Тры пакаленні ў адным фальклорным калектыве

Пра свой фальклорны калектыў мастацкі кіраўнік Дарапеевіцкага сельскага Дома культуры Анатоль Дзямянка можа расказаць шмат цікавага, бо стаяў ля самых яго вытокаў. І хто сёння ў раёне, ды і за яго межамі, не чуў пра народныя таленты з глыбінкі Маларытчыны!

У Дарапеевіцкі СДК Анатоль Ігнатавіч прыйшоў працаваць у 1961 годзе. Тады, праўда, гэта быў яшчэ сельскі клуб, і хлопца з суседняй вёскі Паўлопаль, які толькі скончыў дзесяцігодку і гадавыя курсы баяністаў у Брэсце, паставілі яго ўзначальваць. Гэта ўжо потым Анатоль атрымаў вышэйшую адукацыю, пачаў весці ўрокі гісторыі і спеваў, нават стаў дырэктарам мясцовай школы, сакратаром калгаснай партарганізацыі, загадваў аддзелам культуры ў Маларыце… І ўвесь гэты час ён акампаніраваў на баяне творчым калектывам сельскага Дома культуры. Калі ж сем гадоў таму выйшаў на пенсію, цалкам прысвяціў сябе роднаму фальклорнаму калектыву. Сёння Анатоль Дзямянка працуе таксама музычным кіраўніком у дзіцячым садку, вядзе гурток мастацкай самадзейнасці ў школе. Словам, без музыкі і творчасці сваё жыццё ён ніколі не ўяўляў.
— Калі даручылі стварыць свой калектыў, у мяне яшчэ не было ніякага вопыту. У 1962 годзе патрабавалася прадставіць праграму на раённы агляд мастацкай самадзейнасці, — вяртаецца ў сваёй памяці на паўстагоддзя назад Анатоль Ігнатавіч. — Затое ў мяне быў вельмі добры таварыш Мікалай Мельнікаў, які з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі. Вось з ім мы і сталі шукаць удзельнікаў для будучага калектыву. Праўду кажучы, самі нават не ўяўлялі, што і ў якім стылі будзем выконваць. Прайшліся па дварах і сабралі спевакоў. Нават з печкі сцягвалі, бо некаторыя дзяўчаты ад нас там хаваліся. Аўтарытэт камсамольскай арганізацыі тады быў даволі высокі, таму адмовіць нам было цяжка. У выніку набралі каля 20 чалавек!
Спачатку ўдзельнікі маладога калектыву развучвалі тое, што спявалі іх бацькі: рускія, беларускія, украінскія народныя песні. Потым у рэпертуар стала ўваходзіць тое, што гучала па радыё (дарэчы, у той час у Дарапеевічах нават электрычнасці яшчэ не было). У гэтым плане вельмі дапамагала перадача “Запомніце песню”.
— Мы садзіліся каля радыёкропкі, падрыхтаваўшыся запісваць кожны па радку нейкай новай песні, — успамінае Анатоль Дзямянка. — На раённым аглядзе тады занялі другое месца, і я дагэтуль захоўваю нашу грамату. Але самай каштоўнай узнагародай для нас сталі радыёла і новы баян “Іскра”. У той час гэта была вялікая раскоша!

Праз два гады Анатоля забралі ў армію, і яго калектыў узначаліў Іван Мішчук, які прыняў таксама і ўвесь клуб. Неўзабаве выканаўцы народнай творчасці выступілі ў Брэсце на тэлебачанні. А колькі кіраўнікоў змянілася пасля Івана Мішчука, Анатоль Дзямянкі, нават і не ўспомніць…
— У той час бралі ўсіх, хто хоча, але не ва ўсіх атрымлівалася. Вось прыедзе нехта пасля гадавых курсаў баяністаў, а іграць не ўмее. Тады даводзілася іграць мне, — расказвае Анатоль Ігнатавіч. — А ў часы Брэжнева сталі гаварыць, што ва ўсім Саюзе будзе толькі адна мова, адна культура — руская… І на фальклор перасталі звяртаць увагу. Гэта быў цяжкі перыяд для нашага калектыву.
Анатоль Ігнатавіч зноў стаў на чале яго ў 2000 годзе, калі ўвага да фальклору стала адраджацца.
— Я ж гісторык, а гісторыя — яшчэ і культура. Мяне вельмі цікавіць фальклор. Песні, якія спявала мая мама, памятаю дагэтуль, і з кожным годам яны мне становяцца ўсё больш роднымі, — працягвае Анатоль Дзямянка. — Мы і зараз часам выконваем тое ж, што і ў 1960-х гадах…
У рэпертуары фальклорнага калектыву, у якім удзельнічаюць больш за 10 чалавек, ёсць аўтэнтычныя пастаноўкі, легенды, паданні, песні, танцы, гумарыстычныя пастаноўкі, абрады Дарапеевічаў (Піліпаўскія і Калядныя вячоркі, попрады, запоіны, бабуліна скрыня, каравай у маладога і іншыя). Усе сцэнарыі фальклорных мерапрыемстваў мастацкі кіраўнік піша на мясцовым дыялекце, а яшчэ прыцягвае да ўдзелу ў сваім калектыве вучняў (ён таксама кіруе пры клубе гуртком “Традыцыйная культура свят і абрадаў”). Каб навучыць сучасных дзяцей размаўляць на мове іх бабуль і дзядуль, Анатоль Ігнатавіч разам са школьнікамі збірае і запісвае амаль зусім забытыя словы. Варта заўважыць, атрымаўся ўжо даволі вялікі слоўнік! А яшчэ педагог вучыць выхаванцаў карыстацца шумавымі інструментамі, што вельмі актуальна ў праграме іх сумесных фальклорных выступленняў.
— Слабае месца нашага калектыву ў тым, што ў нас няма ніводнага спецыяліста па музыцы або вакале. Але калі я стаўлю абрад, то гэта менавіта так, як было некалі. Знешняй параднасцю не захапляюся, стараюся як мага больш дакладна перадаць сутнасць, — заўважае Анатоль Ігнатавіч.

