Мы дастаткова часта пішам пра творчыя калектывы нашых устаноў адукацыі — агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, дадатковай. І найчасцей у нашым полі зроку аказваюцца калектывы са званнямі: народныя, заслужаныя, узорныя… Гэта, відаць, усё-такі недзе ў самой прыродзе журналіста — купляцца на пасады, званні, рэгаліі — словам, тыя рэчы, якія быццам бы, а, можа быць, не быццам, а рэальна надаюць некаму ці нечаму значнасць і вагу. Тым часам, на жаль, па-за фокусам нярэдка застаюцца тыя (калектывы, людзі, установы адукацыі), якія, і не маючы званняў, могуць пахваліцца ўнікальнасцю і самавітасцю, здольнасцю ўпрыгожыць гэты свет. Пра адзін такі творчы калектыў і хацелася б сёння расказаць. Гэта інструментальны ансамбль лыжачнікаў “Перастукі” мінскай сярэдняй школы № 116 — адзіны школьны ансамбль “лыжачнага” профілю ў сталіцы.
Гісторыя “Перастукаў”, якая пачалася ў 2004 годзе, наўпрост звязана з асобай заснавальніка і мастацкага кіраўніка калектыву Наталлі Маркіянаўны Казачынскай. Прыкметны ўжо той факт, што сама яна родам з Паставаў — аднаго з музычных цэнтраў нашай краіны, сталіцы фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”, на які штогод прыязджаюць калектывы не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з іншых краін — Польшчы, Украіны, Расіі, Малдовы, Чэхіі, Славеніі, Сербіі і іншых. У гэты час на цэлы тыдзень раённы цэнтр ператвараецца ў суцэльную канцэртную пляцоўку, на якой гучыць музыка розных народаў. Адбываецца грандыёзнае касцюміраванае шоу, насуперак глабалізацыі трыумфуе нацыянальны пачатак у культуры.
Наталля Маркіянаўна з ранняга дзяцінства захварэла гэтай невылечнай хваробай любові і павагі да нацыянальных культур, іх носьбітаў і матэрыяльных выразнікаў — музычных інструментаў. Пасля заканчэння Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага (народнае аддзяленне, клас акардэона) па размеркаванні трапіла ў Навасёлкаўскую музычную школу, пра што ніколі не пашкадавала, бо менавіта там адразу ж улілася ў школьны музычны ансамбль “Маладзіца”, заснаваны Аленай Міхайлаўнай Салавей, якая стала для Наталлі Маркіянаўны і прыкладам кіраўніка творчага самадзейнага калектыву, і кімсьці накшталт гуру ў неабдымным музычным свеце. І менавіта там, у навасёлкаўскай “Маладзіцы”, Наталля Маркіянаўна пачала песціць мару стварыць уласны музычны калектыў. Якім канкрэтна ён быў бы — гэтага яна тады яшчэ не магла ведаць. Але ўжо тады з’явілася невялікая падказка: у рэпертуары “Маладзіцы” быў адзін нумар з лыжкамі, які заўсёды асабліва на ўра ўспрымала публіка. Праз некалькі гадоў, пераехаўшы ў Мінск і атрымаўшы магчымасць весці спецыяльны вучэбны прадмет “Інструментальны ансамбль” у сталічнай сярэдняй школе № 116, Наталля Маркіянаўна ведала ўжо дакладна: яе музычны калектыў будзе цалкам пабудаваны на лыжках і называцца будзе “Перастукі”. “Перастукі”: лыжкі — гукі, лыжкі — гукі, лыжкі — гукі… Даўняя мара Наталлі Маркіянаўны Казачынскай канчаткова здзейснілася ў 2004 годзе, калі інструментальны ансамбль “Перастукі” (тады яшчэ толькі ў дарослым складзе выкладчыкаў музычных дысцыплін 116-й школы) быў створаны і ледзь ці не з першага канцэрта заваяваў прыхільнасць гледачоў, а ўжо ў 2005 годзе феерычна выступіў на сцэне Палаца Рэспублікі — на канцэрце, прысвечаным 60-годдзю Вялікай Перамогі.
Тут трэба зрабіць вельмі важную агаворку, што мара Наталлі Маркіянаўны менавіта пра ансамбль лыжачнікаў ніколі не спраўдзілася, калі б, па-першае, насустрач ёй не пайшло б кіраўніцтва 116-й школы, а, па-другое, да яе “лыжачнай” ініцыятывы не паставіліся прыхільна тутэйшыя выкладчыкі музычных дысцыплін. Апантанай пастаўчанцы ўдалося заразіць сваёй ідэяй усіх. Асабліва заўзятымі прыхільніцамі ансамбля адразу сталі выкладчыца па класе баяна Таццяна Анатольеўна Бараноўская, якая і да гэтага часу не расстаецца з калектывам, выконваючы ролю канцэртмайстра і акампаніятара, а калі трэба, бярэцца і за самі лыжкі, і выкладчыца па ігры на фартэпіяна Марыя Баляславаўна Мікуцэвіч.
А чаму ўсё-такі менавіта лыжкі? Па-першае, палічыла Наталля Маркіянаўна, гэта вельмі арыгінальны варыянт, асабліва ў вялікім сталічным горадзе. А па-другое, самі лыжкі як музычны інструмент валодаюць нейкай магічнай здольнасцю ўводзіць выканаўцаў у экстаз (пасля канцэртаў у лыжачнікаў сінеюць ногі), а разам з імі і публіку.
Наогул, пра лыжкі як музычны інструмент і ўсё, што з гэтым звязана, Наталля Маркіянаўна можа расказваць бясконца. Невыпадкова ў свой час яна атрымала прэмію камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за навуковую работу, прысвечаную гэтаму інструменту і правілам ігры на ім.
Са слоў Наталлі Маркіянаўны мне было цікава даведацца, напрыклад, пра тое, што ў якасці менавіта музычнага інструмента лыжкі вядомы яшчэ са старажытных часоў. Імі карысталіся на паляванні, пры выкананні абрадаў, падчас спеваў і танцаў. І ўсё ж непасрэднымі прабацькамі лыжак як музычнага інструмента ў нашым сённяшнім разуменні многія даследчыкі лічаць іспанскія кастаньеты.
Лыжкі шырока выкарыстоўваліся і ў ХІХ—ХХ стагоддзях у харах песеннікаў і ансамблях рускіх народных інструментаў для стварэння эфектнага нумара з элементамі трукацтва. Пра віртуозаў-лыжачнікаў у той час нават хадзілі легенды, музыкантамі сапраўды захапляліся, можна нават сказаць, іх абагаўлялі.
Што тычыцца прынятых сёння норм інструментальнага лыжачнага мастацтва, то ў ігравы камплект можа ўваходзіць ад дзвюх да пяці лыжак сярэдняга памеру і адна большай велічыні. Паколькі памеры лыжак розныя, то ў слухача ўзнікае ўражанне чаргавання гукаў па вышыні.
Існуе мноства прыёмаў ігры на лыжках. Звычайна ў ігры аднаго выканаўцы выкарыстоўваюцца тры лыжкі. Дзве з іх закладваюцца паміж пальцамі левай рукі, трэцяя бярэцца ў правую. Першыя дзве служаць як бы двайным кавадлам, па якім б’юць трэцяй лыжкай. Атрымліваецца ўвесь час шматгучны ажурны рытмічны малюнак.
Наталля Маркіянаўна ўпэўнена, што ўсё тое музычна-рытмічнае хараство лыжак не павінна заставацца ў баку ад сістэмы мастацка-эстэтычнай адукацыі. Сёння, на думку Н.М.Казачынскай, узніклі нават пэўныя супярэчнасці паміж рэаліямі сучаснага грамадства, у якім заўважаецца глыбокая цікавасць да народнай музычнай творчасці, і сістэмай музычнай адукацыі, якая не вылучае такія “каранёвыя” інструменты, як лыжкі (а таксама жалейка, ражок і іншыя), як паўнацэнны аб’ект вывучэння. А таму яшчэ тады, у 2004—2005 гадах, на досвітку гісторыі “Перастукаў”, яна з калегамі адразу пачала думаць і пра стварэнне дзіцячага аддзела калектыву. Як ні дзіўна, неяк асабліва агітаваць гарадскіх дзяцей не давялося. Для іх ігра на лыжках спачатку здалася проста нечым, як яны кажуць, прыкольным, але літаральна праз некалькі заняткаў, пасля першых рэпетыцый у складзе ансамбля, а тым больш пасля першых канцэртаў у роднай школе перад сваімі аднакласнікамі ад лыжак дзяцей было ўжо не адарваць. Той самы першы склад дзіцячых “Перастукаў” (а ўсяго за гады існавання ансамбля яна выпусціла ўжо тры калектывы) Наталля Маркіянаўна памятае і да гэтага часу як самы зацікаўлены і матываваны навізной і незвычайнасцю творчай музычнай дзейнасці. Хаця, безумоўна, і сёння дзеткі, якія ўдзельнічаюць у “Перастуках”, нічым не горшыя за пачынальнікаў сярэдзіны нулявых гадоў.