Днямі ў сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” адкрыўся міжнародны арт-праект “Цвіценне”, прымеркаваны да Дня абароны дзяцей. Праект сабраў работы дзяцей і падлеткаў з Беларусі і Расіі. Ад нашай краіны гэта навучэнцы мінскай мастацкай студыі “Зебрык”, а ад Расіі — мастацкай студыі “Аловак” (Колтушы) і мастацкага ліцэя № 1 (Петразаводск).
Усіх іх натхніць, па задуме арганізатараў, павінна была творчасць Сальвадора Далі, а калі дакладней, сваімі творамі яны павінны былі адказаць на вельмі сюррэалістычнае пытанне ў духу Далі: “А што, уласна кажучы, можа расцвісці такога, што расцвісці не можа ў прынцыпе?”
Вось і “расцвітаюць” у творах удзельнікаў праекта металічныя замкі, крэслы, прасы, электрычныя лямпачкі і іншыя, зусім не прыдатныя для расцвітання прадметы. Але, безумоўна, над усім гэтым мастацкім сюррэалістычным цвіценнем стаіць метафара — расцвітаць павінны найперш мы самі, каб радавацца жыццю самім, каб радаваць іншых людзей, каб цвіценне, а не завяданне панавала ў нашым свеце.
Лета пачалося, квітнеем…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.