Герой нашага часу

Чаму класічныя творы (няважна, літаратурныя, музычныя альбо жывапісныя) бесперапынна прыцягваюць увагу як простых “спажыўцоў” мастацтва, так і яго актыўных дзеячаў? Разважаць на гэты конт можна доўга, але сутнасць адказу ў большасці выпадкаў будзе гучаць хрэстаматыйна: з-за свайго ўнутранага зместу, звароту да вечных каштоўнасцей, якія і надаюць класічнаму мастацтву сталую актуальнасць і гарантуюць яму амаль вечнае жыццё. Напэўна, гэта адна з галоўных прычын, чаму сёння, калі існуе вялікая колькасць сучасных п’ес, тэатры працягваюць ставіць на сваіх сцэнах класічную драматургію.

Самым свежым прыкладам звароту да класікі з’яўляецца нядаўняя прэм’ера Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: 22-23 сакавіка на сцэне тэатра прайшлі прэм’ерныя паказы “Дон Жуана” Ж.Б.Мальера. Увогуле да спадчыны Мальера найстарэйшы тэатр краіны звяртаўся ўжо ў самым пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці. Так, у 1924 годзе Е.Міровічам быў пастаўлены “Мешчанін у шляхецтве”, у 1926 годзе ажно тры пастаноўкі (“Цырымонлівыя паненкі”, “Жорж Дандэн”, “Шлюб пад прымусам”) ажыццявіў М.Папоў. Дарэчы, за такі “перабор класікі”, акрамя ўсяго іншага, тэатр жорстка крытыкаваўся ў сярэдзіне 20-х гадоў. Аднак менавіта мальераўскага “Скупога” ў пастаноўцы Л.Рахленкі часцей за ўсё падчас Вялікай Айчыннай вайны паказвалі на выездах франтавыя брыгады тэатра. Адным словам, са спадчынай французскага камедыёграфа ў Купалаўскага склаліся спецыфічныя і блізкія адносіны. І вось новая сустрэча! На гэты раз з “Дон Жуанам” у інтэрпрэтацыі прызнанага піцерскага рэжысёра Анатоля Праўдзіна, які ўзначальвае эксперыментальную сцэну тэатра “Балтыйскі дом”.
Па праўдзе кажучы, калі чытаеш Мальера, то дастаткова цяжка ўявіць сабе, як паставіць “Дон Жуана” так, каб глядач не сумаваў, каб спектакль атрымаўся актуальным і цікавым, каб у ім спалучаўся нязменны тэкст п’есы і сучасная форма. Увогуле закрадваюцца сумненні: ці магчыма такое? Пастаноўка А.Праўдзіна дае адназначны адказ — магчыма!
З першых хвілін спектакля кідаюцца ў вочы стыльнасць пастаноўкі і выразная канцэптуальнасць бачання матэрыялу рэжысёрам. Пры гэтым Анатоль Праўдзін захоўвае тэкст п’есы практычна ў нязменным выглядзе (выключаны толькі асобныя з’явы). Вызначанай часавай прывязкі дзеянне не мае: дзякуючы сцэнаграфіі Аляксея Парай-Кошыца, яно адбываецца нібы па-за часам. Афармленне сцэны дастаткова мінімалістычнае і графічнае. Сістэма чорных заслон дазваляе змяняць прастору, утвараць светлавыя вокны і праёмы розных памераў. Дапоўненыя станкамі з лесвіцамі, заслоны актыўна выкарыстоўваюцца ў пабудове мізансцэн як у гарызантальных, так і ў вертыкальных планах. Асобныя прыкметы эпохі Мальера, праўда, чытаюцца ў цудоўных касцюмах Валянціны Праўдзінай, аднак самі героі, іх паводзіны, матывацыя, пластыка пераконваюць у тым, што гісторыя, напісаная Мальерам і пастаўленая Праўдзіным, — гэта гісторыя пра нашых сучаснікаў.
