Пісьменнікі, жанчыны і… крумкачы

Штрыхі да партрэта мастака Міхася Будавея

Калі я рыхтавалася да інтэрв’ю з таленавітым мастаком Міхасём Будавеем, мяне здзівіла, як мала я змагла знайсці яго работ у інтэрнэце. І толькі пазней, падчас нашай размовы у майстэрні, уразіла сціпласць і нязмушанасць у стасунках аднаго з найлепшых партрэтыстаў Беларусі.

Будавей— У якім узросце вы пачалі маляваць?
— Не памятаю сябе, каб я не маляваў. Перад вачыма быў прыклад майго старэйшага брата — мастака Рычарда Мая. Ён старэйшы за мяне на 13 гадоў, і калі ён прыязджаў і пачынаў рабіць накіды, то даваў мне алоўкі, і я спрабаваў таксама. Памятаю, як марыў паслаць свае работы ў “Зорьку” ці “Пионерскую правду”, каб іх там надрукавалі. З дзяцінства марыў толькі мастаком стаць, проста цягнула да гэтага. Па матчынай лініі была такая цяга да мастацтва. Родны брат маці таксама карціны пісаў. А дзед быў кавалём у пана. Але вырабляў не простыя рэчы: чайнікі, падсвечнікі. Памятаю, у маці пярсцёнак застаўся з манаграмай, які ёй мой дзед зрабіў.

— А дзе далей праходзіла навучанне будучай прафесіі?
— Калі пераехалі ў Мінск, хадзіў на заняткі ў мастацкую студыю пры Палацы прафсаюзаў. Сам пачаў вывучаць анатомію. Глядзеў на сябе ў люстэрка і маляваў партрэт. Паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча і там атрымаў вельмі добрую рэалістычную школу. Цудоўныя педагогі былі тады, па малюнку асновы былі дадзены нават лепш, чым у тэатральна-мастацкім інстытуце. Малюнак выкладаў Юрый Фёдаравіч Выхадцаў. Паколькі яго бацькі былі рэпрэсіраваныя, яго не прынялі ў Саюз мастакоў. Але мастак і настаўнік ён быў надзвычайны.

— А чым запомніліся гады студэнцтва?
— Калі я вучыўся ў інстытуце, мы амаль кожны месяц ездзілі ў Вільнюс на выставы. І ў Маскву ў музеі з сябрамі ездзілі. Памятаю, пайшлі ў Пушкінскі музей у Маскве, а туды чэргі былі — 3 гадзіны стаяць, і мароз 25 градусаў. Бегалі ў бліжэйшае кафэ каньяком грэцца. Яшчэ на эцюды ездзілі. Бралі намёт, а 4-й гадзіне раніцы садзіліся на электрычку і ехалі ў Мір, Вязынку, каб на досвітку памаляваць.

— Якія мастакі вам падабаліся ў той час?
— Гаген, Пікасо, Ван Гог. Дагэтуль люблю творчасць рускіх мастакоў Урубеля і Сярова.

— Вучоба ў тэатральна-мастацкім інстытуце змяніла ваш светапогляд?
— У нас выкладаў Шэвераў. У свой час ён вучыўся ў Ганчарова, вучня Фаворскага. Ён перадаў нам сістэму мастацкіх прынцыпаў Фаворскага — родапачынальніка маскоўскай школы графікаў. Безумоўна, змяніўся светапогляд.

— Якую тэму вы абралі для дыпломнай работы?
— Маёй дыпломнай работай была партрэтная серыя: “Сучасныя беларускія пісьменнікі: Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Янка Брыль”. Мне гэтую тэму параіў узяць Васіль Шаранговіч — бачыў, што добра ў мяне ішлі малюнак і партрэты. Мяне і самога ўражвалі такія магутныя асобы. Шаранговіч паабяцаў дамовіцца з Караткевічам, каб я прыйшоў да яго накіды рабіць, і з’ехаў на Нарач на некалькі дзён. Я думаю: чаго чакаць? Сам патэлефанаваў у Саюз пісьменнікаў, мне далі тэлефон Караткевіча. У той час якраз ішла работа над кінастужкай “Чорны замак Альшанскі”, і пісьменнік быў вельмі заняты. Да таго ж тады яго абакралі. Ён быў не ў гуморы, не з усімі хацеў сустракацца. Але згадзіўся, каб я прыехаў. Жыў Караткевіч тады на вуліцы Янкі Купалы. Паказаў мне сваю агромністую, да столі, бібліятэку. Убачыў, што я хвалююся, — такая глыба перада мною. Сказаў жонцы, каб яечню згатавала. А я тым часам накіды раблю і адчуваю, як пот па спіне бяжыць.
З Быкавым сустракаўся ў Доме літаратара. Быкаў быў маўклівы, але мы з ім знайшлі агульную мову, пагутарылі папросту. Ён, як высветлілася, таксама да вайны вучыўся ў мастацкім вучылішчы ў Віцебску. Першы курс толькі паспеў скончыць — потым вайна пачалася.
Да Брыля, Панчанкі дамоў прыходзіў. І Гілевіча замалёўваў у яго дома. Да яго прыходзілі людзі, пытанні адміністрацыйныя вырашалі. Ён ім толькі казаў, маўляў, хай вас мастак не бянтэжыць, ён займаецца сваёй працай.

