Пра вайну без пафасу

“Дзед” у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі

І хто сказаў, што спектакль, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, абавязкова павінен быць трагедыяй альбо драмай? Вось паставіў жа ў 1971 годзе Валерый Раеўскі ў Купалаўскім “Трыбунал” А.Макаёнка, гэты “народны лубок”, у якім было з чаго пасмяяцца! А яшчэ ў старэйшым драматычным тэатры краіны рэжысёр збіраўся ўвасобіць трагікамедыю Вячаслава Паніна “Дзед”. Аднак зоркі ў той раз не паспрыялі — спектакль не пабачыў свет.

І ўсё ж “Дзед”, бравы ветэран, пераможна з’явіўся перад гледачамі напярэдадні 9 Мая, праўда, на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Пакуль у іншых калектывах рыхтавалі святочныя канцэрты і даставалі з куфраў творы Васіля Быкава, п’есы Аляксея Дударава і той жа “Трыбунал”, у РТБД узяліся за новы для айчыннай сцэны матэрыял.
Пастаноўка “Дзеда” стала дэбютам не толькі для п’есы, але і для рэжысёра Дзяніса Паршына, якога пастаянныя гледачы РТБД прызвычаіліся бачыць у якасці акцёра. Ці ўдалымі атрымаліся гэтыя дэбюты, прымеркаваныя да 70-годдзя Перамогі? Хочацца адказаць: у асноўным так.
Па-першае, таму, што спектакль “Дзед” можна і трэба ставіць у рэпертуар не толькі напярэдадні памятных дат, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Асаблівасць п’есы (як вынік — спектакля) у тым, што ўласна на ваенных падзеях увага не засяроджваецца. Хіба не галоўнай тэмай становіцца лёс ветэрана, які дажывае апошнія гады побач з унукам і яго жонкай, але зусім не акружаны павагай і ласкай? Унук Генка, амаль алкаголік, не саромеецца прыкрыкнуць на старога: “Заткніся!” А нявестка, якая, нібы ярмо, валачэ на сабе неабходнасць даглядаць старога, толькі і марыць аб продажы яго кватэры. Не лепш выглядае і ўнучка Светка, якая не пакутуе ад нястачы грошай, але зацята, на прынцып змагаецца з братам і яго жонкай за кватэрку. Пры гэтым апекаванне лёсам дзеда служыць для ўсіх толькі прыкрыццём. На старога, які выхаваў унукаў, падчас зацятых сварак ніхто не звяртае ўвагі, хоць і зусім абыякавым стаўленне да яго назваць нельга. Ды ўсё ж да дзеда ставяцца амаль як да мэблі. Нават падчас рамонту, пачатага на яго ж грошы нібыта да Дня Перамогі, старога прыкрываюць поліэтыленам… Вось і падстава задумацца над лёсам тых, каго засталіся лічаныя адзінкі. Задумацца, як часта, апрача 9 Мая, нас клапоціць іх жыццё, ды і ўвогуле жыццё людзей сталага веку.
