І Шагал у “Вулей” хадзіў!

Гэтымі днямі ў сталічным Палацы мастацтва працуе выстава мастацкіх работ выхаванцаў арт-цэнтра “Вулей” (Смілавічы). Заходзіш у палац — і адразу, яшчэ ў фае на першым паверсе, акунаешся ў яркі і разнастайны свет дзіцячай творчасці. Тут табе і кветкі, і вясёлыя коні… Але тут жа і царква Георгія Перамаганосца ў Смілавічах, і руіны замка… Ну сапраўды вельмі разнастайны гэты свет, якім жывуць выхаванцы “Вулея”! І можна нават сказаць — гэта канцэптуальны мастацкі свет.

На выставе прадстаўлена 28 работ, выкананых у тэхніцы халоднага батыка і акварэлі. Свае творы прадставілі 12 юных аўтараў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. У гэтых дзяцей, якія правучыліся ў “Вулеі” яшчэ толькі год, ужо нямала перамог у розных творчых конкурсах — міжнароднага ўзроўню (17 дыпломаў), рэспубліканскага (17), абласнога (27).

Аднойчы мы ўжо крыху пісалі пра гэты арт-цэнтр, створаны па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Белгазпрамбанка на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч. Аўтар гэтых радкоў тады ездзіў непасрэдна ў Смілавічы, каб пазнаёміцца з тамтэйшай сістэмай работы з дзецьмі, з тамтэйшымі выкладчыкамі. Нагадаю, што дзейнасць арт-цэнтра цесна звязана з музеем “Прастора Хаіма Суціна”, які працуе тут жа, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Музей прысвечаны жыццю і творчасці ўраджэнцаў Смілавіч мастакоў знакамітай Парыжскай школы Хаіму Суціну і Шрагу Царфіну. І, такім чынам, дзеткі, якія займаюцца ў “Вулеі”, як бы адразу аказваюцца пагружанымі ў свет высокага дарослага мастацтва. Яны не толькі днямі “прападаюць” у гэтым “сваім” музеі, але актыўна падарожнічаюць разам са сваімі выкладчыкамі па Беларусі, наведваючы музеі і галерэі, рэгулярна сустракаюцца з вядомымі беларускімі мастакамі і скульптарамі, слухаюць лекцыі прафесіяналаў ад мастацтва. Ім, дванаццацігадовым і трынаццацігадовым хлопчыкам і дзяўчынкам, ужо добра вядомы такія з’явы, як перформанс, інсталяцыя, графіці, каліграфія і г.д. Яны ўжо зараз, з юных сваіх гадоў, пачынаюць разумець, што мастацтва — гэта не толькі інтуітыўнае маханне пэндзлем, але і адмысловае мысленне, імкненне знайсці сваю канцэпцыю і разам з ім сваё месца ў такім заблытаным сённяшнім мастацкім свеце.


А чаму арт-цэнтр называецца “Вулей”, зусім няцяжка здагадацца: у знакамітым парыжскім “Вулеі”, камуне, створанай у пачатку ХХ стагоддзя мецэнатам і скульптарам-аматарам Альфрэдам Бушэ, жылі і працавалі ўраджэнцы Смілавіч Хаім Суцін і Шрага Царфін. Але не толькі яны, але і Лежэ, Крэмень, Мадыльяні… А яшчэ — Марк Шагал, 130-годдзе якога мы адзначаем гэтымі днямі.

І Шагал у “Вулей” хадзіў! І жыў у вулеі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.