Рэгіянальнае краязнаўства складана ўявіць без увагі да гісторыі літаратуры. Лёсы пісьменнікаў-землякоў, паходжанне тых ці іншых твораў, пошук у пэўнай мясцовасці прататыпаў — веданне гэтых і многіх іншых адметнасцей узбагачае гісторыю айчыннага прыгожага пісьменства. У свой час часопіс “Роднае слова” даволі часта друкаваў нарысы, знаёмячыся з якімі можна было ажыццявіць літаратурна-краязнаўчыя вандроўкі па многіх раёнах краіны. І ўсё ж цэласных кніг, якія б адлюстроўвалі рэгіянальнае літаратурнае краязнаўства, не так і шмат. Так, можна вылучыць даследаванне В.Ляшук і Т.Снітко “Літаратурная Берасцейшчына”, а таксама калектыўную работу “Літаратурная карта Берасцейшчыны” і манаграфію “Літаратурная Гродзеншчына” А.Пяткевіча. Тром абласцям краіны — Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай — прысвечаны даведнік А.Мальдзіса, С.Сачанкі, Л.Кулажанкі “Літаратурныя мясціны Беларусі”. Журналіст і краязнаўца са Слуцка Анатоль Жук завяршыў работу над стварэннем літаратурнай гісторыі Случчыны. З аўтарам будучай кнігі — наша гутарка.
— Анатоль, вы актыўна займаецеся літаратурным краязнаўствам Случчыны, часта выступалі на гэтую тэму ў раённым друку. Скажыце, калі ласка, што стала для вас штуршком у гэтай справе?
— Гісторыяй Случчыны я цікавіўся здаўна. Дзе б ні знаёміўся з матэрыяламі па гэтай тэме (у бібліятэках, архівах), міжволі звяртаў увагу на прозвішчы людзей, якія мелі адносіны да тых ці іншых падзей або фактаў, звязаных з нашым краем. З цягам часу вызначыліся дзве асноўныя тэмы, якія я акрэсліў наступным чынам: “Слуцкая мінуўшчына: даты, падзеі, факты” і “Случчына: гісторыя ў асобах”. Высветлілася, што наша зямля вельмі шчодрая на знакамітых музыкантаў, мастакоў, вайскоўцаў, хлебаробаў і, канечне ж, на літаратараў. Як тут не ўспомніць словы незабыўнага нашага земляка Васіля Віткі, што “не зводзіліся ўсе вякі на Случчыне паэты!”. А калі ў 2000 годзе прачытаў кнігі Алеся Карлюкевіча “Літаратурная карта Пухаўшчыны” і Аляксея Пяткевіча “Літаратурная Гродзеншчына”, то пачаў сістэматычна збіраць звесткі менавіта пра слуцкіх літаратараў розных часоў. Так і атрымаўся гістарычна-краязнаўчы нарыс “Літаратурная Случчына”. У ім пададзены біяграфічныя звесткі пра літаратараў, якія па магчымасці дапоўнены ўрыўкамі з твораў пісьменнікаў, іх успамінамі, выказваннямі пра Случчыну — зямлю, дзе яны нарадзіліся ці жылі і працавалі. Тэкст ілюструюць прыкладна тры дзясяткі фотаздымкаў, ён дапоўнены спісам выкарыстанай літаратуры.
— З якога часу пачынаецца храналогія ў вашым даследаванні?
— З 1116 года — таго часу, калі Слуцк быў упершыню згаданы ў выдатным гістарычным і літаратурным помніку нашых продкаў — “Аповесці мінулых гадоў”. Больш-менш сістэматычныя звесткі пачынаюцца з другой паловы XV стагоддзя, а найбольш поўна прадстаўлены ХХ і ХХI стагоддзі. Некаторыя прозвішчы літаратараў пададуцца чытачам знаёмымі, а пра каго-нікаго хутчэй за ўсё яны няшмат ведаюць.
— Відавочна, што літаратурная гісторыя Слуцкага краю — гэта гісторыя не толькі Слуцкага раёна. Якая ўсё ж “геаграфія” ў вашай кнігі?
