Знакі незалежнасці

Заўтра мы будзем святкаваць наша галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Кожная краіна, чый народ лічыць сябе вялікім, лічыць вялікім і гэтае сваё свята. Францыя — 14 ліпеня, калі звычайныя парыжане ўзялі Бастылію, непрыступную крэпасць, у якой кароль хаваў сваіх непрыяцеляў. Нямеччына — 3 кастрычніка, бо менавіта 3 кастрычніка 1990 года Федэратыўная Рэспубліка Германія прыняла з душой сваіх усходніх суседзяў. Амерыканцы — 4 ліпеня, бо менавіта ў гэты дзень у 1776 годзе Кангрэс ЗША ухваліў Дэкларацыю незалежнасці (Declaration of Independence), якую падпісалі прэзідэнт Другога Кантынентальнага кангрэса Джон Хэнкак і сакратар Кантынентальнага кангрэса Чарльз Томсан.


У нас таксама свая гісторыя з Днём незалежнасці, і гэтая гісторыя больш гераічная, чым згаданыя вышэй. 3 ліпеня 1944 года Мінск канчаткова вызвалілі ад захопнікаў — мы перамаглі ў той страшнай вайне.

Перамаглі мае дзяды, партрэты якіх дома выстаўлены за шклом у кніжнай шафе.

Перамаглі мае бацькі, якія засталіся жывымі.

Перамог і я, які сёння святкую Дзень незалежнасці менавіта ў гэты дзень, а ні ў які іншы. Я не жыў бы проста сёння, калі б не было 3 ліпеня 1944 года…

А чаму ў назве гэтых нататак я згадваю пра знакі? Сёння свядомасць людзей, як кажуць філосафы, так званая знакавая, эмблематычная. Для кагосьці гэта знак Coca-Cola, для кагосьці — яго любімы Apple, для некага, як для майго сябра, — Levi’s на прыгожых джынсах…


Але ёсць яшчэ знакі высокай меркі. Я якраз пра іх.

У маёй знакавай свядомасці ў сувязі з Днём незалежнасці ёсць тры такія месцы: плошча Перамогі ў родным Мінску, Курган Славы ў Смалявіцкім раёне і… карціна Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года”.

З плошчай Перамогі і наогул праспектам Незалежнасці ў мяне братэрскія, нават палюбоўныя адносіны. Амаль кожны дзень хаджу па нашым праспекце, праз дзень бываю на плошчы Перамогі.

Да Кургана Славы, адкуль у свой час пачалася разгромная для фашыстаў і геніяльная па сваёй сутнасці аперацыя “Баграціён”, адносіны як да святыні. Безумоўна, быў там. Дый не раз. А праязджаю міма яго па маскоўскай трасе наогул дастаткова часта. Заўсёды пільна ўзіраюся ў гэты велічны помнік.


З карцінай Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года” адносіны асаблівыя. Памятаю, як браў інтэрв’ю ў Сяргея Волкава — унука Валянціна Волкава, аўтара той карціны. Вось невялікая, але, здецца, красамоўная вытрымка з таго інтэрв’ю: “Канечне, я гэтую карціну ведаю на памяць, бачыў мільёны разоў. Але скажу вось пра такі, магчыма, нават зусім не галоўны аспект. Калі ў 2005 годзе палатно ўпершыню за 25 гадоў вынеслі з запаснікаў, працёрлі высакаякасным растваральнікам, яно заззяла такімі яркімі фарбамі! Высветлілася, што не патрэбна было ніякай рэстаўрацыі, як запэўнівалі некаторыя чыноўнікі…”

Пасля таго інтэрв’ю я прыйшоў дахаты і доўга ўзіраўся ў рэпрадукцыю карціны “Мінск 3 ліпеня 1944 года”…

Глядзеў асабліва доўга на хлопчыка, які бяжыць да савецкага танка.

Гадаў, хто гэта.

Мой бацька?

Я сам?

…Ці мой унук?

Мікола ЧЭМЕР.