Горнае паветра і беларускі неруш

Каля трыццаці кніг — паэзіі, прозы, для дзяцей — выдаў Ганад Чарказян. Піша ён па-армянску і па-курдску. На курдскай мове — часцей. Стаць жа вядомым беларускім пісьменнікам яму дапамаглі тыя, хто перастварае і пераствараў яго творы па-беларуску і па-руску, а гэта (назаву па алфавіце) Глеб Артханаў, Рыгор Барадулін, Казімір Камейша, Ала Канапелька, Барыс Крывялевіч, Валерый Ліпневіч, Уладзімір Марук, Мікола Мятліцкі, Валянцін Тарас, Фёдар Яфімаў…

Як жа стаў Ганад Бадрыевіч беларусам? Ды, бадай, выпадкова. Працуючы ў Туапсэ, аднойчы, вяртаючыся з Ерэвана, cпаткаў у цягніку дзяўчыну, якая адразу ж прывабіла яго сваёй прыгажосцю. Дзяўчына аказалася мінчанкай. Пяць гадоў па чарзе наведваліся ў госці: то ён да яе, то яна да яго. Пасля чаго пажаніліся, Г.Чарказян перабраўся ў Мінск. Хоць, бадай, ці не ў кожнай выпадковасці ёсць і пэўная заканамернасць. Яго бацька Бадр Чарказавіч быў сярод тых, хто вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Атрымліваецца, што курдска-беларуская сувязь на генным узроўні існавала: Г.Чарказян нарадзіўся ў 1946 годзе.

У Мінску яму пашанцавала на знаёмства з вядомымі людзьмі. Сапраўды ўжо: талент талент шукае, талент талент і знаходзіць. Першая кніга Г.Чарказяна “Прочность” выйшла ў 1980 годзе. Благаславіў яе незадоўга да сваёй смерці Пятрусь Броўка. Рыгор жа Барадулін пераклаў на беларускую мову пяць кніг паэзіі і прозы Г.Чарказяна. Прыязныя адносіны былі ў Ганада Бадрыевіча з незабыўным Васілём Быкавым. Дый знаёмства з Алегам Лойкам шмат дало. Увогуле ж, Г.Чарказян — душа-чалавек. Па-курдску мудры, разважлівы. Таму ахвотна і сябруюць з ім калегі, а многія хутка становяцца і добрымі сябрамі. Іх аднолькава прываблівае Г.Чарказян — чалавек, творца, у якога нямала цудоўных твораў.

У паэзіі асабліва важкія набыткі Г.Чарказяна ў жанры чаргаві. Навум Цыпіс, адзін з тых, хто ў сваіх публікацыях найбольш глыбока спасцігнуў сутнасць яго творчасці, у сувязі з гэтым заўважыў: “А што такое чаргаві? У перакладзе з курдскай — гэта чатыры крокі, іншасказальна — чатырохрадкоўе, старажытнае вынаходніцтва ўсходніх паэтаў, якія жылі тысячу гадоў назад. У Амара Хаяма — рубаі, у Ганада Чарказяна — чаргаві. Гэта яго ўласны жанр”.

Не мудрагелячы, адну са сваіх кніг ён так і назваў — “Чатыры крокі” (2010). У яе ўвайшло ажно 441 (магчыма, я ў падліку памыліўся, то прашу прабачэння) чатырохрадкоўе. Гэта паэзія сапраўды высокага кшталту. А яшчэ, як таго і вымагае жанр, вялікай філасофскай напоўненасці, чаго дабіцца пры такой лаканічнасці — чатыры радкі, чатыры крокі — не так і проста. Г.Чарказян жа гэтага лёгка дасягае. Прычына, бадай, не толькі ў таленце, а і ў тым, што ён ураджэнец тых зямель, дзе здаўна вельмі цэніцца народная мудрасць. Яна ж, мудрасць гэтая, арганічна і напоўніла чаргаві. Так напоўніла іх, як дождж жывіць горныя рэкі.

Звычка даўняя ёсць адна —
Скінь ля крыніцы абутак спярша.
І стане крыніца светлай да дна,
Як і твая ў гэты міг душа.
Ці вось гэтае чаргаві:

Праз змрочны туман дасвецця
Сонца промні шпурляе жменяй.
Прыбывае святлыні ў свеце,
А ў душы яе — меней і меней.
Глыбокая думка закладзена і гэтым разам:

За перавалам дарога кручэй і кручэй,
Нялёгка на пік вяршыні ўзысці.
Таропка бяжыць толькі ручэй,
Да плыні зваротнай яму не знайсці.

