Ён з зямлі падымае яблык…

— Ну, добра, добра… Ну, харошы ты, вельмі харошы… Я ж табе казаў ужо, што ты харошы… Табе падабаецца, калі чухаць цябе за вухам, так? А што я зрабіў, табе падабаецца? Падабаецца, падабаецца! Добра, добра, ты харошы, харошы… Толькі не віляй тут сваім лісіным хвастом! Бачыш, фарба яшчэ не засохла… Ты ж не хочаш, каб сярод экспанатаў была твая поўсць? Хочаш? Ведаеш, што ты такі ў мяне ўнікальны? Што ні ў кога ў Мінску такога не было да цябе? Ну, тады добра. Але мне трэба тут яшчэ сёе-тое дарабіць… Можа, яшчэ крыху папрацуем? Лягай у куток… Пачакай трохі… Толькі не перашкаджай мне — я хутка закончу, а потым пойдзем з табой гуляць…

Ён паслухмяна ідзе ў куток і з-пад ілба назірае за сваім гаспадаром. Ён любіць за ім назіраць, асабліва ў такія моманты і асабліва тады, калі яны апынаюцца разам далёка ад роднага Мінска — ці ў Кушлянах, ці ў Гомелі, ці ў Навагрудку… Ён тады асабліва востра адчувае, што вось у такіх доўгатэрміновых — на месяц, два, а то і на ўсе чатыры — вылазках з дому, з утульнай гарадской кватэры ён спрычыняецца да вялікай справы, якую робіць яго гаспадар. І не важна, што ён не зможа ў патрэбны момант падаць яму нажніцы, пілу, пэндзаль ці штангенцыркуль. Галоўнае — яны разам, галоўнае — справа, якую яны робяць і якую потым ацэняць людзі.
На гадзінніку — тры гадзіны ночы. Лета. Неўзабаве ўжо і развіднеецца. І вось надыходзіць ён, гэты доўгачаканы момант для аднаго і другога. Скуголяць музейныя дзверы, і яны ўдвух выходзяць у ноч.
Цёплае ціхамірнае лета. Ясна ў небе. Толькі падміргваюць зоркі, быццам радзімкі на целе каханай, якую не бачыў ужо два месяцы.
Ноч гаворыць разнастайнымі галасамі — начніц, цвыркуна, вожыка, першай апалай лістоты…
Нібы ашалеўшы, адзін пачынае насіцца па начной траве, а другі засяроджана закурвае, прагна зацягваецца і з палёгкай выпускае дым у начное неба… Галоўнае — справа зроблена. Заўтра можна будзе вяртацца ў родны Мінск.
Адзін, уволю нагойсаўшыся, падбягае да другога. Трэцца аб яго калашыну і супакойваецца. Цяпер яны разам глядзяць у неба. Адзін — у свае сузор’і Вялікага і Малога Псоў. Другі — проста ў неба. Роднае беларускае неба. А іншых ён фактычна ніколі і не бачыў і не хацеў бачыць. Далей за Варшаву нікуды ніколі не выязджаў. Затое родную Беларусь праехаў удоўж і ўпоперак, пакідаючы ў розных яе кутках свае адмысловыя адмеціны, назва якім — музеі…
Чатырохлапы — гэта кокер-спаніэль па мянушцы Цік-так, разумнік і прыгажун, неаднаразовы прызёр рэспубліканскіх і міжнародных сабачых выставак. І такой светла-шакаладнай афарбоўкі спаніэляў да Цік-така ў Мінску, сапраўды, не было. Верай і праўдай ён праслужыў свайму гаспадару 18 гадоў.А гаспадар — гэта вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сябар Беларускага саюза мастакоў Генадзь Рыгоравіч Чысты. Стваральнік музейных экспазіцый Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча “Кушляны”, Мемарыяльнага дома-музея Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі, Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы, “Фальварка Ракуцёўшчына”, Дома-музея Янкі Купалы ў вёсцы Яхімоўшчыне, Музея баявой славы ў Гомелі, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”, шасці залаў у адрэстаўрыраваным Нясвіжскім палацы і многіх іншых музеях. А таксама аўтар больш як ста выстаў, сярод якіх “Васіль Быкаў. Асоба і час”, “Кандрат Крапіва: вядомы і невядомы”, “Алесь Адамовіч. А для Вечнасці — Беларусь”, “Янка Брыль. Сцежкі. Дарогі. Прастор”, “Хата — мой сусвет” (у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры); “Жыве Беларусь!”, “Стары гарадскі быт”, “Спадчына, якая належыць Беларусі”, “Я з вечна вандроўных…” (прысвечана Я.Драздовічу), “Мінск — горад вольны”, “Мастацтва ў гарадской культуры ХХ стагоддзя” (у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь); “Вольная птушка сумнай зямліцы”, “З сонцам, з сэрцам, з вечнай ласкай”, “Курганы шмат чаго нам гавораць” (у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы); “Мара аб Заслаўі” (у гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”).
