За кім прыйшла старая дама?

Не будзе перабольшаннем сказаць, што Гродзенскі абласны тэатр лялек з’яўляецца адным з самых вядомых тэатраў Беларусі. Калектыў і пастаноўкі галоўнага рэжысёра Алега Жугжды добра ведаюць у нашай краіне і за яе межамі. Рэпертуар тэатра ўражвае сваёй разнастайнасцю: сёння ў ім налічваецца каля 40 назваў спектакляў для дзяцей розных узростаў і дарослых. Дарослую частку ўвогуле можна назваць прадметам асаблівага гонару калектыву. Годным сцэнічным увасабленнем твораў Гётэ, Гогаля, Купалы і іншых класікаў можа пахваліцца не кожны беларускі тэатр, а ў Гродне пастаўлены і з поспехам ідуць “Фаўст. Сны”, “Вій. Страшная помста”, “Тутэйшыя”. Рэжысёрам значнай часткі спектакляў з’яўляецца Алег Жугжда, які, можна сказаць, стварыў свой тэатр з адметнай мастацкай мовай, інтэлектуальны і эстэцкі ў самым лепшым сэнсе гэтых слоў.

Гродзенскі тэатр звяртае на сябе ўвагу не толькі работамі свайго галоўнага рэжысёра, аднаго з лепшых у Беларусі. Апошнім часам у тэатры назіраецца пазітыўнае імкненне папоўніць рэпертуар спектаклямі найбольш яркіх дзеячаў беларускага тэатра лялек. Так, летам 2014 года маленькія гродзенцы змаглі пабачыць казку ў стылі поп “Беласнежка і гномы” ў пастаноўцы Ігара Казакова (сцэнаграфія Таццяны Нерсісян), галоўнага рэжысёра Магілёўскага абласнога тэатра лялек, вядомага сваім правакацыйным “Гамлетам”. А ў ліпені гэтага года адбылася прэм’ера “Візіту старой дамы” Фрыдрыха Дзюрэнмата. Паставіць спектакль запрасілі Аляксея Ляляўскага.
Калі Дзюрэнмат арганічна ўпісваецца ў дарослы рэпертуар Гродзенскага тэатра (бо “Візіт старой дамы” паспеў ужо стаць тэатральнай класікай), то асоба пастаноўшчыка выклікала хваляванне, змяшанае з цікавасцю. Спектаклі галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксея Ляляўскага, якія ён ставіць для дарослых, вылучаюцца пэўнай правакацыйнасцю і агрэсіўнасцю, іранічнасцю, акцэнтаваннем балюча актуальных сэнсаў, адсутнасцю знешняй прыгажосці. Варта ўзгадаць хаця б яго “Самазванца” ў Брэсцкім тэатры лялек альбо мінскага “Тарцюфа”.
Чаму гэтыя адметнасці творчасці рэжысёра выклікалі хваляванне? Таму што дарослыя спектаклі Алега Жугжды (хаця б яго апошнія работы), да якіх прызвычаіліся і трупа, і гледачы, моцна адрозніваюцца па сваёй эстэтыцы ад пастановак Ляляўскага. Так, зімовая прэм’ера Жугжды — “Дэман” Лермантава — увогуле вельмі камерная, вытанчаная, элегантная. Аднак гаворка ў гэтым выпадку ішла не пра тое, чыя эстэтыка больш ці менш правільная і прымальная, а пра тое, ці зможа трупа тэатра знайсці агульную мову з рэжысёрам Ляляўскім.
Прэм’ера дала станоўчы адказ на гэтае пытанне. Няхай ідэальнага ўнісону пакуль не атрымалася, але яшчэ адзін яркі і выразны спектакль у рэпертуары Гродзенскага тэатра лялек у выніку з’явіўся.
