У сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе выстава “Адлюстраванне часу. Алесь Квяткоўскі і вучні-архітэктары БНТУ”, прымеркаваная да Дня настаўніка і дня нараджэння выдатнага мастака-педагога легендарнага кіраўніка студыі пры Палацы піянераў і школьнікаў у Мінску Сяргея Пятровіча Каткова. Гэтыя два дні сёлета супалі 1 кастрычніка.
Вядомы мастак, сябар Саюза мастакоў Беларусі, выкладчык БНТУ Алесь Квяткоўскі, як і многія з кагорты сённяшніх паспяховых творцаў, таксама ў свой час хадзіў у студыю да Сяргея Пятровіча Каткова ў сталічны Палац піянераў і школьнікаў (сённяшні Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі), вучыўся ў яго малюнку, кампазіцыі, жывапісу, але, мабыць, не толькі гэтым мастацкім дысцыплінам, а яшчэ і ўнікальнаму ўменню Сяргея Пятровіча ладзіць са сваімі вучнямі, ненавязліва выхоўваць іх эстэтычны густ, угадваць іх патаемныя творчыя жаданні і сілкаваць іх душэўны агонь, падсвядома ўсмоктваў педагагічны вопыт свайго настаўніка, які потым прыдаўся ў дарослым жыцці. Бо і сам пасля заканчэння Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве (сённяшні мастацкі каледж імя І.В.Ахрэмчыка) і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сённяшняя Акадэмія мастацтваў), вечна прагны да новых уражанняў і адкрыццяў, не адклаў убок уласны мальберт, але і з не меншай жарсцю захапіўся педагагічнай дзейнасцю. Як аказалася, на ўсё жыццё: 25 гадоў Алесь Адамавіч кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва “Квецень”, якая доўгі час насіла ганаровае званне “народная”, уваходзіў у камісію па эстэтычным выхаванні Саюза мастакоў БССР, працаваў у камісіі па эстэтычным выхаванні СССР, неаднаразова быў сябрам міжнароднага журы выставы “Я вижу мир” пад патранажам усесаюзнай газеты “Пионерская правда”, удзельнічаў у шматлікіх творча-педагагічных канферэнцыях у Мінску, Маскве, Кіеве, Вільнюсе, Уладзікаўказе, Тбілісі, Ерэване, Кішынёве… А з 2006 года паспяхова працуе на кафедры “Малюнак, акварэль і скульптура” архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
У цэнтральнай зале галерэі “Універсітэт культуры” Алесь Квяткоўскі прадставіў серыю кампазіцыйных партрэтаў духоўна блізкіх яму герояў айчыннай культуры, сярод якіх Кузьма Чорны, Канстанцыя Буйло, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Вітаўт Чаропка, Кастусь Тарасаў, Анатоль Сыс і іншыя, а таксама шэраг абагульненых жывапісных твораў — прызнанняў роднай зямлі і яе людзям. Кожны твор тут — ці нейкая канкрэтная гісторыя, ці патаемная мроя, навеяная мастаку яго непаўторным бачаннем і адчуваннем гісторыі, сучаснасці і самога часу.
А ў трох меншых залах размясціліся творы вучняў Алеся Квяткоўскага, выпускнікоў і сённяшніх студэнтаў архітэктурнага факультэта БНТУ: ужо сфарміраваных па светапоглядзе і творчай манеры Ірыны Броўкі, Яўгена Чахунова, Наталлі Прахарэнкавай, а таксама Юліі Галіцкай, Дар’і Савянок, Марыі Мядзелец, Уладзіслава Кусянкова, якія сёння, магчыма, яшчэ толькі шукаюць сябе ў мастацтве і… шчасліва знаходзяць, натхняючыся сярод іншага і захапляльнымі пленэрамі на Валожыншчыну, Капыльшчыну, Ваўкавышчыну, куды выязджаюць па ініцыятыве свайго неўтаймоўнага настаўніка.
Калега Алеся Квяткоўскага прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч вельмі трапна заўважыў на вернісажы: “Звычайна мастакі працуюць спантанна, інтуітыўна. Калі ж яны рыхтуюць свае выставы, асабліва персанальныя ці выставы сваіх твораў і сваіх вучняў, яны імкнуцца прыйсці да нейкай уніфікацыі ў плане памераў твораў, каларыту, стылістыкі і г.д. Каб агульная экспазіцыя выглядала ўзнёсла, каб яна была цэльнай у вачах гледачоў… А тут мы бачым рабочы стан. І для мяне гэты рабочы стан — самая мілая справа! Калі мастак нічога ні ад каго не хавае, калі ён цалкам раскрываецца перад гледачом… І пры ўсёй сваёй разнастайнасці гэтая экспазіцыя цэльная менавіта самой асобай таленавітага мастака, вакол якога з’ядналіся яго таленавітыя вучні”.
Адчуванне часу, рабочы стан… Рабочы стан як адчуванне часу. Як усё-такі гэта здорава! Бо жыць, калі ўсяго ўжо дасягнуў і нічога не хочацца, неяк сумна і нецікава. Бо жыць, калі нічога не дасягнуў і нічога не хочацца, гэтак моташна. А жыць, не азіраючыся на поспехі, не адчайваючыся з-за памылак, намацваючы будучыя адкрыцці, быць у рабочым стане штодня, штоміг… Увесь час адчуваючы гэты час… Гэта шчасце. Для мастака. Для настаўніка. Для вучняў. Для любога чалавека.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.