Легендарны Мядоцкі фальклорны гурт “Берагіня” адзначыў сваё 20–годдзе
У 1996 годзе мяне і Таццяну Пладунову як тагачасных супрацоўнікаў аддзела фальклору Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі запрасілі на фальклорную імпрэзу ў Барысаўскі раён, дзе на сцэне дамінаваў фальклорны гурт з мясцовым танцавальным, песенным і музычна-інструментальным рэпертуарам. Калектыў складаўся з вясковых дзяцей, акуратна апранутых у пашытыя бацькамі цэнтральнабеларускія строі. Мы, выхаваныя на кнігах, альбомах і этнафільмах сусветна прызнаных прафесійных беларусазнаўцаў Арсена Ліса, Міхася Раманюка і Зінаіды Мажэйкі і на фальклорных фэстах Прыбалтыкі (цалкам аўтэнтычна скіраваных і інтэрактыўных яшчэ з 70-х гадоў ХХ стагоддзя), вырашылі (у той час пакуль толькі для сябе), што гэты вясковы калектыў — першая ластаўка новага напрамку, новага вектара ў этнакультурным выхаванні дзяцей і моладзі Беларусі. Як паказаў час, мы не памыліліся. Калектыў з Барысаўшчыны працаваў у напрамку захавання формы і зместу аўтэнтычнага фальклору беларусаў у працэсе яго спецыяльна арганізаванай пераемнасці. Фальклор (прынцыпова не стылізаванае мастацтва вуснай традыцыі) быў і зместам, і мэтай, і вынікам навучання ў гэтым гурце. Калектыў называўся “Берагіня”, быў створаны ў вёсцы Мётча завучам мясцовай школы Антанінай Абрамовіч і мінскім этнахарэографам Міколам Козенкам.
Напрыканцы ХХ стагоддзя большасць сарыентаваных на народнае мастацтва гледачоў “аб’елася” стылізацыямі фальклору, таму асобы і калектывы, якія ў ХХІ стагоддзі пачалі працаваць у напрамку, прапанаваным “Берагіняй” (ці часткова запазычылі яе методыкі і падыходы), сталі дастаткова запатрабаванымі, атрымалі прызнанне і поспех. Прычым у самых розных сферах дзейнасці. У напрамку сярэдняй і дадатковай адукацыі з улікам новага вектара этнакультурнага выхавання працавалі людзі, намаганні якіх фарміравалі першыя навыкі творчасці новага пакалення беларусаў. Найбольш вядомыя сёння калектывы — спадкаемцы ідэй і методык “Берагіні” пры школах, цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі, цэнтрах культуры і вольнага часу — гэта “Явар” (Мінск, педагог-лідар Святлана Балцэвіч), “Верабейкі” (Любань, педагог-лідар Сяргей Выскварка), “Вянок” (Ракаў, педагог-лідар Лізавета Пятроўская), “Гарлачыкі” (Мінск, педагог-лідар Святлана Яфімава), “Мілавіца” (Мінск, педагог-лідар Марыя Снітко), “Нежачкі” (Расоны, педагог-лідар Валянціна Ліцьвінава), “Квецень” (Мінск, педагог-лідар Таццяна Крыўко), “Рудабельскія зорачкі” (Акцябрскі, педагог-лідар Вольга Дульская). Паралельна працавалі самабытныя “Калыханка” (Міханавічы, педагог-лідар Ларыса Рыжкова) і “Верас” (Мінск, педагог-лідар Таццяна Пладунова). Гэтыя калектывы і праца іх педагогаў далі шмат таленавітых выканаўцаў для фальклорнай, эстраднай і рок-сцэны краіны.
Час ішоў наперад, “Берагіня” стала ўзорным (2001), а потым і заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь (2012), не здраджваючы сваім ідэалам. У гурце сфарміраваўся выдатны педагагічны склад з музыкантаў-інструменталістаў Тамары Захаравай, Паўла Міцькіна, Людмілы Касцюковіч, Дзмітрыя Шчэрбы, Марыны Антонавай, з дызайнераў па касцюмах Інесы Абрамовіч і Ірыны Касцюк. Са сцэны маладыя пераемнікі фальклору ўсё так жа карагодзілі з “Заінькам”, “Макам”, “Просам”, “Пцічкамі”, круціліся ў “Лявонісе”, “Мяцеліцы”, “Селішчанскім вальсе”, саліравалі ў “Мікіце”, “Барыні” і інш. Сталі лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў Марыя Касцюкевіч, Дар’я Бярозка і Яўген Шышко, іншыя адораныя мётчанцы. Прафесійным этнафоназнаўцам стала Паліна Абрамовіч, якая пранесла скрозь сцэнічныя пляцоўкі Іспаніі, Францыі, Латвіі, Літвы айчыннае мастацтва вуснай традыцыі, адвучыліся ў сталічных універсітэтах і вярнуліся працаваць у родную вёску першыя выхаванцы гурта і пачынаюць пакрыху прыводзіць у “Берагіню” сваіх дзяцей. Тыя, хто аналізаваў агульную сітуацыю па краіне, заўважыў, што на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў нетаропка, але непазбежна мянялася парадыгма ў айчыннай культуры і мастацтве, знітаваных з этнаідэнтыфікацыяй і фальклорам. Аўтэнтыка і яе перайманне станавіліся актуальнымі, трэндавымі.
У ХХІ стагоддзі новым этапам укаранення выхаваўчых і адукацыйных стандартаў, прапанаваных колам энтузіястаў, створаным вакол мётчанскага гурта, стаў Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” (цёзка калектыву), “прапісаны” ў пасёлку Акцябрскім Гомельскай вобласці. За 15 гадоў праз яго прайшлі тысячы дзяцей, далучаных да працэсу творчага самавыяўлення сродкамі карэннай культуры сваёй Радзімы. Сёння гэты фестываль — афіцыйнае мерапрыемства з плана Міністэрства культуры Беларусі, і яго правядзенне ўключана ў План мерапрыемстваў па ажыццяўленні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
А мётчанскі гурт “Берагіня” тым часам сталеў, набіраўся вопыту, увесь час з’яўляючыся прыкладам калектыву без “эстэтызацыі і паляпшэння” фальклору, калі традыцыя становіцца і мэтай, і сродкам пераемнасці, выхавання, навучання. Як паказаў час, гэты шлях вывераны і выніковы. Толькі калі людзі, якія займаюцца этнакультурным выхаваннем і этнамастацкай адукацыяй, будуць трымацца вектара, прапанаванага “Берагіняй”, новыя пакаленні беларусаў будуць мець магчымасць далучыцца да аўтэнтычнага мастацтва сваіх продкаў, а не да яго штучных сурагатаў.
І сёння “Берагіня”, якая адзначыла 20-годдзе, па-ранейшаму знаходзіцца ў выдатнай форме! Гэта засведчылі нядаўнія юбілейныя ўрачыстасці (удалы канцэрт і фальклорныя навуковыя чытанні “Мядоцкая “Берагіня” ў прасторы і часе”) у Мётчанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Барысаўскага раёна, у якім па запрашэнні яго сённяшняга дырэктара Таццяны Вароны і былога дырэктара, а зараз загадчыка школьнага музея Уладзіміра Лайкова сабраліся сябры і знаёмыя легендарнага калектыву.
Вячаслаў КАЛАЦЭЙ,
кандыдат культуралогіі, дацэнт, загадчык кафедры этналогіі і фальклору
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.