Гэта я так уяўляю, адштурхоўваючыся ад слоў самога Генадзя Рыгоравіча, тое, як ён разам са сваім Цік-такам падоўгу працаваў на музейных аб’ектах. Хоць, шчыра кажучы, ён аказаўся нешматслоўным суразмоўцам. Скажам так, пра яго сабаку, які любіў назіраць за працэсам яго работы, церціся аб яго калашыну, а потым падоўгу ўглядацца ў сузор’і Вялікага і Малога Псоў, я ўсё выдумаў. З вуснаў Генадзя Рыгоравіча ўсё гэта звужвалася да некалькіх кароткіх фраз: “Ехаў… На два-тры-чатыры месяцы… Браў з сабой сабаку… Калі рабіў музей у Кушлянах, днямі мог не бачыць ні адной жывой душы… Толькі адна-дзве машыны праедзе за ўвесь дзень па вуліцы… Паспіш крыху днём, а ноччу працуеш… Выйдзеш у тры ночы пакурыць — такая ціш вакол, такое хараство… Там, у Кушлянах, я ўпершыню пачуў сапраўдны салаўіны спеў”. Але мне здаецца, што я ў сваіх здагадках не надта прыхлусіў. Па сведчанні відавочцаў, разам з Цік-такам Генадзя Чыстага можна было ўбачыць усюды: проста на вуліцы, у музеях, у маршрутках, на пасяджэннях Беларускага саюза мастакоў…
Але бог з ім, з сабакам. Куды больш значна тое, што ўсе свае музейныя экспазіцыі Генадзь Рыгоравіч рабіў літаральна сам, адзін, сваімі рукамі — чарціў, выбудоўваў кампазіцыю, прыдумаваў мастацкае рашэнне, выпілоўваў, наразаў, мацаваў, клеіў, нарэшце, расстаўляў экспанаты — усё сам. Ну, і, зразумела, з Цік-такам. “Я раўнівы як мастак. Не люблю, калі мне гавораць штосьці пад руку. І наогул не люблю, калі мне штосьці раяць”, — крыху ўсміхнуўшыся ў правы вус, заўважае Генадзь Рыгоравіч. “Але раўнівы я толькі як мастак, — тут жа папраўляецца ён. — Што тычыцца навуковых канцэпцый музейных экспазіцый, я ніколі не лезу ў бутэльку. Заўсёды ўважліва слухаю навуковых супрацоўнікаў музеяў і раблю так, як яны гавораць. Сам заўсёды многа чытаю пра тую ці іншую асобу, якой прысвечаны музей. Гэта насамрэч важна, бо ёсць такія мастакі, якія не слухаюць, не чытаюць. Я не з такіх”.
Калі я ўбачыў пералік музейных і выставачных аб’ектаў, якія стварыў Генадзь Рыгоравіч, я перажыў амаль што шок: гэта ж так многа ўсяго зроблена адным працавітым чалавекам! А яшчэ ў маёй свядомасці адразу ж спрацавала спружынка: “А я ж там быў, а я ж усё гэта бачыў. Безліч разоў падымаўся па лесвіцы ў Нацыянальным гістарычным музеі, безліч разоў кідаючы позірк на даўнія фотаздымкі на сценах, — і ніколі не думаў, што гэта справа рук Генадзя Чыстага… Быў на адкрыцці выстаў, прысвечаных Быкаву, Адамовічу, Брылю, потым у сваіх рэпартажах для газеты імкнуўся знайсці цікавыя факты з біяграфій нашых знакамітых творцаў і, бадай, ніколі не згадаў пра эстэтычны бок гэтых музейных экспазіцый. Справу рук Генадзя Чыстага. Хадзіў па залах Нясвіжскага палаца, фатаграфаваўся на фоне рыцарскіх ды княжацкіх даспехаў і чучал жывёл, хацеў прылегчы на шкуру забітага мядзведзя, ды не дазволіла супрацоўнік комплексу. І ўжо зусім не думаў, што вось нават гэтую шкуру трэба было некаму правільна раскласці на падлозе, упісаць у агульную карціну. Справа рук Генадзя Чыстага…” Гавару пра гэта свайму суразмоўцу, а ён па сціпласці толькі адмахваецца паўжартам: “Дарэчы, у Нясвіжскім палацы чучалы ўсе нашы, беларускія… Толькі мядзведзі расійскія. У нас жа іх забіваць забаронена”.
Мы гутарым з Генадзем Рыгоравічам на другім паверсе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (сёння гэта філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры). Вакол голыя сцены і толькі два крэслы, на якіх мы сядзім. Тут поўным ходам цяпер ідзе рамонт. Будзе ўсталявана новая экспазіцыя. “Ваша?” — пытаюся ў свайго суразмоўца. Чую ў адказ: “Ды не, што вы, я ж сам тут працую… Дык было б неяк дзіўна”.
