Беларускія кінематаграфісты сёння не надта часта песцяць дзіцячую аўдыторыю фільмамі для дзяцей. З поўнаметражных ігравых кінастужак, зробленых у Беларусі за апошнія гады ў разліку на дзяцей, можна згадаць хіба што “Рыжык у Залюстаркоўі” і “Кіндэрвілейскі прывід” Алены Туравай, ну і яшчэ, можа быць, пару-тройку фільмаў, якія выклікалі меншы розгалас. Тым больш прыемна было ўбачыць у пазаконкурснай праграме сёлетняга Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” новы поўнаметражны фільм вытворчасці беларускай кінакампаніі “Ілюзіён” “Цімур і каманда” маладога рэжысёра Наталлі Галуза.
Многае інтрыгавала ў гэтым фільме ад самага пачатку. І назва, гэтак відавочна вытворная ад назвы класічнай савецкай аповесці для дзяцей “Цімур і яго каманда” Аркадзя Гайдара, і само пазіцыяніраванне стужкі ў прэс-рэлізе як “беларускага незалежнага праекта, у стварэнні якога прымалі ўдзел кінематаграфісты Беларусі, Расіі і Украіны”. І дастаткова салідны спіс узнагарод карціны на міжнародных фестывалях: “Лепшы дзіцячы фільм” (галоўны прыз) на фестывалі “Кінашок” у Анапе, прыз за лепшы поўнаметражны фільм у намінацыі “Кіно для ўсёй сям’і” на ХІІ Маскоўскім фестывалі кіно “Маскоўская прэм’ера”, прыз глядацкіх сімпатый на ІХ Міжнародным фестывалі тэатра і кіно “У сямейным коле” ў Іркуцку, “Лепшы ігравы фільм” (трэцяя прэмія) на Міжнародным фестывалі праваслаўнага кіно “Пакровы” ў Кіеве, прыз глядацкіх сімпатый і прыз за лепшую дзіцячую акцёрскую работу на V Санкт-Пецярбургскім дзіцячым дабрачынным кінафестывалі “Дзіцячы КінаМай” (толькі чаму вось у нас да гэтага мала хто ведаў пра гэты фільм?!). І, безумоўна ж, сюжэт, пра які з прэс-рэліза было вядома толькі адно: дзесяцігадовы хлопчык Цімур прыязджае на час летніх канікул да дзядулі Карнея ў вёску, там, у пуні, знаходзіць кнігу Аркадзя Гайдара “Цімур і яго каманда” і, прачытаўшы аповесць, вырашае стварыць сваю каманду дзеля таго, каб… А вось дзеля чаго і што з усяго ў выніку атрымаецца — пра гэта і стане вядома з фільма. Скажу толькі, не выдаючы ніякіх канкрэтнасцей, што ў карціне не будзе як занудлівага маралізатарства, так і аслеплага ў сваёй пагоні экшна ды спецэфектаў. Затое будзе… душа, прасветленая першымі дзіцячымі адкрыццямі, перажываннямі, асэнсаваннямі многіх важных рэчаў чалавечага жыцця. І як вынік — бескарыслівым памкненнем зрабіць гэтае жыццё крышку лепшым, крышку больш справядлівым і больш чалавечым. У карціне знойдуць месца і да слёз шчымлівыя сцэны, і вясёлыя, з натуральным дзіцячым шармам моманты.
Фільм “Цімур і каманда” ўжо выйшаў у пракат у кінатэатрах Беларусі. Яго змаглі паглядзець у Віцебску, Гомелі, Брэсце. У кінатэатрах Віцебскай вобласці пракат “Цімура” працягнецца да 31 студзеня, Брэсцкай вобласці — да 18 лютага, Гродна і Гродзенскай вобласці — да 4 лютага. У Магілёве і Магілёўскай вобласці фільм пачнуць паказваць 25 снежня. Нарэшце, у кінатэатрах Мінскай вобласці прыгоды Цімура нашых дзён можна будзе ўбачыць з 20 снежня па 20 студзеня.
