Рэдактарка

Інтэрв’ю з паэтэсай, перакладчыцай, вядучай тэлепраграмы “Дыя@блог”, галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” Таццянай Сівец.

— Таццяна Мікалаеўна, я гляджу зараз у вашы блакітныя бяздонныя вочы, даруйце, тану ў іх, любуюся вашымі шыкоўнымі бялявымі кудзерамі, саромеюся вашай сарамлівай усмешкі… Вы ж, мабыць, з Віцебшчыны такая?
— Вас не падвяла інтуіцыя. Мне пашанцавала нарадзіцца ў сапраўднай беларускай сям’і. Мае бацькі некалі прыехалі ў Мінск з маленькіх вёсачак Талачынскага раёна Віцебскай вобласці — Рахалова і Валосава. Паступілі, вучыліся. І пры гэтым яны не забываліся пра свае карані. Кожнае лета я ездзіла ў родную вёску і менавіта там пачула ўпершыню родную беларускую мову з вуснаў сваёй бабулі. Да гэтага часу памятаю, як пахне жытнёвае поле, як квітнеюць яблыні, як грабуць сена… Усё гэта мне так блізка! І калі я чытаю, напрыклад, тую ж “Новую зямлю” Якуба Коласа, адчуваю і смак гэтай сялянскай ежы, і водар, які лунае над полем увечары летам… Я, сапраўды, вельмі ўдзячна бацькам за магчымасць быць бліжэй да роднай зямлі, а яшчэ за тое, што яны заўсёды рупіліся пра наша з братам духоўнае выхаванне. У нас заўсёды былі кніжкі самага рознага кшталту. І самым страшным пакараннем для мяне ў дзяцінстве была забарона чытаць, калі забіралі кніжку і казалі, што трэба выключаць святло і класціся спаць. Дарэчы, мама расказвала потым, што я сама навучылася чытаць: мне паказалі літары, і пасля я неяк самавукам пачала іх складаць у словы. Ужо недзе ў 4—5 гадоў чытала ўсё, што стаяла на паліцах. Нават памятаю, што ў гадоў 6 спрабавала чытаць Талстога. Яго казкі мне тады спадабаліся, а вось “Вайна і мір” неяк не ўразіла. (Смяецца.)

— Калі вы адчулі, што менавіта літаратура — ваша прызванне?
— Тата ў мяне — вядомы доктар, прафесар. Усё сваё юнае жыццё я марыла пайсці яго шляхам і стаць хірургам ці на крайні выпадак аперацыйнай сястрой. Але бліжэй да заканчэння вучобы ў сярэдняй школе на сямейнай нарадзе было вырашана, што хопіць нам ужо аднаго прадаўжальніка традыцый — майго брата. І тады я, на той час захопленая філалогіяй, чытаннем, пісаннем вершаў (якраз недзе ў 1997 годзе была мая першая публікацыя ў рэспубліканскім друку), вырашыла, што філфак — гэта тое, што мне трэба. Праўда, спачатку збіралася паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт. Але, калі даведалася, што беларуская мова там вывучаецца толькі адзін семестр на першым курсе, канчаткова вызначылася з выбарам — спецыяльнасць “Выкладчык беларускай мовы і літаратуры і англійскай мовы” ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. І сёння я магу з упэўненасцю сцвярджаць, што гады вучобы ў педуніверсітэце былі самыя шчаслівыя ў маім жыцці, таму што такога цудоўнага асяроддзя беларушчыны, любові да сваёй мовы і жадання размаўляць, чытаць, дыскутаваць на роднай мове, напэўна, не было больш нідзе. Я была членам студэнцкага літаб’яднання “Крокі”. Студэнткай выдала першую кнігу вершаў у серыі “Дэбют” у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У 20 гадоў мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, што стала для мяне вельмі вялікім творчым штуршком. Тады я ўжо дакладна ведала, што свой лёс звяжу з роднай літаратурай…

