Нарадзіўся я ліцвінам…

Сталыя чытачы “Настаўніцкай газеты”, магчыма, памятаюць інтэрв’ю аўтара гэтых радкоў з вядомым літаратарам і выдаўцом, ураджэнцам Жодзіна Уладзімірам Сіўчыкавым. Яно пабачыла свет у нашым выданні некалькі гадоў назад і было прысвечана перспектывам усталявання на ўездзе ў Жодзіна коннага помніка заснавальніку гэтага горада — выдатнаму дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага князю Багуславу Радзівілу. Нагадаю, гаворка тады ішла не толькі пра помнік, але і пра саму постаць Багуслава Радзівіла, на жаль, да гэтага часу яшчэ малавядомую ў Беларусі, а таксама пра неабходнасць большай увагі да ўшанавання памяці пра нашых славутых землякоў у выглядзе помнікаў ды іншых памятных знакаў. Дзякуй богу, дарэчы, што безыменнаму праезду ў Жодзіне ўжо нададзена назва Багуслаў-Поле (адна з назваў паселішча), а тамтэйшы памятны знак пацвярджае гістарычную дату заснавання горада ў 1643 годзе — больш чым за тры стагоддзі да пабудовы БелАЗа.

І вось нядаўна мой колішні суразмоўца нечакана патэлефанаваў мне і… зноў загаварыў пра помнікі. Праўда, на гэты раз ужо ў сувязі не з князем Багуславам Радзівілам, а з нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровым грамадзянінам Францыі Тадэвушам Касцюшкам (1746—1817), які ніколі не забываў, што “нарадзіўся ліцвінам” (з яго ліста да Аляксандра І).
— Раней дачка Алеся дасылала мне фотаздымкі нью-ёркскай вуліцы Тадэвуша Касцюшкі (Коsciuszko street), а цяпер падарожнічала па Пенсільваніі і ў горадзе Скрэнтан (Scranton) сфатаграфавала помнік Тадэвушу Касцюшку, — пачаў размову Уладзімір Сіўчыкаў. — Крыху здзівіўся, бо ведаў, што помнікі вялікаму сыну беларускай зямлі стаяць у некалькіх амерыканскіх гарадах, але пра гэты пачуў упершыню. Больш за тое, звестак пра помнік Касцюшку ў Скрэнтане я не змог адшукаць ні ў даведніках, ні ў свабоднай энцыклапедыі “Вікіпедыя”, ні на сайтах “Бацькаўшчыны” і “Спадчыны”. Затое што-нішто знайшла па маёй просьбе Алеся. Такая інфармацыя не зацікавіла б “Настаўніцкую газету”?

Хвіліну разважаўшы, я падумаў, што гэта было б, сапраўды, цікава — пачуць з першых (або, прынамсі, з другіх праз першыя) вуснаў пра невядомы ў Беларусі помнік нацыянальнаму герою адразу трох краін, апярэдзіць з публікацыяй каштоўнай інфармацыі іншыя выданні і інтэрнэт. Але, дамаўляючыся з пісьменнікам пра сустрэчу, я нават не падазраваў, што мяне чакае цэлая лекцыя ад яго пра існуючыя помнікі Тадэвушу Касцюшку ў ЗША і Рэспубліцы Беларусь. А атрымалася менавіта так, і таму спяшаюся цяпер пераказаць пачутыя мною звесткі.
— Адным з першых узведзеных у ЗША помнікаў Касцюшку, — расказвае Уладзімір Сіўчыкаў, — трэба лічыць усталяваны ў 1910 годзе манумент польскага скульптара Антона Папела ў цяперашняй сталіцы Вашынгтоне, у Лафает-парку перад Белым домам, побач з выявамі іншых герояў вайны за незалежнасць ЗША: французаў маркіза Жыльбера Лафаета, адмірала Франсуа дэ Граса, генерал-лейтэнанта Жана-Батыста дэ Рашамбо і прускага барона Фрыдрыха фон Сцюбена. У 1913 годзе быў пастаўлены помнік у Вест-Пойнце, але не ў маленечкім, на 164 жыхары, гарадку ў Арканзасе, а ў аднайменным горадзе-кампусе ў штаце Нью-Ёрк пры знакамітай вайсковай акадэміі, якую заснаваў згаданы ўжо фон Сцюбен, а будаваў наш зямляк. У 1927 годзе ўзведзены помнік (скульптар Тэа Руглес Кітсан) на Паблік Гардэнс у Бостане, у штаце Масачусетс, на атлантычным узбярэжжы, на паўночным усходзе ЗША. Стаіць помнік у парку імя Тадэвуша Касцюшкі горада Мілуокі ў штаце Вісконсін. У горадзе-мільянеры Чыкага, што ў штаце Ілінойс, на Салідарыці-драйв з перспектываю на возера Мічыган высіцца конны помнік. Ёсць манумент і ў Уільямс-парку, у адным з трох Санкт-Пецярбургаў, назвы якіх прамаўляюцца як Сэйнт Пітэрсберг, што на поўдні краіны ў штаце Фларыда.
— Ёсць меркаванне, — працягвае расказваць пісьменнік, — што амерыканцы — адносна маладая нацыя, а таму ахвотна дубліравалі еўрапейскія назвы, старанна “навёр-ствалі” і старылі сваю гісторыю. Дбайна рэстаўрыруюць яны гістарычныя будынкі, што-нішто прывозяць з іншых кантынентаў або робяць дакладныя копіі, рупліва ўсталёўваюць помнікі і манументы, ахвотна прымаюць іх у дар, як знакамітую статую Свабоды. Таму заканамерна, што і ў Філадэльфіі (назву Philadelphia можна перакласці з грэчаскай мовы як “горад братняй любові”) — колішняй сталіцы паўночнаамерыканскіх штатаў, калысцы амерыканскай дзяржаўнасці і амерыканскай дэмакратыі, горадзе, дзе былі абвешчаны Дэкларацыя незалежнасці, а потым і Канстытуцыя і дзе быў падпісаны Біль аб правах, — да 200-годдзя незалежнасці Злучаных Штатаў на перакрыжаванні Бенджамін Франклін Парквэй і 18-й стрыт быў усталяваны помнік Тадэвушу Касцюшку скульптара Мар’яна Канечнага як дар польскага народа народу амерыканскаму.
Часам праслізгвае інфармацыя пра помнікі Касцюшку нібыта ў Кліўлендзе, штат Агаё, на паўднёвым беразе возера Эры, і ў Дэтройце (дарэчы, пабраціме Мінска!), штат Мічыган, але, зноў жа, інфармацыя тая вельмі няпэўная. Большасць з названых манументаў пастаўлены намаганнямі і коштам польскай дыяспары і ўзвышаюцца ў вельмі выйгрышных, даступных шырокай публіцы месцах.

