Кола часу

І ў свае 70 Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў не толькі падсумоўвае здабыткі, але і марыць пра будучыню.

А як жа не марыць, калі вось-вось мусіць скончыцца рамонт і кафедры, якія цяпер размешчаны ў розных канцах горада, зноў збяруцца пад адным дахам. І сёлетняя абарона дыпломных работ праходзіла пад знакам будучыні. Новыя, вострасучасныя мастацкія вобразныя сродкі правяралі на гледачах выпускнікі тэатральнага факультэта і факультэта экранных мастацтваў. Здзіўлялі дзёрзкасцю і дыпломныя работы, якія прэзентавалі не толькі ў галерэі акадэміі мастацтваў, але і ў сярэдняй школе № 21 імя М.Гастэлы, гасцініцы “Мінск”, Тэатры беларускай драматургіі, Саюзе мастакоў і, вядома ж, у самой акадэміі мастацтваў, дзе ўсё яшчэ ідзе рамонт, выпускнікі мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Няспыннасць

Усе ведаюць — час не спыніць. Але калі кола часу ўпісаць у квадрат, то яно на імгненне можа стаць павелічальным шклом, скрозь якое кожны здольны ўгледзець тыя вобразы, якія ёсць тваё ўласнае кола часу. Мастак можа іх, гэтыя вобразы, зафіксаваць і надаць ім метафарычны, сімвалічны сэнс. Выпускнік кафедры жывапісу стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Алесь Багданаў, ствараючы кампазіцыю “Кола часу” для новай залы пасяджэнняў вучонага савета акадэміі мастацтваў (кіраўнік У.Зінкевіч), з’яднаў у адзінае кола і вобразы сусветнай культуры, і вобразы родных, блізкіх для яго людзей, непасрэдна звязаных з беларускай культурай. У лёгкім, рухомым вэлюме напаўпразрыстых тканін, здаецца, матэрыялізуецца тое святло, з якога мы прыходзім у гэты свет і ў якое, магчыма, ператвараемся пасля смерці…
Алесь Багданаў і адна з лепшых выпускніц акадэміі мастацтваў Алеся Скарабагатая, атрымаўшы стыпендыі ЮНЕСКА, праходзілі стажыроўку ў Варшаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў. І, як сведчаць іх творы, сустрэча з замежнай культурай не толькі дала ім новы, карысны для іх і для нашай культуры досвед па рэстаўрацыі, але і дазволіла больш востра адчуць сваё, роднае.
Так і кітайскія студэнты, якія шэсць гадоў вучыліся на аддзяленні жывапісу, удалечыні ад радзімы, з асаблівай вастрынёй, пяшчотай распавялі ў сваіх дыпломных работах пра родную для іх кітайскую культуру. Шаа Сян пад кіраўніцтвам У.Тоўсціка напісаў карціну “Вяртанне ў Кітай”, на прэзентацыі якой ён нават прачытаў народную легенду, а Шан Хун прэзентавала “Аўтапартрэт у нацыянальным адзенні” (кіраўнік В.Герасімаў).
У адным са сваіх інтэрв’ю сёлетні старшыня Дзяржаўнай кваліфікацыйнай камісіі на мастацкім факультэце старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца сказаў: “Можа, мы — залаты запас Бога са сваёй простасцю”. І творы кітайскіх студэнтаў засведчылі, што яны выдатна засвоілі і ўласцівы нашаму мастацтву лаканізм маўлення, і жывапісную разняволенасць. А нашы студэнты, дзень пры дні працуючы ў майстэрні побач з кітайскімі сябрамі, напэўна ж, лепш адчулі ўнікальнасць беларускай культуры.
Лірычныя пейзажы “Элегія гісторыі” Паўла Чарняўскага, у якіх набылі свой голас помнікі беларускай архітэктуры, “Успаміны пра дзяцінства”, якое дзёрзка наблізіла да нас Юлія Супічэнка (кіраўнік абедзвюх работ В.Герасімаў), — усё гэта вобразы з таго самага асабістага кола часу, якое няспынна рухаецца наперад.

Грашкі людскія…

Вельмі парадавалі сёлета маладыя скульптары выпускнікі адпаведнай кафедры акадэміі мастацтваў Станіслаў Шашкоў, Мікіта Макляцоў, Хрысціна Кулагіна, Антон Шапялевіч, Вольга Красоўская, Ілья Кір’янаў, Яўген Дабравольскі, Антон Нічыпарук. Прытым кожны па-свойму: хто — наіўнай цеплынёй з дамешкам гумару, хто — сур’ёзнай высокай манументальнасцю, хто — ужо сёння відавочнай прагматыкай прафесіянала…
Агульнае ўражанне пра сёлетні выпуск кафедры скульптуры чытач атрымае па змешчаных побач фотаздымках, а засяродзіцца хацелася б на адной рабоце — “Грашкі людскія” Станіслава Шашкова (кіраўнік — прафесар А.Арцімовіч). Гэта тры невялікія скульптуры малой пластыкі: мужчына-таўстун, які ўвасабляе абжорлівасць; жанчына-прыгажуня, якая спрабуе зацягнуць сябе ў гарсэт — сімвал агульных уніфікаваных уяўленняў аб прыгажосці; нямоглы, худы стары, які скача праз скакалку, — увасабленне ўжо немаладога чалавека, які тым не менш бясконца дзяцініцца, хоча заставацца заўсёды маладым.
Як адзначыла падчас абароны рэцэнзент вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Алена Шапашнікава, да гэтай тэмы — тэмы людскіх грахоў — звярталіся на працягу гісторыі мастацтва вельмі многія мастакі, у тым ліку і вялікія, успомніць хаця б таго ж Брэйгеля. Але часцей за ўсё гэта былі творы такога павучальнага дыдактычнага плана. А Станіславу ўдалося паказаць не грахі, а менавіта грашкі сучаснага чалавека, які, магчыма, нават разумее, што робіць нешта не так, але перамагчы сваю слабасць проста не можа. Відавочна, што абжора ў адлюстраванні яго Станіславам Шашковым атрымлівае неверагоднае задавальненне ад свайго абжорства. Даме, якая зацягваецца ў гарсэт, нязручна, цяжка, але яна ўсё роўна працягвае зацягваць сябе ў гарсэт, бо так трэба. Стары скача праз не магу праз скакалку — ён вельмі не хацеў бы, каб яго бачылі за гэтым заняткам іншыя людзі, але ад чужога вока нікуды не дзенешся… “У гэтых работах адчуваецца вялікі псіхалагізм!” — адзначыла Алена Шапашнікава.
Некаторыя выступоўцы падчас абароны дыплома называлі Станіслава Шашкова новым Жбанавым і выказвалі спадзяванне, што ў больш маштабным аб’ёме яго работы маглі б таксама ўпрыгожваць вуліцы нашай сталіцы. Іншыя, наадварот, акцэнтавалі музейнасць, камернасць яго твораў, якія маглі б пасяліцца ў інтэр’еры любога прэстыжнага музея ці галерэі.
А загадчык кафедры скульптуры акадэміі мастацтваў прафесар Уладзімір Слабодчыкаў проста вельмі-вельмі парадаваўся за Станіслава: “Гэта ж мой курс… Я ж вёў яго ўсе пяць гадоў і расстаўся толькі на час работы над дыпломам. І мне вельмі прыемна, што Станіслаў, як, зрэшты, і ўсе астатнія выпускнікі кафедры, застаўся самім сабой. Непадобным да іншых. Арыгінальным — і ў тэме, і ў стылі”.
А тым часам скульптуры Станіслава глядзелі на ўсіх прысутных, быццам бы сышоўшы са старонак кнігі Франсуа Рабле, і маўклівым дакорам казалі: “Чалавекі, людзі, а ва ўсіх жа вас таксама ёсць грашкі чалавечыя…”

