Такое рознае — і ўсё сур’ёзнае!

З 7 па 14 лістапада пройдзе XXI Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Мінчане і госці сталіцы ўжо маюць магчымасць бачыць у розных кропках горада жоўта-чорныя стыльныя білборды — цемрадзь кіназалы, прамень праектара і дзясяткі самых розных рэжысёрскіх крэсел, якія сімвалізуюць разнастайнасць аўтарскіх поглядаў у мастацтве кіно. Так, менавіта акцэнт на разнастайнасці вырашылі сёлета зрабіць арганізатары ХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, а таму і выбралі для фэсту просты і лаканічны слоган — “Такое рознае кіно”. Нагадаем нашым чытачам, што за апошнія гады стала ўжо традыцыяй штогод фармуляваць сутнасць фестывалю нейкай ёмістай фразай. Летась “Лістапад” разам з гледачамі шукаў у кіно ісціну (In kino veritas!), у 2012 годзе прызнаваўся ў любові да кінематографа і да тых, хто яго робіць (“Мы любім кіно”), у 2011 годзе заклікаў гледачоў глядзець фестывальныя фільмы “з шырока расплюшчанымі вачыма”… 

Такім чынам, сёлета нас чакае рознае кіно. І гэтая разнастайнасць, па словах дырэктара праграмы ігравога кіно “Лістапада” Ігара Сукманава, будзе заключацца ў тым, што на фестывалі пакажуць карціны, разлічаныя на інтэлектуалаў і шырокага гледача, вытанчаныя і з відавочным аўтарскім пасылам. Але ўсё гэта будзе толькі сур’ёзнае і якаснае кіно, зробленае пераважна ў краінах постсавецкай прасторы, а таксама Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (у гэтым “Лістапад” не парушае сваёй асноўнай канцэпцыі), тое кіно, якое мы мала або зусім не ведаем (у адрозненне ад галівудскага ці французскага кінематографа), хаця сёння яно перажывае сапраўдны росквіт.
Усяго ў праграме сёлетняга “Лістапада” 163 кінастужкі самых розных жанраў, з іх 79 конкурсных работ і 84 пазаконкурсныя з 47 краін (5 кантынентаў). Тройку лідараў па колькасці заяўленых фільмаў складаюць Францыя, Беларусь і Расія.
Па традыцыі ў рамках фестывалю будуць паказаны фільмы асноўнага конкурсу ігравога кіно, конкурсу ігравога кіно “Маладосць на маршы”, асноўнага конкурсу неігравога кіно, конкурсу маладога дакументальнага кіно (конкурсу нацыянальных кінашкол), конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. (Увага! “Лістападзік” будзе доўжыцца толькі чатыры дні — з 8 па 11 лістапада.) Новаўвядзеннем сёлетняга кінафоруму стане так званы нацыянальны конкурс, дзе будуць прадстаўлены 24 карціны, у тым ліку 10 дакументальных, 7 анімацыйных і 7 ігравых. Па словах арганізатараў, мэта новага конкурсу — паказаць беларускае кіно (дарэчы, створанае аўтарамі-беларусамі, якія жывуць не толькі ў нашай краіне) у міжнародным кантэксце. І, безумоўна, заўзятараў кіно чакаюць шматлікія пазаконкурсныя праграмы.
Сеансы пройдуць у кінатэатрах “Цэнтральны”, “Мір”, “Піянер”, “Перамога”, “Дом кіно”, Музеі гісторыі беларускага кіно і кінатэатры “Масква”, у якім адбудуцца цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю і, адпаведна, паказы фільмаў адкрыцця і закрыцця. Кошты білетаў на фестывальныя фільмы будуць больш чым даступныя — у сярэднім ад 20 да 40 тысяч рублёў, а на фільмы “Лістападзіка” — проста “дзіцячыя” 5 тысяч. На адкрыццё і закрыццё фестывалю па зразумелых прычынах можна будзе трапіць ужо за больш “салідныя” 100 тысяч рублёў.
Між іншым так заўсёды чаканага ахвочымі падзівіцца на кіназорак чырвонага дыванка сёлета не будзе — гэта проста тэхнічна цяжка зрабіць каля кінатэатра “Масква”. Як не будзе на адкрыцці і спецыяльна запрошаных зорак. Тлумачэнне простае: зоркі прыязджаюць або за велізарныя ганарары, або для прамоўшну сваіх фільмаў і заключэння буйных здзелак. Пакуль што “Лістападу” не выпадае дазволіць сабе ні адно, ні другое. Але, як заўважыў надоечы на прэс-канферэнцыі Ігар Сукманаў, арганізатары “Лістапада” рупяцца найперш не пра відовішча, а пра якасць фестывалю, і таму ўкладваюць рэсурсы ў цікавых аўтараў-рэжысёраў, якія ахвотна прыязджаюць на мінскі кінафорум. “І для нас яны, паверце, большыя зоркі, чым тая ж прыгажуня Арнэла Муці, якая прыедзе, памахае ручкай і паедзе назад. І што фестывалю з гэтага?” Зрэшты, па словах І.Сукманава, магчыма, бліжэй да завяршэння форуму ў Мінск усё-такі прыедзе пэўная вядомая асоба кіно — вядуцца перамовы.
А цяпер пра самае галоўнае: што ж канкрэтна мы ўбачым на ХХІ Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”?

Фільм адкрыцця

Адкрые ХХІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” стужка эстонскага рэжысёра Ільмара Раага “Я не вярнуся” вытворчасці Расіі, Эстоніі, Беларусі, Казахстана і Фінляндыі. Крытыкі параўноўваюць фільм з работамі Аляксея Балабанава, прыхільнікам таленту якога з’яўляецца Ільмар Рааг. Аснову карціны склала гісторыя 23-гадовай аспіранткі Ані (яе ролю выканала Паліна Пушкарук). Былая дзетдомаўка, разумніца і прыгажуня, яна выкладае літаратуру ва ўніверсітэце, і ў яе жыцці, здаецца, не прадбачацца вялікія перамены. Аднак усё рэзка мяняецца, калі дзяўчыну памылкова абвінавачваюць у распаўсюджванні наркотыкаў. Узяўшы на ўзбраенне сваю дзіцячую знешнасць, Аня прыкідваецца падлеткам і вяртаецца ў дзіцячы размеркавальнік, дзе сустракае Хрысціну (Вікторыя Лабачова). Разам Аня і Хрысціна ўцякаюць, першая — ад абвінавачвання, другая — з дзетдома да бабулі ў Казахстан. Гэтая дарога стане пачаткам новага жыцця Ані…
Дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ “Лістапад” Ігар Сукманаў тлумачыць выбар фільма адкрыцця наступным чынам: “Па-першае, гэтая стужка — капрадукцыя краін СНД і Балтыі, а гэта менавіта тая кінапрастора, на якой сфакусіраваны наш фестываль. Па-другое, Беларусь мае да гэтага праекта непасрэдныя адносіны. Партнёрам здымак выступіў “Беларусьфільм”. І па-трэцяе, “Я не вярнуся” — цудоўнае сведчанне таго, што аўтарскі кінематограф добра ўжываецца з кінематографам жанравым. У гэтым выпадку — з жанрам меладрамы”.
Фільм ужо ўдастоіўся спецыяльнай згадкі журы — Nora Ephron Prize на міжнародным кінафестывалі “Трайбека” ў Нью-Ёрку (ЗША), а таксама прыза “За прафесійныя дасягненні” на МКФ імя Андрэя Таркоўскага “Люстэрка” (Расія).

Асноўны конкурс ігравога кіно

Праграма сёлетняга ігравога кіно — гэта 11 фільмаў: “Free Range. Балада аб ухваленні свету” (Эстонія, рэжысёр Вейка Ыунпуу), “Вішнёвы тытунь” (Эстонія, рэжысёры Катрын і Андрэс Маймік), “Дурань” (Расія, рэжысёр Юрый Быкаў), “Кіно пра Аляксеева” (Расія, рэжысёр Міхаіл Сягал), “Кукурузная выспа” (Грузія — Германія — Францыя — Чэхія — Казахстан — Венгрыя, рэжысёр Георгій Авашвілі), “Помнік Майклу Джэксану (Сербія — Германія — Македонія — Харватыя, рэжысёр Дарка Лунгулаў), “Племя” (Украіна, рэжысёр Міраслаў Слабашпіцкі), “Сляпыя спатканні” (Грузія — Украіна, рэжысёр Леван Кагуашвілі), “Такія правілы” (Харватыя — Францыя — Сербія — Македонія, рэжысёр Агньен Свілічыч), “Гаспадары” (Казахстан, рэжысёр Адзільхан Ержанаў), “Чорны вугаль, тонкі лёд” (Кітай — Ганконг, рэжысёр Дзяа Іньянь).
Ігар Сукманаў гаворыць, што пры складанні гэтай праграмы быў зроблены акцэнт на канкрэтныя краіны. Па традыцыі, тут прысутнічаюць два расійскія фільмы, прычым, што цікава, яны ўяўляюць як бы два полюсы сучаснага расійскага кінематографа. Калі Міхаіл Сягал, як заўсёды, вытанчаны і іранічны, то Юрый Быкаў жорсткі і бязлітасны ў выяўленні акаляючай рэчаіснасці. Яшчэ два акцэнты праграмы — гэта фільмы эстонскіх і грузінскіх рэжысёраў, якія сёння робяць выдатнае і вельмі разнастайнае кіно. Нарэшце, адмысловая жамчужына праграмы — гэта ўкраінскі фільм “Племя”, створаны без адзінага слова. Дзве гадзіны жорсткага дзеяння ў гэтай стужцы разгортваюцца ў камуне глуханямых. “Гэта выбітны прыклад сапраўднай мовы кіно, калі для спасціжэння сэнсу і суперажывання героям нават не патрабуецца слоў”, — падкрэслівае Ігар Сукманаў. Дарэчы, галоўную ролю ў карціне сыграла наша суайчынніца Яна Новікава. Яна жыве ў Гомелі, але абавязкова прыедзе на фестываль і асабіста прадставіць фільм.
Журы асноўнага конкурсу ігравога кіно ўзначаліць расійскі рэжысёр Валерый Тадароўскі, вядомы па такіх фільмах, як “Краіна глухіх”, “Падмаскоўныя вечары”, “Каханак”, “Стылягі” і інш.

Конкурс ігравога кіно “Маладосць на маршы”

У праграме “Маладосць на маршы” прадстаўлены наступныя карціны: “Дзяўчына ноччу гуляе адна” (ЗША, рэжысёр Ана Лілі Амірпур), “Карнавал” (Турцыя, рэжысёр Джан Кылджыаглу), “Камбінат “Надзея” (Расія, рэжысёр Наталля Мешчанінава), “Містар Каплан” (Уругвай — Іспанія — Германія, рэжысёр Альвара Брэхнер), “Мая гаспадыня” (Аўстралія, рэжысёр Стывен Лэнс), “Утрапёнасць” (ЗША, рэжысёр Дэм’ен Шазел), “Той, які арудуе брытвай” (Туніс — Францыя — Канада — ААЭ, рэжысёр Каусар Бен Ханья), “Побач з ёй” (Ізраіль, рэжысёр Асаф Кор), “Суд” (Індыя, рэжысёр Чайтанья Тамхане), “Добрыя людзі” (Францыя — Калумбія, рэжысёр Франка Лолі), “Цуды” (Італія — Швейцарыя — Германія, рэжысёр Алічэ Рарвахер).
Ігар Сукманаў падкрэслівае: “Маладосць на маршы” — гэта конкурс, на які мы запрашаем першыя і другія работы маладых аўтараў з усяго свету, але мы збіраем фільмы не проста пачаткоўцаў, а менавіта маладых майстроў, якім ужо гарантавана месца ў эліце сусветнага кінематографа. Дастаткова сказаць, што, напрыклад, фільм “Цуды” Алічэ Рарвахера ўдастоены гран-пры Канскага фестывалю”. Аматарам меладрам праграмны дырэктар асабліва раіць паглядзець стужку “Мая гаспадыня”, заўзятарам псіхалагічных драм — карціну “Побач з ёй”, а, напрыклад, прыхільнікам творчасці Дэвіда Лінча — фільм “Дзяўчына гуляе ноччу адна”.
Старшыня журы конкурусу “Маладосць на маршы” — амерыканскі рэжысёр Бейкер Шон, чыя стужка “Прынц Брадвея” заваявала гран-пры на МКФ у Лос-Анджэлесе і па версіі газеты “Лос-Анджэлес Таймс” была прызнана лепшым амерыканскім фільмам 2010 года. Дарэчы, карціна Шона “Старлетка” на “Лістападзе” ў мінулым годзе закрывала праграму “Маладосць на маршы”.