А сядзім мы, між іншым, у самым сэрцы Мінска. Траецкае прадмесце, оперны тэатр, былая 2-я бальніца, Свіслач… Гаворым пра рознае. Генадзь Рыгоравіч прыгадвае, што першыя два гады свайго жыцця пражыў… у оперным тэатры. У літаральным сэнсе. Бацька працаваў у тэатры мастаком. А на пятым паверсе тэатра якраз і жылі сем’і супрацоўнікаў. Успамінае школьныя гады, калі вучыўся ў 21-й сталічнай школе, а паралельна хадзіў на заняткі ў мастацкую студыю ў Дом піянераў і школьнікаў да незабыўнага Сяргея Пятровіча Каткова. Адна з самых светлых згадак дзяцінства — ляцець уніз па зімовым лёдзе амаль што ад самай школы да Свіслачы… А потым, пасля школьных гадоў, была вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы — яно зноў жа знаходзілася ў будынку опернага. Імёны сваіх настаўнікаў Ільі Эйдэльмана, Мікалая Залознага і іншых называе з любоўю — шэптам.Паціху-паціху — і аповед Генадзя Рыгоравіча ператвараецца фактычна ў экскурсію па старажытным цэнтры Мінска 60—70-х: вось тут былі баракі, жылі тут вось той і той, вось тут стаяла такая вось крама, а вось тут быў міні-базарчык… Прыгадвае, што калі толькі-толькі збудавалі вядомы Дом на Нямізе, яго інакш як куратнікам ніхто не называў. А потым “куры” пачалі адна за адной шкліць свае балконы… Ведаю, што спытаюся пра балючае, але ўсё адно запытваюся: “Пэўна ж, добра памятаеце і тое, як закопвалі-руйнавалі Нямігу?” Доўгае маўчанне. І пасля: “Я яшчэ малады тады быў, многага не разумеў, хоць падсвядома і было балюча. Гэта ўжо потым прыйшлі пытанні “Навошта?”, “За што?”.
Пераключаю свайго суразмоўца на больш спакойную, як мне падаецца, тэму — сённяшняга жыцця музеяў. Але яму і тут не надта спакойна: “Я не магу бачыць, у што сёння ператварыліся музейныя экскурсіі для дзяцей, калі тыя галёкаюць, танцуюць, гуляюць. Божа ты мой, гульнявыя формы работы з дзецьмі! І так сёння ў кожным музеі. Але я не прымаю гэтага. У музеі павінна быць стэрыльная цішыня. Тут ляжыць эспанат. Тут ляжыць гісторыя… І, па-мойму, сёння я адзін, хто так лічыць”.
Пагутарыўшы, мы спускаемся з Генадзем Рыгоравічам на першы паверх і апынаемся ў яблычным раі. Тут усё ў яблыках: яблыкі, якія высыпаюцца з кошыка, яблыкі, нарэзаныя на стале, яблыкі, якія насыпаліся з яблыні, яблыкі, яблыкі, яблыкі… Нават спаніэль Цік-так — і той у яблыках! Гэта выстава акварэльных работ Генадзя Чыстага “З зямлі падымаю яблык…”. Аказваецца, ёсць у яго і такая іпастась — мастака-жывапісца.
“Музеі і выставы — гэта мая работа, справа майго жыцця, а жывапіс — гэта мой адпачынак, — зазначае Генадзь Рыгоравіч. — Звычайна я пішу па сухой паперы, рэдка калі па мокрай”. І тут жа ўсміхаецца: “Ну, а як тыя ж яблыкі пісаць па мокрай? Гэта ж ужо не яблыкі будуць, а закатаныя памідоры са слоіка…”
Усё больш адчуваю, што ў музеі пахне яблыкамі. Гэты чароўны пах перадае жывапіс.
“А чаму ўсё-такі яблыкі?” — пытаюся ў Генадзя Рыгоравіча. “Ну, прадмет прыгожы…” — хутка адказвае ён, але бачна, што гэта не ўвесь адказ. “Не паверыце, я зусім не думаў пра біблейскі, міфалагічны вобраз яблыка, калі пачаў маляваць свае першыя нацюрморты. Сапраўды, проста цешыўся, любаваўся гэтай садавінай… А потым ужо ўспомніў, што яблык — вечны, што з яго ўсё і пачалося на гэтым свеце”.
…Будзе восень. І будуць яблыкі. І я ўяўляю гэтую карцінку. У нейкім садзе Генадзь Рыгоравіч Чысты збірае яблыкі. Акуратна падымае іх з зямлі, любуецца, акуратна кладзе ў кошык.
Ідзе некуды з кошыкам. Камусьці нясе яблыкі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*