У артысты – з трактарыстаў

Вядучы майстар сцэны Брэсцкага абласнога тэатра лялек Іван Герасевіч любімы не адным пакаленнем гледачоў. Паўстагоддзя гэты яркі акцёр радуе і захапляе сваім майстэрствам і дзяцей, і дарослых. Нядаўна Іван Пракопавіч стаў заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь. Як тэатр увайшоў у яго жыццё, а ён — у жыццё тэатра, акцёр расказаў у размове з нагоды прысуджэння ганаровага звання.

— Іван Пракопавіч, пачнём з вытокаў. З чаго пачаўся ваш творчы шлях?
— Я нарадзіўся ў студзені 1943 года ў вёсцы Стрыганец Жабінкаўскага раёна. Быў у бацькоў адзіным сынам. Тата загінуў на фронце, маці была інвалідам па зроку, таму пасля заканчэння 9 класаў я пайшоў працаваць. Пазней скончыў вячэрнюю школу. Пра тэатр не думаў: быў у саўгасе трактарыстам, камбайнерам. Потым уладкаваўся трактарыстам у Брэсцкі камбінат добраўпарадкавання. А ў 1965 годзе выпадкова ўбачыў аб’яву: у лялечную групу Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра патрабуюцца акцёры-лялькаводы. Я падышоў да рэжысёра Аляксандра Сярогіна. Ён папрасіў да наступнай сустрэчы падрыхтаваць верш, байку, прозу. Так у жніўні таго ж года мяне ўзялі ў тэатр.

— Ці лёгка было перайсці з трактарыстаў у артысты?
— Раней я ўжо выступаў на сцэне: спачатку ўдзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці, потым, працуючы трактарыстам у Брэсце, іграў спектаклі ў клубе мясцовай прамысловасці. Памятаю, ставілі “Паўлінку”, у мяне была роля Сцяпана Крыніцкага. Такім чынам, у тэатр лялек я прыйшоў з самадзейнага драматычнага тэатра.

— А як да вашай новай прафесіі паставілася маці?
— Яна падтрымлівала мяне, хаця я перажываў, што не змагу дапамагаць ёй у вёсцы. Гаварыў, што, мабыць, звольнюся, але маці адгаворвала. Ледзь не плакала! Разумеў, як ёй было цяжка без зроку. Хто распаліць печ, зварыць паесці, праполе агарод? Добра, што дапамагалі суседзі, маміны сёстры, школьнікі.

— Памятаеце сваю першую ролю ў прафесійным тэатры?
— Калі прыйшоў, лялечная група паказвала “Казку пра сярэбраны сподачак і наліўны яблычак”. Мяне ўзялі на гастролі па Брэсцкай вобласці (Столін, Лунінец, Пінск, Давыд-Гарадок) і вучылі вадзіць ляльку. Я назіраў, як працуюць іншыя. Да пачатку спектакляў, калі на сцэне ўжо стаялі дэкарацыі, рэжысёр даваў магчымасць паспрабаваць самому. А калі мы выехалі ў Гродна і Ліду, мне даверылі ролю Вадзяніка.

— Такім чынам, можна сказаць, акцёрам вы сталі праз сцэну, а не праз студэнцкую парту?
— Спачатку так, але ў 1988 годзе завочна паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут (да майго апошняга курса стаў называцца акадэміяй). Там атрымаў спецыяльнасць акцёра-лялькавода. Вучыўся разам з іншымі артыстамі з усёй Беларусі, якія таксама не мелі вышэйшай адукацыі (нас было чалавек 10). Канечне, я тады сам мог навучыць каго заўгодна. Да таго ж да майго паступлення ў Брэст прыязджалі выкладчыкі па сцэнічным маўленні з нашай сталіцы, а таксама з Піцера… Але ўсё роўна гады вучобы не прайшлі дарэмна.