Пра што расказвае “Візіт старой дамы”? Пра тое, што ўсё прадаецца. Ці практычна ўсё. Прадаюцца правасуддзе, сумленне, жыццё і смерць. Іх за мільярд купляе ў жыхароў Гюлена Клара Цаханасян. Старая мільярдэрша вяртаецца ў горад свайго дзяцінства, даведзены ёй да галечы, каб адпомсціць каханаму Альфрэду Ілу, які ёй здрадзіў. Дама робіць гюленцам прапанову: мільярд за правасуддзе, за смерць Іла, праз якога яна была выгнана з горада і вымушана стаць прастытуткай. Аднак гэта знешні сюжэт. Насамрэч Клара прыходзіць не проста адпомсціць Ілу, а перарваць сваё каханне, якое ніяк не памрэ, але і жыць не можа. Яе прапанова гюленцам — гэта і помста тым, хто быў вінаваты перад ёй не менш за каханка-здрадніка. Незаўважна для саміх гараджан здзелка з мільярдэршай, спачатку адхіленая як дзікунства, пад уплывам прагі да дабрабыту ператвараецца ў іх свядомасці ў натуральнае патрабаванне справядлівасці, а сімпатыі з боку Іла пераходзяць на бок беднай Клары. Лагічным фіналам становіцца калектыўнае забойства Альфрэда Іла.
У Ляляўскага, нягледзячы на некаторыя купюры і змены ў тэксце п’есы, атрымаўся вельмі дзюрэнматаўскі спектакль. У першую чаргу гэта адчуваецца ў настроі пастаноўкі, вызначанай рэжысёрам як трагікамічны балаган. Сам Дзюрэнмат пісаў, што яго п’еса павінна быць смешнай, а больш за ўсё сапсаваць яе можа забойчая сур’ёзнасць. Ляляўскі залішняй сур’ёзнасці пазбягае. На адчуванне лёгкасці працуе ў першую чаргу музычнае афармленне, у якім пазнаецца лірычны французскі шансон. А вось дынамічная мелодыя, якая разам з мігатлівым святлом стварае вобраз шматлікіх цягнікоў, якія пралятаюць праз Гюлен без прыпынку, і тэма, быццам запазычаная з вэстэрна, надаюць неабходнае напружанне.
Ноткі знешняй несур’ёзнасці і іроніі ў дзеянне ўносіць афармленне Аляксандра Вахрамеева. Капелюшы, гальштукі і хустачкі на акцёрах расфарбаваны ў яркія, радасныя тоны. Нават труна для Іла мае вясёлую афарбоўку, якая больш прыдатная для цыркавога рэквізіту. Адценне правакацыйнасці трагікамічнаму балагану надае выкарыстанне ў сцэнаграфіі “Візіту старой дамы” бутафорскіх унітазаў — аднаго з асноўных элементаў афармлення. З іх будуецца маўзалей для Іла, яны выкарыстоўваюцца як прылаўкі ў магазіне, клумбы і па сваім непасрэдным прызначэнні. Назваць гэта хуліганствам дзеля хуліганства нельга. Магчыма, унітазы тут з’яўляюцца ўвасабленнем марнасці і часовасці багацця, усяго таго, што можна купіць за грошы, і іх саміх. Падказку для з’яўлення сантэхнікі на сцэне дае і драматург: прыбіральня, пабудаваная ў Гюлене бацькам Клары, некалькі разоў узгадваецца ў п’есе.
У “Візіце старой дамы” рэжысёр і мастак у шэрагу выпадкаў увогуле літаральна ідуць за драматычным тэкстам. Напрыклад, стук дзятлаў у Конрадавым лесе ў адпаведнасці з рэмаркамі Дзюрэнмата адкрыта імітуюць артысты. З улікам пажаданняў драматурга пабудавана сцэна аўтамабільнай прагулкі Іла з сям’ёй. Згодна з п’есай, Ляляўскі і Вахрамееў апранаюць гюленцаў у жоўтыя чаравікі. Гэтая акалічнасць з’яўляецца вельмі значнай, бо абутак тут не проста сімвал неспадзяванага росту дабрабыту гараджан, але і здрады. Сімвалічны характар жоўтага колеру пастаноўшчык падкрэслівае і ўзмацняе: жоўценькімі становяцца нават цыгарэты, якія курыць адзін з жыхароў Гюлена. Дакладна падкрэслена рэжысёрам і праведзеная ў драматурга сувязь паміж свойскай жывёлай мільярдэршы, чорным барсам, і Альфрэдам Ілам, якога ў маладосці менавіта чорным барсам называла Клара. Калі гараджане застрэльваюць драпежніка, які збег, на сцэне пад гукі стрэлаў у залітай чырвоным святлом прасторы падае, як забіты, Іл. Фінал становіцца відавочным.
