Гэтымі днямі на радзіме нашага першадрукара Францыска Скарыны ў Полацку праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства
“Ад Еўфрасінні, ад Скарыны… Ад Полацка пачаўся свет…” Глыбока сімвалічныя словы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, адлітыя ў метале на адным з самых арыгінальных полацкіх помнікаў — помніку літары “Ў”… Магчыма, хтосьці не чуў пра дзікунскі выпадак, які здарыўся ў 2014 годзе, калі нейкія вандалы пашкодзілі гэты надпіс. Дзякуй богу, летась помнік быў адноўлены, надпіс зноў заззяў на сонцы, і ўнікальная беларуская літара “Ў”, якой няма больш ні ў адным алфавіце народаў свету, зноў радасна заўсміхалася людзям сваім “смайлікам” уверсе. Дарэчы, помнік літары “Ў” на полацкім праспекце Францыска Скарыны — але як жа не хочацца вымаўляць у гэтым выпадку слова “помнік”, як быццам гэтай літары ўжо няма! — абавязковы пункт экскурсійнай праграмы турыстаў, якія наведваюць Полацк, адно з улюбёных месцаў саміх палачан.
А сёлета, і канкрэтна гэтымі днямі, слаўны старажытны Полацк асабліва поўны людзей. Тут адбываецца нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства.
Полацк прымае Дзень беларускага пісьменства ўжо трэці раз. Такой прывілеі яшчэ не мела ніводная з папярэдніх сталіц гэтага культурна-асветніцкага свята. Але ён, наш слаўны старажытны Полацк, варты такой пашаны, бо ён — бацька беларускіх гарадоў, калыска беларускай дзяржаўнасці і духоўнасці, спаконвечны цэнтр нашай культуры і духоўнасці, горад, непарыўна звязаны з такімі святымі імёнамі, як Еўфрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі… Нарэшце, горад, з якога пачыналіся найноўшыя традыцыі ўжо ў гісторыі суверэннай Беларусі — менавіта ў Полацку ў 1994 годзе быў упершыню праведзены Дзень беларускага пісьменства, а ў 2010 годзе ён стаў першым беларускім горадам, які быў аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі.
Больш за тое, урачыстыя мерапрыемствы ў рамках Дня беларускага пісьменства ў гэтым годзе праходзяць не ў традыцыйным для гэтага свята двухдзённым фармаце, а ажно на працягу трох дзён, з 1 па 3 верасня. І гэта зноў жа падаецца натуральным і апраўданым, калі зважаць на знакавасць і юбілейнасць 2017 года для Полацка. Сёлета Полацку спаўняецца 1155 гадоў (упершыню ён згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 862годам), сёлета спаўняецца 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню (“віноўнікам” гэтага юбілею быў “доктар Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка”, які 6 жніўня 1517 года ў Празе выдаў першую друкаваную кнігу на старажытнабеларускай мове — “Псалтыр”), сёлета Полацк мае пачэсны статус маладзёжнай сталіцы Беларусі.
Вось жа як слаўна пашчыравалі зоркі ў небе над слаўным Полацкам, над геаграфічным цэнтрам Еўропы!
Але Полацку не зайздросцяць іншыя беларускія гарады, бо добрыя дзеці ніколі не зайздросцяць свайму бацьку.
Наадварот, ганарацца ім, цягнуцца за ім, радуюцца за яго.
Радуюцца Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў — гарады, якія на працягу апошніх 23 гадоў ужо прымалі Дзень беларускага пісьменства і ведаюць, што гэтае свята прыводзіць у горад шмат вядомых айчынных творцаў і пачэсных замежных гасцей, атуляе яго цяплом і святлом духоўнасці, робіць яго цікавейшым і разумнейшым і, акрамя ўсяго, больш прывабным вонкава.
Радуецца Іванава, якое — ужо вядома — 3 верасня пяройме ў Полацка эстафету і будзе сталіцай Дня беларускага пісьменства ў наступным годзе.
Радуецца Мінск, якому самому праз тыдзень святкаваць слаўны юбілей — 950-годдзе.
Радуюцца ўсе добрыя людзі, бо сёння ў Полацку свята.
І Полацк-бацька лагодна ім усміхаецца.
Дорыць нам усяго сябе. Да самай рэшты.
Наш карэспандэнт пабываў у Полацку на мінулым тыдні, калі горад быў ужо амаль гатовы да свята. Пачутае і ўбачанае там — у сённяшнім культуралагічным дадатку “Рэй”, прысвечаным Дню беларускага пісьменства.