Опера для дзяцей і іх бацькоў як прыкмета часу, або Вандроўка ў Афрыку

Імкліва абнаўляючы і пашыраючы рэпертуар пасля рэканструкцыі, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета не забывае пра дзіцячую аўдыторыю. І хоць новыя пастаноўкі для дзяцей па-ранейшаму з’яўляюцца тут рэдка, нельга казаць, што маленькія гледачы абдзелены ўвагай. Дарэчы, пік прэм’ерных спектакляў, прызначаных для дзяцей, прыйшоўся на першую палову 90-х гадоў. Штогод новая пастаноўка! Мюзікл “Пітэр Пэн” А.Будзько, балет “Тры парсючкі” С.Кібіравай, оперы “Кот у ботах” Ц.Кюі, “Чароўная музыка” М.Мінкова. Але ж гэта, трэба сказаць, унікальны выпадак за ўсю гісторыю існавання тэатра…

У той жа час, нават калі будынак Вялікага ўжо не дзейнічаў, насцэне Палаца Рэспублікі балетнай трупай тэатра паспяхова выконваўся дзіцячы спектакль “Беласнежка і сем гномаў” Б.Паўлоўскага, пастаўлены Н.Фурман, таксама былі абноўлены опера “Церам-церамок” І.Польскага і балет “Чыпаліна” К.Хачатурана.
Нарэшце ў новым будынку Вялікага тэатра тры гады назад адбылася прэм’ера оперы “Віні-Пух і ўсе, усе, усе” В.Пятровай, а на пачатку бягучага тэатральнага сезона з’явілася новая дзіцячая опера “Доктар Айбаліт, або Вандроўка ў Афрыку”, якая стала сапраўднай падзеяй. Згадаю, што першая і адзіная нацыянальная опера для дзяцей “Марынка” Р.Пукста была пастаўлена ў Вялікім тэатры шэсцьдзясят гадоў назад!
Варта адзначыць і той факт, што ў апошні час музычна-тэатральныя творы для дзяцей менавіта айчынных кампазітараў з’яўляюцца на розных іншых пляцоўках сталіцы, як тэатральных, так і канцэртных. Гэта опера “Маленькі прынц” А.Мдзівані ў выкананні музычнай капэлы “Санорус” на сцэне Клуба імя Ф.Дзяржынскага (2008), балет-мюзікл “Жыла-была Ёлачка” Д.Далгалёва, пастаўлены знакамітым ансамблем “Харошкі” і паказаны на сцэне Малой залы Палаца Рэспублікі (2011—2012), мюзікл-фэнтэзі “Чароўны гадзіннік, або Хто выратуе Новы год?” А.Атрашкевіч у музычным тэатры (2011—2012), балет “Дзюймовачка” А.Хадоскі на сцэне Мінскага палаца культуры і спорту чыгуначнікаў (2014), шматлікія музычныя казкі У.Саўчыка на філарманічнай сцэне. І яшчэ адна прыкмета часу. Трывала ўвайшлі ў сучасныя тэатральныя афішы оперы, балеты, мюзіклы, музычныя казкі, прызначаныя для дзяцей і дарослых. Імкненне кампазітараў мінулага да спасціжэння дзіцячай псіхалогіі нарадзіла шэраг твораў пра дзяцей і дзіцячы свет, пра дзяцінства, але прызначаных дарослым. Рэаліі сучаснасці ўносяць свае карэктывы. І вось у адной зале збіраюцца разумныя і прасунутыя хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама іх бацькі, якія ўжо ведаюць, што ім не прыйдзецца сумаваць.
Казка пра доктара Айбаліта, да якой звярнуліся аўтары сучаснай пастаноўкі, у першую чаргу лібрэтыст Т.Мушынская і кампазітар М.Марозава, — адна з самых вядомых і любімых. У якіх толькі жанрах і відах мастацтва яна не была ўвасоблена! Фільмы, мультфільмы, аўдыяказка, радыёспектакль, балет, фільм-балет, мюзікл. На сцэне Вялікага тэатра паспяхова колькі гадоў ішоў балет І.Марозава “Доктар Айбаліт”. Пастаўлены ў 1951 годзе, ён быў першым творам, адрасаваным менавіта дзецям.
