Скрозь абрысы старога Віцебска…

Адзін з найважнейшых у сучаснай культурна-адукацыйнай прасторы рэспублікі аб’ектаў пачаў работу: музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча прымае наведвальнікаў.

Дом-артэфакт

На першы погляд, звонку будынак па вуліцы Марка Шагала, 5а не ўяўляе сабой нечага незвычайнага: дыхтоўная старая двухпавярховая сядзіба, рэканструяваная ў нашы дні. Калісьці яна належала вядомаму банкіру і купцу Ізраілю Вішняку, а сёння прызнана помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя з прысваеннем другой катэгорыі. Мясцовыя старажылы могуць прыпомніць, што тут размяшчалася ведамасная сталовая. Цікаўныя і дасведчаныя ў краязнаўстве дададуць: раней, у розныя перыяды — дзіцячы дом, жылыя кватэры і самыя вялікія ў свеце вылічальныя машыны савецкай вытворчасці. Доўгі час для большасці жыхароў і гасцей Віцебска гэта быў досыць ардынарны элемент гарадскога пейзажу. Разам з тым да яго была прыцягнута пільная ўвага людзей з усяго свету, ён раз за разам станавіўся героем грунтоўных навуковых даследаванняў, замежных тэлеперадач. Напрыклад, у 70-я гады аб ім расказвала французскае тэлебачанне. У 90-я віцебская інтэлігенцыя ўголас загаварыла аб доме як гісторыка-культурнай каштоўнасці нацыянальнага і сусветнага маштабу.

У канцы 2011 года будынак перайшоў з рэспубліканскай у гарадскую камунальную ўласнасць і быў перададзены Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва. На рэканструкцыю, рэстаўрацыю, абсталяванне былой банкірскай сядзібы за апошнія чатыры гады толькі з гарадскога і абласнога бюджэтаў было накіравана каля 3,55 млн рублёў. І нарэшце спраўдзілася. Беларусь атрымала музей, узровень якога складана супаставіць з іншымі: аналагаў на дадзены момант не існуе.

Значэнне адкрыцця пераацаніць цяжка. Віцебскае народнае мастацкае вучылішча — першая падобная ўстанова на тэрыторыі нашай краіны. У 1918 годзе загадам упаўнаважанага калегіі па справах мастацтваў Віцебскай губерніі і прыватны асабняк быў нацыяналізаваны і перададзены вучылішчу, якое праіснавала тут да 1923 года. Але галоўнае: гэта знакавая культурная падзея, таму што ініцыятыўным упаўнаважаным быў знакаміты Марк Шагал, поруч з якім працавалі (прычым большасць выкладчыкаў жыла ў будынку вучылішча) яго калегі з шырока вядомымі сёння імёнамі — Казімір Малевіч, Лазар Лісіцкі, Вера Ермалаева, Ілля Чашнікаў, Мсціслаў Дабужынскі, Ніна Коган, Давід Якерсон, Ян Тыльберг, Мікалай Суэцін, Юрый Пэн, Іван Пуні, Ксенія Багуслаўская, Аляксандр Ром.

На працягу пяці гадоў у Віцебску адбыліся падзеі, якія карэнным чынам паўплывалі на сусветную культуру — не толькі жывапіс, але і архітэктуру, музыку, паэзію, дызайн, у першую чаргу кніжны. Па словах заснавальніка Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Валянціны Кірылавай, грамадствам была запатрабавана крэатыўнасць, само жыццё патрабавала інавацый, і гэтыя інавацыі былі падрыхтаваны, таму што быў дадзены пачатак новай эстэтыцы. Супрэматызм з плоскасці выйшаў у аб’ём, мастацтва з май-стэрань, залаў і галерэй выплюхнулася на вуліцы (па горадзе ў той час хадзілі трамваі, упрыгожаныя арыгіналамі М.Шагала і К.Малевіча). Сцены былога вучылішча памятаюць нараджэнне і першыя крокі легендарнага УНОВИСа — правобраза ўсіх наступных творчых аб’яднанняў перыяду Савецкага Саюза і сучаснасці. Аддзяленні УНОВИСа потым адкрыліся ў Смаленску, Маскве, Пермі, Арэнбургу, Саратаве, Самары, Екацярынбургу, Адэсе. У Віцебску Казімір Малевіч напісаў усе свае вызначальныя навуковыя праграмныя творы, звязаныя з тэорыяй супрэматызму. Фактычна тут нарадзілася сучаснае мастацтва.

Музей-экспанат

Здаецца, напачатку я назвала будынак звычайным? Вонкавае ўражанне падманлівае. Мінаем цокальны паверх… Хаця не, адразу спыняемся перад вялікай фотапанарамай Пракудзіна-Горскага з выявамі горада 1912 года, на якой асобна выдзелена новабудоўля — будучы дом Вішняка. Госці паўночнай сталіцы, а тым больш віцябляне рэдка пазбягаюць спакусы: як не паспрабаваць суаднесці абліччы мінулага і знаёмага? Накладанне рэальнасцей, гісторыі і сучаснасці, розных дзесяцігоддзяў — мова, якой пачынае гаварыць з намі музей-артэфакт. Скрозь абрысы старога Віцебска бачыцца стрыманая, самаўпэўненая раскоша банкірскай сядзібы, а ўжо праз імгненне тваёй увагай поўнасцю авалодваюць супрэматычныя выявы — і раптам ажываюць фантазіі творцаў, якія працавалі тут калісьці, увасабляюцца ў высокатэхналагічным інтэрактыве, а далей ён жа вяртае наведвальнікаў у рэальнасць, але тую, што існавала стагоддзе назад, раней, праз гады, і толькі потым — у нашы дні.

