“Баязліўцы! Дзе абараніць вам // Вашых жонак ад юрліўцаў? // Вам на поясе насіць бы // Не мячы, а верацёны”. Гэтымі словамі ў п’есе Лопэ дэ Вега “Фуэнта Авехуна” галоўная гераіня Лаўрэнсія заклікала сваіх аднавяскоўцаў да паўстання супраць жорсткага Камандора.
У арсенале Лаўрэнсіі з аднайменнага балета Аляксандра Крэйна слоў няма, але ёсць танец, які не толькі прымушае сялян узяцца за зброю, але і гледачоў апладзіраваць не шкадуючы рук. Легенда савецкага балета “Лаўрэнсія” ў пастаноўцы Вахтанга Чабукіяні ўпершыню пачула авацыі ў 1939 годзе на сцэне Ленінградскага тэатра оперы і балета імя Кірава (сучасны Марыінскі тэатр). І вось у лістападзе іспанская прыгажуня “прапісалася” ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
На мінскай сцэне новае жыццё “Лаўрэнсіі” падарылі зорка сусветнага балета народная артыстка Грузіі і Расіі Ніна Ананіяшвілі, якая выступіла ў якасці пастаноўшчыка, дырыжор Алег Лясун, мастак Давід Манавардзісашвілі і мастак па касцюмах Аляксандр Васільеў.
Яшчэ за доўгі час да прэм’еры балет прыцягваў да сябе ўвагу перш за ўсё імёнамі Ананіяшвілі і Васільева. Ніна Ананіяшвілі ўжо неаднаразова выходзіла на сцэну Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў партыях Адэты-Адыліі і Жызэлі ды ў спектаклях, прэзентаваных падчас праектаў кшталту “Балетнага лета ў Вялікім”. Дзякуючы наладжанаму супрацоўніцтву Вялікага тэатра з Тбіліскім дзяржаўным тэатрам оперы і балета імя З.Паліяшвілі, мастацкім кіраўніком балетнай трупы якога з’яўляецца Н.Ананіяшвілі, беларусы змаглі ўбачыць балеты Баланчына, Кіліяна, Аштана. Можна сказаць, што “Лаўрэнсія” стала працягам творчай садружнасці знакамітай балерыны і Вялікага тэатра, у выніку чаго з’явіўся яркі, каларытны спектакль — дзіця сваёй эпохі, які захаваў самыя лепшыя якасці арыгінала.
Тут трэба зноў прыгадаць, што стваралася “Лаўрэнсія” ў 1939 годзе, калі тэма рэвалюцыйнай барацьбы і вызвалення была вельмі актуальнай у савецкім мастацтве, у тым ліку і балетным. Адным з першых сярод народна-гераічных балетаў, у якіх ствараўся вобраз мужнага высакароднага народа, які процістаіць подлым прыгнятальнікам, было “Полымя Парыжа” Барыса Асаф’ева (1932 год). “Лаўрэнсія” ў пэўным сэнсе працягнула гэтую лінію героікі на балетнай сцэне. Характэрным для савецкай харэадрамы, якая квітнела ў 30-я гады, быў і зварот да лепшых узораў класічнай літаратуры, таму выхад на балетную сцэну герояў Лопэ дэ Вега таксама можна назваць заканамерным.
Стваральнік “Лаўрэнсіі” Вахтанг Чабукіяні яшчэ ў 1937 годзе пісаў, што яго “захапляе думка папрацаваць над спектаклем аб новай Іспаніі, аб барацьбе іспанскага народа за сваю незалежнасць і свабоду”. Безумоўна, у “Лаўрэнсіі”, створанай паводле п’есы пачатку XVII стагоддзя, фармальна ні пра якую сучаснасць гаворка не ішла, аднак паралелі з барацьбой, якая разгарнулася ў час грамадзянскай вайны ў Іспаніі, несумненна, павінны былі прачытвацца сучаснікамі.
Сённяшні глядач, напэўна, менш за ўсё будзе заклапочаны пошукам гістарычных паралелей і карэктнасцю адлюстравання класавай барацьбы ў балеце, аднак “Лаўрэнсія” зацікавіць і яго, бо спектакль гэты першапачаткова быў не проста кан’юнктурным адказам на запыты часу. Самым лепшым у “Лаўрэнсіі” была і застаецца харэаграфія Вахтанга Чабукіяні, якая робіць гэты балет прыцягальным як для выканаўцаў, так і для “спажыўцоў” харэаграфічнага мастацтва. Партыя галоўнай гераіні, набліжаная да мужчынскай, на сённяшні дзень застаецца адной з самых складаных у балетным рэпертуары, бо ставіў яе Чабукіяні ў разліку на індывідуальнасць першай Лаўрэнсіі — Наталлі Дудзінскай. Віртуознай тэхнікі патрабуе і партыя Франдоса, якую харэограф і танцоўшчык выконваў сам. Побач з пантамімай, праз якую вырашаюцца некаторыя вузлавыя сцэны, дзейсны характар у балеце набывае і танец: у харэаграфічным маналогу згвалтаваная Хасінта расказвае аднавяскоўцам аб сваёй трагедыі, танец-спаборніцтва Лаўрэнсіі і Франдоса раскрывае характары герояў і сілу іх натуры, танец гучыць заклікам Лаўрэнсіі да аднавяскоўцаў. Менавіта вяртанне танцу яго дзейснасці і вяртанне на сцэну правамоцнай класічнай харэаграфіі, яе смелае спалучэнне з характарным танцам адзначаліся ў свой час як галоўны здабытак “Лаўрэнсіі”. Гэта ж зрабіла балет харэграфічным хітом свайго часу.