У сярэднім удзельнікам калектыву Дарапеевіцкага СДК па 70—75 гадоў. Ёсць сярод іх і тыя, хто яшчэ стаяў ля вытокаў. Гэта Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк, Ніна Фёдараўна Сцепанюк, Вера Іванаўна і Мікалай Мацвеевіч Гузюкі. Нягледзячы на слабае здароўе, пенсіянеры актыўна выступаюць з песнямі сваёй маладосці і нават могуць яшчэ станцаваць. Часцей за ўсё яны выязджаюць у раён. Бывае, і ў вобласць. Больш за ўсё, кажуць, любяць радаваць сваім прыездам сталых вяскоўцаў з суседняга Заор’я.
Бадай, найбольш яскравымі атрымаліся ўспаміны ад удзелу ў леташнім фестывалі народных промыслаў у Ганцавічах. Праграма “Піліпаўскія вячоркі” фальклорнага калектыву Анатоля Дзямянкі адкрыла там святочны канцэрт. Тады ж народны майстар Беларусі Сцепаніда Сцепанюк са сваім караваем заняла другое месца на адпаведным конкурсе. А мінулай вясной на абласным свяце “Радавод” у Іванаве два вучні Анатоля Ігнатавіча — пяцікласнік Максім Бойка і адзінаццацікласнік Сяргей Ярашук — парадавалі слухачоў апавяданнямі пра рэчы, якімі некалі карысталіся нашы продкі, і смешнымі гісторыямі, што здараліся з людзьмі таксама ў далёкім мінулым. Удзел у такім мерапрыемстве — вялікі гонар для любога калектыву. А нядаўна Анатоль Дзямянка і яго былы вучань Мікалай Гузюк удзельнічалі ў свяце народнага гумару, што адбылося ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна. Там яны паспяхова прадставілі праграму “Дарапеевіцкія кумы”.
У Анатоля Ігнатавіча заўсёды шмат цікавых творчых ідэй. Напрыклад, больш за 5 гадоў назад ён стварыў сямейны ансамбль Гузюкоў, у якім спляліся тры пакаленні. Гэты невялікі калектыў уваходзіць у склад вялікага і таксама радуе аматараў народнай творчасці сваім мастацтвам. Ён паспяхова ўдзельнічае ў раённых і абласных фестывалях, святах, мерапрыемствах. Дарэчы, спявак і гумарыст Мікалай Мікалаевіч Гузюк дзеліць з Анатолем Ігнатавічам стаўку мастацкага кіраўніка фальклорнага калектыву СДК. А жонка Мікалая, Ларыса, з’яўляецца дырэктарам сельскага Дома культуры і выконвае там усю арганізацыйную работу.

У 2011 годзе фальклорны калектыў Анатоля Дзямянкі атрымаў падзяку ад упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама “за захаванне, адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай мастацкай культуры свайго рэгіёна і ўдзел у этнаграфічным канцэрце “Рух зямлі”. Дзякуючы ўдзелу ў цыкле такіх канцэртаў, убачыў свет яго імянны каляндар на 2012—2013 гады.
Напрыканцы варта дадаць, што гэты калектыў вельмі ўдзячны старшыні СВК “Дарапеевічы” Васілю Феадосьевічу Юхімуку за ўсебаковую дапамогу ў арганізацыі канцэртаў і свят, за тое, што той дае транспарт і сродкі на набыццё сцэнічных касцюмаў і прэміраванне ўдзельнікаў. Дзякуючы ўвазе і падтрымцы мясцовага прадпрыемства калектыў Анатоля Дзямянкі можа пастаянна радаваць слухачоў народнай творчасцю.

Алена ГАРМЕЛЬ.