Наша сённяшняя гутарка — з рэжысёрам-пастаноўшчыкам, адным з аўтараў сцэнарыя і прадзюсараў фільма “Цімур і каманда”, педагогам кінашколы “Сінема” Дзіцячага цэнтра тэатра і кіно Наталляй Галуза.
— Наталля, давайце, што называецца, пазнаёмімся і пазнаёмім вас з нашымі чытачамі. Дзе вы нарадзіліся, дзе выраслі і вучыліся? Як і калі прыйшло ў ваша жыццё кіно? Дзе атрымалі прафесійную адукацыю?
— Я нарадзілася ў Мінску, жыла тут усё сваё дзяцінства, да 6 класа вучылася ў сярэдняй школе № 16 на Бірузова, потым, калі мы з бацькамі пераехалі ў Цэнтральны раён сталіцы, вучылася ў сярэдняй школе № 44 імя Якуба Коласа на Нямізе — у гэтай цудоўнай школе! Канечне, мне падабалася ў дзяцінстве глядзець добрае савецкае дзіцячае кіно. Вельмі любіла казкі Аляксандра Роу, асабліва яго “Марозка”. Была ў захапленні ад фільмаў Леаніда Нячаева — “Прыгоды Бураціна”, “Пра Чырвоны капялюшык” і інш. Але да 13 гадоў я зусім не падазравала, што некалі буду здымаць кіно, нават не марыла пра гэта. У школе мне вельмі падабалася хімія, я думала, што буду ўрачом… А потым мая цётка прывяла мяне ў кінашколу, вось у гэтую, у якой мы зараз і знаходзімся. Спачатку мне ўсё гэта не падабалася, здавалася вельмі складаным — гаўкаць, мяўкаць, бясконца чытаць скорагаворкі… Але неяк незаўважна мінула недзе паўтара года, як я раптам зразумела, што мне вельмі хацелася б, каб маё жыццё хоць крышку было звязана з тэатрам і кіно. Праўда, цяпер у мяне была ўжо іншая праблема: мне здавалася, што ў мяне ў гэтым сэнсе не было ніякіх здольнасцей. І тут трэба сказаць вялікі дзякуй майму цудоўнаму педагогу, настаўніку наогул усяго майго жыцця Ірыне Васільеўне Маркавай, якая паступова ўсяляла ў мяне веру і надзею, нястомна пераконвала, што ўсё ў мяне атрымаецца, калі толькі я гэтага захачу сама і калі буду шмат працаваць. Сапраўды, калі б не Ірына Васільеўна, я ніколі б не прыйшла працаваць у кіно… І вось, калі я вучылася ўжо ў 10 класе, мы ўсёй нашай старшай групай кінашколы знялі кароткаметражны фільм “На вылеце” паводле аповесці Дзіны Рубінай “Усё той жа сон”. І якое ж вялікае было наша здзіўленне і шчасце, калі потым мы даведаліся, што ён стаў перамагаць на самых розных кінафестывалях — у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Харкаве! Праўда, мне самой тады не давялося ў поўнай меры зведаць тое шчасце, бо ў мяне ўжо былі іншыя клопаты і ўвогуле іншае жыццё: пасля школы я паступіла ў Маскоўскую Акадэмію Наталлі Несцеравай на факультэт кіно і тэлебачання, вучылася ў майстэрні народнай артысткі Расіі Алены Акцябраўны Цыплаковай па спецыяльнасці “Рэжысёр кіно і тэлебачання”… А ў 2011 годзе, скончыўшы акадэмію, я вярнулася сюды, як кажуць, да сваіх пенатаў. І цяпер працую педагогам у той жа кінашколе “Сінема”, у якой вучылася калісьці сама ў Ірыны Васільеўны Маркавай. У мяне свая група — 15 дзетак ад 6 да 8 гадоў. У 2013 годзе мы — Ірына Васільеўна, я і яшчэ два яе вучні, мае колішнія аднагрупнікі па кінашколе, — заснавалі сваю кінакампанію “Ілюзіён” якраз з ідэяй адрадзіць добрае, гуманнае дзіцячае і сямейнае кіно ў Беларусі, тое, якое некалі ў нас было, на якім выраслі мы і нашы бацькі… Фільм “Цімур і каманда” зняты гэтай кінакампаніяй.
— Калі ласка, сарыентуйце мяне і нашых чытачоў. Вы кажаце пра кінашколу, пра кінастудыю… Я ж на шыльдзе вашай установы (па адрасе Прытыцкага, 75. — М.Ч.) прачытаў: “Дзіцячы цэнтр тэатра і кіно”.
— Усё правільна. Патлумачу. У 1983 годзе Ірына Васільеўна Маркава заснавала дзіцячы тэатр “Ронд” — з гэтага, уласна кажучы, усё і пачалося. У тэатра слаўная гісторыя: паспяховыя пастаноўкі, гастролі па самых розных краінах. У 1986 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Спадарожнік ТЮГа”. Тэатр з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам адзінага ў Беларусі Міжнароднага фестывалю дзіцячых тэатраў “Крок у неба”. У 1999 годзе Ірына Васільеўна адкрыла кінашколу “Сінема”. А ў 2009 годзе тэатр і кінашкола аб’ядналіся ў адзіную адукацыйную структуру, якая сёння называецца “Дзіцячы цэнтр тэатра і кіно”. На сённяшні дзень у ім займаецца прыблізна 100 дзяцей ад 4 да 18 гадоў, якія вывучаюць такія прадметы, як акцёрскае майстэрства, сцэнічная мова, пластыка, рэжысура, літаратурная творчасць, развіццё думкі, сусветная мастацкая культура і інш. Мы маем свой тэатральны рэпертуар, пастаянна здымаем фільмы — і вучэбныя кароткаметражныя, і поўнаметражныя. Як бачыце, у нас ёсць свой невялікі офіс… Хаця, канечне, у нашых марах — мець асобны будынак са сваёй сцэнай, цэхам, студыяй для фотасесій, “Кінаклубам добрага кіно”, дзе па выхадных паказваліся б сапраўды добрыя фільмы з усяго свету.
— Як нарадзілася ідэя зняць фільм “Цімур і каманда”? Наколькі разумею, гэта была свядомая інтэнцыя — выклікаць у гледача асацыяцыі з тым, савецкім Цімурам і яго камандай? Але ж і рымейкам ваш фільм ніяк не назавеш…
— Сапраўды, гэта зусім не рымейк, ніводнай гайдараўскай фразы і ніводнай канкрэтнай сюжэтнай лініі з яго “Цімура” ў нашым фільме няма. Але, канечне, наш Цімур — гэта не проста супадзенне з тым Цімурам… А было ўсё наступным чынам. Недзе гадоў пяць, а можа, ужо і шэсць назад, калі я вучылася ў Маскве і мы з мужам Уладзімірам Марозавым працавалі на тэлеканале “Расія”, мы пазнаёміліся з цудоўным чалавекам, цяпер нашым добрым сябрам акцёрам Дзянісам Бяспалым. У той час мы з мужам, што граху таіць, займаліся серыяламі — трэба ж было неяк зарабляць сродкі на пражыванне і вучобу. І аднойчы Дзяніс нам кажа: “Ну што вы ўсё серыялы ды серыялы… Трэба здымаць кіно! Вось што трэба здымаць!” — і кладзе перад намі кнігу “Цімур і яго каманда” Аркадзя Пятровіча Гайдара. Мы спачатку разгубіліся, але ўзялі тую кнігу, перачыталі яе яшчэ раз, падумалі, што гэта сапраўды класная ідэя, але ж сённяшнія дзеці не будуць глядзець такі фільм. Ён быў цудоўны для свайго часу, а сёння трэба было б усё тлумачыць дзецям нанова. Перапісаць сюжэт на сучасны лад? Таксама не выйсце, паколькі ў Гайдара ўсё было завязана на вайсковых рэаліях: дзеці чырвонаармейцаў, сем’і чырвонаармейцаў, перадваеннае становішча ў краіне… Гайдар пісаў сваю аповесць у 1940 годзе і як быццам апярэдзіў свой час, напісаўшы вобразы цімураўцаў, якія потым стануць героямі на вайне. А прыбраць вайну? Тады ж увогуле нічога не застанецца. Карацей, так мы тады тую кнігу і паклалі на паліцу з думкай: ну, можа, калі-небудзь… А потым, калі я закончыла акадэмію, паўстала пытанне пра дэбютны фільм. Мы зрабілі сабе некалькі ўстановак: гэта павінен быць фільм для дзяцей ці для моладзі і там павінна