Ахоўваюць анёлы нас ад бед…

За апошнія гады гэта стала ўжо добрай традыцыяй, што ў кабінеце-музеі беларускай народнай культуры на філалагічным факультэце БДУ ў перадвелікодныя дні намаганнямі грамадскай арганізацыі “Саюз жанчын БДУ” ладзяцца выставы, прысвечаныя аднаму з самых галоўных хрысціянскіх свят — Вялікадню. Гэтыя экспазіцыі былі розныя, расказвалі пра велікодныя яйкі, абразы, паштоўкі, крыжы, выкананыя ў незвычайных тэхніках. А гэтым разам выстава “Ахоўваюць анёлы нас ад бед…” атрымалася, напэўна, самай неардынарнай. На ёй прадстаўлена больш за 50 фігурак анёлаў з 12 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Аўстрыі, Кітая і інш. Зробленыя з розных матэрыялаў — ад фарфору і шкла да тэкстылю і саломы. Набытыя ў сувенірных крамах і атрыманыя ў якасці падарункаў ад блізкіх і знаёмых. Адпушчаныя на час правядзення выставы з уласных сэрцаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта…

Загадчык кабінета-музея беларускай народнай культуры, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэорыі літаратуры БДУ Ірына Валер’еўна Казакова з любоўю праводзіць экскурсію па велікоднай “анёльскай” экспазіцыі. “Ядром нашай выставы, безумоўна, з’яўляецца калекцыя, сабраная намеснікам дырэктара Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Алай Вячаславаўнай Буцінай, — гаворыць Ірына Валер’еўна. — Яна назбірала ўжо не адзін дзясятак такіх фігурак. І неяк я запыталася ў яе: “Ала, а ўсё ж чаму ты пачала збіраць анёлаў?” І пачула ў адказ: “А я не збіраю іх. Яны самі прыходзяць да мяне. Адна сяброўка аднойчы падарыла мне анёла, затым — другая, трэцяя… А потым я зразумела, што анёлы самі мяне знаходзяць. Зайду ў якую сувенірную ці царкоўную краму — і вочы адразу выхопліваюць з антуражу анёлка. Ці з кніжкай, ці з музычным інструментам, ці з ружай… І ўсе мае сяброўкі ўжо даўно ведаюць, што мне дарыць на святы”.

“А вось анёлак з калекцыі супрацоўніка цэнтра тэхнічай падтрымкі філалагічнага факультэта БДУ Наталлі Юр’еўны Гусевай, — паказвае Ірына Валер’еўна на фігурку анёла, вырабленую з саломы. — Яна нагледзела і набыла яе, калі вандравала з дачкой па Беларусі”.

“А вось гэты — са збору загадчыцы кафедры класічнай філалогіі БДУ Вольгі Генрыхаўны Пракапчук, — працягвае І.В.Казакова. — Яго зрабіла з макрамэ родная цётка Вольгі Генрыхаўны. І, дарэчы, ён каталіцкі”.


Нарэшце, Ірына Валер’еўна падыходзіць да самага кута стала, на якім разгарнулася экспазіцыя, і бярэ ў рукі анёла, які спіць. І кажа, што гэты анёлак з яе ўласнай калекцыі, набыты ён у Варшаве і падарыў яго ёй падчас першай рамантычнай вандроўкі яе муж. “Гэты анёлак — пачатак нашага кахання. Ён нас ахоўвае. Увогуле, анёлы, якія спяць, гэта, можа быць, тое добрае і светлае, што спіць у нашых душах, але прачынаецца і саграецца цяплом іншых людзей”.


Ірына Валер’еўна можа бясконца расказваць пра анёлаў. Пра тое, напрыклад, што хоць гэта істоты бесцялесныя і бясполыя, але маюць і волю, і розум, і сваё адчуванне жыцця, а для нас, людзей, з’яўляюцца пасланнікамі Божай волі, як бы такімі транслятарамі яе. Калі яны бачаць, што чалавек, нават зрабіўшы дрэнны ўчынак, мае сілы ў сабе раскаяцца, папрасіць прабачэння ў таго, каго ён пакрыўдзіў, анёл радуецца. І менавіта таму часцей за ўсё мы бачым анёлаў з усмешкамі на тварах.

Або пра тое, што анёлы ёсць ва ўсіх рэлігіях свету, але ў ісламе, напрыклад, лічыцца, што анёлаў могуць бачыць толькі прарокі, а ў хрысціянстве кожны чалавек можа ўбачыць свайго анёла або ўявіць яго ці прысніць.


Дарэчы, экспазіцыя выставы “Ахоўваюць анёлы нас ад бед…” мае асобныя тэматычныя раздзелы. У адным мы бачым анёлаў з кнігамі (відавочна, гэта ахоўнікі тых людзей, якія маюць справу з кнігай, — філолагаў, настаўнікаў, бібліятэкараў), яшчэ ў адным — з музычнымі інструментамі (ахоўнікі музыкантаў і ўсіх, хто сілкуецца музычнай гармоніяй космасу). Асобна прадстаўлены анёлы з ружамі і сэрцам — гэта анёлы закаханых, іх добра дарыць, напрыклад, на Дзень Святога Валянціна. Ёсць анёлкі-дзеткі — такія шалапутлівыя, з мілымі, добрымі тварыкамі. Ёсць анёл, які вядзе за руку дзіця-анёлка і ахоўвае яго…

“Гэта ўсё якраз таму, што людзі ўяўляюць анёлаў у адпаведнасці са сваім жыццём і самымі рознымі яго кантэкстамі, — тлумачыць Ірына Валер’еўна. — Кожнаму з нас, сапраўды, хочацца мець свайго анёла-ахоўніка, хочацца думаць, што ён возьме нас за руку і адвядзе ад бяды. Павядзе толькі да святла і дабра”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.