Нарэшце мы і дайшлі да сёння. На сустрэчу са мной у 116-й школе Наталля Маркіянаўна прыйшла… са сваім аднагадовым сыночкам. Прыйшла, як вы ўжо зразумелі, не з заняткаў, а з дому. Два гады назад яна пайшла ў дэкрэтны водпуск, і карабель пад назвай “Перастукі” мусіў застацца без свайго капітана. Па ўсёй логіцы, прынамсі, на тры гады ён павінен быў прышвартавацца і забыцца пра мора канцэртнай дзейнасці (у тым ліку і за мяжой), выступленняў на тэлебачанні, удзелу ў конкурсах, фестывалях і г.д. — усяго таго, што заўсёды так вабіла дзяцей — удзельнікаў ансамбля. Але не прышвартаваўся, не забыўся! На час адсутнасці Наталлі Маркіянаўны “стырно ўлады” было вырашана перадаць у рукі вышэйзгаданай выкладчыцы Марыі Баляславаўны Мікуцэвіч — і жыццё “Перастукаў” зноў закіпела ў прывычным энергічным рытме: рэпетыцыі (перад конкурсамі — кожны дзень), канцэрты, паездкі… Дарэчы, “Перастукі” — гэта насамрэч вельмі адладжаны і мабільны творчы механізм-трансформер. Яны могуць выступаць у змяшаным даросла-дзіцячым складзе, толькі дзіцячым ці толькі дарослым. Яны могуць хутка і без праблем дабрацца нават у вельмі аддаленыя кропкі. Калі няма магчымасці ўзяць з сабой на выступленне акардэон, тут парупіліся пра фанаграмы, у чым калектыву вельмі дапамагла выкладчыца харавых дысцыплін і вакалу Таццяна Валянцінаўна Сай. Яна ж прывяла ў “Перастукі” адну са сваіх выхаванак-вакалістак для нумара “Ой, пры лужку…”, з якім вельмі хутка — ужо ў лістападзе — калектыву давядзецца абараняць свой гонар у раённым фінале Рэспубліканскага конкурсу “Сузор’е”. Удзельнікі ансамбля спецыяльна для мяне прадэманстравалі гэты нумар на сцэне актавай залы 116-й школы, і я скажу без прыкрас: гэта было здорава! Наогул, падчас майго знаходжання ў 116-й школе ў адрас “Перастукаў” я пачуў шмат добрых слоў ад розных людзей: і ад намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ўстановы куратара музычнага аддзялення Алы Мікалаеўны Нікіфаравай, і ад выкладчыка па класе цымбал старшыні метадычнага аб’яднання Інесы Паўлаўны Азаравай, і ад дзяцей і дарослых — удзельнікаў ансамбля. Пачуў нямала цікавых і пацешных гісторый з жыцця калектыву. Асабліва запомнілася адна. У дарослых удзельніц “Перастукаў” (так-так, менавіта ўдзельніц, бо ў дарослым складзе мужчын няма, на лыжках іграюць тут толькі жанчыны — выкладчыцы музычных дысцыплін) ёсць традыцыя адзначаць заканчэнне навучальнага года сваёй дружнай кампаніяй. І неяк на адным з такіх карпаратываў жанчынам вельмі захацелася зрабіць падарунак і сабе, і ўсім вакол. І тады яны папрасілі ў афіцыянта… лыжкі. Шмат лыжак. “Навошта яны вам?” — здзівіўся той. “А вось пабачыце!” — пачуў ён у адказ і прынёс-такі цэлы ахапак звычайных металічных сталовых лыжак. І тады настаўніцы з “Перастукаў” выйшлі з-за стала, сталі пасярод рэстарана ды як “урэзалі” кадрылю… на звычайных металічных сталовых лыжках! Усе вакол ахнулі, а афіцыянт… пабег за дадатковымі — бясплатнымі — порцыямі страў для “перастукаўскіх” лыжачніц.
Між іншым тады, калі я быў у 116-й школе, Марыя Баляславаўна Мікуцэвіч дала мне ў рукі дзве драўляныя лыжкі і паказала, як трэба трымаць і біць. У мяне атрымалася не з першага разу: я ўпершыню трымаў гэты дзівосны музычны інструмент. Але, можа, з разу трэцяга атрымалася. Пачуўся гук. Ён мне спадабаўся. І засталося прыемнае адчуванне на назе ў тым месцы, куды з усёй сілы я трэснуў музычнай цуда-дзеравяшкай…
Мікола ЧЭМЕР.