Што ў імені тваім, Алаіза?

Зусім хутка — 15 ліпеня — споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Шчучыншчына актыўна рыхтуецца да юбілею сваёй знакамітай зямлячкі — адкрывальніцы новай старонкі ў беларускай літаратуры, грамадскага дзеяча, публіцыста і педагога. Свой сціплы ўклад у падрыхтоўку да свята зрабілі юныя даследчыкі з гуртка “Краязнаўства” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

На працягу двух гадоў гурткоўцы паралельна з вывучэннем асноўных тэм адукацыйнай праграмы рэалізоўвалі праект, прысвечаны жыццю і творчасці Цёткі. Пазнаёміцца з жыццём паэткі, каб наблізіцца да разумення яе творчасці, — такую мэту ставілі перад сабой удзельнікі рознаўзроставага аб’яднання па інтарэсах, а вынікам сваёй працы марылі ўбачыць ілюстраваную кніжку-альбом.

Пачалі даследаванне з імя будучай пісьменніцы і даведаліся, што дасталася яно дачцэ небагатага шляхціца зусім невыпадкова, а па каталіцкіх святцах. Аказваецца, Алаіза ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “якая належыць Людовіку”, з французскай — “дачка Луі”, з нямецкай — “дасканалая мудрасць”.


Высветлілася, што імяніны Алаізы — 21 чэрвеня, колеры імя — насычана-чырвоны, халодна-зялёны, чорна-карычневы, талісман імені — рубін, лазурыт, лічба імені — 4. Дарэчы, усё гэта ілюструецца малюнкамі і знаходзіць тлумачэнне ў… фактах з жыцця Алаізы Пашкевіч: у любімых колерах адзення, у творчасці, паводзінах і ўчынках.

Багатым атрымаўся падраздзел праекта “Характар Алаізы”. Звесткі, сабраныя самастойна і з дапамогай старэйшых братоў, сясцёр ці бацькоў з розных іменасловаў дазволілі ўбачыць супадзенне з рысамі Цёткі: з самага дзяцінства ў характары Алаізы прыкметная мэтанакіраванасць і моцная воля, Алаіза здольна прымаць правільныя рашэнні ў самых розных сітуацыях. Вучні аналізуюць жыццёвы шлях зямлячкі і з задавальненнем адзначаюць, што паэтка заўсёды ўмела трымаць сябе ў руках у складаных сітуацыях. Разам з тым Алаіза выдзяляецца здольнасцю марыць і нават быць сентыментальнай. Гурткоўцы адзначаюць алегарычныя вобразы яе твораў і даведваюцца пра артыстычнасць самой паэтэсы на сцэне. Можа, упершыню дзеці задумаліся над сувяззю імя з лёсам канкрэтнага чалавека, паспрабавалі растлумачыць вядомы выраз Джэка Лондана: “Як карабель назавеш, так ён і паплыве”.

Уменне працаваць над складаннем радаводу гурткоўцы развівалі на прыкладзе радаводу Пашкевічаў, а таксама вызначылі паходжанне прозвішча паэткі, як і паходжанне назваў яе малой радзімы: Пешчына, Стары Двор. На занятках гуртка складзена схема ступеняў жыцця Цёткі, створаны малюнак SmartArt “Літаратурная спадчына Цёткі”. Выклікалі цікавасць псеўданімы Алаізы Пашкевіч — Гаўрыла з Полацка, Бенадысь Асака, Мацей Крапіўка, Тымчасовы. А 20 нечаканых фактаў з яе біяграфіі, сабраных з успамінаў сучаснікаў, увогуле зрабілі паэтэсу сваёй, старадворскай, шчучынскай: “Бывала, як навыдумляе розных страхаў, у якія і сама верыла, дык дзеці ажно да бабкі ўцякалі на ратунак”, “Была вельмі ганарлівая і не прымала чужой дапамогі”, “Была прафесійнай масажысткай”, “Не трывала алкагольных застолляў”, “Мела кепскія здольнасці да моў”, “Пачуўшы песню пра каханне, гатова была стаць на калені перад тым спеваком”, “З усімі была на “ты”, “Танцавала толькі з Янкам Купалам”, “Лічыла, што галоўнае ў жыцці — каханне”. Падобныя побытавыя і філасафічныя высновы з жыцця Алаізы Пашкевіч сталі цікавымі для ўсіх удзельнікаў аб’яднання і іх добраахвотных памочнікаў, наблізілі юных чытачоў да паэтэсы.

Заканчваецца імправізаваны альбом занатаванымі “водгукамі душы” гурткоўцаў, ілюстрацыямі любімых дзецьмі твораў Цёткі, фотаздымкамі ля паркавага помніка зямлячцы. Сямікласнікам аказаліся даступнымі глыбокія меркаванні: “Апавяданне “Сірата” пранікнута важным хрысціянскім матывам спагадлівасці да пакрыўджанага. Настулька з сямі гадоў засталася круглай сіратой, была “адна-адзінюткая на белым свеце”… Вёска, у якой дзяўчынка нарадзілася і перажыла шмат крыўды ад яе жыхароў, засталася для Настулі роднай. Да дзяцей аднавяскоўцаў яна вярнулася як настаўніца. Зусім як сама Алаіза”. Юныя даследчыкі малодшага ўзросту выказваюцца прасцей, але не менш пранікліва: “Калі б можна было, я б змяніла канцоўку апавядання “Міхаська”, бо не павінна дзіця жыць у закутку без любові і ласкі”, “У наш час таксама ёсць нелюбімыя дзеці і жорсткія дарослыя. Я б не хацеў, каб аб гэтым даведалася Цётка, — яна ж марыла аб шчаслівай будучыні”.

Даследаванне вылілася ў набліжэнне да пісьменніцы як да простага і разам з тым загадкавага чалавека, а ў адносінах да яе творчасці — у разуменне крыніц яе таленту. У працэсе работы першапачатковыя планы дапаўняліся новымі ідэямі, штрыхамі. Напрыклад, пасля знаёмства з пісьмамі хворай Алаізы да маці дзецям захацелася “расказаць” пра сённяшнія краявіды яе малой радзімы, “паказаць” адметныя мясціны Шчучына. Многія гурткоўцы ўпершыню паспрабавалі свае здольнасці ў камп’ютарных тэхналогіях, фатаграфіі і іншай новай для сябе дзейнасці. Значны крок зрабілі навучэнцы аб’яднання насустрач пазнанню свайго краю, сваёй знакамітай зямлячкі са Старога Двара. Крок духоўнага збліжэння запатрабаваў працягу, і ў другой частцы “выдання” дзеці даследавалі ўжо ўласнае імя, імёны членаў сваёй сям’і, прозвішчы ў назвах вуліц свайго роднага горада. Так Цётка аб’яднала ў свядомасці падлеткаў дзень мінулы і сённяшні.

Тарэса БЯЛЯЧЫЦ,
метадыст, педагог дадатковай адукацыі
Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.