Сонечны горад і… бель душы

Прыемна напаткаць у літаратуры новае імя. Удвая радасна, калі ў дэбютанта цікавыя творы. Тым больш ухвальна бачыць, што наступныя публікацыі не менш значныя. Выхад жа кнігі маладога аўтара — сапраўднае свята. Не толькі для яго самога, але і для ўсіх яго прыхільнікаў. Такое свята нядаўна і падрыхтаваў Выдавецкі дом “Звязда”, выпусціўшы першую кнігу Юліі Алейчанка “Пад чароўным шкельцам”. У ёй прадстаўлены вершы і пераклады. Дарэчы, Ю.Алейчанка паспела заявіць пра сябе і як пра арыгінальнага празаіка, удумлівага і дасведчанага крытыка. Паспяхова працуе над кандыдацкай дысертацыяй “Рытма-метрычная арганізацыя паэзіі Янкі Купалы: сутнасць, своеасаблівасць, эвалюцыя”.

Але перад усім — паэзія. Ёй Юлія Алейчанка зацікавілася яшчэ ў дзіцячым узросце. У сем гадоў напісала свой першы верш. У друку таксама пачала выступаць рана. Дэбютавала ў “Аршанскай газеце”, бо родам з Оршы. Цяпер жа сваімі для пісьменніцы сталі часопісы “Нёман”, “Полымя”, газеты “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”… Аднак кніга — гэта кніга, тым больш, калі яна вылучаецца высокай мастацкасцю сярод зборнікаў іншых паэтаў-дэбютантаў.

Унутраны свет лірычнай гераіні Ю.Алейчанкі неабсяжны. Ён настолькі велізарны, аб’ёмны, што гэта, па сутнасці, космас маладой душы, якая жадае, прагне жыць так, каб кожны пражыты дзень быў у радасць, а асалода ад кахання заўсёды і ўсюды нязменна прыносіла задавальненне. Гэта добра ві­даць з верша “***Рукамі ўсіх тых…”: “Рукамі ўсіх тых, // хто абдымаў мяне, // Шыва даўно ўжо // руйнуе Сусветы. // Вачыма ўсіх тых, // хто пажадна // глядзеў на мяне, // Аргус даўно ўжо // вартуе бясконцыя статкі. // Вуснамі тых, // хто горка мяне цалаваў, // Прараслі кветкі // у садзе зямных асалодаў. // Толькі сэрцам сваім, // быццам Данка, // Ты й дагэтуль // змагаешся з цемрай маёй”.

У Ю.Алейчанка па-сапраўднаму паэтычны позірк на людзей, на акаляючы свет. Але абавязкова знойдуцца тыя, хто здзівіцца падобнаму сцвярджэнню. Маўляў, які яшчэ позірк можа быць у паэта? Яно, канечне, так, аднак колькі яшчэ вершаў, у якіх, здавалася б, усё правільна, ды толькі яны, мякка кажучы, не грэюць. А ўсё таму, што тое, пра што гаворыцца ў такіх творах, аўтарам унутрана не перажыта, не асэнсавана так, што са шчырасці ўспрымання пэўнай з’явы з’яўляецца і шчырасць яе перадачы. Як быццам у падобных вершах усё правільна. Навідавоку культура радка, але чытаеш верш і застаешся абыякавым да таго, пра што расказваецца. Затое ў Ю.Алейчанка — што ні твор, усё настолькі праўдзіва, што цёплай хваляй тваю душу кранае пачуццё замілавання. Як у вершы “***Звычайная пара. З дзіцём…”. Колькі пісана-перапісана пра тое, як многа значыць для чалавека сямейная гармонія, узаемаразуменне паміж бацькамі, у якіх вытокі шчасця дваіх, што даюць жыццё сваім дзецям. Ю.Алейчанка не паўтарыла іншых паэтаў. У творы быццам нічога новага і не сказана. Ды толькі як на ўсё паглядзець, як да ўсяго паставіцца. А глядзець трэба чуйным позіркам самой лірычнай гераіні, якая чужую радасць успрымае як сваю і якой ад гэтага так хораша на сэрцы:

Звычайная пара. З дзіцём.