— А што для вас лялька? Падчас спектакля глядач успрымае вас з ёй як адзінае цэлае!
— Лялька для мяне — як інструмент для музыканта. Праз яе можна выяўляць эмоцыі, унутраны стан… Драматычны акцёр перажывае ўсё гэта на сцэне, а мая задача — перадаць свой стан праз ляльку. Вось уявіце: ідзе шырмавы спектакль, і акцёр ад гледача схаваны. Каб людзі ў зале маглі зразумець яго героя, трэба ўсё ўкласці ў ляльку. Вядома, ёсць і жывы план. Але пачыналася ўсё толькі з шырмавых спектакляў.

— А што, на ваш погляд, самае складанае для акцёра-лялечніка?
— Для маладога артыста — ваджэнне лялькі. Як кажуць, самыя складаныя — першыя 10 гадоў у тэатры. Таму што работа з лялькай патрабуе вельмі ўважлівага стаўлення да яе. Трэба сачыць, каб яе раток адкрываўся ў такт маўлення акцёра. Неабходна дакладная адпаведнасць кожнага руху і слова. Гэта складана!

— А на што ў першую чаргу вы, майстар сцэны, звяртаеце ўвагу сваіх маладых калег?
— Калі гэта шырмавы спектакль, то трэба сачыць, каб узровень лялькі быў не ніжэй і не вышэй шырмы, каб лялька не хадзіла, як маятнік, а яе рухі былі набліжаны да чалавечых. Трэба вучыцца кіраваць ёй так, каб глядач успрымаў яе як жывую істоту. Калі, напрыклад, роля Алёначкі, то рухацца яна павінна, як дзяўчынка, а не як нехта іншы.

— А што наконт любімых роляў?
— За паўстагоддзя я выканаў столькі роляў! Больш за сотню! І нелюбімых сярод іх няма. Інакш я тут не працаваў бы. Бывае, у адным спектаклі выконваеш па пяць роляў! Напрыклад, у пастаноўцы “Самазванец” па “Барысе Гадунове” А.С.Пушкіна. Асабліва мне падабаюцца ролі Патрыярха і айца Пімена, бо яны эмацыянальныя. У “Халстамеры” іграю Анёла, Конюха, Серпухоўскага. У “Месяцы Сальеры” — Дэмана. Мне вельмі дарагая роля Вадзяніка, бо яна самая першая. Я іграў Жалезнага Чалавека, салдата Данілу. У першай пастаноўцы “Алі-Баба і сорак разбойнікаў” — Алі-Бабу (у другой — у мяне роля Хасана). Сорак гадоў назад гэта быў шырмавы спектакль. Сёння тут шмат жывога плана: мы спяваем, танцуем… І лялькі зараз паркетныя — мы водзім іх перад сабой. Увогуле, роляў заўсёды хапае. У тэатры лялек усе акцёры заняты амаль у кожным спектаклі.

— Скончыце, калі ласка, фразу: “Калі б не тэатр лялек, то…”
— Калі мяне ўзялі акцёрам-лялькаводам, я падумаў, што ў тэатры буду працаваць заўсёды. Іншых мэт і мар у мяне не было. Хаця, калі шчыра, на нейкі час гэтую работу пакідаў. Першы раз уладкаваўся памочнікам рэжысёра на Брэсцкую студыю тэлебачання, другі — наладчыкам у цокальны цэх лямпавага завода. Ажаніўся, нарадзілася дачка, нам з жонкай ніхто не дапамагаў, але ўсё ж такі мы справіліся. Цяпер ужо дарослая ўнучка ёсць…

— Мабыць, добра мець дзядулю-чараўніка, які ажыўляе на сцэне лялькі…
— Калі Лізавета была маленькай, прыводзіў яе ў тэатр. Цяпер яна прыходзіць на спектаклі для дарослых. Унучка закончыла ў Брэсце гімназію № 4, іграе на флейце, вучыцца на другім курсе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

— А чым вы, Іван Пракопавіч, захапляецеся, акрамя тэатра?
— Люблю рыбалку, паляванне. Ведаю на Брэстчыне добрыя мясціны для гэтых заняткаў. Выходжу ў лес, калі пачынаецца паляванне на качак, зайца, лісу… З дзяцінства люблю збіраць грыбы. А вось ягады — не. Гэта занадта карпатлівая работа.