У чатырохрадкоўях Г.Чарказяна прысутнічае мудрасць, калі можна так сказаць, спластаваная, пераствораная ў згустак думкі, што нясе ў сабе нейкае важнае і важкае выказванне. Такое, якое, з’яўляючыся, безумоўна, словам самога паэта, разам з тым успрымаецца і як выснова, у якую ўвогуле закладзены пэўныя жыццёвыя назіранні. Іх прыкмячаюць часам і іншыя людзі. Ды толькі Бог, на жаль, не даў ім таленту, каб усё гэта так арыгінальна, па-свойму перадаць на паперы.

На дзіва населены ў Г.Чарказяна, вобразна кажучы, і празаічны мацярык. Гэта тычыцца як твораў малога жанру, так і раманаў. Пераважная большасць яго апавяданняў нясе ў сабе тую філасофскую напоўненасць, якой заўсёды вызначаецца проза Г.Чарказяна, незалежна ад таго, гучаць у ёй горскія матывы ці тэматычна яна звязана са штодзённым жыццём беларускай зямлі. Хоць, калі добра разабрацца, у рэшце рэшт гэта не так і важна. Істотней — чым жыве душа апавядальніка, пра што яму прагнецца расказаць, які чалавеказнаўчы патэнцыял закладвае ён у аснову сваіх твораў. Філасафічнасць у апавяданнях Г.Чарказяна — гэта магчымасць убачыць, паказаць, раскрыць жыццё ў самых розных яго праяўленнях. Пры гэтым на, здавалася б, лакальных прыкладах, у чым і пераконваюць такія апавяданні, як “Негр”, “Імітацыя бою”, “Палата № 7”, “Цяжкая ноша”, “Белая вежа” і інш.

Аднак сярод твораў малога жанру ўражвае, напрыклад, апавяданне “Моня і Джын”, што мае падзагаловак “Амаль казка”. Сапраўды, у аснове гэтага твора — неверагодная гісторыя, далёкая ад рэальнасці. Каза бабулі Моні выпадкова адкапала на агародзе сховішча, у якім тры тысячы гадоў знаходзіўся джын Усум-Бусум. Ён спачатку ўзрадаваўся, што апынуўся на волі, цяпер, аднак, просіць бабулю Моню: “Мая пані, памажы-памажы мне вярнуцца ў сваю цямніцу…” А ўсё таму, што за кароткі час знаходжання на свабодзе паспеў расчаравацца ў людзях: “Убачыў усю чарнату душы чалавечай. Людзі страцілі сумленне і забылі, што такое спагада, дабро, любоў… Усе абманваюць усіх, і ўсе пра гэта ведаюць. Галава пайшла кругам, калі пабачыў, як дзеці тузаюць за бароды, а дарослыя смяюцца…”

Пераказваць апавяданне няма сэнсу, яго трэба ўважліва чытаць. Тады і ў волю насмяешся (прысутнасць гумару ў творах — адна з істотных адзнак творчасці Г.Чарказяна), дый над самім жыццём задумаешся. Між іншым у апавяданні “Моня і Джын” прысутнічае і пэўная дыдактычнасць, якая ў ім, як і ў некаторых іншых творах, вельмі да месца, бо нясе ў сабе жыццесцвярджальны змест, дазваляючы чарговы раз задумацца над тым, ці так мы жывём, як трэба, ці не занадта часта страчваем важныя арыенціры, без якіх можна ператварыцца ў спадарожнікаў, якія блукаюць у поцемках і не могуць знайсці правільны шлях.

Глыбокі тэкст, шматзначны падтэкст і ў апавяданні “Ружы”, галоўны герой якога — дзед Грышка (дарэчы, пра яго няпросты трагічны лёс даведваешся толькі ў самым канцы твора) — штодня палівае ружы, якія пры ўзвядзенні новага дома аказаліся побач з катлаванам. Вартаўнік спачатку не разумее гэтага старога. Але праходзіць час — і яны знаходзяць агульную мову. Калі ж ён перастаў з’яўляцца, ідзе шукаць яго. Ад старой жанчыны і даведваецца, што гэта быў дзед Грышка, а на месцы цяперашняга катлавана “фашысты знішчылі ўсю яго сям’ю, суседзяў, за тое, што яны хавалі ў сябе хлопчыка-габрэя”, а памёр дзед Грышка яшчэ дзесяць гадоў назад. Вартаўніку нічога не застаецца, як пагадзіцца з такім сцвярджэннем: “Можа быць, можа, у нашым жыцці ўсё можа быць, і не толькі такое… Мы з вамі гэта добра ведаем… Як бы пражыць так, як жыў дзед Грышка? Каб з таго свету вярнуцца…”