Што ж да згаданага ў пачатку помніка Тадэвушу Касцюшку ў Скрэнтане, то ён стаіць на плошчы Кортхаўз (Courthouse Square), а на пастаменце выбіты надпіс: “General Thaddeus Kosciuszko Born Feb. 4. 1746 Died Oct 15. 1817”. Астатні тэкст у перакладзе гучыць так: “Гэтым помнікам у 1998 годзе ўганараваны польскі эмігрант генерал Касцюшка, вядомы як бацька амерыканскай вайсковай інжынерыі пасля праектавання шматлікіх фартэцый падчас Амерыканскай рэвалюцыі. Помнік Касцюшку ўшаноўвае першага замежнага вайсковага афіцэра, які прыйшоў на дапамогу ЗША падчас рэвалюцыі. Брыгадны генерал Касцюшка праявіў вайсковае інжынернае геройства поруч з умельствам планаваць і вызначаць ход бітвы пад Саратогаю, якая вызначыла яму імя “Бацькі амерыканскай артылерыі”. Ён таксама вядомы праектаваннем фартэцый у Вест-Пойнце”.
— Зважаючы на дату ўсталявання помніка (1998 год), цяжка не ўразіцца — амерыканцы не спыняюцца, ставяць усё новыя манументы. Калі вашынгтонскаму ўжо больш за сто гадоў, то скрэнтанаўскаму — усяго пятнаццаць, — рэзюмуе мой суразмоўца, але я ўжо разумею, што цяпер у яго аповедзе пачнецца другая — уласна беларуская — частка.
І не памыляюся.
— Біёграфы дагэтуль спрачаюцца, дзе нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка з сёмага калена Касцюшкаў Сяхновіцкіх, герба “Рох-ІІІ”, сын католіка Людвіка Тадэвуша Касцюшкі і ўніяткі Тэклі з Ратомскіх. Адны аддаюць права першародства маёнтку Мерачоўшчына колішняга Слонімскага павета, другія — вёсачцы Сяхновічы Малыя, што за тры кіламетры ад Косава.
З адносна нядаўняга часу, з 1988 года, перад будынкам Сяхновіцкай школы стаяў адзіны ў Беларусі помнік герою, пагрудная бетонная выява вышынёй 1,2 метра, зробленая яшчэ ў 1932 годзе скульптарам Бальбінай (Альбінай) Свіціч-Відацкай і ўсталяваная ў Кобрыне. Аднак твор той цяжка аднесці да высокамастацкіх, дый хто яго бачыў у маленькай вёсачцы! Іронія лёсу і ў тым, што доўгі час помнік захоўваўся ў запасніках музея Аляксандра Суворава, заўсёднага антаганіста Касцюшкі. Паспеў ён пабыць, як і яго правобраз, і ў вязніцы — у казематах Брэсцкай крэпасці, бо быў перададзены на захоўванне ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.
Вельмі хораша, што ў 2005 годзе ў нашай сталіцы з’явіўся бюст Тадэвуша Касцюшкі, які зрабіў Алесь Шатэрнік. Але і яго пабачыць няпроста — дзеля гэтага трэба трапіць за мураваны паркан, на тэрыторыю Пасольства ЗША, што на рагу вуліц Камуністычнай і Старавіленскай.

Каб пабачыць плоскасную скульптуру, усталяваную да 190-годдзя з дня смерці героя, спатрэбіцца выправіцца ў Старыя Дарогі, на панадворак прыватнага мастацкага музея. Яе аўтары Алесь Цыркуноў і Анатоль Крывенка, а кіраўнікі праекта Анатоль, на вялікі жаль, ужо нябожчык, і Міхаіл Белыя.
Аддаць даніну памяці генералу можна таксама каля памятнага знака ў Мерачоўшчыне ці пры валуне з выбітым на ім надпісе “Cieniom Kościuszki” на сядзібе Агінскіх у Залессі, што на Маладзечыншчыне.
Але, магчыма, прычакаем часоў, калі зможам сфатаграфавацца, скажам, у Брэсце, пры паўнацэнным — у поўны рост ці нават конным — помніку нашаму славутаму суайчынніку і адаслаць тыя здымкі праз акіян сваякам і знаёмым.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алесі СІЎЧЫКАВАЙ.