласны кошт.
Гэта ні ў якай меры не прыніжае сутнасныя мастацкія вышукі літаратараў, не пазбаўляе іх права і жадання выказацца па самых розных спектрах гуманістычных падыходаў да развіцця жыцця, эвалюцыйных працэсаў у грамадстве. Зарабляючы грошы на дыпламатычнай і іншых нівах, Мішэль Луё абраў за клопат у літаратурнай творчасці імкненні расказаць пра сваю родную Латарынгію, якая ў розныя часы належала розным дзяржавам, супаставіць яе з іншасветам. Асабліва часта погляд пісьменніка быў скіраваны на Усход, Японію.
— Ідэнтычнасць, якую стварае Мішэль Луё, — расказвае адзін з арганізатараў сустрэчы з французскім пісьменнікам у Мінску перакладчыца Юлія Новік, — можна вызначыць як “аўстразійскую” (усходнія тэрыторыі каралеўства франкаў падчас кіравання дынастыі Меравінгаў), але таксама паглыбленую ў гісторыю, да якой аўтар, “чалавек Усходу”, як ён сам сябе называе, моцна прывязаны. Памяць, якая ўяўляе, — вось як Мішэль Луё вызначае стваральную функцыю. Паэтычная проза, кароткія раманы-ўводзіны і аповеды, поўныя лёгкага гумару, характарызуюць яго творчасць, якая існуе ў залежнасці ад спосабаў і акалічнасцей паміж светлым і цёмным, імкнучыся да нечага накшталт магічнага рэалізму. Мішэль Луё — бацька паэта Альсіда Мара і пляменнік мастака Эдмана Луё.
Галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Алесь Бадак, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, прымаў чынны ўдзел у дыскусіях і размовах, з задавальненнем канстатаваў напрыканцы, што проза Мішэля Луё знойдзе сваё месца і на старонках беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкі. Яго шуканні ў іншых прасторах вартыя ўвагі і ў нашым нацыянальным свеце. Засталося некаму перакласці творы Мішэля Луё на беларускую мову, а нашым часопісам надрукаваць — і мы пераканаемся ў правільнасці гэтых меркаванняў.
Сяргей ШЫЧКО.
Фота Наталлі АСМОЛА.