— А па фотаздымках вы калі-небудзь пісалі партрэты?
— Я выкарыстоўваю фотаздымкі толькі для карэкціроўкі “жывых” партрэтаў. А наогул, заўсёды хоць бы накіды падчас кароткіх сустрэч. Жывое маляванне шмат значыць: праяўляецца характар чалавека. Люблю спазнаваць псіхалогію людзей, адчуваць чалавека. Калі пішу, абавязкова размаўляю з ім. Партрэт — гэта складаны жанр. Калі пісаў пісьменнікаў, чытаў шмат іх твораў, каб праз творы лепш пазнаваць характар аўтара.

— Якія яшчэ нюансы ёсць у творчасці партрэтыста?
— Нюансаў безліч. Трэба ўсё ўлічыць. Напрыклад, калі пісаў партрэт Быкава, бачыў, што ён вельмі прынцыповы, строгі, нават трывожны чалавек. І я стварыў гэтую трывожнасць за кошт чырванаватага фону, хатынскіх рытмаў. Можа, не так і трэба клапаціцца пра фон, галоўнае ж — гэта ўсё-такі сам партрэт, але і прастора павінна на вобраз працаваць. І Быкаў у мяне атрымаўся на палатне, як сціснутая спружына. Характар, напружанне яго перадаў праз рукі. А, напрыклад, Андрэй Макаёнак зусім іншы. Не хацелася ствараць яго вобраз у гальштуку, не яго гэта. Стварыў гэтакі крыху нядбайны, растрапаны, нефармальны вобраз. Каўнер кашулі расшпілены, неахайна змятыя аркушы ляжаць на стале…
Я атрымаў добрую акадэмічную школу і раней пісаў больш рэалістычныя работы. Але потым душа пачала патрабаваць больш абстрактнага жывапісу. Партрэт Алеся Разанава “Палёт праз імглістую бездань часу” не хацелася рабіць пры дапамозе рэалізму — ім не ўсё перадасі. Хацелася стварыць дынаміку. Сам Разанаў, калі ўбачыў свой партрэт на выставе, сказаў: “Дзе я больш — там (паказвае на партрэт. — В.Г.) ці тут (паказвае на сябе. — В.Г.), — яшчэ трэба разабрацца”.
Вобраз Яўгеніі Янішчыц імкнуўся стварыць такім палётным — яна ж паэтка. А вобраз Аляксея Дударава наўмысна тэатральны, у мядзведжым футры і… у гальштуку. Калі яму прынеслі маю работу, яму яна вельмі спадабалася і ён усклікнуў: “О, люстэрка прынеслі!” А ўвогуле, партрэты кранаюць таму, што я пішу тых, хто мне па душы. А калі мне хто нецікавы, як я магу партрэты іх зрабіць?

— Вы ў сваёй працы выкарыстоўваеце змяшаную тэхніку?
— Так, люблю змяшаную тэхніку, люблю працаваць пастэллю. Раблю акварэльную, тэмперную падкладку, а потым па ёй ужо малюю пастэллю. Малюю пастэллю на палатне. Працую наждаком, раблю зачысткі на палатне. Люблю пісаць акрылам ды тэмперай.

Ці доўга вы працуеце над адной карцінай?
— Вельмі па-рознаму. Магу некалькі гадоў выношваць вобраз. А вось замова мне была са Свята-Елізавецінскага манастыра, што ў Навінках, дык я протаіерэя Мікалая Гур’янава амаль за адну ноч напісаў. А пад раніцу нават стомленасці не адчуваў. Напэўна, такая добрая энергія ад яго вобраза ішла. Мікалай быў празорцам, лячыў малітвай.

— Наогул, можна заўважыць, што вы вельмі рознабаковы: і творца, і чалавек… Вамі аформлена нямала кніг, вы выкладалі ў акадэміі мастацтваў.
— Так, 8 гадоў адпрацаваў у тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры малюнка. Мае вучні — гэта такія вядомыя сёння творцы, як Міхаіл Баразна, Пётр Багданаў, Андрэй Шалюта. У акадэміі мастацтваў цікава выкладаць, студэнты гараць сваёй справай. Але, калі выкладаеш, трэба ж рыхтавацца да заняткаў, не хапае часу займацца чыстай творчасцю… А што да кніг, то сапраўды маю чым пахваліцца. Гэта кнігі Янкі Брыля, Віталя Біянкі, Паўла Семчанкі, Васіля Гігевіча. Але больш за ўсё мне запомнілася першая кніга, калі вопыту ў афармленні яшчэ не было. Гэта кніга вершаў “Святлынь” Ніла Гілевіча. Я наогул люблю афармляць кнігі паэзіі, бо гэта як музыка… За афармленне кніг маю два дыпломы на рэспубліканскіх конкурсах.