— І…
— І паступіла ў аспірантуру, дзе маім навуковым кіраўніком быў вельмі ўважлівы і глыбокі навуковец Уладзімір Гніламёдаў. Падчас навучання ў аспірантуры наш вядомы паэт і кіраўнік радыёстанцыі “Беларусь” Навум Гальпяровіч прапанаваў мне весці на беларускім радыё замежнага вяшчання ўрокі беларускай мовы для замежнікаў па-англійску. Пачала з адной праграмы ў тыдзень, цяпер гэтых праграм у тыдзень 12. Лічу, гэта вельмі патрэбная работа. Лісты да нас прыходзяць не толькі з Расіі і Украіны, але і з ЗША, Канады, Венесуэлы, Кубы… Так, паступова я ўсё глыбей і глыбей уваходзіла ў наша літаратурнае і, шырэй, культурнае жыццё. А потым нечакана атрымала прапанову стаць галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, якую прыняла з вялікай радасцю і шчасцем, як пазней і прапанову ўзначаліць газету “Літаратура і мастацтва”. Ад такіх прапаноў не адмаўляюцца.

— На якой мове вы, сталічная школьніца, напісалі свой першы верш?
— На беларускай. Неяк летам мы адпачывалі з сям’ёй на Нарачы. Бібліятэкі ў санаторыі не было, але затое там быў газетны шапік, дзе раптам сярод розных газет і часопісаў я ўгледзела на вітрыне часопіс “Бярозка”. Купіла, пачала чытаць. І гэта быў у маёй дзіцячай свядомасці такі выбух, такое адкрыццё! Як зараз памятаю, у адным нумары, які я купіла, былі змешчаны вершы Анатоля Сыса і Вольгі Куртаніч. Іх паэзія настолькі мяне ўразіла, што мне тут жа захацелася напісаць нешта падобнае, але сваё — пра Радзіму, пра белага бусла… Я чамусьці была ўпэўнена, што ў мяне гэта абавязкова атрымаецца! Канечне, цяпер разумею, што гэта быў дзіцячы смешны вершык, але вось само жаданне пісаць… Яно тады з’явілася ўпершыню і па сёння не адпускае. Літаратура, наогул творчасць — гэта наркотык для розуму і душы. Калі ты ўжо яго пакаштаваў, калі зведаў асалоду ад самога працэсу напісання верша, ад таго, як ты паставіў у ім апошнюю кропку, ты ўжо не здольны ад гэтага адмовіцца. І, наадварот, калі не пішацца, калі няма натхнення — гэта найгоршае з пакаранняў, якое толькі можа быць. Праўда, што тычыцца мовы, быў перыяд у маім жыцці, калі я недзе ў старшых класах не на жарт захапілася Ахматавай і Цвятаевай і мне, зноў-такі, як некалі на Нарачы, захацелася далучыцца да класікаў.

— І вы пачалі пісаць па-руску?
— Так. Але мне пашанцавала. Я трапіла ў літаратурнае аб’яднанне “Імкненне” пры сярэдняй школе № 176, якім кіраваў Артур Вітальевіч Вольскі, светлай памяці. Спецыяльна ездзіла туды ў другі канец раёна адзін раз у тыдзень. І Артур Вітальевіч, калі я паказала яму свае рускамоўныя вершы пад Ахматаву і Цвятаеву, не стаў гаварыць, што яны былі дрэнныя, не стаў ганьбіць… Ён проста прыгадаў гісторыю пра сябе, як ён, таксама зусім маладым марачком, прынёс свае вершы, напісаныя па-руску, Твардоўскаму, і той сказаў яму: “Хлопец, ты ж беларус. Пішы на роднай мове”. І я намёк зразумела. Сёння, перачытваючы тыя свае рускамоўныя вершы, добра разумею, што ў іх не было сапраўднай існасці, не было душы. А было проста нейкае версіфікатарства. І цяпер, безумоўна, перада мной не стаіць пытанне, на якой мове пісаць. Сваё пішу толькі на беларускай. А дзякуючы перакладам, у прынцыпе магу выкарыстоўваць у творчасці розныя мовы. Перакладала, напрыклад, на англійскую і ўласныя вершы, і вершы Леаніда Дранько-Майсюка, Навума Гальпяровіча, Міколы Шабовіча (для анталогіі “Мелодыя натхнення”). Рабіла гэта з самых бескарыслівых меркаванняў — дзеля папулярызацыі нашай літаратуры за мяжой. Таму што проста… часам у жыцці ўзнікае пытанне: “Калі не я, то хто?” Можа, нехта мог бы зрабіць гэта лепш. Я нават упэўнена, што знайшлося б шмат людзей, якія зрабілі б гэта лепш. Але яны не робяць гэтага па розных прычынах: ім не прапаноўваюць, у іх няма часу ці натхнення, іх не задавальняе ганарар і інш. А ў мяне па жыцці такі дэвіз: калі табе прапанавалі нешта зрабіць і калі ты можаш нешта зрабіць на карысць беларускай мовы, культуры, папулярызацыі ведаў пра нашу краіну ў свеце — нельга ні ў якім выпадку адмаўляцца.

— Таццяна Мікалаеўна, вы асабіста падзяляеце паэзію на жаночую і мужчынскую? І такое, магчыма, крыху правакацыйнае пытанне: у нашай літаратуры сёння ёсць пэўнае жаночае лобі, скажам, створанае такімі ўплывовымі жанчынамі-крытыкамі, як тая ж Ганна Кісліцына, Людміла Рублеўская, Ірына Шаўлякова? Можа, мы, мужчыны, якія цікавяцца літаратурай, нечага проста не ведаем?
— Ну, вы мяне зараз рассмяшылі! (Смяецца.) Няма ніякага лобі! І беларускія паэтэсы, паверце мне, па начах не збіраюцца недзе ў Шабанах і не пішуць там свае жаночыя вершы! А калі сур’ёзна, паэзія — гэта вельмі інтымная справа. Яна залежыць толькі ад таго, што ў цябе ўнутры, а не ад таго, мужчына ты ці жанчына. І таму я падзяляю яе толькі на паэзію таленавітую і паэзію графаманскую, якой таксама сёння, на жаль, хапае.

— Наколькі ведаю, узначаліўшы газету “Літаратура і мастацтва”, вы сталі піянеркай у двух сэнсах: першая жанчына — галоўны рэдактар “ЛіМа” і самы малады кіраўнік гэтай паважанай газеты…
— Так! Такія вось два камяні ці два хамуты на адну маю кволую шыю. Хаця наогул я ніколі не была піянеркай. На мне савецкая піянерыя скончылася. І спартсменкай таксама, дарэчы, не была. (Усміхаецца.)

— Ну, а ўжо спартсменкай чаму не былі?
— Дык я ж вершы пісала! Пакуль усе праз казла скакалі, я сядзела дзесьці ў пераапранальні і пісала вершы…

— Вернемся да “ЛіМа”. Без жартаў. Адказнасць на вас моцна ціснула?
— Не тое слова. Яна і сёння цісне. Я выдатна разумею, хто быў перада мной на гэтай пасадзе. І разумею, якой газетай быў “ЛіМ” на працягу 80 гадоў. Газетай творчай інтэлігенцыі. Элітарным выданнем. Калі б я зганьбіла гэтую традыцыю, калі б дазволіла сабе “ЛіМ” неяк “зжаўціць”, я б сабе гэтага не даравала.

— А вам ёсць на каго абаперціся ў сённяшняй рэдакцыі?
— Безумоўна. Я магу абаперціся літаральна на кожнага супрацоўніка. Гэта і Віктар Гардзей, які чытае вершы і прозу і пасля якога ўжо не трэба нічога перачытваць, і Настасся Грышчук, якая ў свае маладыя гады мае вельмі свежае вока і вельмі вострае пяро, і Марына Весялуха, якая таленавіта піша пра кнігі самага рознага плана і можа ўзяць інтэрв’ю хоць у кітайскага ці японскага пісьменніка, і, безумоўна, мая намесніца Інеса Петрусевіч, журналіст высокага ўзроўню і вялікага вопыту… Ды літаральна ўсе нашы супрацоўнікі.