— Сапраўды, гістарычная Случчына — гэта не толькі сучасны Слуцкі раён, але і Капыльшчына, Клеччына, Салігоршчына, Нясвіжчына, значныя часткі Старадарожчыны, Любаншчыны і нават Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Была спакуса зноў аб’яднаць іх, як некалі было, але цяпер — у “Літаратурную Случчыну”. І ўсё ж, каб не атрымалася скорагаворкі ці проста пашыранага спіса літаратараў, ад гэтага адмовіўся. Па-першае, не бачу нічога дрэннага ў тым, што некалі прачытаем пра літаратурную Капыльшчыну або літаратурную Любаншчыну. Па-другое, у адной рабоце, хоць і вялікага аб’ёму, немагчыма прааналізаваць жыццёвы шлях і творчыя набыткі літаратараў, якія маюць дачыненне да такой вялікай тэрыторыі. Таму я паставіў перад сабой больш сціплую задачу — канспектыўна расказаць пра слуцкіх літаратараў розных часоў. Не толькі пра ўраджэнцаў Слуцка і сельскіх населеных пунктаў Слуцкага раёна (у цяперашніх межах), але і пра тых пісьменнікаў, чые жыццёвыя пуцявіны пралягалі па тутэйшых мясцінах і хто ў сваіх творах не абыходзіў увагай Случчыну і случчан. Таму на старонках нарыса можна сустрэць прадстаўнікоў гістарычнай Случчыны (гэта, напрыклад, Ева Фялінская з Клеччыны, Кузьма Чорны, Мікола Хведаровіч і Ян Скрыган з Капыльшчыны, Фёдар Еўлашоўскі і Напалеон Чарноцкі з Ляхавіцкага раёна), а таксама — Мацея Стрыйкоўскага (Польшча), Эмануіла Казачынскага (Украіна), Яна Пашакоўскага і Эдуардаса Даўкшу (Літва) і іншых літаратараў. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што наша зямля не толькі нараджала таленты, але і прываблівала да сябе таленавітых ураджэнцаў іншых мясцін (бывала, што і вельмі далёкіх). Многія з іх жыццём і справамі праславілі наш край, навечна ўпісалі свае імёны ў гісторыю Беларусі.
— Наколькі ёміста прадстаўлена ўяўленне пра пісьменнікаў, якія хоць і не нарадзіліся на Случчыне, але ж некаторы час працавалі ў Слуцку, у Слуцкім рэгіёне? У прыватнасці, маю на ўвазе Якуба Коласа…
— Асобу Якуба Коласа, гаворачы пра літаратурную Случчыну, абмінуць ніяк нельга. У пачатку 20-х гадоў ён некалькі месяцаў працаваў у Слуцку выкладчыкам на курсах па падрыхтоўцы настаўнікаў для выкладання ў школах на беларускай мове. Якуб Колас не толькі выкладаў на курсах, але і чытаў курсантам раздзелы паэмы “Новая зямля”, знаёміўся з бытам настаўнікаў, сустракаўся з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, з жыхарамі Случчыны. У адным з пісьмаў да сваёй жонкі Марыі Дзмітрыеўны ён напісаў: “Учора быў у гасцях у загадчыка курсаў Сяргея Антонавіча Бярозкі. Гэта ўжо пажылы настаўнік, атлічны арганізатар, чалавек дзела”. Якуб Колас заўважыў, што сын С.А.Бярозкі “незвычайна даравіты хлопец. Навейшую расейскую літаратуру ведае, як прафесар, разважае па-прафесарску… Скончыў драматычную студыю, піша вельмі талентна расейскія вершы, пераймае крыху Блока, Брусава, імажыністаў, але формы, змест, пачуццё злучаюцца гарманічна і вельмі прыгожа… Калі я пазіраў на гэтага юнака, то мне чамусь напомніў ён Максіма Багдановіча і сваёю інтэлігентнасцю, і сваёю паэзіяю…”. Якуб Колас не памыліўся: сын С.А.