“Лаўрэнсія” шырока ставілася ў савецкіх рэспубліках. У 1955 годзе адбылася прэм’ера гэтага балета і ў Мінску. Народны артыст БССР, балетмайстар, танцоўшчык Сямён Дрэчын ажыццявіў сваю пастаноўку, у якой, па прыкладзе Чабукіяні, сам выконваў партыю Франдоса. Аднак у 50-я гады “Лаўрэнсія” не змагла заваяваць прыхільнасць гледачоў: спектакль прайшоў толькі 12 разоў і быў зняты з рэпертуару. Не ўразіў балет і крытыкаў. Браніслаў Смольскі называў пастаноўку “малаўдалай”, адзначаючы недастатковую арганічнасць зліцця лексікі класічнага танца з нацыянальным іспанскім, а Міхась Модэль звяртаў увагу на тое, што пастаноўшчык не змог пераадолець пэўнай дывертысментнасці балета, што перашкаджала дасягнуць кампазіцыйнай закончанасці спектакля. З безумоўных здабыткаў той першай беларускай “Лаўрэнсіі” называлі толькі выкананне Аляўцінай Карзянковай вядучай партыі.
І вось амаль праз 60 гадоў “Лаўрэнсія” зноў з’явілася ў рэпертуары Вялікага тэатра. У адрозненні ад пастаноўкі 1955 года новую “Лаўрэнсію” паспрабавалі зрабіць максімальна набліжанай да арыгінала 1939 года. Ніна Ананіяшвілі старанна аднаўляла харэаграфію Чабукіяні, якая па-ранейшаму з’яўляецца галоўным плюсам балета. Сапраўдная Іспанія жыве і дыхае на сцэне ў цудоўных масавых танцах, дзе кастаньеты і тамбурыны ў хоце ці фламенка надаюць ім непаўторны паўднёвы водар. Святочны настрой танцаў падкрэсліваюць каляровыя касцюмы, рашэнне некаторых з якіх з’яўляецца вельмі нетрывіяльным, напрыклад, сукенак фламенка ў чорна-белыя гарохі. Заўвагу выклікае толькі той факт, што каларыстычна сцэна вясковага свята атрымліваецца больш яркай, чым вяселле Лаўрэнсіі і Франдоса. Шыкоўна апранутыя масавыя танцы па сваім характары і выразнасці самакаштоўныя і займаюць большую частку першай і трэцяй карцін балета, за імі прыемна назіраць, хоць часам заўважаеш адсутнасць сінхроннасці ў выканаўцаў.
Пантамімныя моманты, без якіх “Лаўрэнсію” нельга ўявіць, крыху псуюць агульнае ўражанне ад пастаноўкі, бо выглядаюць вельмі зацягнутымі, некаторым сцэнам не хапае дынамікі. Даволі сумна назіраць, як Лаўрэнсія (Людміла Хітрова, Вольга Гайко) і яе сяброўка Паскуала (Яна Штангей, Юлія Дзятко) падманваюць служак Камандора (Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў), альбо за сялянамі, якія сабраліся на сход. Іх дзеянням не хапае выразнасці, яны часам выглядаюць апатычнымі, што кантрастуе са стыхіяй характарнага і класічнага танца. І ўсё ж некаторыя пантамімныя сцэны выглядаюць сапраўды ўдала. Адной з іх з’яўляецца сцэна прызнання Франдоса (Канстанцін Геранік, Ігар Аношка) у другой карціне 1 акта. Яго адкрытыя рукі Лаўрэнсія перакрыжоўвае на грудзях, калі ў яе сэрцы яшчэ жыве недавер да пачуццяў маладога чалавека, аднак у фінале акта, зачараваная смеласцю Франдоса, яна раскрывае яго рукі, даючы згоду на шлюб. Гэта адзін з самых кранальных момантаў балета, калі прачынаецца каханне Лаўрэнсіі, тым больш што ён дадаткова афарбоўваецца трагізмам папярэдніх падзей і лірычнасцю музыкі. Не замінае яго прыгажосці нават невыразнае святло (паводле лібрэта, яно павінна абазначаць раніцу). Аднак праблемы з асвятленнем застаюцца амаль незаўважнымі ў параўнанні з бляскам харэаграфіі “Лаўрэнсіі”.