абавязкова быць вёска. Далі кліч у інтэрнэце, маўляў, мы шукаем сцэнарый для такога вось дзіцячага ці маладзёжнага фільма. І неўзабаве нам пачалі прысылаць сцэнарыі. Мы з мужам дзень пры дні іх чыталі і проста дзівіліся: са сцэнарыя ў сцэнарый было ўсё адно і тое ж — ці крымінал з забойствамі, ці містыка з прывідамі, ці фантастыка з кібаргамі, ці прыгоды з пошукамі скарбу… А мы ж хацелі зняць зусім іншае кіно. Словам, перачытаўшы роўна сто сцэнарыяў, мы кінулі гэтую справу і… зноў успомнілі пра Цімура. І зноў пачаліся нашы пакутлівыя пошукі, і зноў доўгі час нічога не прыдумлялася. А потым — тут вы ўжо верце ці не верце, хаця ў мяне ёсць многа сведак і я гарантую, што ўсё гэта чыстая праўда, — мне прысніўся сон. А ў гэтым сне быў увесь фільм ад пачатку да канца. Не з дыялогамі, канечне, а проста сюжэт — ад самай першай сцэны да фіналу.
— У анатацыі да фільма пазначаны тры аўтары сцэнарыя: вы, ваш муж Уладзімір Марозаў і Дзяніс Бяспалы…
— Так, мы разам паўгода распісвалі сцэнарый. Мне ж прыснілася толькі ідэя, агульная сюжэтная лінія. Больш за тое, у аўтары сцэнарыяў можна было б запісаць і маленькіх акцёраў, якія здымаліся ў фільме, бо на занятках у нашай кінашколе яны разыгрывалі ўсе сцэнкі, нейкія фразы для іх былі незразумелымі, яны тут жа па-свойму іх мянялі, а я за імі перапісвала.
— Раскажыце, калі ласка, наогул пра каманду, якая працавала над фільмам.
— О, гэта для мяне самая прыемная рэч — расказваць пра гэтых людзей. Бо можна гаварыць колькі заўгодна, напрыклад, пра значнасць грошай, абсталявання і г.д. Але калі б не гэтыя людзі, то нічога не было б, нават калі б былі вялікія грошы і суперсучаснае абсталяванне. Пра свайго мужа (дарэчы, разам са мной ён і прадзюсіраваў карціну) і Дзяніса Бяспалага я ўжо казала. Гаварыла і пра свайго педагога Ірыну Васільеўну Маркаву, якая выхавала спачатку мяне і, дзякуй богу, працягвае выхоўваць: і мяне, і сённяшніх сваіх вучняў, якія зняліся ў фільме. Я вельмі ўдзячна дырэктару кінакампаніі “Ілюзіён” Мікалаю Лаўрэнюку, другому рэжысёру і галоўнаму адміністратару фільма Антону Мішуціну, аператару-пастаноўшчыку, прафесіяналу з надзвычай багатым вопытам, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР Таццяне Логінавай, стваральнікам музыкі да стужкі — нашаму беларускаму кампазітару Аляксандру Рэнанскаму і двум расійскім кампазітарам (дарэчы, яны пісалі музыку да “Смяшарыкаў”) — Марыне Ланда і Сяргею Васільеву. Ну, і, безумоўна, акцёры — і дзеці, і дарослыя. Яны, сапраўды, усе героі, асабліва дзеці. Яны мерзлі, іх кусалі камары (мы здымалі кіно ў маляўнічым кутку на Навагрудчыне, дзе знаходзіцца летняя база нашай кінашколы), але яны мужна цярпелі ўсе нягоды. Паверце, не кожны дарослы будзе так мужна здымацца, а вопыт здымак з дарослымі акцёрамі ў мяне ёсць… Дарэчы, акрамя нашых дзяцей — вучняў кінашколы “Сінема” Аляксандра Вергуна, Златы Глухоўскай, Серафіма Міргародскага, Дар’яны Лукашовай і інш., у фільме яшчэ здымаліся дзеці з луганскай кінашколы “Вясёлка”. Мы ездзілі да іх на фестываль, і яны загарэліся паўдзельнічаць у праекце. Так што ў прынцыпе можна сказаць, што дэ-факта фільм атрымаўся міжнародным: з удзелам Расіі і Украіны. І грошы, калі мы іх збіралі праз інтэрнэт ужо на фінальнай стадыі (бо тых, якія былі напачатку, не хапіла), нам дасылалі людзі з розных краін.