Бярозкі Георгій з цягам часу стаў празаікам, крытыкам, літаратуразнаўцам. Па вытрымках з пісьмаў Якуба Коласа можна меркаваць, што Случчына запала ў яго душу. Ва ўсякім разе, калі ў паэме “Новая зямля” паэт расказвае пра паездку Міхала і Антося на агледзіны новай гаспадаркі, ён па-сапраўднаму цёпла піша пра наш край: “Прад імі Случчына ляжала, // Старонка міла і багата”. У 36-ці паэтычных радках гэтага ўрыўка з паэмы нямала клічнікаў, прыметнікаў. Згадзіцеся, што проста так не мог іх выкарыстаць бясспрэчны знаўца роднай мовы Якуб Колас. Слуцкі перыяд хоць і быў непрацяглым у жыцці народнага паэта, ды ледзь не адыграў у яго лёсе трагічную ролю, аб чым таксама ідзе гаворка ў “Літаратурнай Случчыне”. У ёй “прапісаўся” і ўпамянуты Якубам Коласам Максім Багдановіч. Ён ніколі не быў на Случчыне, але яго імя па праву нададзена адной са слуцкіх вуліц. Па праву — і таму, што творчасць Максіма Багдановіча — сярод самых прыгожых і каштоўных часцінак беларускай літаратуры, і таму, што ён напісаў цудоўны верш “Слуцкія ткачыхі”.
— А такія пісьменнікі, як Пётр Кошаль, Юрый Лошчыц і іншыя, — ці ў полі вашага даследчыцкага зроку?
— Па магчымасці не засталіся па-за ўвагай “Літаратурнай Случчыны” пісьменнікі — ураджэнцы Случчыны, якія па волі лёсу апынуліся далёка за межамі роднага краю. Сярод іх і Пётр Кошаль, і Аляксандр Слупскі, і Давід Глікман, і Язэп Дыла, і Яўхім Кохан, і іншыя пісьменнікі, якія жылі і працавалі ў Расіі. Незабытымі аказаліся і тыя случчане, хто займаўся літаратурнай дзейнасцю, напрыклад, ва Узбекістане (Сцяпан Ліхадзіеўскі), Польшчы (Адам Плуг), Злучаных Штатах Амерыкі (Ян Пятроўскі, Янка Золак, Міхась Кавыль). Наколькі поўна прадстаўлены такія літаратары — меркаваць чытачам.
— Сучаснае літаратурнае жыццё… Ці стала яно прадметам увагі ў гісторыка-краязнаўчым нарысе?
— Сучасныя пісьменнікі з ліку ўраджэнцаў Случчыны прадстаўлены, спадзяюся, найбольш поўна. Але не хто іншы, як яго вялікасць Час, засведчыць, што з напісанага нашымі сучаснікамі можна будзе аднесці да мастацкага слова, літаратуры, а што застанецца толькі пацвярджэннем іх жадання праявіць сябе ў літаратурнай творчасці. Упэўнены, што знаёмства з лепшымі літаратурнымі творамі нашых землякоў (сучаснікаў і іх папярэднікаў) — гэта і духоўнае ўзбагачэнне, і ўмацаванне сувязі з роднай старонкай, і магчымасць зазірнуць у мінулае ці, наадварот, у будучыню. І нават калі хто-небудзь у гэтым сумняваецца, літаратурная гісторыя Случчыны вартая таго, каб з ёю пазнаёміцца.
— Друкуючы асобныя раздзелы будучай кнігі, ці мелі вы водгукі, пошту ад зацікаўленых чытачоў?
— Хоць не ўсе раздзелы “Літаратурнай Случчыны” (да таго ж у скарочаным выглядзе) былі змешчаны ў раённай газеце, яны выклікалі інтарэс у немалой колькасці чытачоў. Асаблівую зацікаўленасць выказалі настаўнікі літаратуры і бібліятэчныя работнікі. Дарэчы, я і разлічваў, што кніга будзе цікавай і карыснай найперш настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, вучням і студэнтам, краязнаўцам і работнікам устаноў культуры, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю.
Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА.