Вёска Балоты Кобрынскага раёна ўрачыста, гожа і каларытна адзначыла прыгожую юбілейную дату — 500-годдзе свайго існавання. На свяце, зладжаным жыхарамі вёскі, было шумна, цікава і весела.
Балоты вядомыя сваімі рамёствамі і песнямі. Нездарма кажуць, што вёска моцная самабытнасцю і традыцыямі. Разуменне гэтага ёсць у жыхароў не толькі старэйшага пакалення, але і ў моладзі. І ткаць тут умеюць, і вышываць, і кузубы-кашы плесці з лазы. Культурныя каштоўнасці, змацаваныя стагоддзямі, беражліва збіраюцца і з любоўю перадаюцца наступным пакаленням.
Упершыню вёска згадваецца ў 1513 годзе, калі Балоты былі перададзены Кобрынскаму касцёлу. У 1882-м, паводле праекта інжынера Ф.Афанасьева, пабудавана Свята-Параскева-Пятніцкая царква, якая з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з рысамі класіцызму. Гісторыка-культурную каштоўнасць мае і млын першай паловы ХХ стагоддзя, які пабудаваў Рыгор Дрозд у 1931 годзе.
Візітная картка вёскі — хор. З 1994 года ён носіць званне народнага. Калектыў — лаўрэат другога тура І Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці. Узнагароджаны дыпломам Саюза кампазітараў за прапаганду народнай песні. Неаднаразова Беларускае тэлебачанне і радыё запісвалі выступленні хору для радыёперадач “Спадчына” і “Радавод”.
Сучасны цэнтр вёскі — будынак школы. У 1889—1890 гадах тут дзейнічала Балоцкае народнае вучылішча, якое наведвалі 64 хлопчыкі, а ў 1905—1906 гадах — ужо 93. Дзяўчаты займаліся хатнімі справамі, часу на вучобу не хапала. У 1930-я гады ў вёсцы працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня і тэатральны гурток. Пасля вайны адкрылася пачатковая школа. З 1949 года — сямігодка. У 1963-м узведзены новы будынак, які дзейнічае і сёння. Дырэктарам школы з’яўляецца Дзіна Уладзіміраўна Хурсін. У школе вядзецца краязнаўчая работа, збіраюцца і захоўваюцца фальклорныя матэрыялы.
…У межах свята ладзіліся розныя мерапрыемствы. Выставы посцілак, дываноў, вышыванак, пухнатых падушак, саламяных вырабаў. Багатая спадчына і культура балоцкага краю не адпускала гасцей і жыхароў вёскі, яшчэ раз сцвярджала простую ісціну — цудоўнае жыве побач. На свята з’ехаліся вялікія сем’і з сябрамі і знаёмымі. Суседнія вёскі Гірск, Кісялёўцы і Магдалін таксама не абышлі ўвагай — павіншавалі як мае быць.
Іван Будзько, старшыня Кіселявецкага сельсавета, уручыў падарункі ветэранам вайны Васілю Дземідзюку, Рыгору Гарбаруку і Аляксею Сакалюку. Не абышлі ўвагай шматдзетныя сем’і Мікалая і Вольгі Бойка, Сяргея і Святланы Левых, Валянціны і Васіля Панасюк. Старажылы вёскі, чые гады раўняюцца са стагоддзем, Агаф’я Бойка, Аляксандра Салей і Агаф’я Ігнацюк атрымалі ў падарунак песні і шанаванні ад жыхароў.
Госці каштавалі розныя прысмакі, прыгатаваныя вясковымі гаспадынямі. Гасцінна расчыняліся весніцы дбайных гаспадароў Марыі і Сцяпана Левых, Таццяны і Васіля Семянчук і іншых, якія ўмеюць і добра працаваць, і гасцей частаваць.
Чарга стаяла, каб пакаштаваць шурпы і юшкі з палявой ваеннай кухні, прыгатаванай па старых рэцэптах Сяргея Літвінчука. Імправізаваны паказ ваеннай тэхнікі і абмундзіравання (сям’я Васіля Антончыка) зацікавіў і дзяцей, і дарослых.
Славіцца вёска сваімі жыхарамі. Настаўнікі, якія воляй лёсу апынуліся на гэтай зямлі, трывалымі каранямі зачапіліся за вясковую глебу і засталіся тут. Сярод іх — Ніна Мартынюк і Любоў Мацына, Андрэй Сцепанюк і Галіна Дрык, Таццяна Турын і Юлія Кандрацюк. Яны не толькі вучылі і выхоўвалі пакаленні вясковай дзятвы, але былі сябрамі і дарадцамі ўсёй вёскі.
Цёплыя словы пра людзей працы ўвесь дзень гучалі са сцэны. Вёска выгадавала і выпусціла ў вялікі свет шмат вядомых людзей. Балоты далі дынастыі ўрачоў Івана і Уладзіміра Курышка, настаўнікаў, маракоў, культурных работнікаў.
Увесь цяжар арганізацыі свята (узвядзенне і аздабленне сцэны ў парку, вясковай хаты з каўбаскамі і бярозавікам) усклаў на свае плечы Аляксандр Курышка. Яго ідэі падтрымалі жыхары і вечарамі пасля работы майстравалі “вясковы амфітэатр”. Талакой рабілі добрую справу, ніхто не лічыўся з часам. Фундатарамі выступілі самі вяскоўцы. Грашовыя сродкі аднавяскоўцаў сталі добрай падтрымкай для ўпарадкавання тэрыторыі. Госці атрымалі ў падарунак флаеры з гісторыяй вёскі і каляровыя сцяжкі з яе эмблемай.
Прыемна ўразіў жыхароў візіт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Зазулі. У сваёй прамове ён павіншаваў вяскоўцаў са святам, адзначыў іх гасціннасць, песеннасць і працавітасць, запэўніў, што дапаможа з рамонтам дарогі.
Па ініцыятыве старшыні прафсаюзнай арганізацыі Брэсцкага філіяла “Белтэлекама” Васіля Бойкі было зладжана выступленне народнага хору “Вербніца” пад кіраўніцтвам Віктара Фяцісава. Гэты віншавальны канцэрт парадаваў вяскоўцаў лірычнымі песнямі, добрымі жартамі, цудоўнай музыкай.
Сапраўднымі дыяментамі рассыпаліся зоркі святочнага салюта над прыгожай зямлёй з цудоўнымі людзьмі. Далёка разносілася рэха воклічаў “Жывуць Балоты!”.
Ніна ДРЫК,
намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі
адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.