Каля 1,5 тысячы дзяцей з амаль 190 калектываў сабраў у Кобрыне VI адкрыты абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”. Арганізавалі мерапрыемства, якое праходзіла ў гарадскім парку імя А.В.Суворава, упраўленне адукацыі і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці і абкам БРСМ.
Фестываль праводзіцца з 2004 года з мэтай захавання і папулярызацыі фальклорнага мастацтва, развіцця творчых здольнасцей дзяцей. На працягу навучальнага года ў школах і ўстановах дадатковай адукацыі вобласці адбыліся семінары-практыкумы, майстар-класы, адборачныя раённыя (гарадскія) і занальныя агляды фальклорнай творчасці, святы фальклорнага мастацтва. Па іх выніках былі адабраны лепшыя калектывы для ўдзелу ў заключным этапе фестывалю.
Галоўнай сцэнай мерапрыемства стаў летні амфітэатр гарадскога парку. На яго алеях былі арганізаваны выстава-конкурс работ выхаванцаў аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Горад майстроў”, выкананых на аснове вывучэння традыцыйных рамёстваў пэўнага рэгіёна, конкурс юных майстроў народных промыслаў, выстава аўтэнтычных прадметаў побыту і народнай творчасці розных раёнаў Брэстчыны. Навінкай сёлетняга фестывалю стаў конкурс відэакліпаў “Берасцейская талакуха”.
Акрамя таго, у рамках мерапрыемства адбыліся прэзентацыя зборніка “Паводле бабуліных успамінаў”, круглы стол “Аднаўленне фальклорных здабыткаў у аматарскіх калектывах сістэмы дадатковай адукацыі” для ўдзельнікаў рэспубліканскай фальклорнай лабараторыі (педагогаў дадатковай адукацыі, метадыстаў, дырэктараў і іх намеснікаў па вучэбна-выхаваўчай рабоце УДА) і пасяджэнне рэспубліканскай навукова-метадычнай секцыі кіраўнікоў метадычных службаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Духоўна-маральнае выхаванне асобы на аснове рэгіянальных асаблівасцей народнай беларускай культуры”.
Журы ацэньвала канцэртныя выступленні фальклорных калектываў, вызначала лепшых у выставах і конкурсах па намінацыях “Фальклорная спадчына”, “Фальклорныя спевы”, “Фальклорная музыка”, “Горад майстроў”, “Юны майстар”, “Бабуліна кухня”, “Фальклорны тэатр”, “Фальклорны танец”, “Дэманстрацыя фальклорнага адноўленага касцюма”, “Вядучыя народных гульняў і забаў”, “Выканаўцы песень/танцаў у стылі фолк-мадэрн” і “Касцюм у стылі фолк-мадэрн”.
Дыпломы І ступені атрымалі Аксана Шыкіла з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна, Кацярына Ярмалюк і Сняжана Трубчык з краязнаўчага аб’яднання Лелікаўскай сярэдняй школы імя У.Шапацюка Кобрынскага раёна, узорнае аматарскае фальклорнае аб’яднанне “Белавежская цявінка” і ўзорны клуб аматараў фальклору “Катрынка” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага Камянецкага раёна, фальклорная студыя “Цернічка” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы, фальклорны гурт “Лінькі” з Ліноўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна, Яніна Лукашэвіч з узорнага ансамбля фальклорнага танца “Каразель” і фальклорны гурт “Высэлыкі” з Іванаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, ансамбль гарманістаў “Грай, гармонік” з Мотальскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна, Алена Кулічык і фальклорны калектыў “Крынічка” з Хаціслаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна, аддзелы адукацыі, спорту і турызму Пінскага, Кобрынскага і Маларыцкага райвыканкамаў, Аляксандр Палюховіч з Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна, узорная студыя народных промыслаў “Вышыванка” са Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, Паліна Катэнка з Мухавецкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, фальклорны калектыў “Залацінкі спадчыны” з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, Антон Мазоль, Вольга Муратава, Вячаслаў Мышапуд, Кацярына Буян, узорны ансамбль народнай песні “Весялінка”, народны ансамбль народнай музыкі “Ветліца” і ўзорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія плясуны” з сярэдняй школы № 2 Століна, фальклорны гурток “Спадчына” з Асавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Драгічынскага раёна, Кірыл Варонін, Мілена Юрчык, узорны ансамбль народнага танца “Мацейка” і аркестр “Вясёлыя музыкі” з сярэдняй школы № 13 Баранавіч, узорная вакальная студыя “Крыніца дабрыні” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіч, узорны калектыў эстраднага танца “Ваяж” з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч і ўзорная студыя моды і дызайну “Крэатыў” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. Гран-пры дасталася ўзорнаму ансамблю народнага танца “Мацейка” і ансамблю “Вясёлыя музыкі” з сярэдняй школы № 13 Баранавіч, а таксама аддзелу адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Васіля КАРПІНЧЫКА.