— Дарэчы, а ў колькі абышоўся бюджэт?
— Не буду называць канкрэтную суму, але гэта зусім не тыя грошы, пра якія звычайна гавораць у сувязі з поўнаметражным ігравым кіно. Першапачатковым капіталам паслужыў грант, які заваяваў наш папярэдні фільм “Калі ж пойдзе снег?”, прызнаны лепшым дзіцячым фільмам на буйным кінафестывалі “Прамяністы анёл” у Маскве. Канечне ж, не абышлося і без грошай, якія зарабілі мы з мужам на серыялах. Ну, і тыя дабрачынныя ахвяраванні, пра якія я ўжо казала…
— Наталля, нядаўна фільм выйшаў у пракат, вы паказалі яго на “Лістападзе”… Скажам так, вы задаволены яго лёсам?
— Як вам сказаць… У нашага фільма цудоўны фестывальны лёс. Ён перамагаў на многіх фестывалях (глядзіце прэамбулу. — М.Ч.), і гэта, безумоўна, вельмі прыемна, калі фільм перамагае, калі ты прывозіш статуэткі, калі там у цябе бяруць інтэрв’ю, у газетах пішуць рэцэнзіі. Але калі ў той жа час у тваёй роднай краіне пра цябе ніхто не ведае, пра фільм твой не гавораць, артыкулы пра яго ніхто не піша і ўвогуле як бы ігнаруюць… Гэта проста крыўдна і сумна. Канечне, у нас даўно была мара — трапіць на “Лістапад”, але я не магу сказаць, што наша мара цалкам рэалізавалася, таму што фільм не ўзялі на конкурс “Лістападзік”, яго паказалі па-за конкурсам. Так, на конкурсе былі паказаны цудоўныя стужкі і іранская карціна-пераможца “Жамчужына” — гэта выдатны фільм. Але я не разумею, чаму ад Беларусі мы не маглі ўдзельнічаць у конкурсе, тым больш што ад нашай краіны ўвогуле не было прадстаўлена ніводнага фільма ў конкурснай праграме “Лістападзіка”! У нас што, робіцца так многа дзіцячых фільмаў?! Мне здаецца, што краіна павінна ганарыцца ў першую чаргу сваімі героямі, тым, што ствараюць свае кінематаграфісты. А збіраць на фестываль фільмы толькі з іншых краін і не гаварыць пра тое, што робіцца ў нашай краіне… Мне здаецца, гэта неяк няправільна, нелагічна. Арганізатарам “Лістападзіка” я шчыра сказала пра ўсё гэта, пра тое, што трапіць на свой фестываль аказалася нашмат складаней, чым на фестывалі ў іншых краінах.
Што тычыцца пракату, то, лічу, нам вельмі пашанцавала — без якой-кольвек рэкламы, без піяру трапіць у кінатэатры, і я вельмі ўдзячная за гэта кінапракату нашых абласцей. Яны не абяцалі нам касы, яны проста вельмі добра адрэагавалі.
— А ў Мінску фільм не пакажуць?
— Я не ведаю. Спачатку мяне абнадзеілі, а потым сказалі, што ўсе кінатэатры да канца года і на канікулах заняты толькі амерыканскімі фільмамі і ніякай шчыліны для “Цімура” ў нашым горадзе няма. Да 15 студзеня сказалі нават не званіць.
— Магчыма, вы маніторылі актыўнасць гледачоў у тых абласцях, дзе фільм ужо прайшоў ці ідзе. Запаўняюцца кіназалы?