— А па якім галоўным крытэрыі вы сёння вызначаеце — лімаўскі гэта тэкст ці нелімаўскі?
— Галоўнае — тэкст павінен быць таленавітым. Гэта, канечне, абстрактна гучыць. Але, калі чытаеш твор, адразу бачна — ёсць у ім талент ці няма. Як іншым разам піша на рукапісах Віктар Гардзей, “няма паэзіі”. І тады я, сапраўды, разумею, што гэта ўжо нельга друкаваць, бо калі няма паэзіі, значыць, там голыя рыфмы, голае версіфікатарства. І тое самае тычыцца звычайнага артыкула. Калі ў ім ёсць нейкая іскрынка, то яго варта друкаваць, нават нешта паправіўшы. Калі няма, значыць, няма і лімаўскага артыкула.

— Таццяна Мікалаеўна, гісторыя нашай літаратуры за апошняе стагоддзе зведала нямала вострых літаратуразнаўчых дыскусій, пачынаючы яшчэ з дыскусіі 1913 года пра “сплачванне доўгу” і заканчваючы, напрыклад, дыскусіяй пра “старых” і “новых” у 90-х. На ваш погляд, якая самая актуальная літаратуразнаўчая дыскусія сёння?
— Магу назваць дзве значныя дыскусіі, якія гучалі на старонках “ЛіМа” апошнім часам. Першая — пра рускамоўную беларускую літаратуру: ці лічыць яе беларускай? І другая — пра адсутнасць крытыкі. Лічу, што другая нават больш важная, бо крытыкі — сапраўднай, прафесійнай, асобаснай — сёння насамрэч бракуе. Калі я гавару пра асобасную крытыку, я маю на ўвазе голас чалавека, які нешта скажа пра той ці іншы твор і яму павераць. Прычым скажа ён сваё важкае слова без якіх-небудзь там заахвочванняў, без аглядкі на сяброўскія адносіны і г.д. Такіх справядлівых, ці, я сказала б, нават ідэальных крытыкаў заўсёды было няшмат. Ну, хто? Варлен Бечык, Міхась Стральцоў, Рыгор Бярозкін… На ўсё стагоддзе зможам назваць чалавек 5, максімум — 10. Літаратурная крытыка — гэта такі канат, ідучы па якім, вельмі лёгка хіснуцца ў бок і не ўтрымацца. Гэта тое, што застаецца. Я вось, шчыра кажучы, вельмі спадзяюся, што наша Насця Грышчук вырасце ў яркую асобу літаратурнага крытыка.

— У які бок сёння рухаецца беларуская літаратура?
— Як казаў Максім Багдановіч, мы топчам тыя ж самыя сцежкі, якія таптала да нас еўрапейская літаратура. Натуральна, са спазненнем. Але гэтае спазненне дае нам магчымасць прааналізаваць чужыя памылкі, падумаць пра тое, ці трэба нам, напрыклад, літаратура не тое што без кропак і косак, а нават без сэнсу, калі гэта проста набор слоў, плынь свядомасці без свядомасці. Я, вядома ж, не хачу пакрыўдзіць тых, хто сёння робіць вельмі важную справу і ўключае беларускую літаратуру такім чынам у еўрапейскі кантэкст, але мне здаецца, што ў нашага прыгожага пісьменства ёсць свой аўтэнтычны шлях, які грунтуецца на нашых традыцыйных каштоўнасцях. І колькі б ні гаварылі, што беларускія пісьменнікі пішуць толькі пра вайну і калгас, наша літаратура расказвае найперш пра наш народ, пра беларуса, пра чалавека на гэтай зямлі. І калі гэтаму чалавеку на пэўны момант становіцца самым важным вайна, якая забіла кожнага трэцяга беларуса, ці калгас, у які яго загналі, забраўшы апошнюю маёмасць і зямлю, таму ён пра гэта і піша. Не таму, што пра гэта трэба пісаць, а таму што аўтару гэта баліць… Таму, дарэчы, наша літаратура і не вельмі вядомая ў свеце, бо яна нялёгкая літаратура. Для яе асэнсавання трэба ведаць нашу культуру, гісторыю. І трэба ўмець суадчуваць, суперажываць.

— Таццяна Мікалаеўна, у чым жаночае шчасце?
— Яно на ўсе вякі, напэўна, адно: сям’я, каханне, дзіця. А больш жанчыне нічога не трэба.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.