— Вы так шмат добрага зрабілі ў мастацтве, а пра вас так рэдка гаворыць прэса. Чаму?
— Прапанавалі пра мяне перадачу на тэлебачанні зняць. Адмовіўся. Мне гэта нецікава, не люблю тусоўкі, усё гэтае свецкае жыццё…

— Наколькі мне вядома, вы пэўны час жылі і працавалі за мяжой, у Германіі. Маглі б неяк параўнаць іх мастацкае жыццё з нашым?
— У іх неяк усё больш непасрэдна, чым у нас. Ну і на больш камерцыйную нагу пастаўлена, вядома ж. Сапраўды, я два гады жыў і працаваў у Германіі. Мы с жонкай там вывучылі мову і дастаткова свабодна на ёй размаўлялі. З тым, што тычыцца мастацтва, у іх не любяць цяганіны, неахайнасці. Напрыклад, робяць адкрыццё выставы ў суботу. У чацвер мы развешваем у галерэі работы, тут жа прыязджаюць карэспандэнты, здымаюць сюжэт, бяруць інтэрв’ю. У пятніцу ўжо выходзяць газеты з гэтым інтэрв’ю, сюжэт аб выставе паказваюць на тэлебачанні. Рассылаюць запрашальныя білеты банкірам, калекцыянерам, багатым людзям. Буклеты, рэкламу — усё робяць аператыўна. І да суботы ўсе ведаюць пра гэтую культурную падзею. Мэр горада прыязджае на адкрыццё выставы і вельмі проста трымаецца з людзьмі. А цябе, мастака, пасля выставы пазнаюць у горадзе, да цябе падыходзяць звычайныя людзі, дзякуюць. Я, дарэчы, з’яўляюся сябрам Саюза мастакоў Германіі.

— А ў Германіі больш любяць фармальныя ці рэалістычныя карціны?
— Паўфармальныя, так скажам. Мне і самому не падабаецца выточваць дэталі, галоўнае — стварыць вобраз, каб ён акордам быў, асацыяцыі нараджаў… Зараз пішу серыю пад назвай “Начная саната”, прысвечаную Жанчыне. Выява аголенай жанчыны на палатне то знікае, то паўстае — як мелодыя. У 1994 годзе мяне пацягнула на абстрактнае мастацтва. Фармальныя работы з’явіліся ў мяне пасля аўтамабільнай аварыі. Тое, што я застаўся жывы, гэта проста цуд. Потым я сніў, як лячу ў машыне ў кювет, а святыя затрымалі ды паставілі яе. Так у мяне нарадзілася 25 метровых работ, над кожнай з якіх я працаваў усяго паўтары гадзіны. Серыю назваў “Начныя прывіды”, і мне прапанавалі выставіць яе ў “Альтэрнатыўным тэатры” на Крапоткіна. Гэтую серыю ў Амерыку купілі, а адну карціну купіў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

— Ведаю, што вы яшчэ і таленавіты пейзажыст…
— Пейзажы я пачаў пісаць яшчэ ў Германіі. Але пісаў іх як эцюды, не для выстаў. А потым насамрэч палюбіў пейзаж. Мне падабаецца маляваць воблакі, хмары. Выбіраю вялікія фарматы для акварэлі, працую па мокрым губкай, флейцам. Каб настрой перадаць, люблю, каб крумкачы былі на карціне. Я ў Германіі аднойчы пажартаваў наконт крумкачоў, а ў прэсе надрукавалі потым, што Будавей любіць крумкачоў пісаць.

— А не было думкі пераехаць у Германію назусім?
— Не. У мяне тут майстэрня, дом. Мне падабаецца папрацаваць тут і паехаць за мяжу, там папрацаваць і зноў вярнуцца дамоў.

— Якія ў вас мары і творчыя планы на найбліжэйшы час?
— Зараз супрацоўнічаю з Ірландыяй. Напісаў партрэт чэмпіёна свету па рэгбі Пола О’Конала з Лімерыка — яму вельмі спадабаўся вобраз. Тады мне замовілі партрэт усёй каманды. У верасні — кастрычніку наступнага года планую прывезці туды выставу сваіх пейзажаў. У Мінску, у Палацы мастацтваў, будзе выстава графікі. Хачу там выставіць свае работы. Прыходзьце!

Вольга ГОМАНАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*