“Усе мы, рагачоўцы, крыху Гервасіі Вылівахі…”

Безумоўна, святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня беларускага пісьменства не абыдуцца без актыўнага ўдзелу ў іх педагогаў і навучэнцаў Рагачоўшчыны, а адказнасць за гэта ўскладзена на плечы адукацыйнай вертыкалі ад Мінска да Гомеля і да самога Рагачова. 

Так, у Міністэрстве адукацыі былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па святкаванні дня Беларускага пісьменства ва ўстановах адукацыі, а намаганнямі ўпраўлення адукацыі Гомельскага выканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі быў распрацаваны сцэнарый правядзення дзіцячага свята “Вясёлка дзяцінства”, якое адбудзецца заўтра, 4 верасня, і абяцае стаць адной з самых яркіх падзей.

Зноў жа пры непасрэдным удзеле адукацыйных структур розных узроўняў падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Беларусь — крыніца натхнення”, распрацаваны экскурсійныя маршруты па гістарычных і знакамітых месцах Рагачоўскага раёна для навучэнцаў, якія прымуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства, прыведзены ў належны стан спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя пляцоўкі Рагачова, добраўпарадкаваны і эстэтычна аформлены тэрыторыі, прылеглыя да ўстаноў адукацыі.


А ўжо сёння, 3 верасня, менавіта педагогі і навучэнцы стануць асноўнымі ўдзельнікамі Рагачоўскіх чытанняў у рамках Дня беларускага пісьменства. Таксама сёння пройдзе вялікае літаратурнае свята ў аграгарадку Журавічы з удзелам каля 50 беларускіх пісьменнікаў, якіх гасцінна прыме Журавіцкая сярэдняя школа імя А.Я.Макаёнка.

Словам, у людзей адукацыі ў сувязі са святкаваннем Дня беларускага пісьменства клопатаў нямала.

Начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Пятра Міхайлавіча Гузялевіча наш карэспандэнт падчас камандзіроўкі ў Рагачоў напярэдадні свята якраз і застаў пагружаным у гэтыя клопаты. А яшчэ ў той момант у разгары была жнівеньская нарада педагагічных работнікаў Рагачоўскага раёна. Карацей, адміністратарскіх турбот у Пятра Міхайлавіча было нават удвая больш, чым звычайна ў гарачыя дні канца жніўня. Тым не менш ён адшукаў хвілінку, каб адказаць на некалькі пытанняў нашай газеце.


— Пётр Міхайлавіч, я разумею, што гэтае пытанне можа збіць кіраўніка з панталыку, але ўсё-такі… У чым, на вашу думку, самая галоўная адметнасць сістэмы адукацыі Рагачоўшчыны?

— Не баючыся пахвальбы, я сфармуляваў бы гэтую адметнасць наступным чынам: яна ў тым, што наша сістэма адукацыі ўвесь час працавала і, здаецца, па-ранейшаму працуе вынікова. А што значыць вынікова? Калі асноўным крытэрыем рэйтынга раённых аддзелаў адукацыі быў паказчык паступлення навучэнцаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі, мы стабільна дасягалі ў гэтым сэнсе высокіх вынікаў. Сёння, калі акцэнт пры складанні гэтага рэйтынга робіцца на якасць працы педагогаў і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, мы зноў жа на верхніх пазіцыях у вобласці. Сёлета па гэтым крытэрыі мы другія.

Наогул, мы надаём вялікае значэнне росту прафесійнага ўзроўню нашых педагогаў. Ужо не першы год настаўнікі Рагачоўшчыны з’яўляюцца ўдзельнікамі конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, многія з іх ствараюць сапраўды вельмі арыгінальныя інавацыйныя адукацыйныя прадукты. Напрыклад, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай катэгорыі рагачоўскай сярэдняй школы № 2 імя В.М.Калеснікава Вольга Віктараўна Краўчанка нават уключана ў склад творчай групы па стварэнні новага падручніка. І гэты працэс уцягнення нашых настаўнікаў у дзейнасць па стварэнні новых адукацыйных прадуктаў, я думаю, з часам будзе станавіцца ўсё больш актыўным.

Калі ж браць у комплексе адукацыйны і выхаваўчы кірункі нашай дзейнасці, то і тут у нас ёсць сур’ёзныя напрацоўкі. Рагачоўскі раён прадстаўлены практычна ўсімі тыпамі ўстаноў дадатковай адукацыі, няма хіба толькі эколага-біялагічнага цэнтра. А ў астатнім мы трымаем высокую планку дзякуючы нашым тром галоўным установам дадатковай адукацыі — Рагачоўскаму раённаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі (летась ён быў прызнаны лепшым у вобласці), Рагачоўскаму раённаму цэнтру тэхнічнай творчасці і Рагачоўскаму раённаму цэнтру турызму і краязнаўства з яго ўнікальным музеем “Лёс салдата” — неаднаразовым уладальнікам дыпломаў Міністэрства адукацыі.


