Сувязная нітка пакаленняў

Ажурнае выразанне з паперы сустракаецца ў мастацтве розных краін і мае свае шматвяковыя традыцыі, якія непасрэдна звязаны з узнікненнем паперы. У Беларусі выразанне з паперы называецца выцінанка. Для яе характэрны пэўныя матывы, стылізацыя і сіметрыя. З дапамогай розных выцінанак нашы продкі да свят упрыгожвалі інтэр’ер хаты, асабліва часта выцінанкі абнаўляліся перад Вялікаднем. З гадамі тэхніка і кампазіцыйнае рашэнне выцінанак удасканальвалася і выйшла на прафесійны ўзровень. У цяперашні час выцінанка — самастойны від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прынцыпы яе выканання ляжаць у аснове традыцыйнага мастацтва беларускага народа.

У добрых справах для айчыны. Чарнушэвіч Ангеліна 15 гадоў

Мастацтва выцінанкі не толькі вучыць тэхналагічнаму працэсу выразання прыгожых узораў, але і трэніруе дробную маторыку, развівае лагічнае мысленне, уяўленне, а галоўнае, далучае падрастаючае пакаленне да народнай культуры, дапамагае вывучаць і шанаваць яе традыцыі. У цяперашні час нават своеасаблівая мода на выцінанкі. Да навагодніх і калядных свят шматлікія вокны нашай краіны ўпрыгожаны ажурнымі ўзорамі, выразанымі з паперы. Так, магчыма, многія з іх выразаны па шаблоне, узятым з інтэрнэту, але ўсё роўна ў гэтым прысутнічае нейкая традыцыйнасць гэтага мастацтва. На аснове мастацтва выцінанкі праводзяцца майстар-класы па сіметрычным выразанні. Таксама навыкі такога выразання пачынаюць фарміравацца ўжо з дзетсадаўскага ўзросту. У школе адбываецца паглыбленне такіх ведаў, толькі, магчыма, мы не задумваемся, што гэта маленькія крокі да вялікага і складанага ўзору, без якіх немагчымы пачатак шляху.

З першых урокаў знаёмства з тэхнікай выканання ажурнага выразання найбольш добра выкарыстоўваць спрошчаны, але самы традыцыйны матыў “дрэва жыцця”. Гэта бяспройгрышны варыянт тэматыкі, які дае азы выканання выцінанкі, трэніруе лагічнае мысленне навучэнцаў. Для тых дзяцей, якія маюць цяжкасці ў лагічным мысленні, можна падрыхтаваць некалькі варыянтаў шаблонаў. Так не будзе страчвацца індывідуальнасць дзіцяці. Колер будучых выцінанак няхай дзеці выбіраюць самі, таму што ў традыцыйным чорным колеры маленькаму чалавеку цяжка ўбачыць прыга­жосць. Дзіця павінна радавацца яркаму. Можна вар’іраваць, выбіраючы фоны.

На пачатковым этапе вучань павінен зразумець асноўны прынцып выцінанкі — стылізацыя і непарыўная ўзаемасувязь усіх сімвалаў і прадметаў, а работа павінна быць паспяховай і радаваць аўтара і яго аднакласнікаў. Выява дрэва жыцця на першапачатковым этапе — гэта люстраная выцінан­ка. У гэтай тэматыцы шырокія магчымасці кампазіцыйнага рашэння. Бо першакласнікі да традыцыйнага дрэва ў тэхніцы выцінан­кі могуць дабавіць сонца, птушак, расліны. Нават можна наклеіць паасобна выразаныя лісты, запаўняючы час тым вучням, якія працуюць хутчэй, развіваючы маторыку і фарміруючы пачуццё правільнага кампазіцыйнага рашэння. Для восевай выцінанкі добра выкарыстоўваць геаметрычныя ўзоры. Найбольш часта ў пачатковай школе тэхніка такой выцінанкі сустракаецца пры выразанні сняжынак.

З кожным годам, набываючы навыкі выканання выцінанкі, вучні ўдасканаль­ваюць тэхналагічныя магчымасці яе выканання і з гадамі ствараюць сапраўдныя глыбокія творы на розную тэматыку. Навучаючы вучняў на розных этапах, настаўнік бачыць, як развіваецца, удасканальваецца дзіця, як напаўняецца ведамі, майстэрствам і становіцца сапраўдным мастаком, які ўмее мысліць і суперажываць. І тады да сярэдніх класаў, валодаючы пэўнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, вучань зможа стварыць выцінанку ў народных традыцыях “Песні майго краю” (аўтар Ангеліна Чарнушэвіч — 12 гадоў). І, прайшоўшы гады навучання, зможа закрануць такую складаную тэму, як беларускія асветнікі. З дапамогай настаўніка ства­рыць квадрыпціх, адлюстраваўшы Францыска Скарыну, Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага.

У нашай школе выкананне гэтай работы доўжылася на працягу года. Юная мастачка з дапамогай настаўніка вывучала, аналізавала і выбірала галоўнае для сэнсавага і кампазіцыйнага рашэння сваёй работы. Цэнтрам кампазіцыі стала фігура Францыска Скарыны на фоне галоўнага фасада Сафійскага сабора. Па баках квадрыпціха размешчаны славутасці гарадоў Турава і Полацка і іх вялікія дзеячы. Аб’ядноўваюць работы прамяні ўзыходзячага сонца, якія распаўсюджваюцца з цэнтральнай часткі квадрыпціха, і выразаны ў тэхніцы выцінанкі арнамент з бібліі Ф.Скарыны. У выцінанцы-квадрыпціху выкарыстаны словы Францыска Скарыны: “У добрых справах да айчыны ўдакладняйцеся”.

