Горад і час

На першы погляд, гэта несумяшчальныя рэчы. Горад ужо стагоддзі стаіць на сваім месцы — непарушна і заўзята. А час — хуткацечны. Станьце на якой-небудзь станцыі метро — вы не адчуеце горад. Вы адчуеце толькі час: людзі бягуць некуды, спяшаюцца і зусім забываюцца, што за спінай у іх — тысячагадовы горад, які трэба павіншаваць з днём нараджэння. Але як толькі яны выходзяць з метро — яны выхо­дзяць у горад. Яны цалуюцца з яго тратуарам і плошчамі, яны вітаюцца з яго супермаркетамі, яны кажуць “здароў” дзядзьку Якубу на плошчы Якуба Коласа і Феліксу Дзяржынскаму на плошчы Фелікса…

Гэта наш горад. Дзе б хто ні нара­дзіўся, гэта наш горад, бо Мінск — гэта наша сталіца. Павіншуйце заўтра яго з днём нараджэння! Яму споўніцца 952 гады!

Нас — 2 мільёны. Такіх не бывае і цэлых краін. Але мы сябруем, яднаемся адно з адным, спрычыняемся, бо мы — беларусы.

Мы гатовы аддаваць, а не забіраць. Мы хочам любіць, а не ненавідзець. Мы заўсёды рыхтуемся не да вайны, а да міру. Вайны нам ужо хапіла.

А надоечы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася мастацкая выстава Вадзіма Качана “Горад і час”. Нашаму выбітнаму фатографу ўдалося паяднаць, здаецца, не паяднанае — горад і час.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.