Рэканструкцыя і рэстаўрацыя праводзіліся ў адпаведнасці з планам, датаваным 1923 годам. Унутры будынка рэканструкцыя дазволіла максімальна наблізіцца да таго ж перыяду. Дом аднаўлялі паводле архіўных дакументаў, якія дайшлі да нашага часу. Прыгожая белая лесвіца, дзверы-парталы, лепка, элементы столевага дэкору, ванны ў стылі ампір, захаваны фрагмент ацалелага паркету, нават дызайн шпалер паўтарае тое, што можна пабачыць на старых фотаздымках. Асобна лакалізаваны месцы, дзе былі зроблены фота знакамітых дзеячаў мастацтва. У зале, прысвечанай Віцебску, падарожнікаў па часе і прасторы сустракаюць гарадскія пейзажы на сценах і стылізаваная тумба, абклееная афішамі, газетамі 20-х гадоў. Асобныя з іх пераліваюцца знаёмым кожнаму карыстальніку ІТ-тэхнікі мяккім святлом: гэта сэнсарныя экраны, прычым відэакантэнт тэматычных інфакіёскаў з дапамогай праектара можа быць выведзены на сцены. Як, дарэчы, і ў іншых залах.

Музейны інтэрактыў настолькі ўдала маскіруецца пад звыклыя прадметы побыту, што часам цяжка ўтрымацца ад аналогій з казачнымі матывамі і гэтак жа цяжка размежаваць, дзе казка пераходзіць у футурыстычную фантазію, міфалагічнае — у рэальнасць сучасных тэхналогій. Люстэрка, што знаходзіцца ў зале Марка Шагала, многія пазнаюць, дзякуючы фільму Аляксандра Міты “Шагал — Малевіч”. Як належыць, яно паслухмяна дэманструе абліччы наведвальнікаў у музейным інтэр’еры, але здольнае раптам “прачнуцца”, расказаць і паказаць шмат цікавага пра Майстра, яго эпоху, творчасць. Дый сам мастак пад настрой нібыта можа зірнуць з таямнічага залюстаркоўя ды ўступіць у “размову” з госцем.

Хол першага паверха нярэдка называюць сэрцам дома-музея: здаецца, каб пачуць рэха бурных калектыўных дыскусій, варта толькі ўважліва ўслухацца, таму што менавіта тут збіраліся разам, вывешвалі, абмяркоўвалі свае работы выкладчыкі вучылішча і іх вучні. Мультымедыя, між тым, увасабляе погляд у рэальнасць, асабліва калі “ажывае” вялікая шкляная сцяна на другім паверсе — таксама эксклюзіўны ІТ-прадукт. Эстэтыка эпохі нараджэння новага мастацтва акцэнтавана сугуччам выразных дэталей — ад фігур па малюнках Давіда Якерсона да рэплікі рэвалюцыйнага плаката Лазара Лісіцкага “Клінам чырвоным бі белых” на падлозе з паліраванага граніту.

У зале Казіміра Малевіча, на першы погляд, самы просты інтэр’ер: стол, белыя сцены, агульнавядомы чорны квадрат. Ды толькі калі знаёмішся з экспазіцыяй бліжэй, разумееш, што яна, напэўна, прыйшлася б даспадобы самаму знакамітаму містыфікатару. Стол у інтэрактыўным рэжыме ператвараецца ў вялізны планшэт. А пры выключаным святле відно, што і сцены зусім не такія, якімі бачыліся імгненне назад, — на іх з’яўляюцца малюнкі, фрагменты дакументаў, рукапісных тэкстаў тэарэтыка супрэматызму.

Зрэшты, раскрываць усе сакрэты будзе няправільна. Спынімся на тым, што наведвальнікаў чакае мноства нестандартных рашэнняў, цікавых сюрпрызаў і адкрыццяў. А вось чаго практычна няма — гэта экспанатаў у звыклым іх разуменні, арыгіналаў славутых авангардыстаў і строгіх папярэджанняў “Рукамі не чапаць!”. Музей адносіцца да інтэрактыўных, галоўная каштоўнасць, найважнейшы і непадзельны экспанат — дом.

Кропка адліку

Тым не менш канцэпцыя музея не выключае дэманстрацыі каштоўных экспанатаў. Для гэтага прадугледжана выдатная выставачная зала з сучаснымі сістэмамі клімат-кантролю, асвятлення і вентыляцыі. На думку дырэктара Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэя Духоўнікава, з адкрыццём музея ўсё толькі пачынаецца. Увасоблена мэта — стварэнне музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якога стануць інфармацыйны, навукова-даследчы і культурна-асветніцкі. Менавіта інтэрактыўны фармат дазваляе найбольш эфектыўна акумуляваць, сістэматызаваць, выкарыстоўваць новую інфармацыю, пастаянна ўдасканальваць экспазіцыю і разам з тым адпавядаць патрабаванням часу, асвойваць перадавыя тэхналогіі.

“У музеі выбудавана сістэма, дзе адукацыйны кампанент — адзін з галоўных прыярытэтаў, — расказаў Андрэй Духоўнікаў. — І, безумоўна, нашым галоўным памочнікам у гэтым сэнсе будзе мультымедыя. Яно павінна быць недакучлівым, цікавым і дарослым, і дзецям”.

Новай кропкай адліку гісторыі абласнога цэнтра назваў адкрыццё музея мэр Віцебска Віктар Нікалайкін. Ён выказаў упэўненасць, што ўстанова будзе працаваць на імідж горада: “Я тут злавіў сябе на думцы, што сюды хочацца вярнуцца. Мне здаецца, у музеі будзе цікава ўсім — глядзець, вывучаць, здзіўляцца, маляваць. Стагоддзе назад у Віцебску здзяйснялася вялікая справа. Мы вярнулі гэтую спадчыну жыхарам нашага горада і яго гасцям”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.