Светлае і разумнае крэда

Веснавая паводка на рэчцы Дунайцы, масток праз яе… А на беразе — два белыя буслы, якія прыляцелі на радзіму з першымі цёплымі днямі. Гэта фрагмент карціны мастака з вёскі Малевы Нясвіжскага раёна. Ён нарадзіўся ў канцы ХІХ стагоддзя, вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, працаваў у Качановіцкай школе, перад вайной скончыў чатыры курсы гістарычнага факультэта БДУ.

З якой любоўю ставіўся да дзяцей Хведар Вініцкі! Вадзіў самых галасістых малых у царкву, дзе тыя спявалі на клірасе. Гутарыў з імі, частаваў яблыкамі, імкнуўся зацікавіць прыгажосцю роднага краю. А сам у вольны час маляваў карціны. І сёння ўражваюць яго “Буслы прыляцелі”, “Зажынкі ў Малеве”, двухбаковая ікона з выявамі Божай Маці і Мікалая Цудатворцы.

Частка творчай спадчыны малеўскага мастака сабрана ў календары-2018 “Ідыліі” — своеасаблівым літаратурна-мастацкім альманаху. Характэрна, што стварылі яго ініцыятыўныя і неабыякавыя людзі, землякі выдатнага чалавека, калегі-настаўнікі. Найбольш актыўнай у справе захавання добрай памяці творцы была настаўніца Карцэвіцкай сярэдняй школы Наталля Васільеўна Плакса, чалавек, улюбёны ў свой край, няўрымслівая збіральніца цікавых звестак пра яго. Шмат чаго даведалася і запісала яна ад сваёй маці, якая ў маладосці іграла ў спектаклі “Паўлінка”, пастаўленым Хведарам Вініцкім. Успаміны пра адметнага творцу яна запісвала і ад вяскоўцаў, якія ведалі мастака асабіста ці чулі нешта ад бацькоў. Драбніцы ўдзячнай памяці землякоў нярэдка дапаўняліся сустрэчамі з карцінамі Х.Вініцкага, якія захаваліся ў інтэр’ерах дамоў, віселі на сценах.

Сёлетні каляндар “Ідыліі” атрымаўся народным праектам, а выдадзены быў на сродкі, сабраныя грамадой. Ён стаў фактычна першым выданнем, якое знаёміць чытача з мастаком і яго творамі, што знаходзяцца пераважна ў прыватных калекцыях.

Прэзентацыя календара адбылася ў раённай бібліятэцы, дзе сабраліся настаўнікі Карцэвіцкай сярэдняй школы і Нясвіжа, сваякі і землякі мастака з Новага Свержаня, Мінска, іншыя прыхільнікі спадчыны Х.Вініцкага.

А спадчына налічвае не адзін дзясятак твораў, многія з іх захоўваюцца ў музеі Карцэвіцкай сярэдняй школы, створанага па ініцыятыве былога дырэктара Н.Я.Бруй. Яна, дарэчы, брала актыўны ўдзел у выданні календара, як і яе муж, У.Д.Бруй, які выкладаў у школе замежную мову. Унучатая пляменніца Хведара Вініцкага супрацоўніца райбібліятэкі В.В.Шчарбакова падзялілася ўспамінамі і адзначыла дабрыню і мудрасць мастака, яго цікавасць да роднай прыроды, уменне гаварыць з дзецьмі, сціпласць. Іншыя сваякі гаварылі пра талент і чалавечнасць, адзначалі важнасць выдання календара і магчымасць пашырыць знаёмства з творчай спадчынай мастака. А чаму, уласна кажучы, каляндар называецца “Ідыліі”? Як патлумачыла Н.В.Плакса, кожная карціна Хведара Вініцкага — гэта адмысловы ціхамірны абразок, праз які мастак перадае сваё ўяўленне пра гармонію светаўладкавання і жыцця.

Такога самародка, мяркуе Наталля Васільеўна, павінны ведаць і дзеці, бо Хведар Вініцкі быў просты, умеў гаварыць і са старымі, і з маладымі, перадаць кожнаму любоў да беларускага. Ён любіў паўтараць, што не трэба захапляцца іншаземнымі краявідамі, калі побач свая маляўнічая прырода з лугавымі кветкамі і белакрылымі бусламі, са старадаўнім млынам і празрыстай рэчкай. Нездарма сёння едуць да нас турысты з розных краін, каб палюбавацца сціплай і векавечнай прыгажосцю лясоў і рэк, помнікаў культуры і мастацтва. “Любіць так сваю Беларусь, як любіў яе слынны зямляк, — вось што нам патрэбна”, — адзначыла Наталля Плакса.

Дарэчы, сама Наталля Васільеўна — чалавек таксама вельмі цікавы. Каля 40 гадоў выкладала родную мову ў Карцэвіцкай сярэдняй школе. Краязнаўчай работай захапілася даўно і шмат чаго ўзяла ад маці Вольгі Андрэеўны, калі слухала яе цікавыя расповеды: усё адкладвалася ў памяці, выхоўвалася любоў да Беларусі. Цікавы факт: бацька Наталлі Васільеўны, Васіль Васільевіч, навучыў дачку цяслярскай справе, араць і складаць печы. Калі яна стала дарослай і прыйшла працаваць у школу, вырашыла, што выхаванне павінна ісці побач з краязнаўствам. І гэта не толькі лекцыі ці аповеды, але і практычнае ўвасабленне краязнаўчых пошукаў і ведаў. Так, яна збірала ўспаміны відавочцаў расстрэлу людзей фашыстамі ў 1942 годзе ў Гайках, што ля вёскі Еськавічы. У 2002 годзе сюды прыехаў сын аднаго з загінуўшых — доктар медыцынскіх навук Тадэвуш Грыгель з Польшчы, які выказаў удзячнасць краязнаўцам за памяць. Таксама Н.В.Плакса знаёміла вучняў з нашчадкамі Радзівілаў, разам з вучнямі ездзіла ў вёску Завушша, якую Пане Каханку падарыў сястры Тэафіліі Мараўскай. Там застаўся будынак лядоўні і капліца.

Вялікую справу зрабіла Наталля Васільеўна, калі наладзіла на Нясвіжскім раённым радыё цыкл перадач пра родны край, адшуквала цікавыя звесткі і факты. Былі водгукі ўдзячных слухачоў, некаторыя падказвалі новыя адрасы і гісторыі, што давала магчымасць пашырыць тэмы перадач. Таксама прымала актыўны ўдзел у стварэнні сюжэта пра самадзейных спявачак з Малева ў рамках тэлепраекта беларускага тэлебачання “Зямля беларуская”.

Творчы неспакой яе не ведае супынку: цяпер краязнаўца рыхтуе да друку кнігу “Кунтуш Радзівіла”, дзе будзе сабраны багаты матэрыял пра старадаўні беларускі свет — напаўзабытыя слоўкі, мясцовыя паданні, узоры майстэрства нашых продкаў, самаробныя прылады працы, народная нясвіжская кухня і інш. Як чалавек нераўнадушны і паэтычнай натуры Н.В.Плакса заўсёды на вастрыі жыцця. Гэта яе крэда, светлае і разумнае.

Раіса ХВІР.