Вяртанне дзеда Грышкі з небыцця — гэта вяртанне дабра, якое ён рабіў. Ён не мог не вярнуцца, таму што быў перакананы, што ўсе людзі могуць быць родзічамі, а калі ёсць такая ўпэўненасць, то з фізічнай смерцю чалавек не знікае, а здольны жыць сярод людзей, бо мусіць працягваць рабіць дабро, з якім жыў і без якога не ўяўляў сабе жыцця. Ружы, якія так любіў даглядаць дзед Грышка, не толькі памяць пра тых, хто загінуў. Яны і ўвасабленне прыгажосці, а паколькі, як сцвярджаў класік, прыгажосць уратуе чалавецтва, то гэта і ўвасабленне самога чалавека, яго добрых памкненняў, таго, што і робіць чалавека чалавекам, а калі хочаш годна жыць, то перад усім мусіць быць чалавекам.

Упэўнена абжывае Г.Чарказян і жанр рамана, пра што засведчылі такія яго творы, як “Барвовы захад сонца”, “Не памірай раней смерці” (іншая назва — “Апярэдзіць смерць”) і “Горкі пах палыну”. Пра кожны з іх можна гаварыць шмат, адзначаючы глыбокае веданне аўтарам жыцця, пачынаючы ад глыбінных працэсаў сучаснасці і да ўнутранага свету канкрэтнага чалавека, якому, як кажуць, нішто чалавечае не чужое, адзначаючы філасофскую напоўненасць усяго таго, пра што ён піша. І, канечне, нельга не сказаць пра дынамізм дзеяння, часам такую закручанасць сюжэта, што ад таго, што чытаеш, ніяк не адарвацца. Але гэта не так званая лёгкая чытаніна, а глыбока псіхалагічная проза, у якой усё дасканала выверана. Г.Чарказян ні на хвіліну не забывае пра тое, што ўклаў у вусны героя першага са сваіх раманаў Андрэя Храбрага: “Па вялікім рахунку, ад кожнага пісьменніка застаецца нямнога. Тое сапраўды новае і выпакутанае, што ён паказаў свету”. Гэтым напоўнены і апошні па часе напісання раман пісьменніка.

Галоўнага героя воіна-афганца Глеба Беразовіка, які быў цяжка паранены, падабраў афганскі селянін Сайдула з кішлака Дундуз і выхадзіў. Свой учынак ён тлумачыць так: “Вот ты спрашиваешь, почему я стал выхаживать тебя? Прежде всего, потому, что мне всегда хотелось сделать что-то угодное Аллаху, который воистину милостив и милосерден. А что может быть милосерднее, чем спасти жизнь своему врагу? Ну и, конечно, признаюсь тебе, Халеб (так па-мясцоваму усе завуць Глеба. — А.М.): желание иметь на старости лет своего собственного раба, помощника в тяжелом крестьянском труде, тоже было не последним”. А яшчэ Сайдула спадзяецца дачакацца ад адзінай дачкі Дурханы ўнука. Хто, акрамя яе, можа падарыць яго, здагадацца няцяжка…

Раман “Горкі пах палыну” — твор дынамічны. У кампазіцыйную будову яго ўкліньваюцца вострыя сюжэтныя павароты. Аднак, несумненна, гэта раман яркіх, запамінальных характараў, якія падаюцца Г.Чарказянам у залежнасці ад творчай задумы ці то ўзбуйнена, ці то ў чымсьці паўстаюць эпізадычна. Тым не менш яны ў аднолькавай ступені запамінальныя, бо ва ўсім адчуваецца рука майстра, які кожны характар раскрывае так, што выразна бачыш чалавека з усімі яго адметнасцямі. Пры гэтым пісьменнік дакладна перадае афганскі каларыт, з павагай ставіцца да тых традыцый афганскага народа, якія нельга не вітаць, але разам з тым праз успрыманне галоўнага героя твора не адмаўляе і мясцовых перажыткаў.

Вядомы рускі філосаф — ён жа паэт, публіцыст і крытык — Уладзімір Салаўёў неяк роспачна заўважыў: “Стоит ли жить, // Если правда мертва!” Зразумець яго можна. Сапраўды, калі бачыш, што хаваецца ад грамадства тое, без чаго і жыццё — не жыццё, аддаецца забыццю вызначальнае і істотнае, становіцца не па сабе. Больш за тое, нават наступаюць моманты, калі пачынаеш задумвацца, ці ёсць сэнс у тваім далейшым існаванні. Ды, на шчасце, само жыццё рана ці позна ўпэўнівае ў тым, што падобны песімізм усё ж з’ява выпадковая. Як у канцы тунэля абавязкова будзе святло, так і ў штодзённасці з’явяцца пробліскі праўды. Набліжаюць яе і мастацкія творы, падобныя новаму раману Г.Чарказяна.

