Прызнацца, мне ўжо даўно хацелася напісаць пра народны ансамбль музыкі, песні і танца “Рэй” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. І напісаць не проста ў родную “Настаўніцкую газету”, а менавіта ў культуралагічны дадатак да яе — “Рэй”. Гэта здавалася вельмі сімвалічным — пра “Рэй” у “Рэі”, тым больш, пагодзімся, назва даволі незвычайная як для ансамбля, так і для дадатку да газеты… Сачыць жа за творчасцю гэтага калектыву мне даводзілася час ад часу ці, як кажуць, ад нагоды да нагоды, а нагодамі, як правіла, былі ці ўбачаныя выступленні, ці нейкія добрыя навіны, прывезеныя артыстамі “Рэя” з-за мяжы. Скажам, апошні раз на сцэне я бачыў “Рэй” сёлетняй вясной падчас рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнтаў “АРТ-вакацыі”, дзе “рэеўцы” былі ўдастоены дыплома І ступені ў намінацыі “Ансамбль песні, музыкі і танца”. А ўжо дзесь на мяжы лета і восені гэтага года прыйшла прыемная вестка з Францыі, дзе “Рэй” паспяхова выступіў адразу на трох міжнародных фальклорных фестывалях. Арганізатар гэтых фестываляў спадар Рабер дэ Марчы тады нават накіраваў рэктару БДПУ, доктару педагагічных навук, прафесару Аляксандру Іванавічу Жуку падзячны ліст, у якім канстатаваў высокі прафесіяналізм і майстэрства беларусаў.
І вось нарэшце, напярэдадні 100-годдзя педагагічнага ўніверсітэта, я вырашыў-такі дакладна “дайсці” да ўніверсітэцкага “Рэя”, а яго мастацкі кіраўнік Віктар Васіленя ахвотна пагадзіўся расказаць, чым і як жыве гэты творчы калектыў.
— Віктар Станіслававіч, калі і як увайшоў у ваша жыццё народны ансамбль музыкі, танца і песні “Рэй” БДПУ імя Максіма Танка? Сёння, наколькі разумею, гэты творчы калектыў і ёсць ваша жыццё…
— Так, я жыву “Рэем” вось ужо 18 гадоў — з 1996 года, калі па запрашэнні тагачаснага кіраўніцтва факультэта народнай культуры БДПУ імя Максіма Танка я прыйшоў ва ўніверсітэт, каб узначаліць і падняць на ногі гэты калектыў. На той час у мяне за плячыма былі сярэдняя і вышэйшая музычныя адукацыі (адпаведна Гродзенскае музычнае вучылішча і кансерваторыя імя Луначарскага), праца кіраўніком аркестра народнага ансамбля танца “Лявоніха”, які ўзначальваў незабыўны Мікалай Мікалаевіч Чысцякоў, ужо нябожчык, а таксама некалькі гадоў працы спачатку кіраўніком аркестра, а потым мастацкім кіраўніком недзяржаўнага ансамбля музыкі і танца “Бліскавіца”. А тут, у педагагічным універсітэце на нядаўна адкрытым факультэце народнай культуры, ужо існаваў пэўны калектыў, але яму, безумоўна, не хапала арыгінальнасці і прафесіяналізму. Фактычна мне і маёй жонцы-харэографу Людміле тагачасны дэкан факультэта народнай культуры Міхаіл Міхайлавіч Круталевіч (цяпер ён кіруе факультэтам фізічнага выхавання) і паставіў задачу, так бы мовіць, з местачковага ансамбля зрабіць сур’ёзны калектыў, які меў бы свой адметны твар. З таго часу мы з Людмілай і кіруем “Рэем” разам. Як баяніст па спецыяльнасці я адказваю за музычную частку і агульныя арганізацыйныя пытанні, яна — за харэаграфію і касцюмы, паколькі, акрамя таго, што з’яўляецца прафесійным харэографам, яшчэ і спецыяліст у сцэнічных касцюмах і проста добрая швачка. Наша кватэра часта пераўтвараецца ў гэтакі пашывачны цэх, у якім няма дзе стаць і як прайсці. І я шчыра скажу, што калі б не жонка са сваімі ўменнямі і густам, калі б не цешча, якая ёй вельмі дапамагае, не было б і сённяшняга ўзроўню “Рэя”. А сёння гэта, не пабаюся падацца нясціплым, вельмі прыгожы ансамбль, які заўсёды знаходзіцца ў добрай канцэртнай форме.
— Той ансамбль, які быў да вас ва ўніверсітэце, ужо называўся “Рэем”?
— Так, гэтая назва ўжо была, і яна мне адразу вельмі спадабалася сваёй беларускасцю, ёмістасцю, сакавітасцю. Дакладнага адпаведніка слову “рэй” не знойдзеш, напрыклад, нават у рускай мове, у якой ёсць блізкі па гучанні і нават недзе па сэнсе дзеяслоў “реять”, але ўсё роўна гэта зусім не тое. Таму ні на адну мову свету мы не перакладаемся. На той жа англійскай называемся Folk music, dance and song company Rey. І, ведаеце, як я пераканаўся падчас нашых выступленняў за мяжой, гэта гучыць, нават інтрыгуе!
— І як вы тлумачыце замежнікам, што такое рэй? Пытаюся, таму што і мне нярэдка даводзіцца тлумачыць нават нашым людзям назву культуралагічнага дадатку…
— Звычайна я кажу, што гэтае слова само па сабе ў нашай мове не выкарыстоўваецца, але ў нас ёсць такі выраз — “весці рэй”. А весці рэй — гэта значыць быць на чале нейкай вельмі важнай справы.
— Вернемся да першых гадоў гісторыі вашага “Рэя”. З чаго вы тады пачыналі?
— Разумееце, я ж прыйшоў у “Рэй” з прафесійнага ансамбля, і мне было з чым параўноўваць. Памятаю, мяне пасадзілі ў зале, і той калектыў выканаў некалькі нумароў, якія ў яго ўжо былі. Я сядзеў, глядзеў і ўсё думаў — акурат як вы ў мяне цяпер запыталіся, — а з чаго мне пачынаць? Да таго ж з мяне і кіраўніцтва факультэта, і спецыялісты па фальклорным мастацтве запатрабавалі план — як і што я буду рабіць. І праз некалькі дзён я прынёс ім гэты “план” — паклаў ім на стол чысты аркуш паперы. Так і сказаў: “Вось мой план. Мы пачынаем з чыстага аркуша”.
— Перад вамі стаяла тады дылема — у які бок рухацца: па шляху аўтэнтыкі ці па шляху стылізацыі, па шляху сцэнічнага фальклору?
— Вы ведаеце, я, напрыклад, вельмі паважаю Міколу Козенку і тое, што ён робіць, імкнучыся да чыстай аўтэнтыкі, здымаючы танцавальныя рухі ў носьбітаў традыцыі, якія яшчэ памятаюць, як гэта ўсё было… Але для мяне як кіраўніка ўніверсітэцкага ансамбля выбару паміж аўтэнтыкай і стылізацыяй не было. Я адназначна ведаў, што мы будзем займацца стылізацыяй фальклору, але падыходзіць да яе будзем вельмі акуратна і ўдумліва, каб не скаціцца да нейкай такой папсовай вульгарнасці, якую мы сёння нярэдка сустракаем. Карацей, мы адразу ж зрабілі акцэнт на тым, каб выступленні нашага калектыву глядзеліся цікава на сцэне, каб там абавязкова прысутнічала нейкая арыгінальная ідэя. А для гэтага, безумоўна, вельмі многа трэба думаць над сцэнічнымі апрацоўкамі фальклорных песень і танцаў, запісаных ад носьбітаў традыцыі фалькларыстамі, нашымі папярэднікамі. І ўвесь час у працэсе пастаноўкі сцэнічных нумароў узнікаюць пэўныя ідэі. Гэтыя ідэі могуць быць маленькімі, але ж канцэртныя нумары павінны быць, калі можна так сказаць, вялікімі. Вось і даводзіцца вельмі многа працаваць над увасабленнем.
— Ці маглі б неяк вызначыць скразную тэму рэпертуару вашага ансамбля?
— Асноўная тэма — гарадскі і местачковы бытавы фальклор ХХ стагоддзя. Гэта такія нумары, як “Карапэт”, “Матлёт”, “Лянцей”, “Падэспань” і іншыя. Але ёсць, безумоўна, і чыста народнае, напрыклад “Мітусь”. “Мітусь” ён і ёсць “Мітусь”, і ён павінен прысутнічаць у нашым рэпертуары, бо ён наш, беларускі танец. А вось такога беларускага нацыянальнага танца, як “Лявоніха”, няма. І таму “Лявоніху” мы не танцуем. Бо нам хочацца мець свой твар, танцаваць, іграць і спяваць сваё, беларускае. Нават калі ў свой час той жа “Лянцей” (ад французскага “Лансье”) або “Падэспань” (пад Іспань) прыходзілі адтуль, з Захаду, яны па-свойму перапрацоўваліся нашымі людзьмі пад беларускую ментальнасць і як бы станавіліся беларускімі танцамі, беларусы пачыналі лічыць іх сваімі. Хоць, безумоўна, фальклор — гэта ў пэўным сэнсе з’ява інтэрнацыянальная. Дзе мы толькі не выконвалі “Падэспань” — уся Еўропа ведае гэты танец!
— Дарэчы, ансамбль “Рэй”, наколькі мне вядома, аб’ездзіў з канцэртамі многія краіны Еўропы — Францыю, Італію, Бельгію, Швейцарыю, Польшчу… Але я заўважыў, што вы ездзіце толькі на фестывалі. Конкурсаў не прымаеце прынцыпова?
— Бадай што, так. Любы конкурс, хочаш гэтага ці не хочаш, пераўтвараецца ў параўнанне культуры аднаго народа з культурай іншага. Але ж нельга спрачацца, якая культура лепшая. Таму мы сапраўды ездзім толькі на фестывалі, гэтакія агляды розных культур — вось беларуская, вось французская, вось руская…
— А што вы маглі б сказаць з нагоды распаўсюджанага меркавання, маўляў, гэта мы яшчэ неяк захоўваем свае традыцыі, фальклор, а ў іх там, у Еўропе, нічога гэтага наогул не засталося?
— Наадварот! У іх там усё засталося так, як было! А мы пайшлі наперад!
— Што вы маеце на ўвазе?
— Я маю на ўвазе тое, што прыязджаеш, напрыклад, на фестываль у Францыю, выходзіць на сцэну нейкі французскі калектыў і пачынае танцаваць толькі свае мясцовыя танцы — так, як танцавалі іх продкі і 100, і 200 гадоў назад. Яны абсалютна нічога не мяняюць. У іх гэта перадаецца з пакалення ў пакаленне. А мы ў гэтым сэнсе, наадварот, не стаялі і не стаім на месцы, мы развівалі і развіваем менавіта наш сцэнічны фальклор. І таму, дарэчы, нашы калектывы вельмі добра ўспрымаюцца за мяжой, бо для іх гэта незвычайна.
— Даруйце за гэтае наіўнае пытанне, дык а што ўсё-такі лепш аб’ектыўна: стаяць на месцы, як яны, ці развівацца, як мы?
— І тое, і другое — лепш. (Усміхаецца.) Лепш, каб яно проста існавала — і ў адной, і ў другой форме. Акрамя толькі той формы, калі руйнуецца аснова.
— “Буранаўскія бабулі”, якіх Расія два гады назад паслала на конкурс “Еўрабачанне”, — таксама прымальны варыянт?
— Ну, гэта быў, скажам так, маркетынгавы крок. І ставіцца да яго можна па-рознаму. Проста вялікія расійскія грошы вывелі тых бабуль на міжнародны ўзровень. За грошы ж цяпер можна ўсё зрабіць. Але як па мне, дык яны нічога не ўяўляюць. Вось калі б яны выйшлі і праспявалі так, як ёсць, без сучаснага акампанементу, тады гэта было б цікава. А так… папса.
— Віктар Станіслававіч, дзе, у якой замежнай краіне вам было найбольш камфортна ці весела выступаць?
— Найбольш камфортна — у Францыі. Французы вельмі цікавяцца замежным фальклорам. І людзі там шчырыя і адкрытыя, падобныя да нас, беларусаў. Вельмі пунктуальныя ў адрозненне, напрыклад, ад італьянцаў, якія скажуць сабрацца аб адзінаццатай гадзіне, а самі могуць прыйсці ў абед. І краіна ж не бедная. Прымаюць добра, і што тычыцца харчавання, пражывання і г.д. А весела бывае ўсюды. Едзем, скажам, у нейкім французскім гарадку па іх вузкіх вулачках. Ну, не можа праехаць аўтобус — машына замінае. Што рабіць? Выходзяць нашы хлопцы: тры ззаду ўзяліся, тры спераду — і адносяць той аўтамабільчык далей, каб ачысціць шлях для аўтобуса…
— Наогул, вы ўсе ў ансамблі аднадумцы?
— Ну, думаюць усе па-рознаму. (Смяецца.) Але калі гаварыць сур’ёзна, то ёсць адзін аб’яднальны пачатак — гэта радасць і захапленне, якія мы ўсе атрымліваем падчас выступленняў, прычым як за мяжой, так і ў Беларусі. А яшчэ так атрымалася, што наш “Рэй” — гэта не толькі творчы, але і сямейны калектыў. Двум самым сталым удзельнікам ужо па сорак гадоў, многа сямейных пар, і мы маем ужо нават унукаў, якія, так бы мовіць, выгадаваліся ў “Рэі”. Студэнтаў, якія зараз вучацца ва ўніверсітэце, у ансамблі значна менш, чым выпускнікоў.
— І ўсё ж на канцэртах вы пазіцыяніруеце “Рэй” як ансамбль менавіта Беларускага дзяржаўнага педагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка?
— Абавязкова! БДПУ гучыць заўсёды і ўсюды. Бо, па-першае, не сказаць пра ўніверсітэт, у якім мы нарадзілася і дзякуючы якому працуем, было б проста неэтычна. А па-другое, мы ж сапраўды ансамбль БДПУ імя Максіма Танка і прадстаўляем не толькі культуру Беларусі, але і высокую культуру нашага ўніверсітэта. Вось ужо 18 гадоў як для нас святое і нязменнае — час з 19 да 22 гадзін па панядзелках, серадах і пятніцах заняты для нас усіх: і ўдзельнікаў, і кіраўнікоў. Бо гэта час рэпетыцый “Рэя”.
— Блізіцца 100-годдзе БДПУ… Пэўна ж, будзеце прымаць удзел у юбілейных мерапрыемствах?
— Безумоўна. Выступім на нашым вялікім святочным канцэрце. Магчыма, будзе сольны канцэрт нашага ансамбля. Дарэчы, да 100-годдзя ўніверсітэт нам робіць шыкоўны падарунак — новы камплект касцюмаў, якія будуць пашыты ў тэатральных майстэрнях.
— Віктар Станіслававіч, вам вядомы адказ на гэтае маё пытанне лепш, чым каму. Фальклор яшчэ патрэбны людзям?
— Патрэбны. Асабліва нашым людзям. Бо, насамрэч, якаснага фальклору становіцца ўсё менш і менш. Менш бачым мы народнікаў і па тэлебачанні. Дый нават фальклорных фестываляў, хоць яны і ёсць, усё-такі, лічу, у нас мала для такой краіны, як Беларусь. А фальклор, як ні круці, гэта была і ёсць душа народа.
— Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў!
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з сайта
народнага ансамбля музыкі, песні і танца “Рэй” БДПУ імя Максіма Танка.