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”

“Лістападзік” вось ужо некалькі гадоў робіць стаўку на фільмы, якія не паддобрываюцца пад дзяцей, а акцэнтуюць момант уваходжання дзіцяці ў дарослы свет, выяўляюць такія “дзіцячыя” праблемы, якія насамрэч не заўсёды зразумелыя нават дарослым. Іншымі словамі, гаворка ідзе, хутчэй, не пра чыста дзіцячыя стужкі ералашнага кшталту, а пра фільмы менавіта для сямейнага прагляду. Адмыслова эксперымент “Лістападзіка-2014” — уключэнне ў праграму дакументальнага фільма “Амерыканская мара” пра няпростае сталенне падлетка ў афраамерыканскай сям’і.
Такім чынам, дзеці і падлеткі разам са сваімі бацькамі змогуць паглядзець наступныя стужкі: “Амерыканская мара” (ЗША, рэжысёры Джон Брустэр, Мішэль Стэферсан), “Габрыэль” (Польшча, рэжысёр Мікалай Харэмскі), “Прыродазнаўчыя навукі” (Аргенціна — Францыя, рэжысёр Матыяс Лукезі), “Жамчужына” (Іран, рэжысёр Сірыус Хасанпур), “Італа Барока” (Італія, рэжысёр Алесія Скарса), “Місія “Еўрабачанне” (Данія, рэжысёр Марцін Міехе-Рэнар), “З ног на галаву” (Германія, рэжысёр Файт Хельмер), “Салавей” (Францыя — Кітай, рэжысёр Філіп Мюйль).
Фільмам закрыцця “Лістападзіка” стане пазаконкурсная стужка “Канікулы маленькага Нікаля” (Францыя, рэжысёр Ларан Тырар).
Конкурсныя ж фільмы “Лістападзіка” будзе ацэньваць журы на чале з ураджэнцам Беларусі, а сёння ізраільцянінам рэжысёрам Яўгенам Руманам.
Акрамя таго, дзіцячую аўдыторыю “Лістападзіка” сёлета чакаюць такія прыемныя “анімацыйныя дэсерты”, як “Лулу. Неверагодная тайна” (Францыя — Бельгія — Венгрыя, рэжысёр Эрык Амон) і “Чабурашка” (Японія — Расія, рэжысёр Макота Накамура). А ў спецыяльнай праграме “Саюзмультфільм” прадстаўляе” ўключаны наступныя мульцікі: “Вясёлая карусель” (№ 36 і № 37), “Пераборлівая мышка”, “Пык-пык-пык” і “Чужы сярод айсбергаў”.

Асноўны конкурс неігравога кіно

Дырэктар праграм неігравога кіно Ірына Дзям’янава адзначае, што летась білеты на дакументальныя стужкі, якія дэманстраваліся пераважна ў кінатэатры “Мір”, разыходзіліся вельмі добра. Да такой жа актыўнасці яна заклікае гледачоў і сёлета, тым больш, што ў праграме 2014 года сабраны вяршкі сучаснай кінадакументалістыкі.
Такім чынам, гэта — “У чаканні жніўня” (Бельгія — Румынія, рэжысёр Тэадора Ганна Міхай), “Глыбокае каханне” (Польшча, рэжысёр Ян Матушынскі), “Жыццё амаль цудоўнае” (Бельгія — Балгарыя, рэжысёр Святаслаў Драганаў), “Кроў” (Расія, рэжысёр Аліна Рудніцкая), “Любоў і праектаванне” (Балгарыя — Францыя — Германія, рэжысёр Таніслаў Хрыстаў), “Мяжа Норвілішак” (Беларусь — Францыя, рэжысёр Дзмітрый Махамет), “Мужчыны з мячамі” (Венгрыя, рэжысёр Крыстаф Ковач), “Апошні лімузін” (Расія — Германія, рэжысёр Дар’я Хлёсткіна), “Правасуддзе ў Венгрыі” (Венгрыя — Германія — Партугалія, рэжысёр Эстэр Хайду), “Туман” (Германія, рэжысёр Ніколь Фёгеле), “Філосафы дарогі” (Арменія, рэжысёр Арут Шатуян).
Старшыня журы — вядомая айчынная кіназнаўца Людміла Саянкова.

Конкурс нацыянальных кінашкол

У гэтым творчым спаборніцтве гонар сваіх нацыянальных кінашкол будуць абараняць наступныя стужкі: ад Беларусі — “Аскепкі лёсу” (рэжысёр Ягор Ганарацкі), “Пра каханне: Іра” (рэжысёр Любоў Зямцова), “Святар” (рэжысёр Віталь Барткевіч); ад Грузіі — “Жаўранкі і совы” (рэжысёр Бакар Чэркезішвілі), “Ад панядзелка да панядзелка” (рэжысёр Вахтанг Джаджанідзе); ад Даніі — “Блаславенне гэтаму месцу” (рэжысёр Карл Олсан), “Дысананс” (рэжысёр Тэйс Мёльстрэм Крыстэнсен), “Мама — Бог” (рэжысёр Марыа Бэк); ад Італіі — “Быць мной, быць табой” (рэжысёр Аляксандра Каўфман), “Карані і крылы” (рэжысёр Ліза Вімер); ад Фінляндыі — “Гісторыя майго народа” (рэжысёр Мары Льёкой), “Прыёмныя бацькі” (рэжысёр Джэні Ціманен), “Цудоўны свет ільда” (рэжысёр Ілка Рауціа).

