27 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава твораў вядомага мастака-жывапісца выкладчыка выяўленчага мастацтва Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Аляксея Панцюка-Жукоўскага “Мелодыя стагоддзяў”.
У экспазіцыі прадстаўлена каля паўсотні работ, створаных мастаком у розныя гады яго творчасці: самастойныя творы перыяду студэнцтва, палотны, напісаныя ў 80—90-я гады, нарэшце, работы, народжаныя ў нашым стагоддзі, напоўненыя трывожнымі філасофскімі развагамі пра сэнс чалавечага жыцця, лёс бацькаўшчыны і нацыянальнай спадчыны, узаемадачыненне гісторыі і сучаснасці… Бульба, лён, сена, лес, неба, дарога, парог, абрус, куфар — вось далёка не поўны пералік знакавых для Аляксея Панцюка-Жукоўскага мастацкіх “топасаў”. І варта заўважыць, што на працягу сваёй саракагадовай творчасці мастак ніколі не здрадзіў гэтым абярэгам. Заўзятыя наведвальнікі вернісажаў са мной пагодзяцца: сёння рэдка калі можна НЕ ЎБАЧЫЦЬ на выставе жывапісца-рэаліста НІВОДНАГА гарадскога пейзажа. Мастакі нараджаюцца ў правінцыі, а паміраюць у Парыжы, як сказаў нейкі француз. Аляксея Панцюка-Жукоўскага, ураджэнца вёскі Бабунічы Петрыкаўскага раёна, сапраўднага палешука, гэта тычыцца ў самай непасрэднай ступені.
Ці шчаслівы ён як чалавек і творца, што назаўжды душой застаўся на сваім Палессі, абраўшы сабе не надта пачэсную сёння дарогу мастака-рэаліста? Што хоча ён сказаць сваёй творчасцю? Што гаворыць сваім навучэнцам у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, дзе нязменна працуе ўжо больш за тры дзесяцігоддзі?
На вернісажы мастак сам адказаў на гэтыя пытанні: “Ёсць моднае, а ёсць вечнае… Мода прыходзіць і сыходзіць, а на змену ёй прыходзіць новая мода. А вечнае застаецца па-за модай праз гады. Гнацца, нібы той матылёк, за модай, каб толькі сёння паглядзелі на цябе? І каб нават твае дзеці, не кажучы ўжо пра ўнукаў, забыліся, што ты жыў на гэтай зямлі? Хіба ж гэта жыццё? Навошта тады жыць? Матылёк — гэта, канечне, прыгожае стварэнне. І жыццё яго можа каму-небудзь падацца прыгожым. А ў чалавека жыццё — складанае. Таму што Бог даў чалавеку душу і розум, таму што Бог пасяліў чалавека ў вечнасць. Кожны выбірае сваю дарогу і ношу па сіле сваёй. Я выбраў такі свой шлях. Тое, што вы бачыце тут на выставе, — гэта мары таго палескага хлапчука-падлетка, які ўзносіўся ў сваіх думках да бялюткіх аблокаў у бясконцым блакіце над маленькай палескай вёсачкай, над невялічкай рачулкай, над роднай матчынай хатай, над тым, што мы называем Радзімай. Гэта маё жыццё, гэта мой лёс, гэта мой крыж, які я нясу…”
Мастаку хочацца дакрануцца да вечнага.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.