І вернецца падзяка добрай весткай

У канцы сакавіка ў рамках рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Беларускае мастацтва і дзеці” на базе Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў адкрыты міжрэгіянальны майстар-клас педагогаў дадатковай адукацыі Магілёўскай вобласці па тэме “Абрадавая атрыбутыка і народная лялька ў святочнай культуры беларусаў”. У майстар-класе прынялі ўдзел педагогі з Магілёва, Крычава, Чэрыкава, Касцюковіч, Хоцімска і Клімавіч.


Сваім прафесійным вопытам перад удзельнікамі майстар-класа падзялілася педагог дадатковай адукацыі Алена Маслава, якая з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Беларуская лялька”. У сваёй дзейнасці Алена Барысаўна надае вялікае значэнне вывучэнню гісторыі і культуры беларускага народа. Яе навучэнцы вядуць даследчую дзейнасць: наведваюць краязнаўчы музей, запісваюць успаміны сваіх прабабуль і бабуль, старых жыхароў Клімаўшчыны, вывучаюць літаратуру па народнай ляльцы.

Дзяцей і педагога, сапраўды, вельмі захапляе гэты культавы прадмет народнай культуры. Гэта самая старажытная і найбольш папулярная цацка ў дзяцей, атрыбут і абярэг хатняга ачага і побыту. Лялька з’яўляецца сімвалам здароўя, дабрабыту і багацця. Вынікам працы навучэнцаў стаў удзел у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу праектна-даследчых работ “Выхаванне на аснове традыцый беларускага народа. Беларуская народная цацка” ў намінацыі “Традыцыйная лялька”. Яны былі ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Таму на клімавіцкай зямлі і віталі ўдзельнікаў рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Беларускае мастацтва і дзеці”. Тэма майстар-класа гучала як “Выраб лялькі “Божая ласка”.

Лялька “Божая ласка” робіцца ў падарунак на свята Дабравешчання (7 красавіка), у знак падзякі за нешта. Тады падзяка вернецца да цябе добрай весткай. “Спачатку дай, потым прасі”. Адначасова гэтая лялька ахоўвае дзяцей ад страхаў. Дарылася са словамі “Ніколі не сумуй і рук не апускай” і павінна была засцерагаць свайго гаспадара ад бед і пошасцей. Гэтая лялька насамрэч валодае незвычайнай сілай, яна заўсёды яркая, вясёлая, радасная. Робіцца на рагаціне з бярозы або рабіны, таму што гэтыя дрэвы лічацца ў беларусаў засцерагальнымі.

Падчас майстар-класа навучэнцамі аб’яднання “Беларуская лялька” быў прадстаўлены фрагмент святкавання Дабравешчання. За аснову былі ўзяты звычаі і традыцыі, якія існавалі на Клімаўшчыне.

Таксама былі прадстаўлены адукацыйныя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах “Спадчына” і “Беларуская лялька”, канспекты адкрытых вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, сцэнарныя распрацоўкі народных свят і абрадаў, навуковая і метадычная літаратура і, безумоўна ж, калекцыя народных лялек.

Усе ўдзельнікі майстар-класа пераканаліся, што старажытнае мастацтва стварэння народных абрадавых лялек жыве да гэтага часу. Людзі вераць у значнасць лялек і спадзяюцца, што яны прынясуць ім поспех і спакой. А этнакультурнае выхаванне на аснове народных традыцый і звычаяў стане адным з эфектыўных сродкаў фарміравання нацыянальнай культуры навучэнцаў ва ўмовах дадатковай адукацыі. Дый яно ўжо ім ёсць!

Наталля РАБЦАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.