Разам з такім дакладным увасабленнем п’есы ў спектаклі відавочна і актуалізацыя таго моманту, які звязаны з жаданнем наблізіць падзеі ў горадзе Гюлене да гледачоў, жыхароў Гродна. У першую чаргу гэта адлюстроўваецца ў некаторых зменах тэксту. Так, Іл называе Клару не “мая дзікая кошка” (у Дзюрэнмата), а “маё кацяня”. На першы погляд, такая замена не выглядае абгрунтаванай. Аднак дастаткова лёгка зразумець, што ў сучаснай культуры “маё кацяня” — адна з найбольш распаўсюджаных паміж закаханымі ласкавых мянушак. І такая замена набліжае гісторыю Іла і Цаханасян да сучаснікаў.
Адным з самых выразных момантаў у гэтым сэнсе з’яўляецца фінал спектакля. Сход гюленцаў, на якім выносіцца прысуд Ілу, адбываецца не ў атэлі “Залаты апостал”, а ў гарадскім тэатры. Падчас галасавання адзін з акцёраў звяртаецца непасрэдна да гледачоў як да жыхароў Гюлена, што прыйшлі на сход. Калі адбываецца ўласна забойства Іла, у зале зачыняюцца дзверы і гасне святло. Гэта ўключае гледачоў у прастору дзеяння спектакля, сцірае межы паміж сцэнай і глядзельнай залай і на эмацыянальным узроўні робіць прысутных саўдзельнікамі злачынства.
Рэжысёрскае і сцэнаграфічнае рашэнне вельмі добра спалучаецца з драматургіяй, тонка, але дастаткова адкрыта раскрывае і актуалізуе яе сэнсы для гледача. У спектаклі ў асноўным выкарыстоўваюцца маскі, у якіх дакладна пазнаецца стыль Аляксандра Вахрамеева, ігравы характар набываюць асобныя прадметы. Агромністыя манахромныя белыя з чорным маскі жыхароў Гюлена маюць тыповыя выразы твараў — агідных, ліслівых, здзіўленых, прыніжаных. Гэтыя маскі амаль не пакідаюць твараў акцёраў — за рэдкімі выключэннямі, калі сапраўднае, маральнае прабіваецца праз нізкае ў чалавечай прыродзе. У асобныя моманты знімаюць маскі-абліччы Святар (Аляксандр Рацько) і Настаўнік (Юрый Мянько). Так знімаецца покрыў прыстойнасці з падзей у Гюлене і раскрываецца іх сапраўдная сутнасць. Смешны, “маленькі” чалавечак з вінавата-добрай усмешкай Альфрэд Іл скідвае сваю маску разам з жывёльным страхам смерці. Гатоўнасць несці адказнасць за свае ўчынкі надае яму чалавечае аблічча, увасобленае акцёрам Васілём Прабадзякам.
Адзіная лялька ў спектаклі, што цалкам натуральна, — гэта Клара Цаханасян. Калі ў жыхароў Гюлена ёсць шанс скінуць маску, вярнуць сабе чалавечае аблічча, то Клара Цаханасян гэтага шансу не мае. Яе лялька нагадвае мерцвяка, дзюрэнматаўскі ідал. Тое, што толькі для Клары выкарыстоўваецца лялька, можа быць патлумачана і адносінамі да гэтага персанажа самога Дзюрэнмата, для якога мільярдэрша з’яўляецца гераіняй з самага пачатку. А вось Іл становіцца героем паступова. Смерць ператварае яго ў героя: невыпадкова ў фінале спектакля на сцэне замест акцёра, забітага Альфрэда, застаецца ляжаць лялька. Ролю старой дамы выдатна выконвае Ларыса Мікуліч. Прысутнасць актрысы разам з лялькай не адчуваецца, а голас, падораны Клары Цаханасян, — голас няўмольнага лёсу ці смерці. Цяжка ўявіць больш арганічнае ўвасабленне старой дамы.
Увогуле, у дынамічным, крышачку хуліганскім, крышачку лірычным і страшным спектаклі Ляляўскага гродзенскія акцёры выглядаюць вельмі арганічна. Думаецца, што з цягам часу яны больш адчуюць матэрыял, разняволяцца — і пастаноўка заіграе ўсімі фарбамі.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота аўтара і з сайта Гродзенскага абласнога тэатра лялек.