А яно так бачыць жыццё,

Быццам з неба яшчэ глядзіць.

Я баюся яму зманіць:

Даць цукерку не той рукой,

Усміхнуцца няшчыра ў адказ.

Мізарнею, губляю спакой

Прад анёламі кожны раз…

У кнізе ўсяго некалькі вершаў аб прыродзе. Лірычная гераіня раскрывае ў іх лепшыя якасці сваёй душы, характару. Сама радуючыся навакольным краявідам, такое ж пачуццё замілавання абу­джае і ў чытача. Ён таксама прапускае гэтае хараство праз сябе, каб стаць душэўна чысцейшым і святлейшым. Інакш і нельга, чытаючы, напрыклад, верш “***Хтосьці з неба вырашыў паслаць…”. Нібыта і не над кнігай схіліўся ты. І перад табой не бісер літар на белай паперы. А спыніўся на ўзлеску, узіраешся ў снежны цалік, што ляжыць суцэльнай белай коўдрай. Толькі там-сям на ім відаць нейкія рыскі — гэта колькі метраў прабегла нейкая птушка. Наўкола такая харашынь, што ажно сэрца замірае. Ды камусьці ўверсе падалося, што яе мала:

Падстаўляйце сэрцы пад снягі,

Дайце душам піць святую сілу.

Снег ляціць на рэчак берагі,

На дзяцей, на даўнія магілы.

Снег ляжыць на ганку, на шашы,

Выпадае зноў і зноў вякамі.

Вы ніколі гэту бель душы

Не кранайце бруднымі рукамі…

Бель душы… Надзіва ўдала сказана! Падобны неардынарны вобраз шукаць ды шукаць. У рэшце рэшт, для Ю.Алейчанка звыклая справа — не проста адушаў­ляць прыроду, а паказваць яе такой, што яна літаральна раствараецца ў чалавеку, а чалавек, адпаведна, у ёй. Такая знітаванасць дазваляе яшчэ выразней падкрэсліць, наколькі ўпэўнена лірычная гераіня пачувае сябе сярод людзей.

Плённа працуе Ю.Алейчанка і як перакладчык, дасканала валодаючы, прынамсі, украінскай і рускай мовамі. У іншых выпадках карыстаецца падрадкоўнікамі. Калі за справу бярэцца таленавіты пераўвасабляльнік, што якраз і тычыцца Ю.Алейчанка, гэта зусім не на шкоду мастацкасці. Няведанне мовы арыгінала кампенсуецца двума, прычым узаемазвязанымі, падыходамі. Першы і ці не галоўны — уменне перакладчыка знайсці для пера­ўвасаблення менавіта такі твор, які дазволіў бы як мага лепш адчуць творчую індывідуальнасць аўтара. З яго арганічна вынікае і другі падыход — праз непаўторнасць зразумець нацыянальны каларыт той краіны, адкуль родам творца. Гэта ў тым выпадку, калі перакладаецца не кніга твораў пэўнага іншамоўнага аўтара, а толькі некалькі яго вершаў.

Яскравы прыклад — пера­клад Ю.Алейчанка асобных твораў эквадорскага паэта Хорхе Карэра Андрадэ, найперш верша “У трэцім класе”, які, безумоўна, шмат гаворыць пра яго як пра арыгінальнага творцу, здольнага ствараць свой паэтычны свет нават там, дзе, здавалася б, такая магчымасць адсутнічае, паколькі тое, пра што расказваецца, усё ж не належыць да нечага вельмі значнага. У самым пачатку твора паўстае менавіта тое, што можна напаткаць толькі ў гэтай далёкай і па-свойму непаўторнай краіне. Усё пададзена і перададзена на дзіва праўдзіва. У пэўнай ступені нават спрацоўвае эфект тваёй прысутнасці ў вагоне, разлічаным не на багатых пасажыраў, а на тых, хто ў сваім жыцці задавальняецца толькі самым неабходным. Аднак гэта ніколькі не псуе іх настрой. Яны даўно звыкліся з такім жыццём. Дый менавіта ў падобным стане адчуваюць сябе па-сапраўднаму людзьмі, якія ў самым малым умеюць знаходзіць тую, няхай і невялікую, радасць, што не заменіш ніякімі грашыма. Таму і паводзяць сябе нязмушана, непасрэдна, так, як звычайна робіць чалавек у прывычным яму асяроддзі: “У вагоне трэцяга класа // салдат адкаркоўвае штыком // бляшанку часу”.

