Тры кніжкі ад супрацоўнікаў Мастацкага

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь зладзіў вялікую праграму: конкурс дзіцячага малюнка, адкрыццё выставачнага інтэрактыўнага дабрачыннага праекта “Белая кветка — дзецям” і інш. Адным са значных мерапрыемстваў дня стала прэзентацыя трох кніжак з серыі “Дзецям пра мастацтва”, выдадзеных НММ і выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, аўтарства супрацоўнікаў музея. Усе гэтыя тры кніжкі, як падкрэсліваюць у Нацыянальным мастацкім музеі, у дапамогу выкладчыкам школьнага прадмета “Сусветная мастацкая культура”, які нядаўна быў вернуты ў праграму, а таксама ўсім дзецям і іх бацькам, якіх мастацтва не пакідае раўнадушнымі па жыцці.

Першая кніжка — “Пра што расказвае колер?” Кацярыны Калянкевіч. Яна напісана на аснове распрацаванай спецыяльна для дзяцей праграмы, якая існуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ужо некалькі гадоў. “Мне было вельмі цікава працаваць над гэтай кніжкай, — падзялілася Кацярына падчас прэзентацыі. — На нейкі час я сама стала дзіцем, прынамсі, вельмі хацела гэта зрабіць. Я паспрабавала паглядзець на свет мастацтва так, як на яго глядзіць дзіця”. Кацярына Калянкевіч напоўніла сваю кнігу разнастайнымі творчымі заданнямі, якія дзеткі могуць выканаць разам з бацькамі. Самых паспяховых, тых, хто выканае ўсе заданні, чакае бонус-сюрпрыз: яны атрымаюць білет у Нацыянальны мастацкі музей для іх бацькоў — першы дарослы падарунак дзяцей бацькам.

Цытата з кніжкі: “Чырвоны колер людзі заўважылі адразу. Ён заўсёды вылучаўся сярод іншых. Яшчэ ў старажытнасці яго баяліся і любілі адначасова, бо ён нагадваў агонь, які апякаў рукі, але пры гэтым дарыў цяпло. Яго надзялялі магічнай сілай, а рыбакі афарбоўвалі свае лодкі ў чырвоны колер, паколькі ён ахоўваў іх ад нягод.

Паглядзіце вакол. Дзе жыве гэты небяспечны і цудоўны колер? У замку караля, для якога выбралі самыя лепшыя ў свеце чырвоныя ружы і ўпрыгожылі імі поплаў… Унутры спелых ягад клубніц, малін, кавуна! Здаецца, іх спецыяльна афарбавалі ў чырвоны, каб нам захацелася іх з’есці!

Чырвоны колер, як генерал, заўсёды наперадзе, заўсёды прыметны. Напэўна, таму і сцягі часта шылі з чырвоных тканін, каб іх было добра відаць ваярам, якія ідуць за імі.

А якім яшчэ бывае чырвоны? Ружовы, пунсовы, вішнёвы, бардовы…”

Другая кніжка — “І.Ф.Хруцкі. Інфаграфіка жывапісу” Дзмітрыя Салодкага. “Пяра тут мала, тут у асноўным карцінкі, — без хітрыкаў распавёў на прэзентацыі Дзмітрый. — Што такое інфаграфіка? Гэта такі спосаб расказаць пра нешта, каб было мінімум тэксту, але максімум інфармацыі. Безумоўна, я не намякаю зараз на тое, што нашы дзеці лянуюцца чытаць. Хаця… намякаю! Ёсць такі грашок у нашых дзетак. Мая кніжка невялікая. У ёй змешчаны ўсяго тры творы Івана Фаміча Хруцкага. Але яны разабраны па частачках. І кожная з гэтых частачак уяўляе сабой вялікую загадку. Што азначае, напрыклад, бінокль, пакінуты на стале? Ці што такое ліманад, які таксама прысутнічае на карціне Хруцкага, і калі ён з’явіўся? І г.д. Мы хочам, каб дзеці, пачытаўшы, пагартаўшы нашу кнігу, разабраўшы па частачках карціны нашага выдатнага мастака, прыйшлі ў музей і ўбачылі арыгіналы гэтых твораў”.

Цытата з кніжкі: “Грушы, каласы і ягады гавораць пра тое, што мастак любіў бавіць вольны час за горадам на ўлонні прыроды.

На розных карцінах Івана Хруцкага можна сустрэць адны і тыя ж прадметы. Плеценая карзінка з бяросты сустракаецца не менш за 18 разоў у творах мастака.

У Пецярбургу ліманад (вада, цукар і долькі лімона) сталі піць у часы Пятра І. Гэты напой добра спаталяў смагу ў спякотны дзень.

Тэатральны бінокль паведамляе пра гарадскія захапленні свайго гаспадара.

Керамічны збан з выявай сабак і рукаяткай у выглядзе лісіцы быў выраблены на фаянсавым заводзе Сяргея Якаўлевіча Паскочына. Прадаваліся такія збаны ў крамах Санкт-Пецярбурга.

Муштук з цыгарай, якая дыміцца, гаворыць пра тое, што гэта мужчына і ён зараз недзе побач”.

Нарэшце, трэцяя кніжка — “Горад як чысты аркуш. Мастацтва графіці” Кацярыны Ізафатавай. Кацярына з’яўляецца загадчыкам аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. Каму, як не ёй, пісаць пра графіці? “Калі ў папярэдніх дзвюх кнігах вы сустрэнецеся з творамі, прадстаўленымі ў самім музеі, то ў маёй кніжцы мы разам з вамі выйдзем на вуліцу і пазнаёмімся з вулічным мастацтвам, мастацтвам графіці, — звярнулася да аўдыторыі Кацярына. — Вы ўбачыце мастацтва, якое акружае нас, калі мы з раніцы ідзём у школу і са школы дамоў, калі мы ідзём у музычную школу і з музычнай школы. Гэта мастацтва, якое акружае нас усюды і заўсёды. Яно — на асфальце, на гаражах, на платах, на тыльных баках нашых дамоў. І мы, напэўна, часта задумваемся: а хто гэта ўсё ствараў? Навошта? Для каго? Гэта ўсё — графіці… А маё самае вялікае для вас пажаданне — каб прачытанне гэтай кнігі натхніла вас на прагулку па нашым родным горадзе. Каб вы змаглі ўбачыць гіганцкага жоўтага чалавека на вуліцы Энгельса, 32 ці цудоўны фантастычны космас на Кальварыйскай!”

У гэты момант у гутарку аўтараў з прысутнымі ўмяшаўся Дзмітрый Салодкі: “Я хацеў бы толькі заўважыць, што не кожнае слова на плоце з’яўляецца мастацтвам”. Тут Кацярына Ізафатава заўважыла: “На гэты конт у маёй кнізе ёсць спецыяльны раздзел — “Графіці — гэта мастацтва або хуліганства?”.

Цытата з кніжкі: “Цяжка сказаць, дзе зарадзілася мода ставіць свае “маркі” ці “аўтографы”. Адны лічаць радзімай насценных малюнкаў Амерыку, другія — Англію, а трэція — Германію. Можна сцвярджаць толькі тое, што сучасныя графіці з’явіліся ў сярэдзіне 60-х гадоў з напісання простых тэкстаў.

Напрыклад, аўтарам аднаго з самых вядомых тэгаў стаў нью-ёркскі тынэйджар Дзяметрыус. Гэты 16-гадовы падлетак працаваў кур’ерам і падчас сваіх пастаянных перамяшчэнняў па горадзе пакідаў на сценах дамоў і ў падземных пераходах — наогул, у любым прыдатным для надпісу месцы — свой подпіс “TAKI 183”. Магчыма, так ён адзначаў той ці іншы раён сваёй меткай, каб не заблудзіць і хутчэй сарыентавацца ў горадзе наступны раз. Дзяметрыус проста пісаў свой нікнэйм і дадаваў да яго нумар вуліцы, на якой пражываў. А пазней побач з яго меткамі сталі ўзнікаць надпісы іншых тынэйджараў — Julio 204, Frank 207, Joe 136. Вось так з’явіліся першыя графіцісты, якія нават і не падазравалі, што ўдзельнічаюць у стварэнні новага спосабу мастацкага выяўлення”.

І яшчэ (бо кніга Кацярыны Ізафатавай чытаецца з захапленнем!): “Не ўсякую сцяну можна размаляваць малюнкамі графіці, нават калі яны прыгожыя і арыгінальныя. З-за таго, што райтары размяшчаюць свае маляўнічыя творы ў не самых прыдатных для гэтага месцах, іх часта пераследуюць супрацоўнікі гарадскіх службаў. Таму большасць аўтараў графіці падпісваюць свае карціны выключна псеўданімамі. І сёння бывае, што папулярнага графіціста нават яго прыхільнікі ведаюць толькі пад псеўданімам і не маюць уяўлення пра яго сапраўднае імя. Адным з самых вядомых райтараў, якому да гэтага часу ўдаецца захоўваць ананімнасць і хавацца ад паліцыі, з’яўляецца англійскі мастак графіці Бэнксі. Яго мастацтва здзіўляе і прымушае задумацца, а таксама не дае засумаваць па дарозе на працу”.

Насамрэч, размаўляць з дзецьмі пра мастацтва вельмі няпроста (ведаю па сабе, па гутарках са сваёй дачкой, якая вучыцца ў дзіцячай мастацкай школе), але вельмі цікава, бо дзеці задаюць шмат пытанняў.
І вельмі добра, што супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея распачалі гэты шчыры дыялог.

Мікола ЧЭМЕР.