Хто такі Дон Жуан — адказаць адназначна цяжка, але прадстаўнік “залатой моладзі” ў гэтым персанажы ў выкананні Паўла Харланчука-Южакова чытаецца амаль беспамылкова. Па жыцці ён ідзе вельмі лёгка, акружаны блізкімі яму па духу, гатовымі прыняць удзел у любым вар’яцтве служкамі. Значна менш вытанчаная, чым Дон Жуан, гэтая світа нібы дэманструе ў аголеным гіпертрафіраваным выглядзе самыя нізкія якасці свайго гаспадара. Для дасягнення любых сваіх мэт Дон Жуан мае тры галоўныя сродкі: www.medvedev-photo.comвыключнае абаянне, якое дзейнічае амаль гіпнатычна; уладу, ці сацыяльнае становішча (гэта падкрэсліваецца нават заменай фізічнага канктакту ў сцэне з П’еро, калі Дон Жуан замест поўхі проста пшыкае парфумай на селяніна, быццам на надакучлівае насякомае); уласна фізічную сілу (як сваю, так і служак).
Донна Эльвіра (Святлана Анікей) у яе першым з’яўленні ўжо стала ахвярай абаяльнага Дон Жуана. Яе мяккія рухі і голас адразу выдаюць жанчыну, гатовую пачуць новую порцыю салодкай няпраўды, нават самай неверагоднай, галоўнае — не згубіць надзеі на тое, што каханне яшчэ жывое. Менавіта каханне да Дон Жуана, жаданне яго вярнуць выклікае красамоўства маладой жанчыны. Нават у другой дзеі Эльвіра, нягледзячы на перамены, якія з ёй адбыліся, усё ж, адчуваецца, не вызвалілася ад улады Дон Жуана: магчыма, таму яна не заходзіць у пакой, быццам баіцца спакусы, а толькі стаіць у дзвярах альбо раз-пораз з’яўляецца ў адным з аконных праёмаў. А вось на сялянак Шарлоту (Ганна Хітрык) і Мацюрыну (Валянціна Гарцуева) Дон Жуан аказвае зусім іншы эфект: ад шчасця тыя спачатку проста страчваюць мову. Сапраўды, нязграбныя і не вельмі прывабныя сялянкі (у спектаклі яны паказаны менавіта такімі) нейкім дзіўным чынам прыцягваюць увагу высакароднага прыгажуна, што выдае ў Дон Жуане сапраўднага эстэта-калекцыянера. Ён здольны бачыць у кожнай жанчыне яе своеасаблівую прыгажосць ці нават можа сам яе стварыць, каб дадаць у сваю “калекцыю” чарговы тыпаж. Крышку штучных руж, касметыкі і шмат парфумы, каб перабіць непрыемны для арыстакратычнага носа пах, — і новая лялька (нават дзве) гатова для выкарыстання!
Але ахвярамі Дон Жуана становяцца не толькі жанчыны. Браты Эльвіры — Дон Карлас (Аляксандр Казела) і Дон Алонса (Ігар Пятроў) — таксама пераўтвараюцца ў лялек. Спачатку Дон Карлас становіцца бездапаможным перад абаяннем і штучным высакародствам, а потым — і перад фізічнай сілай Дон Жуана. У выніку ў абаронцаў гонару сям’і аказваюцца заплюшчаны вочы і закрыты раты ў прамым і пераносным сэнсе. Як і дзве сялянкі, браты Эльвіры, ашуканыя Дон Жуанам, быццам сляпыя з карціны Брэйгеля, блукаюць, ухапіўшыся адно за аднаго, пад зорным небам. І нешта падказвае, што гэты “паравозік” некалі меў безліч вагончыкаў, якія ўжо абрынуліся ў бездань.
Да падобных думак падштурхоўваюць далікатна расстаўленыя рэжысёрскія акцэнты. Забойствы служкі Эльвіры Гусмана і жаніха Шарлоты П’еро, якіх няма ў Мальера, у пастаноўцы А.Праўдзіна робяць гісторыю з Камандорам больш лагічнай, а яшчэ раскрываюць новыя рысы ў характары Дон Жуана — не проста спакусніка жанчын, а сапраўды страшнага чалавека. Тое ж самае можна сказаць і пра выдатна пастаўленую сцэну з гандляром Дыманшам (Сяргей Краўчанка). Калі ў Мальера ўсё гаворыць пра ўменне Дон Жуана загаварыць субяседніка, падмануць яго сваёй абаяльнасцю і дэманстрацыяй шчырай зацікаўленасці, то ў трактоўцы А.Праўдзіна размова з гандляром нагадвае класічны прыхаваны шантаж.