— Не, спецыяльна маніторынгу мы не праводзілі, бо ў нас не было такой магчымасці. Але, шчыра кажучы, я не думаю, што наш фільм збірае поўныя залы. Па-першае, пракатчыкі і самі заціснуты ў пэўныя рамкі, яны ж не могуць загадаць дзецям: “Не купляйце білетаў на “Пінгвінаў Мадагаскара”, а ідзіце на “Цімура і каманду”!” А, па-другое, вы ж і самі разумееце, калі вісяць побач афіша “Пінгвінаў” ці “Хобіта” і афіша “Цімура”, хто на што пойдзе? Я нават з мужа іншым разам па-добраму пацвельваюся: “Валодзя, ну, было б табе зараз 10 ці 12 гадоў. Ты б пайшоў на “Пінгвінаў” ці на “Цімура”? Ну, вось шчыра мне скажы!” А на самай справе тут не да жартаў. Пра тое, што наш пракат запаланіла амерыканскае кіно, а сваё кіно не падтрымліваецца, сёння крычаць на многіх фестывалях — і ў нас, і ў Расіі, і ва Украіне. Але што крычаць? Трэба рабіць! Так, напрыклад, як зрабіла Францыя ў свой час, радыкальна зменшыўшы пракат галівудскіх фільмаў і павялічыўшы працэнт французскага кіно. Або яшчэ прыклад: у Швейцарыі, у гэтай маленькай еўрапейскай краіне з насельніцтвам на тры мільёны меншым, чым у Беларусі, штогод здымаюць 500—600 швейцарскіх фільмаў! На гэта выдзяляюцца грошы, поўным ходам ідзе рэклама свайго кіно… Ну пра што можна гаварыць?
— Вернемся да вашага “Цімура”. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, вы маглі б наогул сказаць, пра што ваш фільм?
— На самай справе фільм гаворыць пра многія сапраўдныя каштоўнасці, якія, на мой погляд, павінны прывівацца дзіцяці з самага ранняга дзяцінства, і адна з галоўных такіх каштоўнасцей — гэта любоў і павага да старэйшых. І не таму, што так нехта сказаў ці загадаў так рабіць. Гэта проста павінна быць у крыві дзіцяці, у яго звычках. Наогул, “Цімур і каманда” — гэта такое вялікае прызнанне ў любові ўсім бабулям і дзядулям. Мы сапраўды рабілі карціну з велізарнай любоўю да нашых бабуль і дзядуляў, і гэтую любоў спрабуем данесці нашаму гледачу. Яшчэ фільм узнімае такую тэму, як любоў да свайго дома — не проста да нейкай там кватэры, дачы ці іншай матэрыяльнасці, а менавіта да роднага дома, да сваіх каранёў, свайго роду. Тут сутыкаюцца два пакаленні. Малыя не разумеюць, чаму іх бабулі і дзядулі так прывязаны да свайго дома, да сваёй зямлі, чаму для іх такая вялікая праблема — пераехаць у кватэру, у горад? Але мне здаецца, што наш фільм можа дапамагчы гэта зразумець нашым дзецям. І, нарэшце, мы гаворым у фільме пра тое, што кожны з нас можа змяніць гэты свет. Нават дзіця. Проста трэба вельмі гэтага захацець.
— Як вам усё-такі здаецца, тыя рэальныя дзеці, якія зняліся ў “Цімуры”, да канца зразумелі сваіх кіношных герояў? І ўвогуле, яны засталіся задаволенымі здымкамі?
