Затрымацца нельга абмінуць, або Свет выратаванай прыгажосці

За апошнія гады, колькі ладзіцца праект “Мастак і горад” (рэалізоўваецца камунікацыйнай кампаніяй GBS сумесна з Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкама; генеральны партнёр — банк ВТБ), сталічная плошча Якуба Коласа, дзе штогод разгортваецца чарговая экспазіцыя мастацкіх твораў таго ці іншага выдатнага беларускага мастака/мастакоў, стала для мяне гэтакім аматарска-мастацтвазнаўчым індыкатарам, адмысловай лакмусавай паперкай, здольнай выявіць ступень цікавасці мінчан і гасцей сталіцы да нашага выяўленчага мастацтва, як і ступень прыняцця імі самой гэтай нетрадыцыйнай формы прэзентацыі шэдэўраў — у адкрытай, не абмежаванай музейнымі сценамі гарадской прасторы, днём і ноччу, увесь вясенне-летні сезон.

І сапраўды, гэта нават забаўна — сесці побач на лавачцы ў пагодны чэрвеньскі ці ліпеньскі дзень і, закалыхваючыся роўным шолахам “коласаўскіх” фантанаў, спакваля назіраць за рэакцыяй на мастацтва (ці адсутнасцю яе) людзей, якія апынаюцца ў гэтым месцы побач з такімі безабароннымі пад адкрытым небам творамі Шагала, Малевіча, Селешчука, Губарава (іх творы экспанаваліся ў рамках праекта “Мастак і горад” у мінулыя гады)…


І сапраўды, тады пачынае пацешна перабягаць з аднаго месца на іншае коска ў прыдуманай з гэтай нагоды фразе “Затрымацца нельга абмінуць”: хтосьці затрымліваецца, нават надоўга спыняецца, але хтосьці і ўпэўнена абмінае экспазіцыю пад адкрытым небам. І радуешся, што першых усё-такі больш: затрымліваюцца маладыя закаханыя пары, цікаўныя студэнты, сяброўскія кампаніі, сталыя і пажылыя людзі з устаноўкай “трэба прыйсці, пабачыць на свае вочы”, затрымліваюцца нават тынэйджары на веласіпедах, лангбордах і гіраскутарах… Учытваюцца ў біяграфію творцы і назвы твораў, фатаграфуюць іх, робяць сэлфі на фоне іх. І пры гэтым вельмі часта здзіўляюцца, маўляў, вось жа ёсць у нашым мастацтве такі прышпільны Губараў ці рамантычна-старасвецкі Селяшчук, а мы пра іх і не ведалі. Зусім нічога не ведалі, пакуль не патрапілі сюды і не адкрылі іх для сябе, не адкрылі сябе ў іх.


І гэтым летам, здаецца, таксама значна больш тых, хто затрымліваецца на плошчы Якуба Коласа на экспазіцыі “Мастак і горад”, чым тых, хто яе абмінае, спяшаючыся па сваіх справах. Вельмі ўжо неардынарная асоба прадстаўлена сёлета ў праекце — Георгій Скрыпнічэнка (1940—2015). Выдатны беларускі творца, аўтар надзвычай філасофскіх, сімвалічных, нават у нечым фантастычных работ, нярэдка з зусім незразумелымі ці адкрыта іранічнымі назвамі, якія амаль ніколі не супадаюць з выявамі. Мастак, які і сёння сваімі мастацкімі рэбусамі ставіць у тупік нават прафесійных мастацтвазнаўцаў. “Чалавек года — 2015” па версіі Кембрыджскага ўніверсітэта…

Ад твораў Георгія Скрыпнічэнкі насамрэч цяжка хутка адвесці вочы. Сузіраючы яго палотны, ты нібы патанаеш у сюррэалістычных фантазіях мастака і бяссільна згаджаешся з яго неверагоднай версіяй ірацыянальнасці нашага быцця, самой скурай адчуваеш, як некуды няўмольна сцякаюць у якісьці найвышэйшы свет дадзеныя табе прастора і час, гэтае ілюзорнае “тут і цяпер”, на самай справе нічога не значныя без сувязі з вечнасцю… Невыпадкова Георгія Скрыпнічэнку часта называюць беларускім Далі. Хаця куратар праекта “Мастак і горад” вядомы мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч справядліва заўважае: “Георгій Скрыпнічэнка, нягледзячы на несумненную схільнасць да сюррэалізму, стаіць ад гэтага кірунку сучаснага мастацтва цалкам асобна. Яго работы не падобныя ні на вар’яцкія сюжэты Сальвадора Далі, ні на мудрагелістыя пейзажы Макса Эрнста. Мастак выкарыстоўвае ў асноўным звычайныя штодзённыя вобразы — дрэвы, вокны, дзверы, садавіну, фігуры людзей, аднак ад гэтага яго карціны не менш загадкавыя. Не ствараючы фантастычных прадметаў і істот з глыбінь падсвядомасці, беларускі мастак робіць тое, што французскі паэт-сюррэаліст Латрэамон называў мастацтвам ладзіць “сустрэчу парасона і друкарскай машынкі на аперацыйным стале”, небанальна спалучаючы банальныя рэчы… Але заўсёды ў глыбіні сюррэалістычных фантазій Георгія Скрыпнічэнкі ўзнікаюць пазнавальныя вобразы беларускай рэчаіснасці: пейзажы, постаці землякоў і вяскоўцаў, партрэты гістарычных асоб, калізіі сучаснасці і зварот да наступстваў экалагічных катастроф. Калі доўга і пільна ўглядацца ў творы, напісаныя мастаком за многія гады ўпартай працы, пачынаеш разумець іх унутраную сутнасць. А яна — у велізарнай, глыбокай, сапраўднай любові да Радзімы, яе гісторыі, мінулага”.

Затрымацца нельга абмінуць… Затрымацца, нельга абмінуць! Упэўнена ставім коску пасля першага слова і трапляем у “свет выратаванай прыгажосці” (паводле назвы аднаго з палотнаў мастака). У свет, дзе разам з прыгажосцю ратуемся і мы самі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.