Па-другое, прываблівае ў пастаноўцы не толькі погляд на лёс ветэранаў праз прызму сённяшніх рэалій, але і далікатнае супастаўленне сучаснага жыцця і ваенных падзей. Ужо ў пачатку спектакля, магчыма, і крыху просталінейна мінуўшчына і сучаснасць сустракаюцца, калі кадры ваеннай хронікі змяняюцца відэарадам з камп’ютарнай стралялкі. Аднак больш цікавае спалучэнне дзвюх рэчаіснасцей: бытавой, у якой існуюць дзед, яго унукі, рабочыя, і напаўмістычнай, дзе стары вядзе размовы са сваім франтавым сябрам Сцяпанам, які загінуў падчас атакі. Ці сапраўды да дзеда прыходзіць яго таварыш, ці гэта толькі мроіцца старому — вызначыць складана. Хоць пэўную падказку рэжысёр і дае: Сцяпан з’яўляецца пасля таго, як рабочыя пачынаюць “фарбапульціць” столь у пакоі, дзе ляжыць дзед. Аднак загінуўшы франтавік Сцяпан, прывід-прышэлец альбо мроіва, становіцца тым, хто ацэньвае сучаснасць з яе бессэнсоўным тлумам з пазіцыі сапраўдных каштоўнасцей. З пазіцыі чалавека, які не баяўся страціць жыццё, не тое што кватэрку. Праз гэты персанаж, як і праз дзеда, адбываецца зварот да ваенных падзей, да пэўных міфаў, у разрад якіх — гераічных ці ганебных — з цягам часу ператвараюцца сапраўдныя ваенныя падзеі. І што важна, робіцца гэта і без залішняга пафасу, і без кпінаў. Адзін такі міф паўстае, калі дзед расказвае свайму сябру, як той загінуў і дзе яго пахавалі. Легенда аб чырвоным крыжы, які вырастаў з брацкай магілы і, нарэшце, узнёсся ў нябёсы, ператвараецца ў метафару святасці салдацкіх жыццяў, ахвяраваных за Радзіму, і вечнай памяці аб іх.
Вайна прысутнічае ў пастаноўцы не толькі ва ўспамінах дзеда і яго размовах з сябрам. Яна ўрываецца ў спектакль радыёперамовамі салдат, якія акружаны і чакаюць дапамогі, са штабам. Гэты гукавы рад таксама можна ўспрымаць як трызненне старога, аднак ён стварае ў пастаноўцы і сваю — паралельную відавочным падзеям — рэчаіснасць. Нельга сказаць, каб гэты прыём быў асабліва арыгінальным, і ўвогуле да фіналу ён час ад часу ўспрымаецца як крыху штучны. Аднак менавіта ён дазваляе зрабіць апошнія сцэны жыццесцвярджальнымі. І ў гэтым яшчэ адзін плюс спектакля, пастаноўшчыкі якога не імкнуцца выціснуць слёзы з гледачоў. Радыёперамовы, з якіх разумееш, што акружаныя салдаты, да якіх нарэшце выправілася дапамога, хутчэй за ўсё, загінулі, раптам разрываюцца аптымістычным крыкам: “Мы жывыя! Нас шмат!” У гэты момант цьмяныя мінімалістычныя дэкарацыі квітнеюць салютам над помнікам Перамогі, каб нагадаць, што, акрамя горычы страт і смерці, у свяце Перамогі ёсць і радасць жыцця.
І, безумоўна, як яшчэ адзін пазітыўны момант пастаноўкі трэба адзначыць вобраз старога франтавіка — дзеда, у ролі якога заняты заслужаны артыст Беларусі Валянцін Салаўёў. Артыст выглядае ў гэтай ролі вельмі арганічна. Яго стары хітраваты, упарты, з добрым пачуццём гумару. Ён не робіць са свайго франтавога мінулага прадмет пакланення і толькі аднойчы, калі рабочыя, маладыя недалёкія хлопцы, дазваляюць сабе абразлівы жарт, сапраўды раз’юшваецца. Дзед выдатна ўсведамляе адносіны сваякоў да сябе і сваё становішча. Аднак ніякай вырачанасці, абурэння, гульні ў ахвяру альбо састарэлага героя ў ім не адчуваецца. Ён яшчэ здольны шчыра радавацца і пакутуе толькі з-за таго, што сварацца ўнукі, якіх не змог належным чынам выхаваць. І толькі бліжэй да фіналу даведзены крэўнымі да сардэчнага прыступу стары прызнаецца свайму франтавому сябру Сцяпану, што пасля вайны не было ў яго сапраўднага жыцця. Толькі выкананне таго, што трэба і што правільна. І пашкадуе за страчаныя гады, і шчыра прызнаецца: “Хацеў бы загінуць разам з сябрам”. У гэтай сцэне напоўніцу раскрыецца яшчэ адзін прывабны момант пастаноўкі: супастаўленне маладога Сцяпана, які загінуў, і нікому не патрэбнага ветэрана, які перажыў вайну. Для гледачоў гэта магчымасць успомніць аб тым, што сённяшнія ветэраны з ордэнамі і медалямі на грудзях у 40-я гады таксама былі маладымі, хацелі жыць і ахвяравалі сваёй маладосцю і жыццём у імя іншых. А для героя гэта проціпастаўленне нікчэмнасці ўласнай смерці на ложку, пасярод боек, учыненых унукамі, гераічнай смерці сябра, якая мела сэнс і была яшчэ адным крокам да Перамогі.
