На паэтычных арэлях

Анатоль Зэкаў паспяхова зарэкамендаваў сябе ў многіх літаратурных жанрах, але ў апошнія гады ўсё больш схіляецца да дзіцячай літаратуры. Сведчанне гэтага — кнігі “Як Гаўка ў космас збіраўся”, “Вожык вёз сараканожак”, “Безбілетны Зай”, “Азбуку мядзведзь вучыў”, “Лічба з літарай сябруюць”.

Не выключэннем стала і нядаўняя кніга “Птушыныя арэлі”, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”. У ёй — вершы, небыліцы, скорагаворкі, задачкі, загадкі і нават адна шарада. Юныя чытачы могуць не толькі прачытаць кнігу і, калі пажадаюць, вывучыць на памяць той ці іншы верш, але і патрэніраваць сваю памяць пры выкананні аўтарскіх заданняў.

Літаратурная крытыка, адгукаючыся на дзіцячыя кнігі Анатоля Зэкава, неаднойчы адзначала добрае веданне ім дзіцячай псіхалогіі, уменне ў звычайнай з’яве ўбачыць незвычайнае і напісаць пра гэта захапляльна, з лёгкім гумарам, ад чаго вершы паэта лёгка запамінаюцца нават самымі маленькімі чытачамі. Многія вершы складаюцца з адной ці дзвюх строф, але і гэтыя чатыры-восем радкоў часам нясуць столькі інфармацыі, што іншы не змесціць яе і ў значна большай колькасці радкоў. У якасці прыкладу прывяду верш “Дзік”:

Шышкі еў у лесе дзік

І скалоў сабе язык.

Не было б тае бяды,

Калі б еў ён жалуды.

І падобных твораў, якія лёгка чытаюцца і запамінаюцца, у кнізе нямала. Сярод аднастрофных, напрыклад, “Сімвал Беларусі”, “Два мурлыкі”, “Загараў Зай”, “Малпы-цыркачы”, “Музыканты”, ”Дождж”, “Леў”, “Іпадром” і інш. Вось, дарэчы, як вобразна апісвае аўтар пешаходны пераход: “Праз дарогу зебра бегла, // Бегла — прытамілася. // На дарогу зебра легла, // Каб па ёй хадзілі ўсе”.

Пераважная большасць герояў кнігі — звяры і птушкі, якіх паэт надзяляе чалавечымі якасцямі, а праз іх вучыць дзяцей не цурацца працы, быць шчырымі і чулымі, справядлівымі і сумленнымі, таварыскімі і спагадлівымі, у любы момант гатовымі на добрыя ўчынкі дзеля тых, хто побач з імі. Хіба не выклікае замілавання ўчынак дзяцей у вершы “Лёд і ёд”: “Як патрэскаецца лёд // І балюча стане лёду, // Мы ў аптэчцы возьмем ёд — // Змажам лёду // Раны ёдам”? Лірычны герой Анатоля Зэкава яшчэ і дапытлівы, што вынікае з назваў некаторых твораў: “Як спіць вожык?”, “Ці таўкуць мак камары?”, “Як злічыць зоркі?”, “Калі трэба прачынацца”.

Паэт у “Птушыных арэлях” імкнецца не толькі даносіць да юных чытачоў пэўную інфармацыю, але і даваць ім неабходныя ў жыцці парады, прытым нават у загадках:

Звісаюць з дахаў вясной,

Як дзіды з далёкага веку.

Ды толькі пад імі не стой,

Бо тояць яны небяспеку.

А часам аўтар знарок блытае чытачоў, такім чынам падштурхоўваючы іх самім разабрацца, як што трэба рабіць. Наглядны прыклад — невялікі верш “Чым што есці?”: “Хто з сяброў падкажа Мішку, // Як патрэбна есці ўсё ж? // Чэрпае пюрэ ён лыжкай, // А відэльцам лезе ў боршч”.

Юныя чытачы разам з пісьменнікам змогуць пабываць “У дзедавым доме” і “У майстэрні”, паспытаць “Бярозавік” і пастаяць “Перад дарогай”, паспачуваць Мікіту (“Небыліца з гузаком”), паспаборнічаць у тым, хто больш згадае беларускіх гарадоў, назвы якіх заканчваюцца на “ы” (“Гарады з канчаткам “ы”), а яшчэ даведацца, як дзяўчынку Іну ператварыць у Паліну (“Ад Іны — да Паліны”) і што можа здарыцца, калі раптам прападзе мяккі знак (“Рысь і мяккі знак”).

Зінаіда ГАРАДКОВА.