Нацыянальная класіка як сімвал дружбы

Купалаўскі год, абвешчаны Літаратурным музеем народнага песняра, — добрая нагода звярнуцца да геніяльных твораў, да спадчыны паэта, драматурга, публіцыста. Народны пясняр у сваё 135-годдзе павінен выйсці за сцены музеяў і бібліятэк. Яго вершы павінны судакрануцца з душамі і сэрцамі беларусаў. І не толькі беларусаў… Сёння пра Янку Купалу разважаюць сябры Беларусі з розных краін свету.

Сяргей Кандыбовіч, старшыня ФНКА “Беларусы Расіі” (Масква): “Я асабіста атаясамліваю Беларусь — сваю родную старонку — з праяўленнямі культуры, духоўнасці, таму лічу, што вобраз Янкі Купалы — самы каштоўны вобраз для захавання ў кожным з беларусаў прысутнасці Радзімы. Быў бы рад, калі б і сёлета ў Расіі, напрыклад, у Татарстане, з’явіўся яшчэ адзін помнік аўтару неўміручых вершаў. Тых вершаў, многія з якіх сталі песнямі, многія з якіх гучаць на ўвесь свет. Мне асабліва імпануе купалаўскае слова, агучанае вялікім Уладзімірам Мулявіным, яго ансамблем “Песняры”.

Чынгіз Алі-аглу, паэт, перакладчык (Азербайджан, Баку): “Разумеючы, што Купала далёкі ў сваёй творчасці ад эксперыментаў, наватарства паэзіі ХХ стагоддзя, я разглядаю яго як вялікага наватара, як яркую дзеяздольную асобу ва ўплывах на мастацтва, літаратуру розных стагоддзяў, як Чалавека, духоўнага лідара ў зносінах з наступнікамі. Таму і веру, што Купалу і сёння, і заўтра чытаюць і будуць чытаць. А хіба гэта не галоўнае?!.”

Лула Куні, паэт, галоўны рэдактар часопіса “Нана” (Чачэнская Рэспубліка, Грозны): “Феномен высокай запатрабаванасці паэтычнай спадчыны Янкі Купалы, думаю, — у акумуліраванні ў ім своеасаблівага кода беларускага этнасу. Праўдзівасць паэтычнай інтанацыі, вернасць народнай мове, жаданне жыць і ствараць у адным рытме сэрца са сваім народам ставяць вялікага беларускага паэта ў адзін рад са знакавымі імёнамі класікаў сусветнай паэзіі. Доўгае існаванне ў цісках таталітарнай сістэмы прывучала нас да вострага ўспрымання глыбінных сэнсаў літаратуры. Вось таму такой актуальнай падаецца творчасць знакавых асоб у нацыянальных літаратурах савецкай дзяржавы ў сённяшняй культурнай прасторы постсавецкага перыяду. Гэта ж не толькі наша ўчора. Гэта наша сёння. Не ў выніку нейкай палітычнай рэмінісцэнцыі, а ў знак разумення пераемнасці выклікаў часу і паступальнага развіцця грамадскай самасвядомасці. Можа, таму такімі блізкімі кожнаму з нас падаюцца радкі Янкі Купалы, напісаныя яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя: “Хто ты гэткі? // — Свой, тутэйшы. // — Чаго хочаш? // — Долі лепшай. // — Якой долі? // — Хлеба, солі. // — А што болей? // — Зямлі, волі. // — Дзе радзіўся? // — Ў сваёй вёсцы. // — Дзе хрысціўся? // — Пры дарожцы. // — Чым асвенчан? // — Кроўю, потам. // — Чым быць хочаш? // — Не быць скотам”.

Касым Нурбадаў, паэт, перакладчык, празаік, дзіцячы пісьменнік (Туркменістан, Ашгабат): “Я чытаў Купалу сваім дзецям дома, я чытаў Купалу як настаўнік туркменскай літаратуры, праводзіў паралелі, рабіў параўнанні. Купала для мяне асабіста — гэта і маё ўласнае прачытанне Махтумкулі, гэта і мая прывязанасць да туркменскай паэзіі ХХ стагоддзя. Чытаючы і перакладаючы беларускіх паэтаў Валянціна Лукшу, Івана Муравейку, я думаю, што за іх здабыткамі — грунт неўміручай купалаўскай паэзіі. Рад, што ў вашай краіне музейшчыкамі абвешчаны Год Купалы. Пастараюся і сам спрычыніцца да перакладаў яго паэзіі. Некалі ў нас гэтую справу пачаў Ата Ніязаў — яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. У Ашгабадзе ў розныя гады выйшлі дзве кнігі Янкі Купалы на туркменскай мове. Спадзяюся, што сёлета выйдзе трэцяя. І ведаю, што Купалаўскі музей рыхтуе выстаўку “Янка Купала і Туркменістан”. Не сумнявайцеся, што мы яе дастойна прымем, будзем рады знаёмству з яе матэрыяламі ў Ашгабадзе.

Роберт Мінулін, народны паэт Татарстана (Рэспубліка Татарстан, Казань): “Янка Купала судакрануўся з нашай старонкай у ваенным ліхалецці. Народнага песняра Беларусі і зараз памятаюць у Татарстане. Шмат перакладаў Купалу наш вядомы літаратар Закі Нуры, які, дарэчы, партызаніў у Беларусі ў складзе атрада Канстанціна Заслонава. Ды і іншыя татарскія мастакі слова былі ўважлівыя да творчай спадчыны сусветна вядомага творцы. Чым асабіста мне дарагі Купала? Не будзе перабольшаннем сказаць, што яго паэзія надзвычай зразумелая мне, як і кожнаму простаму чалавеку. У вершах беларускага паэта ёсць галоўнае — спрадвечнае памкненне людзей да лепшага і адкрытага, шчырага, сумленнага жыцця. Веру, што Янку Купалу будуць яшчэ доўга чытаць пакаленні нашых наступнікаў. Неўміручасць сапраўднай паэзіі грунтуецца на тым, што з вершаў легендарнага майстра нацыянальнай літаратуры крынічыць святло мар і памкненняў, жаданне зазірнуць за далягляды”.

Ато Хамдам, празаік, перакладчык (Таджыкістан, Душанбэ): “Я часта бываю ў Беларусі. І ганаруся тым, што спрычыніўся да развіцця беларуска-таджыкскіх літаратурных стасункаў на сучасным этапе. Для нас, таджыкскіх пісьменнікаў, імя Купалы — сімвал народа Беларусі, мы атаясамліваем з Купалам усю беларускую літаратуру, усе яе добрыя, гуманістычныя памкненні. І верым, што і ў Таджыкістане з’явяцца новыя пераклады вершаў Купалы на мову Рудакі і Хаяма, Лаіка Шэралі і Мірзо Турсун-задэ… Ужо сёння над гэтым клопатам працуюць народныя паэты Таджыкістана Фарзона, Саідалі Мамур, Нізом Касім. А яшчэ рыхтуюцца артыкулы да юбілею паэта. Варта і новым пакаленням чытачоў у Таджыкістане нагадаць веліч і маштабы таленту Купалы”.

Кастусь ЛАДУЦЬКА.