Класічнае гранд-па, якое выконваюць на вяселлі Лаўрэнсіі і Франдоса, два танцоўшчыкі Паскуала і Хасінта (Аляксандра Чыжык), — адзін з лепшых харэаграфічных фрагментаў балета, сапраўднае свята танца, дзе варыяцыі змяняюцца дуэтамі і завяршаюцца кодай, у якой бярэ ўдзел усё паселішча Фуэнта Авехуна. Крытычна глядзець на яго прымушае хіба што элементарная логіка. Удзел у гранд-па Хасінты выглядае ненатуральна па мерках праўды не толькі жыццёвай, але і мастацкай, на што ўвагу звярталі крытыкі яшчэ савецкіх часоў, бо дзяўчына з’яўляецца на вяселлі ў разарванай сукенцы пасля гвалтавання салдатамі Камандора і яе ўдзел у агульным свяце праз некаторы час пасля гаротнага харэаграфічнага маналогу можа выклікаць толькі здзіўленне. На гэтым фоне нават той факт, што замак Камандора жыхары Фуэнта Авехуна бачаць толькі ў адным ракурсе, незалежна ад свайго месцазнаходжання, і некаторыя іншыя хібы афармлення блякнуць. Яшчэ адным алагізмам, атрыманым “Лаўрэнсіяй” у спадчыну, з’яўляецца тое, што Франдоса, селянін, валодае шпагай лепш, чым Камандор, арыстакрат і выдатны вайсковец, ды настолькі, што забівае тырана ў паядынку. Праўда, аб тым, што Камандор з’яўляецца вайскоўцам, можна даведацца толькі з праграмкі, бо Аляксандр Васільеў апрануў яго ў свецкі касцюм цёмных колераў, які проціпастаўляецца светлым тонам касцюмаў народа, і берэт з пёркам, які замест шлема ўпрыгожвае галаву Гомеса. У тым ліку і дзякуючы гэтаму Камандор у балеце атрымаўся хадульным арыстакратам, якога хвалююць толькі мясцовыя сялянкі-прыгажуні. Як і належыць балетнаму злодзею савецкага часу, ён пазбаўлены харэаграфічнага голасу, роля Камандора выключна пантамімная. Пакуль, на жаль, гэтай пантаміме ў выкананні Антона Краўчанкі не хапае ўнутранай напружанасці, уласцівай адмоўным персанажам танцоўшчыка. Нават адзін з самых выразных момантаў, калі Камандор наступае ботам на сарваную з галавы Лаўрэнсіі вясельную фату, выглядае недастаткова эмацыянальным.
Што ж тычыцца выканаўцаў вядучых партый (на адным з першых паказаў партыі Лаўрэнсіі і Франдоса выконвалі Людміла Хітрова і Канстанцін Геранік), то, нягледзячы на прыстойнае авалоданне харэаграфічным бокам спектакля, прастора для творчага росту ў іх яшчэ дастаткова вялікая. Тое ж можна сказаць і пра ўласна распрацоўку вобразаў. Хацелася б, каб развіццё характараў, адлюстраванае ў харэаграфіі, прачытвалася больш рэльефна і мела пераходы. Мужнасць і настойлівасць Франдоса прасочваецца яшчэ ў яго танцы-спаборніцтве з Лаўрэнсіяй у першай карціне, аднак ёсць у ім і пяшчота закаханага. Гераіня ж увогуле паступова ператвараецца з непакорлівай гарэзы ў змагарку, таму Лаўрэнсіі Людмілы Хітровай было б нядрэнна дадаць больш індывідуальнасці і пашырыць палітру псіхалагічных адценняў вобраза, у якім ёсць не толькі героіка і палкасць.
Першыя паказы “Лаўрэнсіі” былі дастаткова сырымі, і трэба думаць, што пэўныя хібы ў выкананні, як і тэмпарытм спектакля, з цягам часу выправяцца. Вялікі тэатр, безумоўна, цяпер мае ў сваім рэпертуары яркі спектакль з выдатнай харэаграфіяй, які з’яўляецца рэдкім госцем на сучаснай балетнай сцэне. Акрамя Мінска, “Лаўрэнсія” ідзе толькі ў Міхайлаўскім тэатры (там спектакль быў пастаўлены ў 2010 годзе з нагоды юбілею Чабукіяні) і ў Тбілісі, таму можна гаварыць аб пэўным эксклюзіве. Аднак пры ўсіх станоўчых рысах “Лаўрэнсія” ўсё ж застаецца помнікам сваёй эпохі і выклікае адно значнае пытанне: ці не надта захапіўся Вялікі тэатр калекцыяніраваннем балетных манументаў?
Кацярына ЯРОМІНА.
Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага
тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.