Сёння, 2 красавіка, у свеце адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Гэтае свята з’явілася ў сусветным календары свят у 1967 годзе, з такой ініцыятывай тады выступіў Міжнародны савет па дзіцячай кнізе (International Board on Books for Young People, IBBY), а дзень 2 красавіка для святкавання быў выбраны невыпадкова — менавіта 2 красавіка 1805 года нарадзіўся вялікі казачнік Ханс Крысціян Андэрсен.
Сёння і, безумоўна, не толькі сёння можна шмат разважаць пра карысць і неабходнасць дзіцячага чытання (а хто з гэтым паспрачаецца?), і, здаецца, такія развагі з вуснаў нашых аўтараў-настаўнікаў ніколі не сыходзяць са старонак “Настаўніцкай газеты”.
Можна гаварыць пра самыя розныя добрыя справы, якія робяцца ў падтрымку дзіцячага чытання ў нашых установах адукацыі і ўвогуле ў краіне. Пачытайце, напрыклад, у сённяшнім нумары нашай газеты на старонцы 16, як годна прайшоў на вясновых канікулах Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў ваўкавыскай гімназіі № 2.
Можна ўспомніць цікавыя і нярэдка вельмі парадаксальныя выслоўі вядомых людзей пра феномен дзіцячай кнігі. Напрыклад: “Усе лепшыя дзіцячыя кнігі былі напісаны для дарослых” (англійскі драматург Джордж Бернард Шоу); “Кнігі, якія вартыя таго, каб чытаць іх у дзесяцігадовым узросце, гэта тыя кнігі, якія ў не меншай (а то і ў большай) ступені вартыя таго, каб перачытваць іх у пяцьдзясят гадоў і пазней” (брытанскі пісьменнік Клайв Льюіс); “Рабінзон не выхаваў тысячы Рабінзонаў, а адкрыў нешта ад Рабінзона ва ўсякім сапраўдным хлопчыку” (чэшскі пісьменнік Карэл Чапек); “Безумоўна, гэта вельмі проста — пісаць для дзяцей. Гэтак жа проста, як нараджаць іх” (амерыканская пісьменніца Урсула Ле Гуін); “Мы шукаем той прастаты, да якой трэба падняцца, а не той, да якой апускаюцца” (савецкі паэт, перакладчык Самуіл Маршак); “Дзіцячыя кнігі чытаюць дзеці (калі чытаюць); але выбіраюць гэтыя кнігі бацькі” (англійскі пісьменнік Уільям Годвін); “Для дзяцей трэба пісаць гэтак жа, як для дарослых, толькі яшчэ лепш” (перафразаваны Канстанцін Станіслаўскі, рэжысёр)…
Можна проста згадваць свае любімыя кніжкі з дзяцінства, а дзіцячая літаратура, асабліва класічная дзіцячая літаратура — гэта ж, сапраўды, невымерны акіян мудрасці, кемнасці і дабрыні, невычэрпная крыніца выхавання лепшых чалавечых якасцей.
Браты Грым, Шарль Перо, Джанатан Свіфт, Ханс Крысціян Андэрсен, Льюіс Кэрал, Рэдзьярд Кіплінг, Оскар Уайльд, Марк Твэн, Майн Рыд, Карла Калодзі, Джэймс Бары, Памэла Трэверс, Джані Радары, Джон Рональд Руэл Толкін з сусветнай літаратуры…
Карней Чукоўскі, Агнія Барто, Павел Бажоў, Аляксей Талстой, Мікалай Носаў, Валянціна Асеева, Аляксандр Грын, Канстанцін Паўстоўскі з савецкай…
Нарэшце, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Алесь Якімовіч, Міхась Лынькоў, Янка Маўр, Эдзі Агняцвет, Віталь Вольскі, Уладзімір Караткевіч, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Юрэвіч і многія-многія іншыя з літаратуры беларускай.
Колькі ж іх, цудоўных пісьменнікаў, якія ў розныя часы стваралі творы для дзяцей, імкнучыся пісаць гэтак жа як для дарослых, толькі яшчэ лепш! І колькі іх ва ўсім свеце на чале са сваёй каралевай Джаан Роўлінг апантана пішуць для дзяцей сёння, каб ім было цікава, каб яны не адварочваліся ад кнігі ў наш лічбавы век…
Бо ведаюць: пакуль чытаюць дзеці, чалавецтва застаецца чалавечым.
З Міжнародным днём дзіцячай кнігі вас, паважаныя чытачы!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.