Дарэчы, назва рамана сімвалічная. Так, палын — трава горкая, але адначасова яна і гаючая. Палын Афганістана стаў гаючым і для Глеба Беразовіка. Годна прайшоўшы праз суровыя выпрабаванні, ён не толькі не зламаўся, а і стаў яшчэ больш моцным. Не фізічна, канечне. Узрост ужо не такі і малады. Дый не будзем забываць, чаго каштавала яму выжыць. Аднак у Глеба нават куды больш, чым у маладога юнака, духоўнай, маральнай моцы. Ён ужо не сумняваецца, што і далей трэба жыць, бо праўда ўсё-такі не мёртвая. Тая праўда, якую ён спасцігнуў на ростанях афганскіх дарог — як баявых, так і мірных. Усяго было, і ад гэтага нікуды не дзенешся, ды праўда ўсё адно не мёртвая, таму і трэба жыць.

Ганад Чарказян не навічок і ў дзіцячай літаратуры. У яго выйшлі кнігі “Казкі дзеда Ганада”, “Талісман”, “Пумпур у калясцы” і іншыя казкі”, “Чык-чырыка і Мурлыка”. Адметнасць мастакоўскага почырку гэтага пісьменніка ў тым, што ён, добра ведаючы псіхалогію тых, для каго піша, стараецца размаўляць з дзецьмі як з дарослымі, а гэта значыць, што ніколі не апускаецца да голага маралізатарства, не дазваляе сабе ў размове з імі сюсюкання, але разам з тым умее ў сваіх казках (а гэта любімы жанр Г.Чарказяна — дзіцячага пісьменніка), узнімаць важныя праблемы. Пры тым ён глядзіць на навакольны свет, на яго насельнікаў вачыма тых, каму і адрасуе свае творы.

Побач з гэтымі творамі, якія з цікавасцю прачытае і дарослы чытач, у кнізе нямала і казак, што прыйдуцца даспадобы не толькі дзецям сярэдняга школьнага ўзросту, але і малодшым школьнікам, а таксама дашкольнікам. Хоць у рэшце рэшт асалоду ад іх атрымае любы. Вельмі ж многа ў гэтых творах займальнасці, дасціпнасці, сонечнасці, але разам з тым прысутнічае і павучальнасць. Праўда, гэта, чым і адметныя казкі Г.Чарказяна, не голы дыдактызм. Думка аб тым, як неабходна быць добрым, справядлівым, са спагадай ставіцца да іншых, праводзіцца не навязліва, а тактоўна, яна вынікае з самога сюжэта твора.

У творах Г.Чарказяна (як у паэтычных, так і ў празаічных) пастаянна прысутнічае дарагая яму Арменія, курдскі народ, сынам якога ён з’яўляецца Часам гэта адбываецца і не напрамую, а праз пэўныя рэаліі, памятныя яшчэ з маленства, праз тую глыбінную філасафічную напоўненасць аўтарскага роздуму, як і разваг яго персанажаў, што характэрна менавіта горцам. Аднак у яго творах таксама нязменная і прысутнасць Беларусі, з якой ён парадніўся і якую даўно ўспрымае сваёй. Зноў жа не заўсёды прамаўляе гэта адкрыта. Тым не менш прысутнасць гэтая вельмі адчувальная. Яна ў той своеасаблівай атмасферы, якую стварыць, перадаць можа толькі чалавек, які ўрос у гэтую зямлю, успрымае сябе часцінкай яе. Апявае яе хораша, пранікнёна. Дый інакш не можа. Сумленне падказвае, што ўсё павінна быць толькі так, а не інакш. Дый нагадвае яшчэ: пішы так, як і дагэтуль пісаў. Таленавіта, ярка, непаўторна. Разам з тым яшчэ і лепш. Не забывай, што ты горац, а горцы з гадамі становяцца ўсё больш мудрымі. Але памятай і пра сваю беларускасць. Беларусам жа таксама гады — паўбяды, калі ў іх шмат задум і планаў.

Ганаду Бадрыевічу асабліва падабаецца беларускае слова “неруш”, якое ён пачуў упершыню з вуснаў Р.Барадуліна і пачаў успрымаць настолькі сваім, нібыта з гадоў маленства яно жыло ў ім, дзе ў Арарацкай даліне — зямлі яго маленства і юнацтва — такія вабныя, непаўторныя краявіды. Цяпер горнае паветра і беларускі неруш надаюць непаўторнасць і яго творчасці.

Алесь МАРЦІНОВІЧ.