— Вы ж яшчэ здымаліся ў кіно. Як трапілі на экран?
— Гэта было яшчэ ў савецкі час. Я вырашыў паспрабаваць сябе і ў гэтай ролі. Паехаў у Мінск, пакінуў у акцёрскім аддзеле кінастудыі “Беларусьфільм” свае даныя, фотаздымкі. Потым мне патэлефанавалі і запрасілі сыграць нямецкага афіцэра ў карціне “Дачка камандзіра”. Здымкі фільма Барыса Гарошкі адбываліся ў Брэсце. Пазней “Беларусьфільм” здымаў карціну “Сведкі”, і я іграў там здрадніка Радзько. Сталі запрашаць і іншыя кінастудыі. Увогуле я зняўся ў 14 фільмах. Пераважна ў ваенных. Неяк “Масфільм” таксама здымаў у Брэсце, і я іграў чырвонаармейца. “Ленфільм” запрашаў на ролю днявальнага ў карціне “Сто салдат і дзве дзяўчыны”, кінастудыя імя Даўжэнкі (Кіеў) прапаноўвала ролю Цупіка ў фантастычным фільме “Цяжка быць богам” (сумесная вытворчасць СССР і ФРГ). Дарэчы, нядаўна ён ішоў па тэлебачанні. Здымкі адбываліся ў Кіеве, Крыме, Сярэдняй Азіі. Гэтая кінастудыя здымала таксама кароткаметражку “Тэст для маладых” (я іграў астрожнага ўцекача Брухатага). Было шмат цікавых прапаноў, але не ўсе атрымлівалася прыняць з-за маёй занятасці ў тэатры.

— А ці не было жадання ўвогуле перайсці ў кіно?
— Не, бо тады трэба было б звольніцца з тэатра лялек, пакінуць Брэст. Здымацца ў кіно цікава. У нечым нават лягчэй, чым у тэатры, а ў нечым — больш складана. Напрыклад, у тэатры іграеш ролю ад пачатку да канца. У кіно ж здымкі могуць пачацца з канца. Гэта складаней. Але затое можна зрабіць некалькі дубляў. А на сцэне, калі нешта не атрымалася, не скажаш: “Стоп!”.

— Пасля спектакляў сустракаецеся з дзецьмі? Што яны вам гавораць?
— Яны проста засыпаюць пытаннямі і просьбамі: “А як вы гэта зрабілі? А як гэта можна зрабіць? А пакажыце! А дайце дакрануцца!”. І я з задавальненнем паказваю, тлумачу. Канечне, не адразу, каб яшчэ крыху заставалася загадка. Магчыма, сярод гэтых дзяцей ёсць будучыя акцёры-лялькаводы. Памятаю, як сам быў дзіцем і да нас у вёску з шырмавым спектаклем прыязджаў Мінскі тэатр лялек. Мне было вельмі цікава, як лялька ходзіць, як змейка паўзе па дрэве, як птушачкі адкрываюць дзюбы… Мы потым таксама пра ўсё пыталіся ў акцёраў. Для дзяцей гэта цуд, а для нас, артыстаў, — звычайнае, зразумелае. Але і ў дзяцей ёсць чаму павучыцца: яны ўмеюць дапытвацца пра штосьці канкрэтнае. Яны настойваюць: “Не, вы патлумачце, як іменна вы гэта зрабілі!”. І яны дабіваюцца свайго!

— Думаю, вам ёсць што пажадаць юным гледачам…
— Галоўнае, каб яны не хварэлі, прыходзілі ў тэатр і пісалі водгукі. Гэта так добра, калі пасля спектакля дзеці дзеляцца ўражаннямі! Для акцёра вельмі важна ведаць, што яны адчулі, як успрынялі, пра што падумалі і чаму. Хочацца, каб дзеці шчыра, адкрыта выказвалі ўласныя думкі. І няхай усе будуць здаровыя!

Гутарыла Алена ГАРМЕЛЬ.
Фота Таццяны ГАРМЕЛЬ.