Усе мы косім…

Усе мы косім.

Ты, я, твая, мая сям’я…

Жыць — усё адно што касіць.

Вы, можа быць, гэтага не ведаеце, але ўсё адно косіце.

Ты нарадзілася — і косіш пад сваю маму.

Ты нарадзіўся — і косіш пад свайго тату.

Ты закахаўся — і косіш пад свайго каханага.

Твая сям’я нарадзілася — і твая сям’я косіць пад сям’ю тваіх продкаў… Род прадаўжаецца. Каса не натыкаецца на камень.

Мы ўсе косім… І нам гэта падабаецца. Мы без гэтага не можам.

Толькі пытанне: а дзе ў гэтай касьбе ты? А на цябе, кладучы гэтыя густыя стагі, ніхто не забыўся? Ты ж усё-такі недзе быў.

Пытанні “Ці касіць?”, “Ці не касіць?” — гэта як шэкспіраўскія “To be?”, “Not to be?”.

Сёння ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь дэманструецца сумесная выстава работ дзяцей і падлеткаў з Беларусі і Германіі “Мой любімы мастак”. (Першая выстава гэтага праекта дзякуючы падтрымцы Еўрапейскай праграмы мабільнасці MOST з поспехам экспананавалася ў Нюрнбергу ў канцы 2016 года.) Арганізатары выставы хацелі запытаць юных мастакоў, хто з класікаў ці сучаснікаў ім найбольш падабаецца (чытай: пад каго ім хацелася б найбольш падкасіць?).Знайшлі красамоўныя адказы — і ў філалагічным выглядзе, і ў выглядзе арт-рыспонсаў. Справа ў тым, што постары юных удзельнікаў выставы змяшчаюць не толькі выявы іх работ, але і міні-інтэрв’ю.

Пачытаем. Задумаемся. Хто ім падабаецца? Чаму падабаецца? Чым падабаецца?

“На карцінах Клода Манэ кожны міг як быццам нешта адбываецца, — гаворыць 13-гадовая Надзя Мінкевіч, якая касіла пад вялікага французскага імпрэсіяніста. — Часам так хочацца апынуцца менавіта ў тым месцы, дзе быў мастак, адчуць пырскі хваль, удыхнуць пах мора”.А вось, што гаворыць 13-гадовы Платон Дзегцяроў, які касіў пад Ван Гога: “На занятках выкладчык чытаў нам кнігу Поля Гагена “Ноа Ноа”, у якой ён апісвае ў тым ліку свайго сябра Ван Гога. Мяне ўразіла гісторыя карціны з ружовымі крэветкамі, якую Ван Гог вымушаны быў прадаць за капейкі, каб купіць сабе ежу. Але потым ён усе гэтыя грошы аддаў жанчыне, якую выпадкова сустрэў, і сам застаўся ні з чым. Я тады зразумеў Ван Гога…”

“Мне таксама падабаецца прыдумляць нешта незвычайнае і з рознай драбязы ствараць нешта цэлае, — натхняецца мастацтвам Джузэпэ Арчымбальда 16-гадовая Ганна Каспяровіч. — Работы Арчымбальда іншы раз адносяць да стылю маньерызм, але мне здаецца, што яго можна лічыць першым мастаком-сюррэалістам”. “Я захапляюся творамі Івана Шышкіна, — не стрымлівае эмоцый 19-гадовая Валерыя Азанава. — Яго карціны настолькі рэальныя, што ў іх можна зайсці. Яго жывапіс мне здаецца праяўленнем нейкага чараўніцтва, да якога хочацца быць датычнай”.

16-гадовую Ганну Радзькову не пакінуў раўнадушнай Урубель: “Глыбокі сімвалізм, трагічныя вобразы, шырокія смелыя мазкі, неўласцівыя рускаму жывапісу ХІХ стагоддзя — усё гэта мяне ўразіла і зачаравала”. “Яго работы ўражваюць дакладнасцю выяўлення, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад твораў Рэнэ Магрыта 14-гадовая Ксенія Аляхновіч. — Гэта фотаздымкі з нерэальным сюжэтам. Менавіта такім спалучэннем дзіўнага сюжэта і рэалістычнай выявы і вабіць мяне сюррэалізм. Мне здаецца, што менавіта гэты стыль найлепш адлюстроўвае мой унутраны свет”.

12-гадовая Аміна Хісамава прызнаецца ў сваёй любові да Марка Шагала: “На яго карцінах усё чароўнае! Усё лётае! Я намалявала карову-ільва з крыламі! Яна жыве ў краіне, дзе штодня адбываюцца цуды”.“Поп-арт Эндзі Уорхала быў смелым і яркім мастацтвам, так бы мовіць, без даху, — піша 11-гадовая Варвара Краўчук. — Можа, ён шакіраваў некага, але ж гэта было новае мастацтва. Ён ствараў яго, ні на каго не азіраючыся. І гэтым ён быў непадобны да іншых”.

Праект “Мой любімы мастак”, падтрыманы Беларускім саюзам мастакоў, Беларускім саюзам дызайнераў і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў, будзе доўжыцца, у гэтым можна не сумнявацца. Галоўнае — выпрацаваны алгарытм, які заключаецца ў касьбе, у перайманні. Самы надзейны, самы трывалы спосаб навучання ў мастацкай творчасці. А касіць было, ёсць і будзе пад каго.Мая філалагічная свядомасць схіляе мяне да такой канцоўкі.

Слова “касіць” першапачаткова мела на ўвазе касу і траву.

Мінулым летам я бавіў свой адпачынак у бацькавай роднай вёсцы. Неяк, бачачы, што я пакутую ад няма чаго рабіць, ён паказаў мне акраец — ад хаты да стаўка. Даў касу і мянташку. І сказаў: “Касі”.

За некалькі дзён я скасіў.

Заканчваўся мой адпачынак. Трэба было выходзіць на работу.

Падышоў да скошанага поля.

Поле запытала мяне: “Ты касіў?”

Я сказаў: “Я”.

І гэтае “Я”, магчыма, было маё першае “Я” няскошанае…

…Усе мы косім.

Мікола ЧЭМЕР.