Замкі і людзі… Што даражэй, што важней для народа, для яго гісторыі? Замкі, якія жывуць стагоддзямі? Або людзі, бег гадоў якіх рэдка перавышае лічбу сто? Замкі, у целе якіх камяні? Або людзі, у целе якіх кроплі? Кроплі вады, кроплі крыві, кроплі гора і радасці…
Але ж кропля ўсё-такі точыць камень.
…Гэтымі днямі ў Мірскім замку праходзіць летні музычны фестываль, які ўжо стаў традыцыйным. Вось няпоўны пералік эстраднікаў, якія радуюць сёння нашы душы: Алёна Ланская, Аляксей Хлястоў, гурты Nuteki, Akute, Neuro Dubel, расійская поп-дзіва Лаліта.
А літаральна праз два тыдні пачне “запальваць” Нясвіжскі замак, дзе з 26 па 28 чэрвеня пройдзе фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. І тут ужо будзе цэлая галерэя высокіх твораў і творцаў. Эдвард Гірдо і Антоній Радзівілы. Калі імя і заслугі Антонія Радзівіла — магната, палітыка, мецэната, кампазітара — шырока вядомыя, то асоба Гірдо апынулася ў фокусе ўвагі даследчыкаў не так даўно. У канцы 90-х у Нацыянальную бібліятэку Беларусі была перададзена частка нотнага архіва Нясвіжскага касцёла Божага Цела. Сярод велізарнага масіву музычных твораў розных аўтараў былі знойдзены рукапісы твораў Эдварда Гірдо. У перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі ён служыў у касцёле арганістам і кіраўніком хору, быў значнай фігурай у музычным жыцці горада і пакінуў пасля сябе мноства надзвычай цікавых твораў рэлігійнага і свецкага характару. Менавіта яго творчасць розных жанраў складзе аснову “Канцэрта харавой музыкі”, які рыхтуе для адкрыцця фестывалю ў Нясвіжы харавы калектыў Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра тэатра народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч.
26 чэрвеня на галоўнай фестывальнай сцэне ва ўнутраным двары замка Радзівіла будуць прадстаўлены спектаклі “Жар-птушка” І.Стравінскага і “Шахеразада” М.Рымскага-Корсакава са спадчыны легендарных “Рускіх сезонаў”.
Новую праграму “Любові нягучныя словы” з удзелам салісткі оперы ўладальніка медаля Францыска Скарыны Таццяны Траццяк і квінтэта “Серэнада” можна будзе пачуць 27 чэрвеня.
Увечары 27 чэрвеня на вялікую сцэну ва ўнутраным двары замка выйдуць героі оперы “Паяцы”.
А 28 чэрвеня ў тэатральнай зале замка Радзівілаў упершыню ў Нясвіжы будуць паказаны дзве прэм’ерныя пастаноўкі тэатра, якія ўбачылі святло рампы ў цяперашнім тэатральным сезоне: “Служанка-спадарыня” і “Капельмайстар” віртуозаў італьянскай камічнай оперы XVIII стагоддзя Джавані Пергалезі і Даменіка Чымароза. Гэтыя кампазітары ўвайшлі ў гісторыю як майстры оперы-буфа — вясёлага музычна-тэатральнага жанру, для якога характэрны невялікі маштаб паказу, рухомасць дзеяння і пацешныя, часта парадыйныя сюжэты.
…Поўняцца музыкай нашы старажытныя адрэстаўрыраваныя замкі. Кайфуюць людзі — хто ад папсы, хто ад рока, а хто ад оперы. Людзі радуюцца ў замках, а замкі радуюцца людзям. Як гэта было і стагоддзі назад. Кропля радасці чалавечай скацілася на цёплы летні камень і грэецца на ім — не точыць…
Замкі і людзі ўмеюць сябраваць.
Людзі не замыкаюць замкі на замкі.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.