Не страціў актуальнасці гэты сюжэт і ў наш час. У музычным тэатры быў пастаўлены мюзікл “Айбаліт-2002” І.Левіна, а ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — мюзікл-пародыя “Айбаліт, Бармалей, пра жывёл і Брадвей” У.Аксенкруга. Але ж у оперным жанры гэтая казка ўвасоблена яшчэ не была. Яе аўтары і выканаўцы, дарослыя і дзеці, падышлі да пастаноўкі вельмі адказна і сур’ёзна. Напэўна, таму праца над операй “Доктар Айбаліт” доўжылася чатыры гады. І сапраўды трэба пагадзіцца з меркаваннем, што творы для дзяцей трэба рабіць як для дарослых, але ж крышачку лепей. Зварот да дзіцячай творчасці Карнея Чукоўскага не здаецца выпадковым, хаця ў свой час аўтар знакамітых “Кракадзіла”, “Бармалея”, “Тэлефона”, “Мухі-Цакатухі”, “Тараканішча” і іншых класічных твораў праславіўся дасягненнямі ў галіне журналістыкі і літаратурнай крытыкі. Таксама ён займаўся выданнем сатырычнага часопіса, рабіў пераклады. Наогул, гэта вельмі цікавая асоба. Жыццярадасны, вынаходлівы, дасціпны чалавек, быўшы Мікалаем Васільевічам Карнейчуковым, прыдумаў сабе арыгінальны псеўданім, з якім і ўвайшоў у гісторыю.
Парадаксальным з’яўляецца тое, што першы досвед Карнея Чукоўскага ў галіне дзіцячай літаратуры — казка “Кракадзіл” — у свой час быў раскрытыкаваны, а потым і іншыя яго вершы для дзяцей прызналі шкоднымі, нават адзначаўся іх “траўматычны” ўплыў на дзетак. У адзін момант іх аўтар зрабіўся апальным пісьменнікам. Ён мусіў адмовіцца ад сваіх дзіцячых казак. І ўсё ж паралельна знішчальнай крытыцы расла яго вядомасць і папулярнасць. Напрыканцы жыцця Карней Чукоўскі быў удастоены ступені доктара літаратуры Оксфардскага ўніверсітэта. А збор яго твораў сёння выдадзены ў 15 тамах.
Спрактыкаваны літаратар і паэтэса, аўтар шэрага зборнікаў вершаў, казак і апавяданняў для дзяцей (“Віця Неслух у краіне мурашоў”, “Свята печанай бульбы”, “Вожыкі ў футбол гуляюць”, “Калі тата — Дзед Мароз”), да таго ж балетны крытык і журналіст Таццяна Мушынская прапанавала арыгінальнае опернае лібрэта, створанае якраз на аснове вядомых дзіцячых казак Карнея Чукоўскага. Але ж гэта не першы яе вопыт у жанры. Т.Мушынскай напісаны шэраг балетных лібрэта на розныя гістарычныя тэмы. У “Чорнай панне Нясвіжа” паўстае ўзвышаны і трагічны вобраз Барбары Радзівіл, “Апошні кароль” прысвечаны падзеям ХVIII стагоддзя, у “Саламеі” згадваюцца прыгоды навагрудскай лекаркі Саламеі Пільштыновай. На яе лібрэта Андрэй Мдзівані напісаў оперу “Перапалох”, Валерый Карэтнікаў стварыў музыку балета “Дзюймовачка”, Уладзіміра Саўчыка прыцягнуў гістарычны сюжэт у оперным лібрэта “Янка Купала”. І толькі “Доктару Айбаліту” пашчасціла пабачыць святло рампы.
У вершаваным сцэнарыі оперы выкарыстоўваюцца перапрацаваныя ўрыўкі розных казак Карнея Чукоўскага, якія вельмі прафесійна, лагічна і паслядоўна знітаваны. Тут знаўца творчасці дзіцячага пісьменніка знойдзе фрагменты з “Айбаліта” і “Бармалея”, “Кракадзіла” і “Тэлефона”, “Тараканішча”, “Цуда-дрэва” і “Мухі-Цакатухі”. Але знаёмыя радкі так арыгінальна пераплецены, а пераходы ад аднаго фрагмента да другога такія натуральныя, што, напэўна, і сам Чукоўскі падзівіўся б.