Работы навучэнкі адзначаны дыпломамі міжнароднага конкурсу “Красавік” 2016 і 2018 гадоў. Настаўніца Алена Ніканюк і навучэнка Ангеліна Чарнушэвіч падарылі цудоўны квадрыпціх Лагойскаму гісторыка-краязнаўчаму музею імя братоў Тышкевічаў. Хочацца адзначыць, што Ангеліна Чарнушэвіч, атрымаўшы адукацыю ў Лагойскай дзіцячай школе мастацтваў, працягвае свой творчы шлях і ўдасканальвае веды ў гімназіі-каледжы імя І.В.Ахрэмчыка. Ангеліна з’яўляецца двойчы стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (у 2017, 2018 гадах).

Велізарная выхаваўчая сіла традыцыйнага народнага мастацтва, вялікая яго роля ў перадачы народных традыцый падрастаючаму пакаленню. І таму вельмі важнае значэнне мае, хто і як перадае гэты вопыт. Для многіх было шчасцем вучыцца ў цудоўнага прафесіянала майстра сваёй справы Ніны Сакаловай-Кубай. Многіх студэнтаў факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка мастачцы ўдалося ўлюбіць у гэты цудоўны традыцыйны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Маючы шматгадовы стаж, хочацца сказаць дзякуй такім выкладчыкам. Дзякуючы ім, ты напрацоўваеш вопыт, але памятаеш, хто залажыў асновы гэтых ведаў. Некаторыя са студэнтаў выбралі мастацтва выцінанкі для сваіх дыпломных работ. Так, напрыклад, Валянціна Якушава выканала серыю работ, адлюстраваўшы храмы і саборы нашай сталіцы. У далейшым працуючы настаўніцай у Смалявічах, яна навучыла не адно пакаленне вучняў непаўторнаму выразанню чароўных узораў, выхавала пераможцаў конкурсаў рознага ўзроўню. Відавочна, што сама Валянціна Пятроўна праносіць любоў да выцінанкі праз усё жыццё.

Так настаўнікі перадаюць веды дзецям, захапляючы іх вельмі цікавым светам ажурных узораў. І такія настаўнікі ёсць у нашай краіне. Гэта мастакі з Маладзечна, Салігор­ска, Навагрудка і многіх іншых гарадоў Беларусі. Работы іх вучняў сустракаеш на конкурсах і выставах. Яны, безумоўна, уражваюць майстэрствам і арыгінальнасцю.

У цяперашні час для развіцця выцінанкі існуюць вялікія магчымасці. Гэта разнастайныя матэрыялы: папера рознай якасці, колеру і фактуры, клеі, разцы, падложкі. Але, нягледзячы на гэта, сучасная выцінанка ўсё роўна арыентуецца на традыцыйныя матывы. Існуе мноства літаратуры па тэхналогіі выразання выцінанкі, праводзяцца конкурсы для майстроў-прафесіяналаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія вывелі выцінанку на ўзровень сучаснага станковага мастацтва. Узоры выцінанкі можна сустрэць на друкаванай прадукцыі: падарункавай паперы, паштоўках, блакнотах. Таксама існуюць аўтарскія паштоўкі ў тэхніцы выцінанкі. Сучасныя тэхналогіі спрыяюць сваеасаблівай рэкламе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Наша цудоўная выцінанка ідзе па свеце, а яе мастацтва неад’емна звязана з жыццём звычайных людзей, іх акружэннем. Што ж акружае нашых дзяцей? Гэта тое, што побач. У Год малой радзімы чаму б не выразаць у тэхніцы выцінанкі славутасці свайго маленькага горада Лагойска?! Так, навучэнка Паліна Галушка вырашыла, што галоўнай у яе рабоце будзе Свята-Мікалаеўская царква. Пачалася складаная і карпатлівая работа: выкананне эскіза кампазіцыйнага рашэння выцінанкі, замалёўка і стылізацыя гістарычнайга культавага будынка, перанос эскіза ў матэрыял і вельмі складаны і працаёмкі працэс выразання. Не кожнаму дзіцяці гэта па сілах. У аўтара павінна быць цвёрдая рука і характар, таму што працэс вельмі працяглы. І калі ў сярэдзіне шляху ўжо бачны добры ажурны ўзор — думаеш “прыгожа” — і хочацца спыніцца. А яшчэ ж трэба прыклеіць, магчыма, падставіць фоны, не ссунуць убок, не заліць клеем, не падраць ажур. І толькі тады міленькі ўзор ператворыцца ў сапраўдную, напоўненую сэнсам і пачуццямі, работу. І будзе не “няшна”, як кажуць дзеці-падлеткі, а маўклівая цішыня гледачоў аднакласнікаў. Такую цішыню можа выклікаць толькі глыбокі сэнс у рабоце, а ацаніць яго зможа толькі той, хто разумее. І калі нашы вучні, юныя мастакі 12—16 гадоў, маўкліва і ўдумліва сузіраюць, значыць, яны могуць цаніць і ствараць.

Калі сучасны вучань будзе шчыра цікавіцца гісторыяй сваёй Радзімы, яе культурай, гэтыя веды будуць каштоўнасныя для яго асобы і заўсёды знойдуць адлюстраванне ў яго сэрцы і творчасці, а значыць, закрануць розумы маладога падрастаючага пакалення. І традыцыі мастацтва выцінанкі будуць жыць сярод інтэр’ераў лофту, хай-тэк і мінімалізму.

Алена НІКАНЮК,
настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 1 Лагойска, Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў.