Углядаючыся адно ў аднаго

Днямі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла вечарына, прысвечаная 135-годдзю кітайскага пісьменніка Лу Сіня (1881—1936) і 110-годдзю з пачатку літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Удзел у імпрэзе прынялі кітайскія і беларускія студэнты, пісьменнікі, журналісты, музейныя работнікі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся першы сакратар Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Хунвэй. “І Лу Сінь, і Якуб Колас — пісьменнікі адной часавай прасторы, адных сацыяльных перакананняў, — заўважыў кітайскі госць, — і з вышыні сённяшняга часу хіба ж не цікава зазірнуць у іх творы, шукаючы падабенства, аднолькавыя сімвалы… Мне прыемна ўсведамляць, што шырыцца прастора кітайскага мастацкага слова ў Беларусі. Думаю, што адзін з заснавальнікаў сучаснай кітайскай літаратуры Лу Сінь быў бы задаволены, калі б ведаў многія факты сённяшняга беларуска-кітайскага літаратурнага пабрацімства…”Вёў вечарыну лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, вядомы паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі. Яго досвед у беларуска-кітайскіх мастацкіх сувязях выкліканы яшчэ і тым, што Мікалай Міхайлавіч падрыхтаваў і выдаў аўтарскую кнігу перакладаў “Пад крыламі Дракона: сто паэтаў Кітая”. Пра любоў да Кітая, пра ўласныя паездкі ў Паднябесную, пра знаёмства з перакладчыкам Гаа Манам расказаў паэт, празаік, публіцыст і перакладчык Навум Гальпяровіч. Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч расказаў пра выдадзеныя ў “Звяздзе” кнігі кітайскіх паэтаў Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, пра тое, што ў серыі “Светлыя знакі. Паэты Кітая” падрыхтаваны новы зборнік. На гэты раз — вершаў Лі Хэ. У значнай ступені гэты праект рэалізоўваецца дзякуючы руплівасці перакладчыцы Алены Раманоўскай. У кнізе — і яе пераклады, і пераклады іншых творцаў, зробленыя дзякуючы падрадкоўнікам, якія падрыхтавала з мовы арыгінала Алена Раманоўская.

Сяргей ШЫЧКО.
Фота Кастуся ДРОБАВА.