Склаўся і творчы тандэм паміж Т.Мушынскай і М.Марозавай. Гэтаму, відаць, спрыяла папярэдняя сумесная праца над шэрагам вакальна-інструментальных твораў, камерна-вакальных цыклаў, асобных рамансаў, якая працягнулася ў буйным сцэнічным жанры. Да таго ж для кампазітара дзіцячая тэма таксама блізкая. Яшчэ ў студэнцкія гады, а вучылася М.Марозава ў класе кампазіцыі прафесара Я.Глебава, яна звярнулася да дзіцячых вобразаў Карнея Чукоўскага, стварыўшы кантату “Муха-Цакатуха”. Другі казачны сюжэт “Стойкі алавяны салдацік” Х.К.Андэрсена падштурхнуў да стварэння дзвюх балетных сюіт.Пішучы музыку “Доктара Айбаліта”, М.Марозава, здаецца, адштурхоўвалася ад прынцыпаў рыфмавання вершаваных казак Карнея Чукоўскага. Яны напісаны незвычайнай, так бы мовіць, свавольнай і зменлівай рыфмай. Адсюль адчуванне своеасаблівай рытмічнай пульсацыі, пастаянная змена рытму. Да таго ж пісьменнік лічыў, што пры стварэнні вершаў для дзяцей трэба мысліць малюнкамі і адчуваць музыку ў кожным радку.
Магчыма, менавіта таму кампазітар размаўляе са сваімі слухачамі вельмі няпростай мовай, у якой пануюць рухомасць мелодыкі, гарманічныя пераходы і пераключэнні, ладавыя перафарбоўванні, раптоўныя мадуляцыі, адпаведны рытмічны рэльеф. Але ж у музыцы оперы перададзена цэлая гама пачуццяў і настрояў: святочных і радасных, светлых і паэтычных, трывожных і драматычных, якія характарызуюць тую ці іншую сітуацыю, таго ці іншага персанажа. А яскравы лірычны пачатак прыўносіць шмат пяшчоты і грацыі, мяккага гумару, што знаходзіць адпаведны эмацыянальны водгук у дзіцячым успрыманні.
Вельмі трапна дзеля гэтага выкарыстоўваюцца аркестравыя фарбы. Знойдзены неабходны баланс паміж аркестрам і вакалам. Трывога, напружанне і гераічны прызыў (тэма выратавання) характарызуюць невялікую вакальна-сімфанічную карціну небяспечнай вандроўкі Айбаліта і марской стыхіі, якую пераадольвае выратавальнік хворых афрыканскіх жывёл. Выразна гучыць музычная характарыстыка Афрыкі ў так званым арабскім ладзе. А сінкапіраваная тэма Бармалея падкрэслівае яго грубіянскі характар.Свае акцэнты расстаўляе ў оперы Міхаіл Панджавідзэ, вядомы шматлікімі неадназначнымі пастановачнымі работамі, якія выклікаюць супярэчлівыя меркаванні. Ён карыстаецца тут прыёмамі эксцэнтрыкі, буфанады, якія пранізваюць асобныя сцэны або дробнымі штрыхамі “інкрустуюцца” ў дзеянне спектакля. Жанравая спецыфіка оперы выяўляецца ў асобных рэпліках, мізансцэнах, элементах касцюмаў і сцэнаграфіі. Згадаць хоць бы Кракадзіла, які, седзячы ў стаматалагічным крэсле, патрабуе ў Айбаліта галошы для сваёй сям’і, або “аркестр-банду” (туба, талеркі, барабан і баян), які іграе трагічную музыку, аплакваючы беднага Зайку. Каб вылечыць яму ножку, доктар дастае вялізны шпрыц, і… перапалоханы Зайка адразу ачуньвае. А калі Бармалей з бандытамі захапілі доктара Айбаліта, у знак пратэсту звяры бяруць транспаранты з надпісамі кшталту “Бармалеі не пройдуць!” або “Рукі прэч ад Айбаліта!” і ідуць на Бармалея ў наступ, каб вызваліць доктара.
Апроч усяго, у оперы ёсць мноства іншых цікавых пастановачных эфектаў. Доктар Айбаліт на пачатку спектакля ляціць на паветраным шары, на якім, дарэчы, пазначаны нумар хуткай дапамогі — 103. У Афрыку ён плыве на вялікім караблі, а потым нават і на Кіце. Вельмі дарэчы выкарыстоўваюцца і паваротны круг, і відэапраекцыя. Дзеянне атрымалася наогул гіпердынамічным, асабліва другая афрыканская яго частка. Чаго толькі вартая “гульня ў даганялкі”, калі Танечка і Ванечка ганяюцца за Бармалеем! Дарэчы, вельмі шмат фантазіі праявілі і мастак-пастаноўшчык А.Касцючэнка, і мастакі па касцюмах К.Булгакова і М.Мароз.
Застаецца проста ўпэўнена сцвердзіць: дзіцячая опера пра доктара Айбаліта на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета насамрэч атрымалася.

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН.
Фота з сайта Вялікага тэатра.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*