Надзвычай абаяльны драпежнік, не абцяжараны такімі непатрэбнымі рэчамі, як сумленне альбо вера, Дон Жуан канчаткова раскрывае сваю сутнасць у фінальным маналогу аб крывадушнасці. Менавіта пасля яго і прыходзіць разуменне, што Камандор прыйшоў за Дон Жуанам, напэўна, не з-за вялізнай колькасці спакушаных і кінутых дзяўчат, нават не з-за забітых кавалераў, служак, бацькоў і мужоў, а з-за таго, што страшная прырода гэтага чалавека знайшла новы шлях для свайго задавальнення. Адчуванне ўсёдазволенасці і беспакаранасці дасягнула свайго максімуму, і Неба адказала на выклік Дон Жуана.
Пры ўсёй выразнасці рэжысуры прывабнай рысай спектакля з’яўляецца і тое, што ён дае магчымасць раскрыцца акцёрам, часам з нечаканага боку. І тут нельга не ўзгадаць работу Віктара Манаева ў ролі Сганарэля. Акцёр проста цудоўны ў гэтай ролі, ён дэманструе выразнасць і разнастайнасць пачуццяў, сцэнічны тэмперамент, стварае вобраз вельмі неадназначнай натуры. У першых карцінах Сганарэль-Манаеў расказвае Гусману ўсю праўду пра свайго гаспадара, а потым прамаўляе тэмпераментны выкрывальны маналог, што малюе гэтага героя як антаганіста Дон Жуана. Да таго ж свае словы асуджэння Сганарэль прамаўляе з высокага станка, схаванага за заслонамі, нібы пазіраючы на заганы гаспадара “зверху”. Але потым служка вымушаны спусціцца і ісці за Дон Жуанам, выконваць усе яго загады, нягледзячы на свае пакуты. А пакутуе ён па-сапраўднаму, моцна: боль Сганарэля адчуваецца амаль фізічна, нават калі В.Манаеў проста сядзіць на сцэне спінай да залы. Ён шчыра спадзяецца на тое, што Дон Жуан выправіцца, па-бацькоўску абдымае свайго гаспадара са слязамі на вачах, калі чуе аб падобным намеры, і знаходзіцца амаль у адчаі, калі разумее, што гэта толькі падман.
Аднак чаму Сганарэль служыць Дон Жуану, калі так пакутуе? Магчыма, таму, што ў Сганарэля ёсць свая загана — сквапнасць. Упершыню гэта бачна ў сцэне з жабраком Францішкам (Мікалай Кірычэнка), калі Сганарэля раздзірае пачуццё спачування, жаданне падаць грошы і ўласная сквапнасць. Акенца, утворанае заслонамі, каля жабрака пачынае звужацца, як шанс пераадолець сваю сквапнасць, і, нарэшце, Сганарэль гэты шанс страчвае. Апошняя сцэна, калі служка пасля гібелі гаспадара лямантуе “Мае грошы, мае грошы!”, пераконвае ў гэтым і прымушае думаць, што наступным, за кім прыйдзе са сваім чамаданчыкам прывід-пакаранне, будзе менавіта Сганарэль. І адбудзецца гэта, напэўна, хутчэй, чым у выпадку з Дон Жуанам.
Пастаноўка класічнага “Дон Жуана” ў А.Праўдзіна атрымалася па-сапраўднаму “гурманскай”, для гледачоў, якія ідуць у тэатр не проста адпачыць ці прыемна правесці час. Месца ў ёй знайшлося не толькі для рэжысёра і яго “Я”, але і для акцёраў і, што не вельмі часта цяпер сустракаецца пры пастаноўцы класікі, для самога Мальера. Аднак, самае галоўнае, спектакль прымушае не проста, не адрываючыся, сачыць за тым, што адбываецца на сцэне. Нават пасля таго, як дзеянне ўжо скончылася, ты не перастаеш думаць аб тым, хто ж такі Дон Жуан: герой мальераўскай п’есы альбо, як не страшна гэта прызнаваць, герой нашага часу?

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.