Вясковая табала

У Хаціслаўскім сельскім доме культуры Маларыцкага раёна дзейнічае ўзорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала”. Заснавальнікам, нязменным кіраўніком, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, сцэнарыстам і ідэйным натхняльнікам калектыву з’яўляецца Г.І.Хомік.

— Cлова “табала” пачула ўпершыню ў вёсцы Мельнікі, — тлумачыць назву клуба Галіна Іванаўна. — Гэтае слова цяпер выкарыстоўваюць і жыхары Хаціслава. Табала ў нашым населеным пункце — гэта гурт дзяцей. Дыялектнае слова з сакавітым мясцовым каларытам. Яркае, гучнае, запамінальнае. Чаму б не даць клубу аматараў фальклору такую ж назву? Для яго прапаноўвалася амаль 50 найменняў. Па пэўных прычынах усе яны былі адхілены. А вось “Вясковая табала” неяк адразу запала ў душу.
Галіна Іванаўна родам з Ратнаўскага раёна Украіны, але ўжо не адзін год збірае і прапагандуе беларускі фальклор. Чаму так атрымалася?
— Мне даспадобы і ўкраінскі, і беларускі фальклор, — гаворыць Г.І.Хомік. — Я вырасла на памежжы двух народаў, дзвюх блізкіх культур. У жыхароў Маларыцкага і Ратнаўскага раёна шмат агульнага: маем адных продкаў. Нашы культурныя і моўныя сувязі заснаваны на даўніх трывалых традыцыях. Асабліва гэта можна было назіраць у гады існавання СССР. Так, пэўны час існаваў інтэрнацыянальны ансамбль з ліку супрацоўнікаў Картэліскага дома культуры, дзе я раней працавала, і Макранскага сельскага дома культуры. Мы разам выступалі, спявалі народныя ўкраінскія і беларускія песні. Фальклорныя творы падабаюцца з дзяцінства. А калі пераехала жыць у Беларусь, захацелася больш глыбока пазнаёміцца з яе невычэрпнай народнай культурай і па магчымасці захаваць яе для будучых пакаленняў.
У сістэме культуры Г.І.Хомік працуе больш за 30 гадоў. Амаль столькі ж часу працуе і з дзецьмі. Праўда, раней гэта былі хутчэй эпізадычныя заняткі. На першым месцы быў народны ансамбль народнай песні і музыкі “Хаціславяне”. Шмат было паездак, гастрольных выступленняў. Усе сілы і ўвесь вольны час аддаваўся гэтаму калектыву. З дзецьмі Г.І.Хомік займалася не так часта, як хацелася б. З імі час ад часу развучваліся прыпеўкі, некаторыя народныя песні. Потым пачаўся раённы агляд-конкурс абрадавага фальклору “Спадчына зямлі маларыцкай”. Было вырашана прыняць у ім удзел. Перамога ў творчым спаборніцтве натхніла на далейшую работу. Пачаўся пошук. У творчых конкурсах выхаванцы Г.І.Хомік пачалі ўдзельнічаць пастаянна. Калектыў часта атрымліваў запрашэнні на розныя мерапрыемствы.
З вучнямі Хаціслаўскай сярэдняй школы Галіна Іванаўна пачала займацца з 2012 года. Тады калектыў стаў удзельнікам Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскім Гомельскай вобласці. Пасля “Берагіні” пачаўся новы этап у жыцці дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала”. Змянілася стаўленне яго ўдзельнікаў да таго, чым займаліся і што прапаноўвалі гледачам на сцэне.
Галіна Іванаўна фальклор збірала і збірае не толькі ў Хаціславе, але і ў навакольных вёсках. Так, цікавыя народныя знаходкі яна адшукала ў вёсцы Дарапеевічы ў Сцепаніды Сцепанюк і Анатоля Дзямянкі. Своеасаблівымі адкрыццямі сталі “Асопава полька” і “Полька Рузя”. Вернута з небыцця і многае іншае.
— Народнага матэрыялу, арыгінальнага і самабытнага, на Маларытчыне шмат, — расказвае Галіна Іванаўна. — Галоўнае — паспець яго сабраць, запісаць і апрацаваць належным чынам, бо носьбіты культуры паступова адыходзяць. Наш рэгіён багаты на фальклорную спадчыну: песні, танцы, легенды, паданні, казкі, прыпеўкі…
Дзеці заканчваюць школу і пакідаюць калектыў. На змену ім прыходзяць іншыя, не менш таленавітыя. Сёння “Вясковая табала” — гэта 8 хлопцаў і 8 дзяўчат ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў з Хаціслава і Сушытніцы. “Вясковай табалы” не было б, каб не акампаніятары Віктар Галавій і Святлана Бяльчук, а таксама балетмайстры Алена Люльковіч і Вольга Зварыч. Адміністрацыя і педкалектыў Хаціслаўскай сярэдняй школы заўсёды дапамагаюць і падтрымліваюць у рабоце.
У рэпертуары калектыву 25 народных танцаў, 13 песень і 5 абрадаў, а таксама легенды, казкі, байкі, сольныя песні. Гэтага хопіць на вялікі канцэрт. На дасягнутым клуб не спыняецца. Высокае званне патрабуе і адпаведнай работы. Гледачы прызвычаіліся, што калі “Вясковая табала” на сцэне, то гэта заўсёды свята, усмешкі, цудоўны настрой і шмат станоўчых эмоцый.
…Нядаўна “Вясковая табала” вярнулася з узнагародамі з абласнога свята-конкурсу фальклорнага мастацтва “Таночак”, якое праходзіла ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна. Дыпломамі І ступені адзначана выступленне юных артыстаў у намінацыях “Народная песня” і “Народны танец”, а дыпломам ІІ ступені — выступленне ў намінацыі “Ігра на народных інструментах”.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.