Зазірнуць у будучыню

Кола часу рухаецца наперад, у будучыню. Дызайнеры здольныя яе, гэтую будучыню, прадбачыць і могуць нават паскорыць яе надыход. Абарона дыпломных праектаў на кафедры “Прамысловы дызайн” нагадвала падарожжа на машыне часу. У свой час Аляксандр Жукоўскі пад кіраўніцтвам маладога выкладчыка Алеся Фаменкі распрацаваў машыну-беспілотнік для БелАЗа, і вось у тым жа творчым дуэце — студэнта і выкладчыка — да абароны прадстаўлены праект новых цягнікоў для метро. Ізноў беспілотнік і да таго ж вельмі светлыя, зручныя вагоны, дзе прадумана ўсё — і месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, для мам з дзецьмі, і светлавая рэклама (замест звыклай папяровай).
Пад кіраўніцтвам таго ж А.Фаменкі Дар’я Лісавенка распрацавала дызайн-праект патрульнага матацыкла для міліцыі, а Ганна Балабановіч — маладзёжны электрамабіль для горада. А яшчэ былі прадстаўлены праекты новага турыстычнага аўтобуса, трамвая, квадрацыкла, электравеласіпеда, воднага скутара для МНС, аўтажыра, аэрадромнага цягача… Маладыя дызайнеры прэзентавалі цэлую лінію электрачайнікаў, набор садова-агародніцкага інструменту, электралобзік, свяцільнікі і нават гідрапонную сістэму для вырошчвання раслін у хатніх умовах і комплекс па перапрацоўцы смецця. Усе праекты цалкам рэальныя, разлічаны на канкрэтныя прадпрыемствы, якія б маглі наладзіць выпуск новай прадукцыі. Самым захапляючым было тое, што, напрыклад, інструменты можна было патрымаць у руках, а транспарт убачыць і ў віртуальным, і ў рэальным варыянтах. Некаторыя праекты былі выкананы ў натуральную велічыню.
А выпускнікі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва зазірнулі ў будучыню і прэзентавалі праекты інтэр’ераў будучай рэканструяванай акадэміі мастацтваў. Экспрэсіўна, востра, вельмі сучасна пераасэнсаваныя этнаграфічныя вобразы, падтрыманыя на абароне аўтэнтычнымі спевамі, убачым мы ў фае студэнцкага тэатра (праект “Містэрыя” Таццяны Уласевіч, кіраўнік Л.Макатун), зашыфраваны ў геаметрыку ляўкас “Неруш” чакае нас у зале пасяджэнняў вучонага савета акадэміі (аўтар Паліна Корзун, кіраўнік Д.Чубукоў), арыгінальныя, вострасучасныя кампазіцыі прапанавала для інтэр’ераў акадэміі Аліна Швядкова ў праекце “Рэха” (кіраўнік У.Зінкевіч).
Сёння цяжка сказаць, у якім кірунку будзе развівацца мастацтва ў будучым. Прынамсі, шырыня дыяпазону мастацкага маўлення сёлетніх выпускнікоў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і кафедры графікі ўражвала.
Даніла Блізняцоў, прэзентуючы серыю графічных аркушаў па матывах твораў Станіслава Лема (кіраўнік Т.Сіплевіч), дзеля віртуалізацыі плоскасці выкарыстаў мультымедыйныя сродкі, Дар’я Чупрыс у серыі графічных аркушаў “Знітаваныя шляхі і думы” (кіраўнік Ю.Хілько) зазірнула ў самыя глыбіні падсвядомасці. Высветлілася, што шлях нараджэння думак і вобразаў надта ж падобны на шляхі-дарогі, якімі крочым мы па жыцці. “Структуру рэчаіснасці” рытмізавала Алеся Жыткевіч, “Гук” — Алеся Галота. А дыпломныя аркушы Уладзіміра Грамовіча “Гарадскія структуры” прымусілі нас нанава адчуць, як цісне ўніфікаванасць гарадскога асяроддзя. Кіраўнік усіх трох праектаў У.Вішнеўскі.
Высакародны і напраўду майстэрскі педагагічны ход — даць маладым мастакам выказацца, выявіць сваё “я”. А раптам за дзёрзкімі эксперыментамі хаваецца вобразнае адкрыццё ці нават новая плынь у мастацтве?
І якая будучыня без густоўна, прыгожа апранутых людзей? Абарона дыпломных праектаў, якія, як заўжды, былі выкананы ў матэрыяле, кафедры “Касцюма і тэкстылю” праходзіла ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Уражаннямі пра яе падзялілася маладая пісьменніца мастацтвазнаўца Вольга Ропат:
— Абарону чакаюць не толькі выпускнікі, але і тыя, хто захоплены мастацтвам і моднай індустрыяй. Кожны год ад студэнтаў БДАМ чакаюць новага падыходу да стварэння праектаў і нестандартнасці. Па-першае, варта адзначыць смелае каляровае і дэкаратыўнае вырашэнне работ. Дасканала вывучыўшы асаблівасці мінскага, слуцкага, ваўкавыска-камянецкага і давыд-гарадоцкага строяў, ласкутную тэхніку, дыпломніца Алена Масякіна (кіраўнік Т.Злоцкая) абараняла праект “Чатыры колеры”. За аснову былі ўзятыя сілуэты беларускіх кашуль. Матэрыял — лён. Чатыры асноўныя колеры — шэры, жоўты, зялёны і бурачковы — выглядалі гарманічна, па-летняму, а геаметрычныя ўзоры надавалі яшчэ большай выразнасці сучаснаму адзенню. А Н.Меліксяцян, ствараючы калекцыю лаканічнага, ахраматычнага і вельмі элегантнага адзення, пераасэнсавала армянскую архітэктуру, паклаўшы ў аснову выяву крыжа — хачкар. Уразіла і тэкстыльнае пано-трыпціх “Нараджэнне” для Рэспубліканскага цэнтра “Маці і дзіця”, якое выканала Міла Ермаловіч (кіраўнік В.Бартлава). Твор як бы фіксуе таемныя колы, у якіх паступова нараджаецца новае жыццё. У ім пануе спакой і цішыня. Міла Ермаловіч, раскрываючы сэнс твора, напісала: “Нараджаемся мы як “пусты аркуш”, які напаўняецца эмоцыямі, перажываннямі на працягу жыцця… Мы мяняемся, становімся іншымі”. Калі гэты сэнс “перанесці” на творчасць, то трыпціх можна трактаваць і як нараджэнне ідэі, вобраза…

Заўтра пачынаецца сёння

Пра гэта выдатна ведаюць і пра гэта дбаюць выпускнікі самай папулярнай сярод абітурыентаў спецыяльнасці “Графічны дызайн”. Пад кіраўніцтвам аднаго з самых вопытных выкладчыкаў Вячаслава Семянько выпускнікі распрацавалі і сувенірную прадукцыю на тэму беларускіх прыказак і прымавак (аўтар Іван Фяськоў), і фірменны графічны стыль крамы беларускага адзення “Шоу-рум” (аўтар Аліна Кавалёва), і прапановы для пераўтварэння старых кварталаў Мінска (дызайн-канцэпцыя арт-праекта “Пазнай свой Мінск”, аўтар Вераніка Несцярук). Цяпер мы ўсё часцей сустракаем на вуліцах графіці. А як вам, калі проста са сцяны аднаго з мінскіх дамоў да вас зробіць крок Напалеон? Інтрыга ў тым, што вобразы мусяць з’явіцца на будынках, якія сапраўды звязаныя з пэўнымі гістарычнымі падзеямі, пра якія будзе побач змешчана інфармацыя. Можна было пазнаёміцца і з рэкламна-турыстычнай акцыяй “Ведай Беларусь”, і турыстычным буклетам “Гісторыя Навагрудка”, і, вядома ж, плакатамі, праектамі да 70-годдзя роднай акадэміі мастацтваў…
І ўсё ж на сёння найбольш запатрабаванай застаецца сацыяльная рэклама. І каму як не маладым ведаць, на якой мове гаварыць, каб пераканаць у важнасці тых ці іншых праблем. Глабальных — як “Мір і вайна” (так называўся дызайн-праект акцыі, які зрабіла Настасся Панцэвіч пад кіраўніцтвам Ю.Тарэева) альбо праблем экалогіі ці канкрэтных сацыяльных праблем сучаснага грамадства, праблем абароны жывёл і навакольнага асяроддзя.
А сёлетняе спякотнае лета зноў абвастрыла для нас небяспеку пажараў. І стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Януш Багданаў даў свой адказ, распрацаваўшы для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праект цэлай мастацкай акцыі “Асцярожна з агнём!” — з плакатамі, сувенірнай прадукцыяй, адметнай сучаснай гульнёй — пазламі-кубікамі з каробак з запалкамі (іх можна пры жаданні ператварыць у вялікія кубікі) і, самае галоўнае, з вельмі выразным пластычным лаканічным вобразам-знакам. Агонь нагадвае жывую істоту (памятаеце, як казалі ў маленстве: “Асцярожна, Жыжа куся!”), якая на майках выклікае асцярогу на псіхалагічна-фізіялагічным узроўні. А калі агонь заключаны ў чорную рамку, ён быццам хаваецца ў клетку, перастае апякаць. Кіраўнік праекта — Э.Жакевіч.
Застаецца спадзявацца, што дыпломныя праекты, якія гавораць на вельмі сучаснай вобразнай мове, будуць скарыстаныя сёння, каб мы былі больш упэўненыя ў заўтрашнім дні.
А вось праекты выпускніц кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ўжо сёння фарміруюць асяроддзе і… будучыню. Юлія Антанюк і Вольга Мокат прэзентавалі ювелірна выкананыя вітражы для канферэнц-залы гасцініцы “Мінск” “Квітненне” (кіраўнік У.Зінкевіч), якія натуральна ўвайшлі ў прапанаваны інтэр’ер і дзіўным чынам вобразна злучылі будынак, што з’явіўся на нашым, познекласіцыстычным праспекце якраз падчас барацьбы з залішняй аздобай, з архітэктурным наваколлем (наш праспект выдатна ілюструе так званы “сталінскі ампір”), з тым самым будынкам паштамта, які бачаць госці, выходзячы з гасцініцы на шпацыр.

Вечнасць

Кола часу няспынна імкне ў будучыню, да вечнасці… І сёння выпускнікі дый студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў падымаюць у сваіх творах не толькі надзённыя, але і вечныя пытанні, на якія ці будзе калі адказ. А калі на пытанне няма адказу, чалавек можа прыйсці ў храм. І сёння мастакі вельмі часта дакранаюцца да тэмы сакральнага. Сярод выпускнікоў гэтага года ёсць тыя, хто пад кіраўніцтвам Д.Чубукова працаваў над грандыёзным праектам — мазаікамі, якія цяпер аздабляюць храм Усіх Святых. Гэта Алесь і Януш Багданавы, Яўген Чысты і інш.
Так сталася, што першым творам, які ў гэтым годзе быў прэзентаваны да абароны на мастацкім факультэце, быў твор Марыі Ларкінай “Айцец Канстанцін” (кіраўнік У.Масленікаў). Выпускніца стварыла вельмі трапяткі, духоўны партрэт не проста святара, а свайго бацькі.
А завяршалася абарона дыпломнай работай стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэна Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Яўгена Чыстага. Ён выканаў праект мазаікі для храма ў гонар Святой Блажэннай Ксеніі Пецярбургскай Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра (вёска Барань Барысаўскага раёна, кіраўнік Д.Чубукоў). Лік Хрыста, упісаны ў вялізнае кола, кола часу і кола вечнасці.

Галіна ЛАНЕЎСКАЯ,
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва Галіны ЛАНЕЎСКАЙ.