“СЕМ+2”: разам адно з адным і з вытокамі

3 лютага ў Цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава мастацкага тэкстылю і керамікі “СЕМ+2”

Вымагае тлумачэння ўжо сама назва экспазіцыі “СЕМ+2”, дзе прадстаўлены работы, створаныя прафесійнымі мастакамі на аснове традыцыйнай культуры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — найперш тэкстылю і керамікі. “СЕМ+” — так называлася творчая суполка сяброў Беларускага саюза мастакоў — майстроў розных тэкстыльных тэхнік, якая ўтварылася менш чым год назад. Тады гэтая “цудоўная сямёрка” ў складзе Наталлі Сухаверхавай, Алы Нечапаловіч, Уладзіміра Лісавенкі, Алены Обадавай, Вольгі Рэднікінай, Алены Сергеевай і Марыі Барысенкі зладзіла сваю першую ўстановачную выставу, дарэчы, таксама ў сценах Цэнтра сучасных мастацтваў, які толькі-толькі пачынаў сваю актыўную выставачную дзейнасць. І ўжо тады было зразумела, што ўсяго сямю ўдзельнікамі гэты творчы праект не абыдзецца, што да першапачатковай сямёркі будуць “плюсавацца” ўсё новыя і новыя аднадумцы, укаранёныя ў сваёй творчасці ў традыцыі, прыхільнікі адвечных уяўленняў пра дабро, чысціню і прыгажосць, але разам з тым адкрытыя да рознага кшталту эксперыментаў… Сёння вось атрымалася ўжо “СЕМ+2”, гэта значыць, што да сямёркі далучыліся яшчэ два творцы — знаныя керамісты Тамара Васюк і Наталля Яўглеўская. З першымі сямю іх яднае яшчэ і прафесійная дзейнасць у якасці выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Адкрываючы выставу “СЕМ+2”, дырэктар Цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч заўважыла, што яе ўдзельнікі — гэта людзі, якія не назначаюць сабе куратараў, якія генерыруюць ідэі выключна самі, якім самім цікава ладзіць мастацкія акцыі, а ўсё гэта азначае, што яны проста жывуць творчасцю. На гэта здольны далёка не кожны нават з тых, хто лічыць сябе творцам.
У сваю чаргу старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца падкрэсліў, што ініцыятывы суполкі “СЕМ+2” маюць менавіта мастацкі характар, у той час як правесці мяжу паміж мастацтвам і тым, што само сябе называе мастацтвам, у нашы дні бывае дастаткова складана. “Насамрэч вельмі важна, што ўдзельнікі гэтай творчай групы маюць сваю мастацкую канцэпцыю, з аднаго боку, неад’емную ад вытокаў, традыцый, а з другога — непарыўна звязаную з высокім прафесійным мастацтвам, глыбокай мастацкай адукацыяй. Гэта тым больш важна сёння, калі гавораць, што не трэба вучыцца, а некаторыя дагаворваюцца нават да таго, што гэта яшчэ лепш, калі ты нявучаны. Ну, схадзіце да нявучанага доктара, няхай ён вас вылечыць. Але тады не наракайце, што ён вас на той свет адправіць. Тое ж самае і з мастацтвам — тады не наракайце… А вось якраз тут мы, сапраўды, бачым Божы дар, тое, што цалкам апраўдвае паняцце высокага мастацтва”, — дазволіў сабе крыху пафіласофстваваць на вернісажы кіраўнік мастакоўскай арганізацыі.
Выстава “СЕМ+2”, якая размясцілася ў трох залах Цэнтра сучасных мастацтваў, — гэта некалькі дзясяткаў высокамастацкіх твораў у разнастайных, у тым ліку аўтарскіх, тэхніках тэкстылю і керамікі з выкарыстаннем як традыцыйных, так і нетрадыцыйных матэрыялаў: воўны, бавоўны, ільну, метаніту, сізалю, сінтэтыкі, гліны, шкла, паліваў, надпаліўнага золата. Звяртае на сябе ўвагу філасофская заглыбленасць пераважнай большасці работ, пра што сведчаць і многія іх назвы: “Выспы”, “Лінія жыцця”, “Артэфакт”, дыптых “Ручаі” (“Жывая вада” і “Мёртвая вада”), “Паралелі”, “Знак крыжа”, “Забыццё”… А яшчэ міжволі адзначаеш, як хораша, як гарманічна суседнічаюць у адной выставачнай прасторы тэкстыль і кераміка, як многа маюць яны адно з адным падабенстваў у пластыцы, ва ўмоўнасці сваёй мастацкай мовы.
