Пад крыламі “Пегасіка”

У Забалацкім яслях-садзе — сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці з поспехам працуе літаратурны клуб “Пегасік”, які аб’ядноўвае здольных да творчасці і прыгожага слова вучняў. У канцы мінулага года клуб адзначыў свой 10-гадовы юбілей. Гэта было тады незабыўнае свята, якое прайшло ў форме прэзентацыі. Прысутнічалі ўдзельнікі раённага семінара, былі запрошаны ганаровыя госці: былы дырэктар школы М.М.Лях, загадчык аддзела грамадска-палітычнага жыцця “Воранаўскай газеты” Вольга Вараб’ёва, з лёгкай рукі якіх пачалася цікавая праца.

У свой час па прапанове дырэктара М.М.Ляха мне як філолагу было даручана кіраваць гэтым клубам, і для мяне гэта было вельмі пачэснай справай.

Развіццё творчага патэнцыялу навучэнцаў — адна з задач сучаснай школы. Таму актывізацыя творчага патэнцыялу вучняў у галіне літаратурнай творчасці і фарміраванне навыкаў стварэння літаратурных твораў стала мэтай маёй работы з таленавітымі вучнямі. Членамі “Пегасіка” з’яўляюцца дзеці рознага ўзросту, пачынаючы з 5 класа і заканчваючы адзінаццацікласнікамі. Юныя паэты, пераходзячы з класа ў клас, застаюцца членамі клуба, а іх творы ўсё больш і больш удасканальваюцца.

Клуб “Пегасік” з’яўляецца сур’ёзным літаратурным аб’яднаннем. На пачатку работы было распрацавана палажэнне аб літаратурным клубе, у якім адлюстраваны мэты і задачы работы клуба. Разам з навучэнцамі быў выбраны дэвіз: “Ні дня без радка”.


Псіхолагі даўно ўжо прыйшлі да высновы, што дзіцячы ўзрост самы спрыяльны для развіцця творчых магчымасцей чалавека. Карней Чукоўскі пісаў: “Усе мы ў дзяцінстве паэты, і толькі потым вучымся гаварыць прозай”. Умець правільна і прыгожа гаварыць не толькі прозай, але і карыстацца пры гэтым паэтычнай мовай — гэта таксама талент, які даецца чалавеку ад прыроды. Кожны чалавек мае свае пэўныя таленты: адзін танцуе, другі спявае, а хтосьці піша вершы.

У школьным курсе літаратуры перад настаўнікамі пастаўлена задача развіваць паэтычныя здольнасці навучэнцаў, а таксама развіваць навыкі аналізу паэзіі. Вось таму, пачынаючы з урокаў літаратуры, я вучу падлеткаў выяўляць эмоцыі ў паэтычнай форме. Як вынік — нараджаюцца вершы. Гэты працэс дапамагае школьнікам зрабіць вершаскладанне адной з форм аналізу лірыкі (паэзіі). Уласная паэтычная творчасць спрыяе і больш глыбокаму разуменню тэорыі літаратуры. Замацоўваюцца веды, набытыя на ўроках літаратуры, на факультатыўных занятках, дзе навучэнцы атрымліваюць больш шырокія і трывалыя веды ў плане пабудовы літаратурных твораў. А нараджаюцца шэдэўры паэтычнага слова ў працэсе ўласных назіранняў за прыродай, жыццём людзей, калектыўных экскурсій на прыроду, сустрэч з цікавымі людзьмі і мясцовымі паэтамі. Не раз на святах паэзіі, літаратурных конкурсах у нас прысутнічаў вядомы паэт Воранаўшчыны Уладзімір Валяр’янавіч Руль.

У школе наладжаны выпуск школьнай літаратурнай газеты “Пегасік”, якая з’яўляецца органам літаратурнага клуба і аб’ядноўвае вакол сябе творчых дзяцей і моладзь, а таксама настаўнікаў і бацькоў, якія пішуць вершы. Кожны месяц друкуюцца не толькі паэтычныя, але і празаічныя творы пачынаючых паэтаў. На працягу 10 гадоў свайго існавання літаратурная газета “Пегасік” друкавала падборку твораў аднаго паэта, зборнікі твораў, прысвечаныя чырвоным датам календара, а таксама юбілеям беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Зараз падрыхтаваны да друку зборнік “Пад крыламі “Пегасіка”, у якім сабраны лепшыя творы маленькіх паэтаў за 10 гадоў існавання клуба.

Са сваімі творамі члены клуба “Пегасік” выступаюць на школьных і раённых творчых конкурсах. На працягу ўжо некалькіх гадоў Аляксандр Германовіч, Таццяна Пячурчык, Кацярына Наркун (3 гады запар), Вадзім Юхнік, Аляксандра Пышынская заваёўвалі прызавыя месцы.

У “Пегасіка” наладжаны добрыя сувязі з рознымі выданнямі. Вершы яго членаў друкаваліся на старонках раённай “Воранаўскай газеты”, газеты “Раніца” і “Юный спасатель”, часопісаў “Лесавічок”, “Вясёлка”, “Бярозка”.

Клуб “Пегасік” вядзе вельмі актыўную літаратурную дзейнасць. За ўдзел у Абласным літаратурным конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаным 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, зборнік вершаў аб Беларусі быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені і кнігай старшыні Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Кебіч “Непераможны колер охры” з аўтографам аўтара.

Алеся Маркевіч стала пераможцай раённага этапу XV Беларускага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру. Кацярына Урбановіч была ўдзельніцай конкурсу “Квітнеючым садам стане ўся зямля” і заняла 2-е месца ў раёне і 1-е месца ў вобласці ў намінацыі “Літаратурная творчасць”. Члены клуба “Пегасік” — пераможцы раённай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

На жаль, пералічаныя вышэй пераможцы цяпер ужо выпускнікі школы, але падрастае новае пакаленне, якое таксама, я думаю, будзе радаваць усіх нас сваімі перамогамі ў розных конкурсах, вершы якіх будуць друкавацца не толькі на старонках “Пегасіка”, але і іншых газет і часопісаў.

Валянціна КОЦІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Забалацкага ясляў-сада — сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.