Нацыянальны конкурс

Ён пройдзе па трох катэгорыях: ігравое кіно, анімацыя і неігравое кіно. Так, у першай катэгорыі будуць удзельнічаць новыя фільмы беларускіх рэжысёраў Аляксандры Бутар (“Белыя росы. Вяртанне”) і Андрэя Кудзіненкі (“Хард Рэбут”). Сярод анімацыйных фільмаў — новыя стужкі Дзяніса Міжуя, Андрэя Такінданга, Ігара Волчака. Айчынную дакументалістыку, у прыватнасці, прадставіць Віктар Аслюк.
Дзеля аб’ектыўнасці ў якасці старшыні журы запрошаны прадстаўнік замежжа — дырэктар ерэванскага міжнароднага кінафестывалю “Залаты абрыкос” рэжысёр Аруцюн Хачатран.

Начныя паказы “Лістапада”

Гэта — адно з самых цікавых новаўвядзенняў сёлетняга кінафестывалю. Для начнога прагляду арганізатары сабралі нашумелыя фільмы, якія па тых ці іншых прычынах не дайшлі да айчынных вялікіх экранаў. Сеансы пройдуць у кінатэатры “Цэнтральны” 7, 8 і 14 лістапада. Пачынацца паказы будуць каля апоўначы і заканчвацца недзе а шостай раніцы. За адну ноч можна будзе праглядзець тры фільмы, перапынкі паміж імі — паўгадзіны. Кошт квітка на адзін фільм — 50 тысяч рублёў.
Такім чынам, у ноч з 7 на 8 лістапада будуць дэмастравацца фільм па творы Фёдара Дастаеўскага “Двайнік” (Вялікабрытанія, 2013, рэжысёр Рычард Аёадзі), чорная камедыя ў стылі Квенціна Таранціна і братоў Коэнаў “Дурная справа няхітрая” (Нарвегія — Швецыя — Данія, 2013, рэжысёр Ханс Петэр Моланд) і філасофская драма “Тэарэма Зеро” (Вялікабрытанія — Румынія — Францыя — ЗША, 2013, рэжысёр Тэры Гіліям).
У ноч з 8 па 9 лістапада хворых на культурную бяссонніцу чакаюць такія стужкі: “У наступны раз я буду цэліць проста ў сэрца” (Францыя, 2014, рэжысёр Седрык Анжэ), “Новая сяброўка” (Францыя, 2014, Франсуа Азон), “Мужчына, якога занадта моцна кахалі” (Францыя, 2014, рэжысёр Андрэ Цешыне).
У ноч з 14 па 15 лістапада: “Дзяўчына ноччу гуляе адна” (з конкурсу “Маладосць на маршы”), “Царства прыгажосці” (Канада, 2014, рэжысёр Дэні Аркан), “Публічны дом” (Францыя, 2011, рэжысёр Бертран Банело).
Думаецца, ужо нават толькі па саміх назвах гэтых фільмаў чытач зразумеў, што на іх прагляд будуць узроставыя абмежаванні.

Іншыя пазаконкурсныя праграмы і фільм закрыцця

Як і ў мінулыя гады, пазаконкурсны блок “Лістапада-2014” — гэта сапраўднае суквецце імён, жанраў, кірункаў і стыляў. Мяркуйце самі. Вось толькі няпоўны пералік рубрык: “Аўстралія ў навелах”, “Майстар-клас”, “Ксаўе Далан. Уяўнае каханне”, “Бертран Банело. Арт-Дэкаданс”, “Чалавечыя камедыі”, “Расійскія прэм’еры”, “Сандрын Бонер. Рэтраспектыва”, “Рарытэт”, “(Не)дзіцячыя гісторыі”, “Такая розная любоў”, “Класіка беларускага кіно з калекцыі Дзяржфільмафонду Расіі”…
А фільмам закрыцця будзе стужка “Тры сэрцы” французскага рэжысёра Бенуа Жако.
Прыемнага вам прагляду! Да пачатку сеанса засталося 6 дзён…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.