Удзельнікам выставы на вернісажы я задаваў прыблізна аднолькавыя пытанні: “Што прывяло вас у вашу творчую суполку?”, “Што ўсё-такі прэваліруе ў вашай творчасці — традыцыя ці эксперымент?”, “Ці бачыце вы сярод вашых сённяшніх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў сваіх паслядоўнікаў?”, “Ці з аптымізмам вы гледзіце ў будучыню беларускага мастацтва, неадарванага ад традыцыі?” і інш. Адказы маіх рэспандэнтаў, безумоўна, розніліся, але сыходзіліся ў вельмі многіх прынцыповых момантах: “Нас яднае далучанасць да адной ідэі — прапаганды беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як у нас у краіне, так і за мяжой”; “Кожная такая сумесная выстава дае выдатныя магчымасці зірнуць на сябе і на сусвет”; “Здаецца, мы ўжо даўно ведаем творчасць адно аднаго, але кожны раз адкрываем штосьці новае”; “У традыцыі закладзена вялікая сіла, якой ты сілкуешся і потым ідзеш наперад”; “Самае неверагодае, калі архаічнае становіцца сучасным, і наадварот”; “Нягледзячы на нашу прыхільнасць да вытокаў і традыцыі, кожны з нас мысліць па-свойму, працуе ў сваім матэрыяле — гэтым мы і цікавыя”; “Ёсць вельмі важная ўласцівасць у народнага мастацтва — яно сапраўднае, а тое, што сапраўднае, фарміруе твой светапогляд як чалавека і творцы на ўсё жыццё”.
А наконт жыццёвасці і перспектыўнасці ўсяго таго, чым жыве і займаецца творчая суполка “СЕМ+2”, наконт будучых пераемнікаў сярод сённяшніх студэнтаў дацэнт кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ала Іванаўна Нечапаловіч мне расказала адну красамоўную гісторыю. Летась яна са сваёй калегай — таксама дацэнтам гэтай жа кафедры Тамарай Іванаўнай Васюк — арганізавалі маштабную выставу работ студэнтаў БДУКіМ у Акадэміі мастацтваў у Лодзі. Гэта было вельмі сур’ёзнае мерапрыемства на ўзроўні міждзяржаўнага культурнага супрацоўніцтва — з удзелам паслоў, вядомых дзеячаў культуры, прафесарска-выкладчыцкага складу і інш. Гаварыліся і шаблонныя ў такіх выпадках словы, і шчырыя словы захаплення і першасных эмоцый. Наогул, палякі прынялі беларусаў тады вельмі добра. Але самае цікавае адбылося ў адзін з вечароў, калі Ала Іванаўна і Тамара Іванаўна разам з іх польскімі калегамі ў дастаткова вузкім коле пачалі абмяркоўваць стан і кірункі мастацкай вышэйшай адукацыі ў дзвюх краінах, набыткі і страты ў гэтым сэнсе, перспектывы далейшага супрацоўніцтва і наогул развіцця. І вось тады рэктар польскай акадэміі сказала прыблізна такія словы: “Мы выдатна разумеем, што зайшлі ў тупік, што даўно ўжо не можам выйсці з гэтага зачараванага кола самапаўтораў і самацытаванняў, што немагчыма да бясконцасці развівацца, аднойчы адарваўшыся ад сваіх каранёў… А вы вось так проста ўзялі і расплюшчылі нам вочы. Паказалі нам тую кропку адліку, без якой немагчыма ісці наперад. Гледзячы на вас, мы будзем кардынальна пераглядаць нашы вучэбныя планы, той кірунак, у якім мы так доўга ішлі, насамрэч не ведаючы куды…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фта Алега ІГНАТОВІЧА.