“Перазвон” гучыць звонка!

Цымбалы — адзін з любімых музычных інструментаў беларускага народа. Заняткі па класе цымбалаў з задавальненнем наведваюць навучэнцы сярэдняй школы № 3 Ашмян, у якой ужо 25 гадоў функцыянуюць класы музычнага, мастацкага і харэаграфічнага кірунку.

Асноўныя задачы школы — далучэнне дзяцей да музычнай культуры, навучанне ігры на музычных інструментах, выяўленне найбольш таленавітых і здольных навучэнцаў. У будучыні — гэта ўдзячныя слухачы і аматары музычнага мастацтва.

Як правіла, усе дзеці, якія жадаюць навучыцца іграць на інструменце, думаюць, што адразу ж зайграюць прыгожую музыку, варта ім толькі сесці за інструмент. Але наперадзе іх чакае напружаная праца!
Ансамбль — адна з цікавых і разам з тым складаных форм музычнага выканальніцтва. Удзел у ім узбагачае музычнае мысленне вучня, развівае слыхавыя навыкі. Да таго ж заняткі ў ансамблі цымбалістаў дораць навучэнцам бясцэнны жыццёвы вопыт, бо побач ёсць педагогі, гатовыя верыць у талент сваіх выхаванцаў.

Ансамбль цымбалістаў “Перазвон” быў створаны ў 1995 годзе. З таго часу “Перазвон” гучыць звонка! Кіруе ансамблем Алена Станіславаўна Козар, канцэртмайстар — Валянціна Фёдараўна Рэўт. Абедзве — ініцыятыўныя і таленавітыя.

Калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам конкурсаў, канцэртаў, мерапрыемстваў не толькі на раённым і абласным узроўнях, але і на рэспубліканскім і міжнародным. Любая музыка, выкананая на цымбалах, становіцца папулярнай. На гэтым інструменце можна іграць і джаз, і класіку, і эстрадныя песні.

Руплівая праца на ўроках дазволіла дасягнуць высокіх вынікаў у конкурсах ды фестывалях інструменталістаў. Ансамбль цымбалістаў “Перазвон” на працягу 2015—2018 гадоў станавіўся пераможцам і прызёрам самых розных конкурсаў: “Прывітанне, свет!”, “Вясёлка надзей”, “Звініць струна”, “Вясёлы Жужа”, “Мы таленты твае, Беларусь”, “Ільвяня”, “Паўночнае ззянне”. Партыя цымбал, выкананая ансамблем, упрыгожыла выступленне ўзорнага хору “Тоніка” на II Міжнародным конкурсе мастацтва “Хрустальны васілёк — 2018”, які заняў на ім 3-е месца. У 2018 годзе загучалі ашмянскія цымбалісты і ў Балгарыі на XIX Міжнародным дзіцячым фестывалі “Сонца. Радасць. Прыгажосць” (1-е месца). Выкананыя нашымі цымбалістамі творы “Мой родны кут”, “Паланэз” М.Агінскага выклікалі тады захапленне ў журы і слухачоў. А з апошніх дасягненняў нашых інструменталістаў, у ліку, канечне, цымбалістаў, стала іх выдатнае выступленне на II Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Я ў свеце творчасці”, якая прайшла не так даўно ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.


Галіна ЯСКЕЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.