Безумоўна, сістэма адукацыі нашага раёна можа пахваліцца і, так бы мовіць, канкрэтнымі маленькімі фішачкамі, якіх не знойдзеш ні ў якім іншым раёне краіны. Узяць хоць бы раённы фестываль школьных тэатральных калектываў “У гасцях у Лявоніхі”, які праводзіцца на базе Журавіцкай сярэдняй школы імя А.Я.Макаёнка і на які прыязджае штогод да 15 школьных тэатраў са сваімі пастаноўкамі па творах нашага славутага земляка. Але вы прасілі мяне расказаць пра галоўнае.

— Ці паспяхова ў свой час адбылося зліццё дзвюх раённых адміністрацыйных структур, адукацыйнай і спартыўнай, у адну — Рагачоўскі аддзел адукацыі, спорту і турызму?

— Калі некалькі гадоў назад мы аб’ядноўваліся, я адразу сказаў сваім калегам са спартыўнай сферы: “Хацелі б мы таго ці не хацелі, але калі ўжо так атрымалася, то нам трэба зрабіць усё, каб працаваць на агульны вынік. І лічу, што гэта ў нас атрымалася. Сёння ў нас няма дзялення на спорт і адукацыю. Сёння для кожнага трэнера адчынены дзверы ў агульнаадукацыйныя ўстановы, а базы спартыўных спецыялізаваных устаноў даступныя не толькі для спартыўна адораных вучняў, але і для кожнага дзіцяці. У гэтым годзе каманда Рагачоўскага раёна абараняла гонар вобласці на такіх рэспубліканскіх мерапрыемствах, як “Абаронца Айчыны”, “Снежны снайпер”.

— Пётр Міхайлавіч, а цяпер — бліжэй да надыходзячага свята Дня беларускага пісьменства… Даруйце, а вы самі рагачовец?

— Так! І вельмі гэтым ганаруся.

— А чым канкрэтна вы ганарыцеся?

— Ну, як жа… Рагачоў — гэта мая малая радзіма, якая для нас, рагачоўцаў, вельмі дарагая. Калі мы разважаем пра тое, што мы рагачоўцы, значыць, мы павінны думаць і пра тое, як зрабіць Рагачоўшчыну больш культурнай, больш адукаванай, больш заможнай, больш знакамітай… А для гэтага ў нас сёння ёсць усе магчымасці. У тым ліку — такая выдатная магчымасць, як сёлетняе святкаванне Дня беларускага пісьменства на нашай зямлі.


А калі ўжо зусім канкрэтна адказваць на ваша пытанне, то, напэўна, у маім выпадку будзе больш правільна казаць — кім, а не чым. Я бязмежна ганаруся нашымі славутымі землякамі і тымі вядомымі асобамі, каго лёс у той ці іншы час зводзіў з рагачоўскай зямлёй: і шматлікай кагортай вядомых літаратараў (я нават не бяруся іх пералічваць — настолькі іх многа), і вядомымі прадстаўнікамі дзяржаўнай эліты (напрыклад, Андрэем Кабяковым, Васілём Далгалёвым, Мікалаем Вайцянковым і інш.), і выбітнымі спартсменамі, скажам, пераможцам Мюнхенскай алімпіяды Мікалаем Гарбачовым, “золата” якога я меў гонар трымаць у сваіх руках…

— А які ўсё ж ён, сапраўдны рагачовец, па сваім менталітэце?

— Не кожны горад можа пахваліцца тым, што ён увекавечаны імем свайго гараджаніна, героя аднаго з найвыдатнейшых твораў беларускай літаратуры… А мы добра ведаем, што Гервасій Выліваха, герой цудоўнай аповесці Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя роспачы”, быў менавіта рагачоўцам. Уладзімір Сямёнавіч, які, дарэчы, падоўгу жыў і ствараў свае творы ў Рагачове, піша пра гэта ў самым пачатку твора: “Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчу Гервасій Выліваха”. І мы ведаем пра тое, кім застаўся ў нашай літаратуры Гервасій Выліваха, нягледзячы на ўсе супярэчнасці яго характару. А менавіта — нязломным аптымістам, жыццялюбам, жартаўніком, смельчаком, які не баіцца кінуць выклік самой смерці і нават пацяшаецца з яе… А галоўнае — сапраўдным патрыётам сваёй роднай зямлі. Дык вось, я думаю, што ўсе мы, і сучасныя рагачоўцы таксама, у сваіх лепшых рысах — крышачку Гервасіі Вылівахі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.