Жыццё выдатнае!

Ты панура ідзеш па шумным сталічным праспекце — заклапочаны, абцяжараны сваімі невясёлымі думамі, стомлены жыццём, разлюблены, расчараваны, абылганы… Калі гэта так, то ў такім выпадку табе, мой самотны дружа-чытач, якраз сюды — па плошчу Якуба Коласа, дзе напрыканцы мая ўжо пяты раз разгарнуўся вулічны выставачны праект “Мастак і горад”. Творы выдатнага беларускага мастака Валянціна Губарава развеяць твае сумныя думкі, вернуць цябе да жыцця. Таго непасрэднага, мілага, непрычасанага жыцця, якое паказвае на сваіх палотнах жывапісец.

Крыху пра самога аўтара. Валянцін Губараў нарадзіўся ў 1948 годзе ў Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад). Вучыўся ў мясцовым вучылішчы, затым — у Маскоўскім паліграфічным інстытуце на факультэце графікі. З 1975 года жыве ў Мінску. Сябар Беларускага саюза мастакоў, ганаровы член мастацкай асацыяцыі “Шэдэўр” (Германія). Работы мастака знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь і іншых музеяў, а таксама ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. З 1994 года жывапісец мае эксклюзіўны кантракт з парыжскай галерэяй Les Tournesols. Пра сваіх персанажаў з дзіўнымі насамі, у дзіўнай вопратцы сам Валянцін Губараў гаворыць так: “Я люблю сваіх герояў, яны для мяне жывыя, рэальныя людзі. Я заўсёды жадаю ім шчасця”. У сувязі з гэтым істотнае тлумачэнне дала куратар выставы “Мастак і горад” дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Наталля Шаранговіч: “За нескладанай душэўнай калізіяй хаваецца сэнс, за прастадушнасцю — унутраная напружанасць, за тэкстам — падтэкст, які і з’яўляецца для аўтара галоўным. Яго творы шматпластавыя, метафарычныя, іранічныя, з добрым гумарам, які прарываецца праз эзопаву мову… Яго пачуцці настолькі шчырыя, што закранаюць самыя таемныя струны душы кожнага гледача, прымушаючы адчуць сваё дачыненне да герояў карцін”.

Шчыра кажучы, бываючы на выставах “Мастак і горад”, я не толькі сузіраю выстаўленыя палотны, але і цішком назіраю за людзьмі, якія сюды прыходзяць. І сёлета падгледзеў некаторыя “характэрныя моманты”.
Вось два вясёлыя і зухаватыя хлопцы спыніліся перад адной карцінай і не хаваюць сваіх цёплых эмоцый.

Вось закаханая парачка: яна проста ціха сабе ўсміхаецца, а ён нешта горача ёй даводзіць.

Вось дзяўчынка гадоў трынаццаці не можа адвесці вачэй ад карціны мастака. Глядзіць уважліва, сур’ёзна, не міргаючы.

Хто больш рэальны: яны, гэтыя жывыя людзі, ці героі Валянціна Губарава? Далібог, цяжка сказаць.

А я — можа, таму, што ў самога дома ёсць кот, а можа, таму, што апошнім часам не абыходжуся без таблетак ад ціску — знайшоў-такі на выставе Валянціна Губарава “сваю” карціну. Яна называецца “Жыццё выдатнае”: расчыненае акно, на падаконніку сядзіць вялізны рыжы кот, сонна азірае местачковыя краявіды, а побач з катом… таблеткі “Энам” (прапісваюцца гіпертонікам) і бутэлечка з валяр’янкай.

Хто прымаў гэтыя лекі, каб жыццё здалося выдатным? Можа, такі ж, як я, пачынаючы гіпертонік? Ці якісь старэнькі дзядуля, адзінокі гаспадар ката? Ці мо сам кот?Жыццё выдатнае.jpg(Сайт)

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.