Згадзіцеся: мала ў якой краіне напаткаеш салдата, які б свабодна ехаў у цягніку з вінтоўкай. Пра яе, праўда, не гаворыцца. Аднак і так усё зразумела, бо ніхто з сабой ні з таго, ні з сяго штык не возіць. Дый налаўчыўся салдат карыстацца ім, як нажом ці адкрывалкай. Канечне, ужо і ў гэтым адчуваецца экзотыка Эквадора.

Юлія Алейчанка, што не выклікае сумнення, менавіта да такога спасціжэння згаданага твора і імкнулася. Ёй хацелася, каб Андрадэ, з’яўляючыся эквадорскім паэтам, праз гэты верш стаў і паэтам беларускім, а калі дакладней, каб матывы твора не былі чужымі і тым, хто далёкі ад эквадорскіх рэалій, каб беларускі чытач успрымаў іх для сябе звыклымі, хоць яны і не нашы.

Маючы высокі мастацкі густ, Ю.Алейчанка для пераўвасаблення па-беларуску бярэ толькі самае цікавае і значнае, тое, што дазваляе адчуць адметнасць пэўнага паэта. Гэта тычыцца і твораў непальца Мадхафа Прасад Гхімірэ, удмурта Сяргея Матвеева, Арцёма Аруцюняна з Арменіі, туркмена Агагельды Аланазарава, кітайцаў Лі Хэ і Ван Гачжэня.

“Пад чароўным шкельцам” — гэта менавіта кніга, а не проста зборнік твораў, кніга, якая вызначаецца цэласнасцю задумы. Тое, з чым Ю.Алейчанка прыйшла да чытача, лёгка вызначыць, нават пазнаёміўшыся толькі з першым і апошнім вершамі выдання. Своеасаблівы верш-зачын успрымаецца як праграмны. Лірычная гераіня пераканана, што “…рака жыцця // Выкідае на бераг // Слабых і непасталелых”. Але, як сведчыць заключны верш кнігі “***Жыць весела і лёгка…”, яна ўпэўнена і ў іншым:

Жыць весела і лёгка,

Калі ты

ёсць яшчэ “праектам чалавека”.

Калі марыцца

Пасадзіць пальму,

Пабудаваць горад,

Разбіць сотні сэрцаў,

Знайсці матылька

              пад чароўным шкельцам.

Невыносна цяжка робіцца,

Калі зямля ўжо стамлёна

                         дыхае пад нагамі.

Калі пальма

                   ніяк не расце ў кадцы,

Горад рассыпаецца па цаглінцы,

Ды аскепкі шкельца

                     так глыбока ў сэрцы,

Што не бачыш танец

Запаветнага матылька.

Вобраз матылька пад чароўным шкельцам набывае важкі сэнс. Знайсці яго, убачыць, палюбавацца ім — значыць не растраціць умення радавацца прыгажосці ў самым звычайным. Нават, як здаецца на першы погляд, непрыметным. У шчаслівую часіну юнацтва гэта не так і складана, было б толькі ў сэрцы жаданне ўспрымаць навакольны свет свежа і паэтычна. З гадамі, безумоўна, рабіць гэта ўсё цяжэй і цяжэй, бо сапраўды “зямля ўжо стамлёна дыхае пад нагамі”, а шмат якія мары разбіваюцца ўшчэнт. Толькі верыцца, што лірычная гераіня твораў Ю.Алейчанка і з цягам часу захавае сваю душэўную і духоўную чысціню, бо дзе шчы­расць і непасрэднасць — там і са­праўдная паэзія.

Алесь МАРЦІНОВІЧ.