— Думаю, што зразумелі. Прынамсі, вельмі хачу ў гэта верыць. А што тычыцца задаволенасці, то мы вучым іх тут, у кінашколе, быць незадаволенымі! Ні ў якім выпадку не зазнавацца! Наогул, я хачу сказаць, што здымацца ў кіно для дзіцяці — гэта вельмі небяспечна. Бо калі ты дарослы і ў цябе ўнутры ёсць моцны стрыжань, калі ты ведаеш, што ніякая роля табе не нашкодзіць, — гэта адно. А дзіця — гэта ж пластылін. Ён жа яшчэ не вельмі добра разумее, што кепска, а што добра. Яно падвержана вельмі многім эмоцыям, у тым ліку зазнайству. А з зазнайства пачынаецца нахабства: што хачу, тое і раблю, бо я зорка… І вось, дзякуй богу, і ў нас, дзякуючы Ірыне Васільеўне Маркавай, гэтай ганарыстасці менш за ўсё, і ў нашых сённяшніх вучнях таксама. Бо наша школа не вучыць дзяцей станавіцца акцёрамі ці рэжысёрамі, нейкімі вядомымі персонамі. Яна вучыць быць натуральнымі і ў жыцці, і ў кіно. Яна вучыць быць асобай сродкамі кіно і тэатра — той сферы, дзе дзіця можа раскрыць свае таленты, свой духоўны свет. І таму, дарэчы, вельмі важна здымаць з дзецьмі менавіта маральнае кіно.
— Наталля, а якія яны, на вашу думку, абавязковыя ўмовы добрага дзіцячага кіно?
— Моцная светлая маральная ідэя, стапрацэнтная арганічнасць дзяцей і добры фінал.
— Вы маеце на ўвазе хэпі-энд?
— Не, гэта не абавязкова павінен быць хэпі-энд у тым значэнні, у якім гэтае паняцце шырока ўжываецца. Гэта менавіта добры фінал з нейкім асэнсаваннем, верай і надзеяй. Таму што, разумееце, у рэальным жыцці бываюць кепскія фіналы — мы ўсе гэта ведаем. Але дзіця, калі бачыць у фільме кепскі фінал ці кепскае выйсце з нейкай сітуацыі, пачынае і па жыцці думаць: ага, значыць, выйсце з такой вось сітуацыі можа быць толькі такое, кепскае. Я ўвогуле думаю, што добры фінал — гэта прыкмета не толькі добрага дзіцячага, але і дарослага кіно. У жыцці ж і сапраўды ёсць шмат дрэннага. Чалавек прыходзіць у кіно, глядзіць фільм, і тут — бац, яшчэ горш! І выходзіць з залы з думкай: “Ну, усё, выхаду з гэтага балота няма!” І для чаго ён тады ішоў у кіно? Каб яшчэ больш балюча яму зрабілася? І навошта наогул тады здымалі гэты фільм? А фільм, мне здаецца, патрэбны для таго, каб чалавек асэнсаваў нейкую сітуацыю ў сваім жыцці або ў жыцці суседа. І каб нейкі агеньчык надзеі на сябе ці на суседа ў яго ўсё-такі загарэўся… Напрыклад, наш папярэдні фільм “Калі ж пойдзе снег?” нашмат цяжэйшы за “Цімура”, там ёсць вялікая праблема — хвароба галоўнай гераіні. У такую сітуацыю, як у нашай гераіні, трапляюць сёння многія дзеці і падлеткі. І вось, калі б мы зрабілі там кепскі фінал, колькі б надзей мы забралі! Але мы не пайшлі такім шляхам. Мы зрабілі там добры фінал. Трэба заўсёды даваць святло ў канцы тунэля.
— Там гераіня вылечваецца ад раку?
— Не, там не рак, хаця таксама вельмі цяжкая хвароба. І яна не вылечваецца, дакладней, мы пра гэта наўпрост не гаворым. Але там ёсць вялікая вера ў тое, што ўсё будзе добра. Гэта тое, што я і называю добрым фіналам.
— Апошняе пытанне. Калі б сёння хто-небудзь здымаў кіно пра кіно, пра сённяшні беларускі кінематограф, у гэтым фільме быў бы добры фінал, хэпі-энд ці поўная катастрофа?
— Там была б пастаўлена вялікая праблема. Я, напрыклад, вельмі люблю беларускія мульцікі, якія выпускаюцца на “Беларусьфільме”, люблю наша дакументальнае кіно. Наогул, лічу, што анімацыя і дакументалістыка ў нашай краіне вельмі моцныя. Самае ж слабае звяно — ігравое кіно. І дарослае, і дзіцячае. І яго трэба адраджаць.
— Вялікі дзякуй за гутарку.
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.