Гэтае проціпастаўленне падкрэслівае своеасаблівы падманны фінал, калі каля ложка старога, як на пахаванні, збіраюцца сваякі і суседзі і… пачынаюць чарговую сварку за кватэрку. Сам ложак, дарэчы, пры дапамозе адмыслова раскладзенай плашч-палаткі, каскі старога ды кветак, прынесеных на пахаванне, ператвараецца ў магілу невядомага салдата. І звада, учыненая над гэтай магілай, за якой назірае разам са Сцяпанам дзед, прымушае яго адказаць згодай на прапанову сябра вярнуцца ў ваеннае мінулае. “Я так і зрабіў! І я загінуў у той атацы…” — гаворыць стары ветэран і знікае ў водблісках салюту Перамогі.
Напаўфантастычна? Так, але шчыра і сучасна па думцы. Гэтая шчырасць і сучаснасць пасылу, адмаўленне ад дыдактыкі, залішняга трагізму і пафасу і дазваляюць назваць “Дзеда” дастаткова ўдалым дэбютам. Хоць, як у многіх дэбютах, без недахопаў і ў ім не абышлося. У асобных момантах спектакль і некаторыя выканаўцы здаюцца залішне нервовымі, рэзкімі, балансуюць на мяжы гратэску. Занадта ўзбуджанымі, з непатрэбнымі рухамі і празмернай жэстыкуляцыяй паўстаюць у шэрагу сцэн Светка (Людміла Сідаркевіч) і Ленка (Алёна Баярава). Крыху замаруджаным і сапраўды больш падобным да помніка выглядае Сцяпан (Дзмітрый Давідовіч). Але яго манера існавання можа быць апраўдана імкненнем неяк абазначыць у яго асобе ўяўленне аб героі ўвогуле і падкрэсліць кантраст паміж легендарным мінулым, якое паступова міфалагізуецца, і рэчаіснасцю, прадстаўленай старым ветэранам.
Непрыманне выклікае сцэна, дзе раз’юшаная Ленка падчас сваркі са Светкай скідвае дзеда з ложка. У гэтым выпадку засмучае не столькі само дзікунства сітуацыі, даведзенай да абсурду, а рэжысёрская форма запаволенай здымкі. Акцэнтаванне ўвагі на гэтым моманце дзеяння падобным чынам застаецца незразумелым і недасканалым прыёмам. Не спрацоўвае і дынамізм сцэны з рабочымі, якія заўзята “фарбапульцяць” столь і сцены ў пакоі старога. Акрамя таго, што яна не нясе ніякага сэнсу і выклікае асацыяцыі са спектаклем “Бегчы з Эльсінора, альбо Гамлет навыварат”, гэтая пластычна-музычная сцэна яшчэ неапраўдана зацягнута і не звязана з астатнім дзеяннем.
З-за гэтых і некаторых іншых недахопаў пастаноўку “Дзеда” аб’ектыўна нельга назваць дасягненнем у мастацкім плане. Тым не менш усе хібы, дробныя і заўважныя, не скасоўваюць такіх вартасцей спектакля, як адсутнасць пафасу, новая оптыка, праз якую падаецца тэма вайны, жывы і натуральны вобраз старога ветэрана. Да таго ж, думаецца, пастаноўка будзе цікавай як моладзі, так і сталым людзям, дзякуючы балансу ў ёй камічнага і гераічнага. Таму застаецца толькі павіншаваць тэатр з новым спектаклем і спадзявацца, што з цягам часу ён пазбавіцца недахопаў і не страціць сваіх вартасцей.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ.